Бортніцтва

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Бортніцтва. Выява ў Павучынай пячоры (Іспанія), 8 — 6 тысячагоддзі да н.э.

Бортніцтва — лясное пчалярства, заснаванае на ўтрыманні пчол-баровак у штучных дуплах — борцях. Адзін з найбольш старадаўніх промыслаў. Пачатковая форма культурнага пчалярства.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Развілося з дзікага пчалярства, калі чалавек выпадкова (збіральніцтва), а пазней свядома (паляванне за мёдам) знаходзіў пчаліныя гнёзды ў дуплах дрэваў, знішчаў агнём пчол і забіраў мёд. На тэрыторыі Беларусі і ў суседніх раёнах было найбольш пашырана ў 10—17 ст., месцамі, асабліва на Палессі, захавалася да пачатку 20 ст.

Найчасцей выкарыстоўвалі натуральныя борці — дуплы дрэў. Штучныя борці выдзёўбвалі ў тоўстых ствалах дрэў на вышыні ад 4 да 15 м. Пазней рабілі вуллі-калоды, якія прывязвалі да дрэва або ставілі на дашчаныя палаткі. Для аховы ад драпежнікаў (куніц, асабліва мядзведзяў) майстравалі вакол дрэва памост з вострымі зубцамі, у дрэва забівалі нажы і інш. 3 развіццём земляробства і высечкай лясоў бортніцтва саступіла месца пасечнаму пчалярству. Блізкія да бортніцтва метады пчалярства існавалі ў многіх народаў свету, захаваліся ў асобных плямёнаў y малаабжытых раёнах Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі, Паўднёвай Азіі.

Як самастойны від ляснога промыслу бортніцтва прайшло 3 этапы развіцця:

  • ахова і догляд дзікіх пчол у знойдзеных дуплах
  • свядомае ўтрыманне заселенага рою ў прыстасаваных пад борці натуральных дуплах
  • развядзенне і ўтрыманне рою ў адмыслова зробленых борцях

Паступова бортніцтва замяняецца калодачным, а пасля вынаходніцтва Пятром Пракаповічам у 1814 годзе рамавага вулля — рамавым пчалярствам. Па пераемнасці калоднае пчалярства ўспрыняло ранейшую назву і працяглы час называлася бортніцтвам. Абумоўлена гэта было тым, што выраб калодаў, спосаб догляду пчол, бортны інструмент і тэрміналогія засталіся ранейшымі. Розніца складаецца толькі ў адным: борць выдзёўбвалі ў жывым дрэве, калоду-борць — у спілаваным. Бортніцтва выпрацавала спецыфічныя прылады і прыстасаванні, якія без істотных змен, пад рознымі назвамі альбо ў іх варыянтах вядомы на ўсёй тэрыторыі краіны. Бортная тэрміналогія ў беларусаў, палякаў і ўкраінцаў не мае істотных адрозненняў. Гэта сведчыць пра тое, што бортніцтва ўзнікла ў перыяд агульнаславянскага моўнага адзінства.

Бортнікі[правіць | правіць зыходнік]

Бортнік (пчаляр) — чалавек, які займаецца бортніцтвам. Лакальныя назвы на Беларусі — барцялазы, вотчыны. Бортнікі рабілі новыя борці (дуплы ў дрэве) і засялялі іх пчоламі (бароўкамі), рыхтавалі прынаду для раёў, чысцілі борці, выбіралі мёд, ахоўвалі пчол ад неспрыяльнага надвор'я і шкоднікаў. Умельства бортніка перадавалася з пакалення ў пакаленне і ў шмат якіх сем'ях бортніцтва было спадчынным на працягу стагоддзяў.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]