Бібліятэка Будслаўскага кляштара бернардзінцаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бібліятэка Будслаўскага кляштара бернардзінцаў — бібліятэка, якая існавала пры Будслаўскім кляштары бернардзінцаў у сярэдзіне 17 — сярэдзіне 19 ст. Найбольш ранні ўладальніцкі запіс на кнізе з бібліятэкі датуецца 1652 годам. У канцы 18 — пачатак 19 стагоддзя складалася з 2 частак: адна прызначалася для набажэнства, другая для студэнтаў[1]. Кнігазбор уключаў выданні на польскай і лацінскай мовах па маральнай тэалогіі, аскетыцы, біблеістыцы, літургічныя кнігі. У бібліятэцы былі таксама выданні па геаграфіі, гісторыі, юрыспрудэнцыі, медыцыне. Асобна былі вылучаны харальныя кнігі. Літаратура для навучання — творы Цыцэрона, падручнікі па рыторыцы, слоўнікі — камплектавалася ў колькасці 3—9 асобнікаў. Пераважалі выданні 18 ст., меліся і XVI—XVII стст. Значная частка кніг была надрукавана ў беларуск. друкарнях у Нясвіжы, Полацку, Вільні; шмат было польскіх выданняў і выданняў з інш. еўрапейскіх краін — Італіі, Германіі і г.д. Кожны асобнік пазначаўся надпісам, які сведчыў аб яго прыналежнасці да кнігазбору Будслаўскага кляштара: «…Hic liber spectat … Conventus Budensis»[2].

Рукапісны каталог бібліятэкі 1796, які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, уключае 596 выданняў. Вядомы акты візітаў кляштара за 1817, 1819, 1822, 1837 і 1841 (захоўваюцца ў бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта), дзе зафіксаваны склад бібліятэкі, які вагаецца ад 786 (у 1819) да 1065 экзэмпляраў (у 1822). Пасля зачынення кляштара ў 1852 годзе кнігазбор захоўваўся ў Будслаўскім касцёле да сярэдзіны XX стагоддзя. У 1961 годзе бібліятэка вывезена ў Мінск і падзелена паміж Дзяржаўным гістарычным музеем (цяпер Нацыянальны гістарычны музей Беларусі) і Дзяржаўнай бібліятэкай БССР (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Кнігі з кляштарнай калекцыі сустракаюцца ў прыватных кнігазборах[2].

Зноскі

  1. пры кляштары ў 1731—97 дзейнічала школа маральнай тэалогіі і рыторыкі, у 1793 адкрыта 2-класная пачатковая школа, працавала музычная школа, быў створаны аркестр для суправаджэння богаслужэння ў касцёле
  2. а б Т. І. Рошчына. Бібліятэка Будслаўскага кляштара бернардзінцаў // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2. — 544 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0570-6.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]