Будынак Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Будынак Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра
53°40′31″ пн. ш. 23°49′38″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Гродна
Аўтар праекта Г. Мачульскі, А. Пархута
Дата заснавання 1984
Будаўніцтва 19771984 гады

Будынак Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра (Гродна)
Будынак Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра
Будынак Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра

Будынак Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра — будынак у Гродне, размешчаны на скрыжаванні вуліц Маставой і Давыда Гарадзенскага, на высокім правым беразе р. Нёман. Пабудаваны ў 19771984 гг. з цэглы і зборнага жалезабетону (архіт. Г. Мачульскі, А. Пархута).

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

У рашэнні драматычнага тэатра злучаюцца дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі: да ўзбуйнення будынка і пошуку тэм, якія збліжаюць яго з гістарычнай забудовай — выкарыстанне складаных пластычных прыёмаў і дробнага маштабу чляненняў, якія складаюць аддаленыя гатычныя асацыяцыі. Вызначальным ва ўспрыманні будынка стала прыгнечанне сучаснымі архітэктурнымі формамі гістарычнага асяроддзя[1].

Манументальны пластычны па форме будынак уключае шасцігранны дамінуючы ў агульнай кампазіцыі асноўны аб'ём (галоўная глядзельная зала з вестыбюлем і фае) і П-падобны ў плане трохпавярховы адміністрацынна-службовы корпус. Вуглы асноўнага аб'ёму вылучаны ўвагнутымі вертыкальнымі пілонамі, якія выступаюць над дахам. Рытм вузкіх вертыкальных рэбраў паміж пілонамі кантрастуе з крутлаватымі лініямі буйных канструкцый фасадаў на ўзроўні 1-га і 2-га паверхаў. У завяршэнні па перыметры будынка праходзіць хвалістая стужка парапета. Цэнтральны ўваход вылучаны пластычна выгнутымі сценкамі і каскадам лесвіц. Над ім размешчана трохфігурная кампазіцыя «Пегас» (скульпт. Л. Зільбер; медзь, выкалатка, вышыня 8 м). Спрошчаны аб'ём службовага корпуса ўзбагачаюць вуглавыя лесвічныя клеткі. Абліцоўка фасадаў светлай пліткай, цагляная муроўка нішаў і баразён надаюць збудаванню візуальную лёгкасць[2].

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Галоўная глядзельная зала (на 700 месцаў) вырашана амфітэатрам з балконам. Беламармуровыя бакавыя лесвіцы звязваюць вестыбюль з двухсветлавым фае і бакавымі кулуарамі. У цокальным паверсе — рэпетыцыйная зала, шэраг артыстычных пакояў, апаратная, склады аб'ёмных дэкарацый. Галоўная глядзельная зала аздоблена драўлянымі панелямі, кесаніраванай акустычнай падвеснай столлю, дэкаратыўнай тынкоўкай[2].

Больш сціпла, у светлых танах, дэкарыраваны галоўны вестыбюль, абліцаваны светла-шэрым мармурам. Афармленне фае галоўнай залы вырашана сучаснымі мастацка-дэкаратыўнымі сродкамі. 3 руставанай пластыкавай столі звісае вялізная, нібы сталактытавая, люстра з рыфленага белага нёманскага шкла. Сцены апрацаваны светлай рыфленай тынкоўкай[2].

На франтальнай сцяне фае галоўнай залы створана аб'ёмнаё скульптурнае пано, тэматыка якога прысвечана сусветнаму і нацыянальнаму тэатру (маст. І. Пчэльнікаў, І. Лаўрова). Верхняя частка пано ўключае 5 кампазіцый на тэму гісторыі развіцця тэатра: «Народны тэатр», «Класіка», «Тэатр рэвалюцыі», «Новы тэатр», «Тэатр, які аб'ядноўвае ўсе мастацтвы». Ніжэй па пастаментах устаноўлены бюсты Пушкіна, Шэкспіра, Мальера. Паміж бюстамі плакеткі з выявамі дзеячаў беларускай культуры — Ф. Скарыны, М. Гусоўскага, Я. Купалы, Я. Коласа. Скульптурна-жывапісныя кампазіцыі «Антычная трагедыя», «Дзіанісьеўскае шэсце», «Народны тэатр батлейка», «Рэпетыцыя ў масках» выкананы на сценах кулуараў і над уваходамі ў партэр. Усе кампазіцыі зроблены ў абагуленых формах з выкарыстаннем мяккай разбеленай каларыстычнай палітры і графічнай штрыхоўкі[2].

Малая глядзельная зала на 200 месцаў размешчана на 1-м паверсе службовага корпуса, мае бакавыя кулуары з буфетам, вестыбюль і фае[2].

Зноскі

  1. Шамрук, А. С. Архитектура Беларуси ХХ — начала ХХІ в.: эволюция стилей и художественных концепций. — Минск: Белорусская наука, 2007. — 335 с.: илл. ISBN 978-985-08-0868-4
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1986.- 371 с., іл.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]