Міхась Зарэцкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Міхась Зарэцкі
Michaś Zarecki.jpg
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння:

20 лістапада 1901(1901-11-20)

Месца нараджэння:

Высокі Гарадзец, Сенненскі павет, Магілёўская губерня, Расійская імперыя

Дата смерці:

29 кастрычніка 1937(1937-10-29) (35 гадоў)

Месца смерці:

Менск, БССР, СССР

Альма-матар:

Аршанскае духоўнае вучылішча[d]
Магілёўская духоўная семінарыя

Літаратурная дзейнасць
Род дзейнасці:

драматург, літаратуразнавец, перакладчык, пісьменнік, літаратурны крытык

Мова твораў:

беларуская

Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы

Міха́сь Зарэ́цкі, сапр.: Міхаі́л Яўхі́мавіч Касянко́ў (20 лістапада 1901, в. Высокі Гарадзец, Сенненскі павет, Магілёўская губерня, цяпер Талачынскі раён, Віцебская вобласць — 29 кастрычніка 1937, Менск, НКУС) — беларускі празаік, драматург, перакладчык, крытык.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 20 лістапада 1901 года ў вёсцы Высокі Гарадзец Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Талачынскі раён, Віцебская вобласць) у сям'і вясковага дзяка Яўхіма Ануфрыевіча і Пелагеі Лявонцеўны. Міхась быў другім дзіцём пасля Івана, услед за ім нарадзіліся Мікалай і Ліза. Бацькі адыгралі вялікую ролю ў фармаванні эстэтычных густаў будучага пісьменніка. Бацька любіў музыку і спевы, кіраваў царкоўным хорам, сам спрабаваў пісаць музыку. Артыстычным талентам валодала і маці. Яна таксама любіла спяваць, вызначалася працавітасцю і глыбокай душэўнасцю. Ужо ў дзяцінстве Міхась умеў іграць на многіх музычных інструментах[1].

Дзяцінства прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам (цяпер частка Шклова) — адсюль псеўданім. З 10-гадовага ўзросту вучыўся ў Аршанскім духоўным вучылішчы і Магілёўскай духоўнай семінарыі (у 1917 годзе праз рэвалюцыйныя падзеі[2] пакінуў семінарыю пасля 2 гадоў вучобы). Працаваў перапісчыкам у паўвайсковай часці. Пасля вяртання ў родную вёску працаваў царкоўным вартаўніком[2].

З лютага 1919 настаўнічаў у пачатковай школе[2] на Магілёўшчыне, потым прызначаны загадчыкам Шклоўскага валаснога аддзела народнай асветы. У 1920 годзе ўдзельнічаў у II Усерасійскім з'ездзе саюза Работнікаў Асветы, быў абраны кандыдатам у сябры ЦК гэтага саюза[2].

У 19201927 гадах палітпрацаўнік Чырвонай Арміі. Публікавацца пачаў у 1922 годзе. З 1924 года сябра літаратурнага аб'яднання «Маладняк», уваходзіў у Цэнтральнае Бюро арганізацыі. У 1926—1927 гадах рэдагаваў часопіс «Маладняк». У 1927 годзе стаў адным з ініцыятараў утварэння новага літаб'яднання «Полымя». Выхад з «Маладняка» сведчыў пра значныя ўнутраныя зрухі ў светаадчуванні пісьменніка, пра пэўныя змены яго мастацкай, эстэтычнай арыентацыі[3].

У жніўні — кастрычніку 1927 года ў складзе дэлегацыі беларускіх літаратараў наведаў Латвію, Чэхаславакію, Германію, Францыю. У наступным годзе ў складзе беларускай пісьменніцкай дэлегацыі, куды ўваходзілі Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Чарот, ён наведаў Харкаў і прысутнічаў на ўрачыстасцях, прысвечаных памяці Тараса Шаўчэнкі[3].

Адзін з ініцыятараў тэатральнай дыскусіі ў лістападзе 1928 года (артыкулы «Два экзамены (Да пытання аб тэатральнай крытыцы)», «Чым пагражае нам Белдзяржкіно? (Да крытыкі тэматычнага плана)»). Выступленні Міхася Зарэцкага ў друку былі расцэненыя як праявы нацыянал-дэмакратызму. Разам з Андрэем Александровічам і Алесем Дударом ён заявіў пра выхад з БДУ (публікацыя ў «Савецкай Беларусі» 4 снежня 1928). У 1929 годзе выключаны з ВКП(б). Сябра СП БССР1934). Да лістапада 1936 года працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва БелАН.

Арыштаваны 3 лістапада 1936 года ў Менску па адрасе: вуліца Абутковая, д. 23, кв. 3. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 года як «актыўны член нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 7 снежня 1957 года. Асабовая справа К. № 11069-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Малодшы брат пісьменніка, Мікалай Касянкоў, таксама быў рэпрэсаваны ў 1937 годзе, прысуджаны да расстрэлу, аднак пазней расстрэл замянілі 10 гадамі адбыцця пакарання ў папраўча-працоўных лагерах. Загінуў ў 1941 годзе[4].

Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей (сын Слава, дачка Радаміра). Жонка пісьменніка Марыя Іванаўна спачатку была асуджаная на 7 гадоў знаходжання ў папраўча-працоўных лагерах і на 5 гадоў паражэння ў правах. Была рэабілітаваная ў 1941 годзе, а ў 1945 годзе была зноў асуджаная на 10 гадоў. Малалетнія дзеці засталіся адны, а пазней былі перададзеныя ў Мінскі дзіцячы прыёмнік, адкуль былі накіраваныя ў дзіцячы дом «Боркі» Калінінскай вобласці[5].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Беларускія пісьменнікі, 1936 год. Міхась Зарэцкі стаіць пасярэдзіне

Літаратурная дзейнасць Зарэцкага пачалася ў 1921 годзе, хоць ён, паводле ўласных прызнанняў, не збіраўся быць пісьменнікам. Як успамінае сам Зарэцкі, аднойчы яму прысніўся яркі і незвычайны сон, уражанне ад якога не пакідала яго на працягу цэлага месяца. Зарэцкаму захацелася занатаваць гэтае ўражанне, і ён стаў пісаць. Пісаў доўга і вельмі старанна абдумваў кожную фразу, кожнае слова. Скончылася тым, што старанна перапісанае апавяданне ён даслаў у рэдакцыю газеты «Рабочий», аднак, сумняваўся, што яго надрукуюць[6].

Сцвярджаецца, што яго літаратурным дэбютам было апавяданне «У Саўках», змешчанае на старонках «Савецкай Беларусі» 29 снежня 1922 года. Але, дэбют трэба аднесці на больш ранні час, паколькі ў гэтай жа газеце 6 студзеня быў надрукаваны матэрыял пад назвай «Ці ж так?», 3 лютага — «Спатканне», 13 кастрычніка — «Сёння» («Малюнкі жыцця»), 22 лістапада — апавяданне «Цішка Бабыль» і толькі 29 снежня — «У Саўках»[6].

Свой шлях у літаратуру Міхась Зарэцкі пачынаў з «малой прозы» і на працягу ўсёй творчай дзейнасці ахвотна звяртаўся да гэтай ёмістай жанравай формы. У сферу пісьменніцкай увагі траплялі перш за ўсё падзеі рэвалюцыйнай рэчаіснасці, жыццё працоўнага чалавека на пераломе гісторыі, класавыя сутыкненні, драматызм барацьбы новага і старога, духоўны рост чалавека, які спазнаў радасці перамогі над неспрыяльнымі абставінамі і над самім сабой[7]. Абсягі яго творчых інтарэсаў з самага пачатку былі даволі шырокімі, разнастайнымі. Гэтаму спрыяў і жыццёвы вопыт, набыты маладым пісьменнікам за час працяглай службы ў Чырвонай арміі. У апавяданнях пісьменьнік часта звяртаўся да новых, мала распрацаваных тагачаснай беларускай літаратурай пластоў сацыяльнай рэчаіснасці і праяваў духоўнага жыцця чалавека[8]. Зарэцкага як мастака не магла не прыцягваць сучасная яму рэчаіснасць, жыццё і праца людзей, побач з якімі ён жыў, клопаты і турботы, якія добра ведаў. Аб гэтым сведчаць апавяданні «Бель» (1924), «На маладое» (1924), «Дзіўная» (1925), «Смерць» (1926) і інш[9].

У 1930-я гг. Зарэцкі ўжо рэдка звяртаўся да малой жанравай формы. У нешматлікіх творах ужо значна менш мастацкай навізны, праблемнасці, смелага вырашэння тэмы, што мела месца ў ранейшыя гады. Праца над апавяданнямі стала адначасова і сур'ёзнай школай падрыхтоўкі пісьменніка да напісання буйных твораў. Лагічным працягам інтэнсіўных пошукаў пісьменніка ў галіне жанравай формы стала аповесць «Голы звер» (1926). Аповесць займае даволі прыкметнае месца ў творчасці Міхася Зарэцкага. Гэта змястоўны, вострапраблемны твор, у цэнтры якога герой адмоўнага плану. Вартасць аповесці ў тым, што надзённае пытанне сучаснага яму жыцця Зарэцкі пераводзіў у шырокі план, бо суадносіны інтарэсаў асобы і грамадства застаюцца актуальнымі сёння і будуць актуальнымі заўтра[10].

У канцы 1920-х гг. Міхась Зарэцкі звярнуўся да драматычнай жанравай формы, паколькі пачаў адчуваць яе змястоўнасць, лаканічнасць, эстэтычную сілу і багатыя выяўленчыя магчымасці. Яго першыя п'есы — «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—1929). Асноўны канфлікт п'есы «Віхор на балоце» — барацьба новых людзей супраць мяшчанства. Аб'ектамі выкрыцця ў ёй сталі бездухоўнасць, душэўная чэрствасць і мяшчанства[11].

