Анатоль Мікалаевіч Тычына

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Анато́ль Мікала́евіч Тычы́на (11 мая 1897, Груджай Ковенскай губерні Расійскай імперыі, цяпер Літва 12 снежня 1986) — беларускі мастак-графік, патрыярх беларускай каляровай лінагравюры.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Вучыўся ў Пензенскім мастацкім вучылішчы (1915—1917), на курсах пры «Таварыстве мастакоў і аматараў мастацтва стэпавага боку», у Омскай мастацкай школе імя М. Урубеля (1918—1920).

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

У мастацкіх выставах удзельнічаў з 1919 года. Працаваў у станковай і кніжнай графіцы, у розных графічных тэхніках, пераважна ў каляровай лінагравюры, а таксама ў алейным жывапісе. Лепшым яго творам ўласцівы паэтычнасць, тонкі лірызм, дакладны малюнак, багацце тэхнічных прыёмаў. Анатоль Тычына — адзін са стваральнікаў беларускай графікі ХХ ст., з яго імем звязана станаўленне такіх відаў графікі, як кніжная, станковая, газетна-часопісная, экслібрыс. Сярод графічных твораў А. Тычыны, прысвечаных Мінску — сапраўдныя шэдэўры беларускай графікі.

У пошуках нацыянальнага стылю афармлення звяртаўся да традыцый народнага мастацтва (вокладкі кніг «Каталог 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі», 1925; «Магіла льва» Я. Купалы і «Чалавек ідзе» Я. Маўра, 1927). Адна з асноўных у творчасці Тычыны — тэма Мінска («Стары Мінск», 1922; «Пад Ратушай», 1926; «Плошча Свабоды», 1931; «Мінск. Савецкая вуліца», 1940; «Разбураны Мінск», 1945; «Адраджэнне Мінска», 1948; «Новыя дамы на Прывакзальнай плошчы», 1952; «Плошча Перамогі», 1956; «Ля сквера Я. Купалы», 1957; «900 гадоў Мінску», 1967; «Палац Прафсаюзаў», 1971; «Усход I і Усход II», 1973; «Дырыжор вуліцы», 1976; «На дзіцячай чыгунцы», 1984; і інш.). Напэўна, самым узвышаным матывам для вобразнага вырашэння тэмы стала панарама горада, убачанага з новага моста над Свіслаччу — «Над ракой Свіслач» (1954). Мінск у творах Тычыны — горад для чалавека актыўнага, сучаснага, творчага, якім быў сам мастак — патрыёт-творца. Шмат работ Тычына прысвяціў стваральнай працы («На электрастанцыі», 1925; «Творчая нарада», 1936; «У аэрадоку», 1976; трыпціх «Над ракой Арэсай», 1980), дзеячам беларускай культуры («Я. Купала ў камунараў Палесся», 1981; «М. Багдановіч у Ялце» 1982; і інш.), спорту («Жакеі на размінцы», 1970; і інш.), прыгажосці беларускіх вадаёмаў («На рацэ Сажы», 1960; «На возеры», 1976; і інш.).

Анатоль Тычына — майстар экслібрыса (з 1920 па 1940-я гады ім было створана больш за 20 экслібрысаў, у т.л. экслібрысы мастацтвазнаўца М. Шчакаціхіна, краязнаўца М. Каспяровіча, пісьменнікаў Я. Маўра, В. Вольскага; пазней — пісьменніка У. Караткевіча, даследчыка беларускай культуры А. Мальдзіса, паэта П. Глебкі, скульптара З. Азгура, мастацтвазнаўца М. Кацара і інш.).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гісторыя беларускага мастацтва. — Т. 1-6. — Мн., 1987—1994.