Блакітныя азёры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Схема групы Балдуцкіх азёр

Блакітныя азёры, Балдуцкая група азёр — група азёраў у Беларусі, на мяжы Мядзельскага раёна Мінскай вобасці з Пастаўскім раёнам Віцебскай вобласці і Астравецкім раёнам Гродзенскай вобласці, на захадзе Беларускага Паазер'я, у басейне ракі Страча, на тэрыторыі ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры.

Возера Глубелька

Уключае невялікія азёры Балдук, Балдучыца, Глубля, Глубелька, Ячмянец, Мёртвае, Імшарац, Карасік. Агульная плошча 1,5 км².

Утварылася ў час паазерскага зледзянення, размешчана сярод комплексу водна-ледавіковых формаў рэльефу (адносныя вышыні 25—30 м), парослага хваёвым і хваёва-яловым лесам. Азёры адметныя чыстай вадой і адсутнасцю антрапагенных экалагічных парушэнняў, у іх растуць рэдкія ахоўныя водныя расліны (хвоснік звычайны і меч-трава звычайная). Па азёрах праходзіць турысцкі маршрут.

Заказнік Блакітныя азёры

Блакітныя азёры, ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння на тэрыторыі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Створаны ў 1972 для аховы унікальнага і надзвычай маляўнічага ўэгорыста-азёрнага прыроднага комплексу ў Беларускім Паазер'і. Плошча 1,5 тыс. га (1996).

Рэльеф — складаная сістэма озавых градаў і камавых узгоркаў, якія перамежваюцца запоўненымі вадой глыбокімі ўпадзінамі. На тэрыторыі заказніка Балдуцкая група азёр, адметных глыбокімі катлавінамі і чыстай вадой. Лясы паўднёва-таежныя хваёвыя і яловыя, пераважаюць бары і ельнікі-зеленамошнікі кіслічнага, чарнічнага, бруснічнага, верасовага, арляковага тыпаў. На вяршынях вялікіх узгоркаў трапляюцца лішайнікавыя хвойнікі, у падлеску — ядловец і бружмель. На невялікіх участках растуць бяроза павіслая, асіна, дуб, вяз. У флоры заказніка 538 відаў вышэйшых раслін, у т.л. каля 40 рэдкіх ахоўных відаў, адзінае на Беларусі месца, дзе растуць меч-трава звычайная, цюльпан лясны і чарнакорань голы.

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).

Шаблон:Belarus-geo-stub

Шаблон:Стаб