Міхаіл Мацвеевіч Філіповіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Міхась Філіповіч
Фатаграфія
Міхаіл Станюта.
«Партрэт мастака М. Філіповіча». 1925
Дата нараджэння 27 мая (8 чэрвеня) 1896
Месца нараджэння
Дата смерці 1947
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак
Месца працы
Вучоба
Член у
Commons-logo.svg Працы на Вікісховішчы

Міхаі́л Мацве́евіч Філіпо́віч, або Міха́сь Філіпо́віч (27 мая (8 чэрвеня) 1896, Мінск — 1947, Масква) — беларускі жывапісец, графік, этнограф, педагог[2]. Адзін з першых беларускіх мастакоў, хто звярнуўся да нацыянальнай тэматыкі[3].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Жанчына ў намітцы. 1928

Нарадзіўся 8 чэрвеня (27 мая паводле старога стылю) 1896 года ў Мінску ў сям’і служачага чыгункі, паводле паходжання селяніна Барысаўскага павета[4], адстаўнога унтэр-афіцэра Мацвея Касмавіча Філіповіча і яго жонкі Алены Фадзееўны. Бацькі памерлі, калі Міхасю было чатыры гады[2]. Спачатку з братам і сёстрамі ён жыў у старэйшай замужняй сястры, затым выхоўваўся ў сям’і дзядзькі, каваля Фадзея Фадзеевіча Гурскага, які жыў на Маркаўскім завулку ў Мінску[4]. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе[2].

У 1910—1917 гадах вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы ў К. Я. Ермакова, Дзмітрыя Полазава. У пачатку Першай сусветнай вайны вучылішча было эвакуіравана ў Гжацк, затым — у Маскву, а потым — у Яраслаўль, дзе Філіповіч скончыў вучылішча[2]. У 1917 годзе вярнуўся ў Мінск, у дом па Маркаўскім завулку. Малюе вуліцы Мінска і Стары горад, гэтыя працы не захаваліся[4]. Едзе дзеля мастацкай адукацыі ў Маскву. Спачатку паступіць на вучобу па мастацкай спецыяльнасці не атрымліваецца, таму ў 1918—1919 гадах вучыўся ў Маскоўскім Межавым інстытуце, адначасова ў прыватнай студыі Анікіта Хатулёва[2].

У 1919 годзе быў залічаны ў Дзяржаўныя вольныя мастацкія майстэрні, але ў той жа год пайшоў, як сам напісаў у аўтабіяграфіі, «добраахвотнікам у Чырвоную гвардыю»[5]. У 1919—1920 гадах служыў санітарам цягніка на дзянікінскім фронце, аднак праз слабае здароўе быў адкамандзіраваны з фронту ў Маскву, у Вышэйшую школу ваеннай маскіроўкі, дзе вучыўся адзінаццаць месяцаў[2]. У канцы 1920 года Камісія па таленавітасці накіравала яго ў Маскву ў Дзяржаўныя вольныя мастацкія майстэрні, дзе вучыўся ў Канстанціна Каровіна[ru].

На Купалле. 1921

У канцы 1921 года праз адсутнасць сродкаў на жыццё вярнуўся ў Менск[2]. У верасні 1921 года займаўся арганізацыяй і сам удзельнічаў у першай савецкай выстаўцы ў Менску па вуліцы Губернатарскай, 13[2]. Экспанаваліся 13 твораў мастака[4], у тым ліку супрэматычныя («Супрэматызм (канструкцыя плоскасцяў)», «Максімальнае выяўленне колеру» і інш.), з якіх ніводны не дайшоў да сённяшняга часу. Першая персанальная выстаўка Міхася Філіповіча адбылася ў Менску ў жніўні 1922 года. У паказаных на ёй творах быў бачны паварот да фальклорнай беларускай спадчыны («На Купалле», «Карагод (Ляльнік)», «Казачны сюжэт»). У 1922—1923 гадах быў мастацкім інструктарам аддзела выяўленчага мастацтва пры Галоўпалітасвеце ў Менску[6]. У 1923 годзе загадваў афармленнем Беларускага павільёна на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве[6], у 1923—1925 гадах працаваў загадчыкам мастацкага аддзела ў Беларускім дзяржаўным музеі.

У 1924 годзе Цэнтральным праўленнем Саюза работнікаў мастацтва быў камандзіраваны ў Вышэйшыя тэхнічныя майстрэрні, дзе вучыўся ў Аляксандра Дрэвіна(руск.) бел. і Роберта Фалька(руск.) бел. (1925—1930)[6]. Летні адпачынак праводзіў у Менску і этнаграфічных экспедыцыях па савецкай Беларусі[7].

