Валерый Дзмітрыевіч Маракоў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Валерый Дзмітрыевіч Маракоў
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 27 сакавіка 1909(1909-03-27)
Месца нараджэння
Дата смерці 29 кастрычніка 1937(1937-10-29) (28 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці перакладчык, паэт
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Валерый Дзмітрыевіч Маракоў (14 (27) сакавіка 1909, мяст. Козырава Мінскага пав., цяпер у межах Мінска — 29 кастрычніка 1937, Мінск, НКУС; Псеўданімы: В.Армак (разам з А. Мардвілкам); В.Армар (з А. Мардвілкам); В. Бор; Крыптанімы: С. Ш., В. М.С. П. Шушкевічам)) — беларускі паэт, перакладчык.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Старэйшы сын Дзмітрыя Маракова, брат Л. і У. Мараковых. Падчас Першай сусветнай вайны ў бежанстве ў Мцэнску (Расія) і Ромнах (Украіна). У 1924 скончыў 4-ю Мінскую сямігодку і да канца 1925 працаваў мулярам разам з бацькам. У снежні 1925 па пастанове ЦБ юных піянераў і пры спрыянні А. Якімовіча прызначаны сакратаром рэдакцыі часопіса «Піянер Беларусі». Належаў да «другога прызыву» (1926) маладнякоўцаў, да якіх яго прывёў І. Барашка. У канцы 1926 пэўны час (па запрашэнні А. Звонака) жыў у Полацку, друкаваўся ў газеце «Чырвоная Полаччына». У 1927 паступіў у МБПТ, але пасля двух курсаў адкліканы з вучобы і прызначаны загадчыкам літаратурнага аддзела газеты «Савецкая Беларусь», дзе працаваў з перапынкам да канца 1930. У 1931 паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне ў Беларускім дзяржаўным вышэйшым педагагічным інстытуце (скончыў у 1934). Адначасова працаваў у часопісе «Чырвоная Беларусь» (1930—1934). Пасля заканчэння педінстытута перайшоў на работу ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», у якім працаваў да студзеня 1935.

Член СП БССР (з 1934). У пачатку 1935 быў выключаны з Саюза пісьменнікаў на 6 месяцаў за надрукаваны верш «Песня перамог». Спрабуючы пазбегнуць арышту, паехаў у в. Чэрнеўка Барысаўскага раёна, але вярнуўся дадому.

21 сакавіка 1935 арыштаваны як «член контрреволюционной нацдемовской организации», у маі 1935 арыштаваны таксама бацька паэта, стараста Козыраўскай царквы Дзмітрый Маракоў. 7 ліпеня 1935 справа В. Маракова была спынена, паэт быў выпушчаны з турмы НКУС.

Паўторна арыштаваны 6 лістапада 1936. Асуджаны выязной Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 28 кастрычніка 1937 да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 разам з 22 іншымі беларускімі літаратарамі.

Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23.4.1957. Асабовая справа М. № 10234-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Дэбютаваў вершамі ў чэрвені 1925 (газеты «Чырвоная змена», «Малады араты» і інш.). Аўтар зборнікаў паэзіі «Пялёсткі» (1926), «На залатым пакосе» (1927), «Вяршыні жаданняў» (1930), «Права на зброю» (1933), «Лірыка» (1959), «Вяршыні жаданняў» (вершы і паэмы, 1989). Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, П. Тычыны.

У 1930-я М. Гарэцкі пісаў пра В. Маракова: «Маракоў вызначаецца лірычнасцю, эмацыйнай напружанасцю, гучальнасцю сваіх вершаў. У яго шмат пачуцця, ён любіць яскравыя фарбы і гучанне».

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • На залатым пакосе: Вершы. Мн., 1927;
  • Вяршыні жаданняў. Паэзія. Мн., 1930;
  • Права на зброю: Вершы. Мн., 1933;
  • Лірыка. Мн., 1959;
  • Вяршыні жаданняў: Вершы, паэмы. Мн., 1989;
  • Рабінавая ноч: Выбранае. Вершы, паэмы, проза, публіцыстыка, крытыка, пераклады. Мн., 2003.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]