Раман Мацвеевіч Семашкевіч
Раман Мацвеевіч Семашкевіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 1 кастрычніка 1900[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 22 снежня 1937 (37 гадоў) |
Месца смерці |
|
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак, скульптар |
Жанр | партрэт, графіка і пейзаж |
Вучоба | |
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Рама́н Мацве́евіч Семашке́віч (1 кастрычніка 1900, Лебедзева, цяпер Маладзечанскі раён, Мінская вобласць, Беларусь — 22 снежня 1937, Бутаўскі палігон, Маскоўская вобласць) — беларускі[2] жывапісец, графік і скульптар, удзельнік групы «Трынаццаць».
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Раман Семашкевіч нарадзіўся 1 кастрычніка 1900 года[3][A] ў мястэчку Лебедзева Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Маладзечанскі раён). Быў адным з шаснаццаці дзяцей вясковага садавода Мацвея[4]. Яго бацька працаваў у пана і ў той час ужо вырошчваў у аранжарэі архідэі.
Патрапіў у прытулак для дзетак з маламаёмасных сем’яў і дзяцей-сірот, які існаваў пры Віленскай беларускай гімназіі, прытулкам апекаваўся беларускі грамадска-палітычны дзеяч і каталіцкі святар Адам Станкевіч[4]. Як успамінаў Янка Багдановіч, Семашкевіч увесь вольны час займаўся творчасцю і быў вельмі працавіты. З прытулку Раман Семашкевіч паступіў у Віленскую беларускую гімназію. Афармляў рукапісны гімназічны часопіс «Рунь» (1923), сябра Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі[4].
У 1924 годзе ляснымі сцежкамі перабіраецца ў БССР[4]. Спачатку жыве ў Менску, потым пераязджае ў Віцебск[5]. У 1925—1927 гадах навучаецца ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме (скульптурнае аддзяленне, загадчык — Міхаіл Керзін), які ў той час праз палітыку беларусізацыі працаваў у беларускім рэчышчы. Пад кіраўніцтвам Інбелкульта студэнты і выкладчыкі тэхнікума ладзілі этнаграфічныя і краязнаўчыя экспедыцыі па Беларусі, у 1925—1926 гадах тут пачалі выкладаць гісторыю беларускага мастацтва[5].
Раман Семашкевіч, як адзін з найлепшых студэнтаў, у 1927 годзе накіроўваецца ў Маскву, дзе паступае ў Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут на базе Выйшэйшых мастацка-тэхнічных майстэрняў (аддзяленне жывапісу)[4]. Вучыўся ў Сяргея Герасімава , Аляксандра Дрэвіна , Дзмітрыя Кардоўскага . Скончыў навучанне ў 1930 годзе[5]. Яшчэ да заканчэння інстытута Семашкевіч становіцца прызнаным мастаком. Яго творы набываюць Пушкінскі музей, Траццякоўская галерэя, Мікалаеўскі музей імя Верашчагіна, музеі Фрунзэ і Таганрога, рэспубліканскія музеі Менска і Чабаксараў, а таксама прыватныя калекцыянеры.
Ажаніўся з Надзеяй Васільевай. У 1931 годзе прыняў удзел у 3-й выстаўцы суполкі «Трынаццаць», якая прайшла ў актавай зале МГУ. 10 кастрычніка 1931 года на Вялікай Дзмітраўцы адкрылася персанальная выстаўка Семашкевіча. У 1932 годзе здзейсніў творчую паездку ў савецкую Беларусь. У Менску пабачыўся з сябрам юнацтва — Алесем Салагубам. Сустрэўся з Янкам Купалам, Якубам Коласам напісаў іх партрэты, зрабіў групавы партрэт Мікалая Галадзеда, Мікалая Гікалы і Андрэя Александровіча. Сустрэўся з гімназічным настаўнікам Антонам Грыневічам, якога таксама замаляваў. Зрабіў партрэт выхаванца Віленскай беларускай гімназіі, у той час ужо вядомага паэта, Валянціна Таўлая. У часе паездкі па Беларусі ладзіў персанальныя выстаўкі ў Петрыкаве і Мазыры[5].
У 1932 годзе прыняты ў Маскоўскае аб’яднанне мастакоў (МОСХ). У тым жа годзе ў складзе навукова-даследчай экспедыцыі едзе на Паўночны Урал, у наступным годзе зімуе на метэаралагічнай станцыі Паўднёвага Урала на гары Вялікі Таганай. Мастак адзначаў, што ў часе вандроўкі «напісаў каля 200 маленькіх эцюдаў»[6].
