Беларусь (кніга)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Беларусь
Weissruthenien. Land, Bewohner, Geschichte, Volkswirtschaft, Kultur, Dichtung Mit 93 Abbildungen und einer Karte
Выданне
Вокладка кнігі.
Жанр энцыклапедыя
Аўтар Вальтэр Егер[d]
Мова арыгінала нямецкая
Дата першай публікацыі 1919
Выдавецтва «Verlag Karl Curtius»
Месца публікацыі Сцяг Германіі (1871-1918, 1933-1935) Берлін, Нямеччына
Колькасць старонак 143

«Беларусь»[1] (ням.: Weissruthenien. Land, Bewohner, Geschichte, Volkswirtschaft, Kultur, Dichtung Mit 93 Abbildungen und einer Karte) — першая нямецкамоўная кніга, прысвечаная Беларусі.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Прагрэсіўны нямецкі журналіст Вальтэр Егер у час Першай сусветнай вайны знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі, зацікавіўся жыццём і культурай беларускага народа. Гэтая цікавасць знайшла выяўленне ў шматлікіх матэрыялах – артыкулах, карэспандэнцыях, нарысах, якія друкаваліся на старонках нямецкага перыядычнага друку. Яны ахоплівалі шырокае кола праблем, звязаных з жыццём і дзейнасцю беларускага народа. В. Егер ведаў, што ў Нямеччыне існуюць далёкія ад рэальнасці, скажоныя ўяўленні пра беларусаў як пра цёмны, адсталы і пакорлівы народ, у якога вышэйшае праяўленне культуры – толькі вусная народная творчасць. Каб развеяць гэтыя беспадстаўныя ўяўленні, Егер вырашыў пазнаёміць сваіх суайчыннікаў з Беларуссю, яе сціплым і працавітым народам, які меў даўнюю і багатую гісторыю, шматвяковую культуру, але неспрыяльнымі гістарычнымі ўмовамі доўга быў адціснуты ад паступальнага развіцця, прыйшоў у заняпад і толькі ў апошні час у выніку вялікіх гістарычных зрухаў абудзіўся да актыўнага палітычнага і культурнага жыцця.

Напісанне[правіць | правіць зыходнік]

У напісанні кнігі сустрэліся шматлікія цяжкасці як навуковага, так і практычнага характару. Вось што з гэтай нагоды пісаў сам Егер у прадмове да кнігі: «Пісьмовыя крыніцы пра Беларусь у Германіі вельмі бедныя. Абагульняючых прац пра гэты край і яго культуру на нямецкай мове наогул не існуе. 3 вялікай цяжкасцю давялося збіраць матэрыялы са шматтомных прац па Расіі, з часопісаў і газет. І ўсё ж ураджай атрымаўся небагаты»[1].

3 дапамогай прафесара Абіхта, дактароў Іпеля і Дзітмана Егеру ўдалося скласці і выдаць задуманую ім кнігу, якая доўгі час была адным з найбольш поўных нямецкіх выданняў пра Беларусь[1]. Матэрыяламі для яе паслужылі, галоўным чынам, працы рускіх і польскіх вучоных, часткова перакладзеныя на нямецкую мову.

Часткі пра гісторыю Беларусі не былі падпісаныя, але, як відаць з прадмовы, іх напісаў доктарам Дзітманам, адвакатам з Горадні. У 1919 годзе Валянцін фон Дзітман быў дарадцам Дыпламатычнай місіі БНР ў Берліне. Іншыя раздзелы былі падпісаныя. Такім чынам, матэрыялы, якія тычацца геаграфіі і эканомікі Беларусі напісаў Пётра Крачэўскі (у прадмове адзначана, што яны былі выдадзеныя ўжо раней Беларускай дыпламатычнай місіяй у Берліне), доктар Альберт Іпель пра беларускую культуру, прафесар доктар Рудольф Абіхт, нямецкі славіст, які раней пісаў для газеты 10-й арміі, апісаў літаратуру беларускага адраджэння і змясціў фрагменты літаратурных твораў Тараса Гушчы (або Якуба Коласа), анталогію песень і паданняў, а таксама апісанні беларускіх абрадаў, запазычаныя ў фалькларыстаў.

