Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Лаўрышаўскі манастыр)
Перайсці да: рух, знайсці
Манастыр
Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр
Царква Успення Прасвятой Багародзіцы, в. Лаўрышава, 2013
Царква Успення Прасвятой Багародзіцы, в. Лаўрышава, 2013
Каардынаты: 53°42′06″ пн. ш. 26°11′21″ у. д. / 53.701667° пн. ш. 26.189167° у. д. (G) (O) (Я)53°42′06″ пн. ш. 26°11′21″ у. д. / 53.701667° пн. ш. 26.189167° у. д. (G) (O) (Я)
Краіна Беларусь
Вёска Гнесічы
Канфесія Праваслаўны крыж. праваслаўе
Епархія Навагрудская і Слонімская 
Заснавальнік Войшалк
Дата заснавання ~1260 г.
Асноўныя
даты
1257 ці 1258заснаваны

1329створана Лаўрышаўскае евангелле
1530разбураны
~1590узноўлены
17751780адбудаваны
1836зачынены
1913узноўлены ля в. Гнесічы
1915разбураны
2007узноўлены

Будынкі:
Свята-Успенская царква, в. Лаўрышава, 1798 г.
Апошні настаяцель настаяцель: архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый (Апалька)
намеснік: ігумен Яўсевій (Цюхлаў)
Статус дзеючы
Стан будуецца
Сайт (руск.)  Афіцыйны сайт

Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр — мужчынскі манастыр у Навагрудскай і Слонімскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, адзін з найбольш старадаўніх манастыроў у Беларусі.

Месцазнаходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Размешчаны каля р. Нёман, паблізу в. Гнесічы (Шчорсаўскі сельсавет, Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць). Манастырскае падвор'е знаходзіцца ў суседняй в. Лаўрышава, ля рэчкі Валоўкі — левага прытоку Нёмана.

Паштовы адрас: в. Гнесічы, п/а Лаўрышава, Навагрудскі р-н, Гродзенская вобл., 231427. Тэл./факс: +375 (0) (1597) 9 92 56.

Праезд аўтобусам: з аўтобуснага вакзалу Навагрудак да прыпынкаў Лаўрышава, Гнесічы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснаванне манастыра[правіць | правіць зыходнік]

Войшалк засноўвае манастыр. Мініяцюра з Астэрманаўскага І-га тому Ліцэвога летапіснага збору, XVI ст. Бібліятэка Расійскай акадэміі навук, Масква.
Лаўрышаўскае Евангелле. Вокладка XVIXVII ст. Бібліятэка Чартарыйскіх, Кракаў, Польшча.

Паводле Іпацьеўскага летапісу, манастыр заснаваў сын вялікага князя літоўскага Міндоўга — Войшалк (у інацтве Лаўрыш або Лаўрын, вялікі князь літоўскі ў 12641267). Перад тым ён прыняў пострыг і 3 гады жыў у Паланінскім манастыры (Галіцка-Валынскае княства), адтуль выправіўся да Святой Гары ў Грэцыю, але не змог дайсці з-за мяцяжа ў тых землях, і вернуўся ў Панямонне:

«Воишелкъ же не може доити до Ст҃ѣи Горѣ . зане мѧтежь быс̑ великъ тогда в тъıхъ землѧх̑ . и приде ѡпѧть в Новъгородокъ . и оучини собѣ манастырь . на рѣцѣ на Немнѣ . межи Литвою и Новъıмъгородъкомъ . и тоу живѧше.»[1] (Рус., 1420-я гг.)

«Войшалк не змог дайсці да Святой Гары, паколькі вялікі мяцеж быў тады ў тых землях, і прыйшоў зноў у Наваградак; і ўчыніў сабе манастыр на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў»[2].

Іпацьеўскі летапіс.

У летапісу не названы год заснавання манастыра, але ўказана, што гэта адбылося прыблізна праз 3 гады пасля 1254 года. Гэта значыць, манастыр заснаваны, хутчэй за ўсё, у 1257 ці 1258 гадах.

Магчыма, пазней мясцовасць атрымала назву Лаўрышава ад імя заснавальніка манастыра. Сустракаюцца таксама варыянты Лаўрашава, Лаўрушава.

