Бібліятэка Лаўрышаўскага манастыра

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бібліятэка Лаўрышаўскага манастыра — бібліятэка, якая існавала пры Лаўрышаўскім манастыры ў XIII — сярэдзіне XIX ст. Вядома паводле вопісаў з пачатку XIX ст. У гэты час размяшчалася ў спецыяльным мураваным будынку[1].

Паводле вопісу 1824 года, у бібліятэцы была 451 кніга ў 595 тамах, пераважна друкаваныя выданні на польскай і лацінскай мовах, а таксама некалькі кірылічных. Сярод Біблій меліся выданні на польскай мове гатычным шрыфтам (16 ст.), Біблія на англійскай мове, шмат твораў айцоў царквы, кананічныя і багаслоўскія творы (з іх 4 кірылічныя кнігі), служэбнікі выпуску Віленскай, Супрасльскай, Пачаеўскай друкарняў, працы па гісторыі царквы, у т.л. «Хронікі» Цэзара Баронія, Рэчы Паспалітай, геаграфічныя слоўнікі, апісанні Святой Зямлі, прапаведніцкія творы ў асноўным каталіцкіх і ўніяцкіх аўтараў, напрыклад, Цімафея Шчуроўскага; магчыма, рукапісная кніга «Propowiedi Ruskie», аскетычныя творы І. Пяткевіча, Дз. Занкевіча і інш., жыціі святых аўтарства I. Кульчыцкага, Дз. Занкевіча і інш., даведачныя выданні, лацінска-польска-літоўскі слоўнік Канстанцінаса Сірвідаса, творы Арыстоцеля, Цыцэрона, Эзопа, каментарыі да твораў антычных аўтараў, вучэбная літаратура (лацінскай граматыкі, рыторыкі), палітычным выданні, календары, газеты. У манастырскай царкве знаходзіліся богаслужэбныя кнігі (43 экз.), у т.л. некалькі евангелляў вялікага фармату, посная і кветная трыёдзі, актоіхі і інш. рукапісы[1].

Пергаментнае Лаўрышаўскае евангелле XIII—XIV стст. у вопісе 1824 не адзначана, відаць, яно было вывезена з манастыра раней[1].

Зноскі

  1. а б в В. С. Пазднякоў. Бібліятэка Лаўрышаўскага манастыра // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]