Па вяртанні з Урала, верагодна, сустракаўся з Браніславам Тарашкевічам, які прыехаў у Маскву ў 1933 годзе[6]. У 1935 годзе першы раз арыштаваны, але неўзабаве выпушчаны[6]. Аказаўся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, праз нястачу палотнаў маляваў на кардоне, кавалках фанеры, часам замалёўваў папярэднія творы[5]. Ездзіў у Залатавустаўскі металургічны завод, у Залатавусце зладзіў персанальную выстаўку. У часе падрыхтоўкі да выстаўкі вандраваў па Алтаі, малюе панараму Рыдзера (Ленінагорск) і зноў арганізоўвае персанальную выстаўку. Працуе ілюстратарам у часопісе «30 дзён». З 1931 па 1936 год удзельнічаў у дзесяці выстаўках, наладзіў пяць персанальных экспазіцый[6]. У 1937 годзе зладзіў творчую паездку ў Лепель[6].
Уначы з 1 на 2 лістапада 1937 года ў камунальнай кватэры (Успольны завулак, д. 17, кв 9/10), дзе ён жыў з цяжарнай жонкай (ёй было тады 24 гады) з’явіліся супрацоўнікі НКУС. Семашкевіч арыштаваны і дастаўлены ў Таганскую турму. Абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай фашысцкай агітацыі і шпіянажы на карысць Польшчы (два браты, дзве сястры і маці мастака жылі на радзіме ў Заходняй Беларусі, якая тады была часткай Польшчы). 19 снежня 1937 года супрацоўнікі НКУС вывезлі ўсе працы Семашкевіча з яго кватэры. На допытах віны не прызнаў, аднак паказанні былі выбітыя ў настаўніка Семашкевіча — Аляксандра Дрэвіна. Праз два дні, 22 снежня 1937 года Раман Семашкевіч быў расстраляны на Бутаўскім палігоне пад Масквой[5]. Дагэтуль, 3 лістапада 1937 года ў Менску быў расстраляны брат, Сямён Семашкевіч[B]. 4 лістапада 1937 года была расстраляная сястра Семашкевіча, Алена Семашкевіч, якая працавала загадчыцай раённай бібліятэкі ў вёсцы Зыранская Томскай вобласці[C].
Раман Семашкевіч пасмяротна рэабілітаваны 2 чэрвеня 1958 года.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Пісаў партрэты, пейзажы, сцэны з гарадскога жыцця, жанравыя кампазіцыі. У графічных і жывапісных работах адлюстроўваў побыт сялян, родную прыроду, а таксама сацыяльна-рэвалюцыйную тэматыку[2]. Адважныя і нечаканыя каляровыя рашэнні, наіўнае ўспрыманне і экспрэсіўнасць выканання вызначылі творчую манеру мастака. Мастацтва Рамана Семашкевіча высока цанілі яго сучаснікі: Надзея Удальцова, Юрый Алеша, Ілля Ільф, Таццяна Маўрына, Мікалай Харджыеў, Давыд Штэрэнберг. Яго палотны набывалі музеі і калекцыянеры.
Аўтар жывапісных работ: «Галадоўка палітзняволеных у Лукішскай турме», «На этапе», «Паны забіраюць апошнюю карову», «Бойка з секвестратарамі», «Здзек паліцыі»; партрэтаў Антона Грыневіча, Валянціна Таўлая, Янкі Купалы, Якуба Коласа, групавога партрэта Мікалая Галадзеда, Мікалая Гікалы і Андрэя Александровіча; скульптурнай кампазіцыі «Юны змагар».
У 1930 годзе Семашкевіч прыняў удзел у выстаўцы аб’яднання «Всекохудожник». Яго першая персанальная выстаўка адбылася ў Маскве ў 1931 годзе. У тым жа годзе карціны Рамана Семашкевіча экспанаваліся на выстаўцы групы «Трынаццаць». 2 лістапада 1937 года Раман Семашкевіч быў арыштаваны па сфабрыкаваным абвінавачванні ў «контррэвалюцыйнай агітацыі» і 22 снежня расстраляны. Карціны, якія знаходзіліся ў майстэрні мастака, былі канфіскаваны супрацоўнікамі НКУС, гэтыя творы лічацца страчанымі.