Змест[правіць | правіць зыходнік]

Храналагічна кніга ахоплівае гістарычнае развіццё Беларусі ад часоў Старажытнай Русі да 1918 г. Складаецца яна з васьмі раздзелаў — «Край», «Насельніцтва», «Гісторыя», «Народная гаспадарка», «Духоўная культура», «Аб беларускім мастацтве», «3 беларускай літаратуры», «3 беларускай вуснай народнай творчасці», якія, на думку аўтара, павінныя былі ахапіць найбольш характэрныя сферы мінулага і сучаснага жыцця беларусаў. Кніга ілюстраваная 93 малюнкамі, да яе прыкладзеная карта Беларусі. Ёсць невялікая прадмова.

У раздзеле «Духоўная культура» сабраны матэрыял, які ў агульных рысах раскрываў найбольш значныя этапы развіцця беларускай культуры на працягу ўсёй гісторыі яе існавання.

Беларуская літаратура ахарактарызавана тут агульна. Першыя звесткі пра яе звязваюцца з імем беларускага асветніка і першадрукара Ф. Скарыны. Затым гаворка ідзе пра Рэфармацыю, разглядаецца паэма «Тарас на Парнасе». Называюцца прозвішчы прадстаўнікоў новай беларускай літаратуры Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, Я. Купалы і Я. Коласа. Апошнія два прадстаўленыя як найбольш значныя носьбіты духоўнай культуры сваёй нацыі.

Апошні, восьмы, раздзел кнігі «Беларусь» падабраны і  перакладзены прафесарам Абіхтам. Нямецкі вучоны імкнуўся паказаць мастацкую творчасць беларускага народа ў лепшых яе празаічных і вершаваных праявах. Па магчымасці выяўлена і жанравая разнастайнасць: у раздзел уключаны апавяданні, легенда, вершы, народныя казкі і песні.

У кнізе таксама змешчаная мапа БНР[2].

Рэакцыя[правіць | правіць зыходнік]

Выдадзеная ў час бурных рэвалюцыйных падзей у Германіі кніга В. Егера «Беларусь» не была заўважаная нямецкай грамадскасцю, занятай вырашэннем вострых унутраных праблем. У Беларусі ж на гэта выданне з’явілася некалькі водгукаў. Першым з іх было паведамленне беларускага мовазнаўцы і літаратуразнаўцы М. Байкова, надрукаванае ў 1921 г. у часопісе «Школа и культура Советской Белоруссии» (№ 1—2) пад назвай «Кніга аб Беларусі на нямецкай мове». Асаблівая ўвага ў паведамленні звярталася на артыкул А. Іпеля «Аб беларускім мастацтве», а таксама на матэрыялы прафесара Абіхта пра вусную народную творчасць беларусаў і іх літаратуру, на перакладзеныя ім вершы Я. Купалы.

Другім водгукам была вялікая рэцэнзія М. Байкова, апублікаваная ў 1921 г. у часопісе «Вольны сцяг» пад той жа назвай. Кніга В. Егера разглядалася тут больш шырока і падрабязна: вялася гаворка пра гісторыю яе ўзнікнення, пра змест і структуру. Усяму выданню давалася такая ацэнка: «Чаго-небудзь новага дзеля беларускага чытача, асабліва таго, каму вядомы творы прафесара, акадэміка Я. Карскага, Шэйна, Раманава і інш., зборнік не прадстаўляе, аднак трэба аддаць справядлівасць немцам, яны старанна сабралі тое, што з'яўляецца найбольш прыкметным у розных галінах жыцця беларускага народа».

Значна пазней, у 1925 г., да кнігі В. Егера звярнуўся вядомы беларускі вучоны Я. Карскі. У артыкуле «Беларуская філалогія за апошнія дзесяць гадоў», змешчаным у часопісе «Zeitschrift für slavische Philologie[de]», ён пісаў: «Гэта кампілятыўная, спехам складзеная пасля 1917 года праца, без каментарыяў. Віньеткі, узятыя з маёй «Палеаграфіі», у некаторых месцах надрукаваны наадварот. Яны ў большасці сваёй не беларускія. Адсутнічае ў гэтай кнізе размежаванне паміж агульнаславянскім, рускім і беларускім».

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]