У канцы 1920-х — пач. 1930-хх гг. у творах пісьменніка прыкметна паглыбілася заклапочанасць далейшым лёсам рэвалюцыі, перспектывай практычнага ўвасаблення яе ідэалаў. Заклапочанасць перарастала ў сапраўдную грамадзянскую трывогу мастака-гуманіста за будучыню роднага краю, будучыню народу. У гэты перыяд адбываюцца значныя зрухі ў светапоглядзе пісьменніка, у яго стаўленні да многіх вострых праблем тагачаснага грамадства, палітычнага, культурнага жыцця. Сутнасць зрухаў — у рашучым павароце пісьменніка да нацыянальнай праблематыкі[12].

Многія рукапісы Міхася Зарэцкага загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма «Рагнеда» (1929), працяг рамана «Крывічы».

У 1965 годзе на рускую мову быў перакладзены раман «Вязьмо» (перавыданне перакладу ў 1978). Раман «Сцежкі-дарожкі» на рускай мове друкаваўся ў скарочаным выглядзе на старонках газеты «Рабочий» у 1927 годзе, а новы поўны пераклад выйшаў у 1971 годзе. У 1980 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла ў перакладзе на рускую мову выбраныя апавяданні[13].

Пераклаў на беларускую мову раман «Цэмент» Фёдара Гладкова (1930), «Прыгоды бравага салдата Швейка ў часе сусветнай вайны» Яраслава Гашака (ч. 1, 1931). Выступаў і як крытык.

Пачынальнік рамантычнага кірунку ў беларускай савецкай прозе, пісьменнік-наватар, Міхась Зарэцкі ўзбагаціў беларускую літаратуру новымі ідэямі, вобразамі, прыкметна-пашырыў жанрава-стылёвыя, выяўленчыя магчымасці літаратуры[14].

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Зарэцкі, М. У віры жыцьця: Апавяданьні — Мн: БДВ, 1925. — 226 с. — 3000 экз.
  • Зарэцкі, М. Пела вясна: Апавяданьні — Мн.: выданне ЦБ Маладняка, 1925. — 42 с. — (Кніжніца «Маладняк»; № 9). — 15000 экз.
  • Зарэцкі, М. Пад сонцам: Апавяданьні — Мн.: Дзяржвыд., 1926. — 100 с. — 4000 экз.
  • Зарэцкі, М. 42 дакумэнты і Двое Жвіроўскіх: Апавяданьні — Мн.: выданне ЦБ Маладняка, 1926. — 68 с. — 2000 экз.
  • Зарэцкі, М. На чыгунцы: Апавяданьні — Мн.: Белдзяржвыд, 1928. — 267 с. — 3000 экз.
  • Зарэцкі, М. Ракавыя жаронцы: Апавяданьні і п’есы — Мн.: БДВ, 1930. — 260 с. — 3000 экз.
  • Зарэцкі, М. Бацькаў сын: Апавяданьне — Мн.: ДВБ: ЛіМ, 1932. — 15 с. — 7000 экз.
  • Зарэцкі, М. Сьцежкі-дарожкі: Раман = Сцежкі-дарожкі: раман — Мн.: БДВ, 1928. — 397 с. — 3000 экз.
  • Зарэцкі, М. Сцежкі-дарожкі / Пер. з беларус. Л. Кардиналовска — Харьків — Киів: Держ.вид-во Украіни, 1930. — 384 с. — 5000 экз. (пераклад на ўкраінскую)
  • Зарэцкі, М. Вязьмо: Раман = Вязьмо : Роман — Мн.: ДВБ.ЛіМ, 1932. — 247 с. — 3000 экз.
  • Зарэцкі, М. Вязьмо : Раман — Мн.: Дзяржвыд.ЛіМ, 1935. — 328 с.
  • Зарэцкі, М. Падарожжа на Новую Зямлю [Нарыс] — Мн.: Беларус. дзярж. выд-ва, 1929. — 67 с.
  • Зарэцкі, М. Лісты ад знаёмага: Нарыс / Прадм. Л.Бэндэ — Мн.: Белдзяржвыд, 1931. — 143 с. — 5000 экз.
  • Зарэцкі, М. Пачатак шчасця: выбраныя апавяданні / [укладальнікі: Ю. С. Пшыркоў, М. І. Касянкова; пасляслоўе: А. Майсеенка] — Мн.: Мастацкая літаратура, 1975. — 372 с. — (Бібліятэка беларускай прозы). — 10000 экз.
  • Зарэцкі, М. Збор твораў у 4 тамах. / рэдкалегія: С. А. Андраюк [і інш.]; прадмова, [с. 5―20], пасляслоўе М. І. Мушынскага — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. — Т. 1 Апавяданні. — ISBN 5-340-00296-9. Т. 2 Голы звер: Аповесць; Сцежкі-дарожкі: Раман.-Мн., 1990. Т. 3 Вязьмо: Раман; Сымон Карызна: Драматычная аповесць.-Мн., 1991.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Мушынскі М. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага — Мн.: Мастац.літ., 1991. — 292 с. — 2300 экз. — ISBN ?.
    • ЭГБ, т. 3.
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Зарэцкі Міхась // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995. Т. 2.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]