У 1990 годзе ў Маскве адбылася першая пасмяротная выстаўка яго прац.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Аўто, 1930. Дзяржаўная Траццякоўская галерэя.
-
Вуліца ў Замаскварэччы, 1930. Дзяржаўная Траццякоўская галерэя.
-
Чайная, 1930.
-
Вершнік на белым кані, 1932.
-
Партрэт Валянціна Таўлая, 1932. НММ Беларусі.
-
Партрэт Янкі Купалы, 1932.
-
Аўтапартрэт, 1933.
-
Партрэт Надзеі Васільевай, 1933.
-
Коні на пашы, 1934.
-
Краявід з дрэвам, 1934.
-
Мужчынская фігура, 1930-я.
-
Роздум, 1934.
-
Фабрыка, 1930-я. НММ Беларусі.
-
Едакі бульбы. 1930-я.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Паводле некаторых даных — у 1902 годзе[2].
- ↑ Сямён Мацвеевіч Семашкевіч (1904 — 3 лістапада 1937), сябра КПЗБ з 1932 года. Арыштаваны 12 лютага 1937 года, асуджаны 18 кастрычніка да расстрэлу за шпіянаж і нелегальны пераход граніцы. Рэабілітаваны 2 лістапада 1960 года[7].
- ↑ Алена Мацвееўна Семашкевіч (1908 — 4 лістапада 1937), арыштаваная 27 ліпеня 1937, асуджаная 18 кастрычніка як «член шпіёнскай дыверсійнай контррэвалюцыйнай арганізацыі» да расстрэлу. Пасмяротна рэабілітаваная 9 верасня 1957 года[8].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ https://web.archive.org/web/20191215211941/http://www.marakou.by/by/davedniki/represavanyya-litaratary/tom-iii-kniga-ii-dadatak/index_28003.html
- ↑ а б в Ліс А. 2002, с. 318.
- ↑ Леанід Маракоў. Семашкевіч Раман Мацвеевіч . marakou.by. Архівавана з першакрыніцы 16-12-2019. Праверана 16-12-2019.
- ↑ а б в г д Гваздзёў С. 2007, с. 14.
- ↑ а б в г д е Раман Семашкевіч . spadczyna.com. Архівавана з першакрыніцы 15 красавіка 2014. Праверана 12-12-2019.
- ↑ а б в г д Гваздзёў С. 2007, с. 15.
- ↑ Семашкевич Семен Матвеевич (руск.). base.memo.ru. Праверана 17-12-2019.
- ↑ Семашкевіч Алена Мацвееўна . marakou.by. Праверана 17-12-2019.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Васильева Н. М. Роман Матвеевич Семашкевич. ― М., Галарт, 1996
- Гваздзёў С. Раман Семашкевіч. Мара // Новы Час : газета. — Мінск: 2007. — № 27 (72). — С. 14—15. Архівавана з першакрыніцы 9 снежня 2019.
- Ермакова Т. А. Роман Матвеевич Семашкевич. ― М., Третьяковская Государственная галерея, 1990
- Крэпак Б. Асуджаны без права на перапіску… // Культура : газета. — Мінск: 2010. — № 24 (944). Архівавана з першакрыніцы 14 жніўня 2020.
- Крэпак Б. Я хачу жыць!.. // Культура : газета. — Мінск: 2010. — № 25 (945). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2020.
- Ліс А. Семашкевіч Раман Мацвеевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 318. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
- Плугина Н. В. Группа «13» в контексте художественной жизни конца 1920-х―середины 1950-х. Канд. дисс. ― М., 2009
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Раман Мацвеевіч Семашкевіч
- Нарадзіліся 1 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1900 годзе
- Нарадзіліся ў Вілейскім павеце
- Памерлі 22 снежня
- Памерлі ў 1937 годзе
- Памерлі ў Маскоўскай вобласці
- Навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі
- Выпускнікі Віцебскага Народнага мастацкага вучылішча
- Члены Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі
- Члены Маскоўскага Саюза мастакоў
- Асобы
- Мастакі паводле алфавіта
- Мастакі СССР
- Рэпрэсаваныя савецкай уладай
- Расстраляныя ў СССР
- Памерлі ў месцах пазбаўлення волі
- Мастакі Беларусі
- Нарадзіліся ў Маладзечанскім раёне