Бітва на Нямізе. 1922

У 1927 годзе ўступіў ва Усебеларускае аб’яднанне мастакоў, дзе выставіў 40 палотнаў[7]. У тым жа годзе прымаў удзел у беларускім раздзеле савецкага павільёна міжнароднай выстаўкі «Мастацтва кнігі» ў Лейпцыгу[8]. У 1929 годзе прымаў удзел у III Усебеларускай мастацкай выстаўцы (карціна «Бітва на Нямізе» і яшчэ каля 40 карцін).

Яшчэ да заканчэння вучобы ў Маскве яго творчасць пачала падвяргацца крытыцы ў савецкай Беларусі, творы пачалі здымацца з экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея. У 1930 годзе прыязджае ў Менску, дзе абвінавачваецца ў «нацдэмаўшчыне» і «фармалізме», адыходзе ад разумення сутнасці класавай барацьбы[7]. Разам з жонкай Ксеніяй Весялоўскай з’язджае ў Маскву. На думку мастацтвазнаўцы Барыса Крэпака, гэта было зроблена дзеля таго каб пазбегнуць рэпрэсій[7]. Уступіў у Асацыяцыю мастакоў рэвалюцыйнай Расіі (АХРР). У 1930-х гадах быў у працяглай творчай камандзіроўцы ў Сярэдняй Азіі[9].

У 1939—1941 гадах Міхась Філіповіч працаваў у Мінску, удзельнічаў у выстаўках, пісаў карціны для гістарычнага музея. Перадваенныя творы мастака не захаваліся, аднак паводле назваў вядома, што яны насілі савецкі ідэалагічны характар[10]. У Мінску даведаўся пра пачатак вайны і на трэці дзень з’ехаў у Маскву, дзе працаваў як мастак. У 1942—1944 гадах служыў у арміі на франтах Другой сусветнай вайны[6]. У 1944—1945 гадах — загадчык мастацкага аддзела Дзяржаўнага выдавецтва ў Мінску[6].

Вядома, што апошнія гады жыцця Міхась Філіповіч правёў у Маскве, дзе і памёр у 1947 годзе[2]. Дагэтуль біяграфія мастака слаба вывучаная[2].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Ілюстрацыя да паэмы «Босыя на вогнішчы» М. Чарота

Працаваў у тэхніцы алейнага жывапісу і акварэлі, працаваў у кніжнай графіцы. Вялікую значнасць маюць замалёўкі народнай вопраткі, зробленыя Філіповічам на Міншчыне, Случчыне, Магілёўшчыне, Палессі[11]. Творы Міхася Філіповіча вызначаюцца яркім нацыянальным каларытам, самабытнасцю[11].

Прыхільнасць да акадэмічнага рэалізму ў часе навучання ў Маскве змяняецца захапленнем імпрэсіянізмам. Пасля знаёмства з творчасцю і тэорыяй Казіміра Малевіча пачынаецца супрэматычны перыяд. У верасні 1921 года ў Менску Філіповіч выстаўляе творы «Супрэматызм», «Максімальнае выяўленне колеру», «Канструкцыя плоскасцей».

Ілюстрацыя да беларускай народнай казкі «Паляшук і чорт»

Яшчэ ў 1910 годзе пачаў рабіць альбом замалёвак «Беларускія ткацкія ўзоры»[2]. Па вяртанні ў Беларусь працягнуў вывучаць узоры беларускага народнага мастацтва. У выніку яго вандровак па Беларусі для Беларускага дзяржаўнага музея было складзена 10 альбомаў з замалёўкамі тканін, разьбы, народных строяў, сялянскіх забудоў і прадметаў побыту[12]. Праца яго і сёння ўяўляе цікавасць для знаўцаў славянскіх культур[13]. М. Лебедзевай, Міхасём Філіповічам, Анатолем Тычынам быў складзены альбом слуцкіх паясоў, дзеля чаго яны працавалі з архівамі музеяў Масквы, Ленінграда, Смаленска і інш[13]. У 1924 годзе альбом «Слуцкія паясы» быў выдадзены Інбелкультам[13].

Самабытнае мастацтва Міхася Філіповіча ўвогуле ёсць этнаграфічным[13]. Былі створаны партрэты беларуса, у якіх мастаку ўдалося паказаць характар свайго народа. Найбольш удалыя жывапісныя палотны — «Група на кірмашы», «Беларусы ў старажытным адзенні», «Дудар» і інш[13]. Адна з першых карцін на народную тэматыку — «Казка» («Казачны сюжэт»). У 1921—1922 гадах стварае шэраг карцін на этнаграфічныя матывы: «На Купалле», «Вясна», «Скокі праз вогнішча», «Карагод», «Народнае гулянне»[12]. У кампазіцыі «На Купалле» мастак зафіксаваў многія нацыянальныя віды мастацтва — танец-карагод, адзенне, упрыгожванне свята кветкамі і зелянінай[13].

Адначасова працуе як ілюстратар. У 1922 годзе ілюструе «Босых на вогнішчы» Міхася Чарота[12]. У тым жа годзе адбылася яго першая персанальная выстаўка[2], сярод іншых, там выстаўляліся такія карціны, як «На Купалле», «Карагод (Ляльнік)» і «Казачны сюжэт» (1921—22)[2]. Змітрок Бядуля апісаў уражанні ад выстаўкі ў сваім артыкуле[14]. Вось як ён кажа пра нацюрморт «Бэз і купальніца» наступным чынам[15]:

" …Букет бэзу — у розных пералівах, такая свежасць колераў, ажно здаецца: чуеш пах бэзу, чуеш вясну. А гэта ўсё — у невялічкім букеце… Праўда, ёсць часцяком незавершанасць. Адразу бачым, што мастак пэўнай дарогі ў сваёй творчасці яшчэ не знайшоў. Кожны вобраз як бы кажа: «Дамалёўвай сам!» — і будзіць фантазію гледача "

У 1924 годзе стварае графічны цыкл ілюстрацый да беларускіх народных казак «Сучкін сын», «Іванка-дурачок», «Паляшук і чорт»[16].

У аўтабіяграфіі мастак напіша, што за 1921—1928 гады ім створана «да 150 прац алеем і да 400 малюнкаў тушшу, гуашшу, акварэллю, да 150 работ па ілюстрацыі беларускіх народных казак»[5], ілюстрацыі да вершаў Янкі Купалы, эскізы дэкарацый для Беларускага першага дзяржаўнага тэатра і іншае[2].

У 1930-х гадах стварае творы на сярэднеазіяцкія матывы. У часы вайны прымае ўдзел у афармленні перыядычных выданняў, у тым ліку ў часопісе «Партизанская дубинка», стварыў серыю антыфашысцкіх карыкатур. У апошнія гады жыцця працаваў у жанры лірычнага пейзажу[17].

Акрамя іншага, працаваў у партрэтным жанры, у тым ліку намаляваў партрэты Міхася Станюты, мастачкі Пальміры Мрачкоўскай, Генрыха Грыгоніса, Фацімы Мамедавай і партрэты-тыпы, напрыклад, карціны «Стары беларус з люлькай» (сярэдзіна 1920-х) і «Жанчына ў намітцы» (магчымы партрэт яго жонкі Ксеніі Весялоўскай)[2].

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

  • Намаляваў першую вокладку часопіса Полымя.

У мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Меер Айзенштат. «Партрэт мастака Міхаіла Філіповіча»
  • Скульптар Меер Айзенштат у 1939 годзе стварыў бюст мастака.
  • Пошта Беларусі ў 2002 годзе выпусціла паштовую марку з выявай карціны Міхася Філіповіча «Бітва на Нямізе».

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Беларуская Вікіпедыя — 2007.
  2. 2,00 2,01 2,02 2,03 2,04 2,05 2,06 2,07 2,08 2,09 2,10 2,11 2,12 2,13 2,14 Міхаіл Філіповіч [Выяўленчы матэрыял] = Михаил Филиппович = Mikhail Filipovich : [альбом / аўтар тэксту і складальнік В. У. Вайцахоўская]
  3. Художники советской Белоруссии. Союз художников БССР. Минск, изд. «Беларусь», 1976. с. 256
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 Крэпак Б., 2010
  5. 5,0 5,1 Аўтабіяграфія // Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. — Ф. 82. — Воп. 1. — Спр. 1. — С. 65-66.
  6. 6,0 6,1 6,2 6,3 6,4 Выстаўка твораў мастакоў-юбіляраў. artmuseum.by.
  7. 7,0 7,1 7,2 7,3 Крэпак Б. (2), 2010
  8. Баразна М. Р. Мастацтва кнігі Беларусі XX стагоддзя. Мінск, «Беларусь», 2007. с. 52
  9. Художники советской Белоруссии. Союз художников БССР. Минск, изд. «Беларусь», 1976.
  10. Белорусский Гоген ушел на передовую (руск.) . kp.by (25 лютага 2015). Архівавана з першакрыніцы 23 снежня 2019. Праверана 23 снежня 2019.
  11. 11,0 11,1 т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
  12. 12,0 12,1 12,2 Харэўскі С. В. Гісторыя мастацтва і дойлідства Беларусі. Вільня, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, 2007, с. 182
  13. 13,0 13,1 13,2 13,3 13,4 13,5 Людміла Налівайка. Рыцары аховы помнікаў
  14. Бядуля З. Выстаўка карцін маляра М. Філіповіча (Памяшканьне Інстытуту Беларускага Пэдагагічнага Тэхнікуму) // Савецкая Беларусь. — 1922. — № 187.
  15. «Мітусяцца фарбы, ажно слепяць вочы…»
  16. Баразна М. Р. Мастацтва кнігі Беларусі XX стагоддзя. Мінск, «Беларусь», 2007., с. 52
  17. Художники советской Белоруссии. Союз художников БССР. Минск, изд. «Беларусь», 1976., с. 357

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]