Першым настаяцелем манастыра быў Елісей (стрыечны пляменнік Войшалка). Паводле падання, ён быў забіты (23 кастрычніка/5 лістапада) нейкім звар'яцелым паслушнікам. Паслушнік вылечыўся ад вар'яцтва, дакрануўшыся да Елісея падчас забойства. Елісей быў пахаваны ў манастырскай царкве. Згодна паданню, ад яго мошчаў адбывалася шмат вылячэнняў.

Манастыр у XIII — XVII стагоддзях[правіць | правіць зыходнік]

Да 1329 года для манастыра было перапісана Лаўрышаўскае евангелле — выдатны прыклад ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі XIV стагоддзя. З запісаў, якія ўкладзены ў Евангелле, вядома, што манастыр у той час зваўся «Найсвяцейшай Багародзіцы Лаўрышаўскі манастыр». Вядома таксама, што ў ім былі храмы Ўваскрэсення і Раства Найсвяцейшай Багародзіцы. Пры манастыры дзейнічалі школа і бібліятэка.

У XIV — XV ст. манастыр атрымаў вялікія ахвяраванні ад Хадкевічаў, Храптовічаў, мясцовай шляхты. У XV ст. ў манастыры быў складзены рукапісны помнік-дакумент «Абмежаванне спрэчных земляў Лаўрышаўскага манастыра па загадзе Вітаўта», у якім адзначаецца шкода, якую людзі вялікага князя чынілі манастырскім землям пракладкай цераз іх дарогі для перавозкі з лесу дроў. Верагодна, у манастыры пад кіраўніцтвам дыякана Яна Забярэзінскага быў перапісаны збор чытанняў на ўвесь год па месяцах «Пралог».

Інвентарны вопіс манастыра, 1601. Фрагмент тытульнага аркуша. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Каля 1505 года (у час праўлення караля польскага і вялікага князя літоўскага Аляксандра) войскі Крымскага ханства здзейснілі набег на Наваградчыну. Паводле падання, крымскім татарам уявілася на манастырскім двары вялікая колькасць кавалерыі (хоць там не было ніводнага конніка), і напалоханыя захопнікі адступілі: заступніцтва Елісея не дапусціла ворагаў да манастыра. Пасля гэтага цуду Елісей у 1514 г. на царкоўным саборы ў Вільні быў кананізаваны мітрапалітам Іосіфам Солтанам.

Набегі крымскіх татар у першай палове XVI ст. здараліся часта; у 1530 г. крымска-татарскае войска разарыла манастыр, усіх манахаў забілі.

У XVI ст. пры манастыры працавала праваслаўная школа. Пасля 1568 г. архімандрытам манастыра быў Анісіфар, мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсея Русі ў 15831589 (які тут і памёр каля 1594 г.).

Герб Ордэна базыльян.

У выніку Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. манастыр стаў часткай грэка-каталіцкай царквы. З 1615 г. належаў Ордэну базыльян святога Іасафата. У 1621 г. і 1623 г. тут праходзілі базыльянскія кангрэгацыі з удзелам вышэйшай іерархіі ордэна.

Манастыр збяднеў і заняпаў у другой палове XVII ст. ў сувязі са скасаваннем мітрапалітам Кіеўскім, Галіцкім і ўсяе Русі Іосіфам Руцкім лаўрышаўскай архімандрыі, секвестрацыяй свецкіх ахвяраванняў і падпарадкаваннем навагрудскаму манастыру.

XVIII — XIX ст.[правіць | правіць зыходнік]

Апошні раз манастырскі комплекс у в. Лаўрышава быў адбудаваны ў 1775 — 1780 гадах. Ён складаўся з драўляных пабудоў — жылога корпусу, царквы і званіцы, а таксама з невялікай каменнай пабудовы, дзе знаходзіліся бібліятэка і склад. У 1798 г. на манастырскія сродкі была пабудавана прыходская Успенская царква, якая дзейнічае і ў наш час.

У канцы XVIII — 1-й трэці XIX ст. тут дзейнічала Брэсцкая епархіяльная семінарыя, была бібліятэка (каля 500 тамоў) і архіў. У 1816 г. манастыр валодаў 3 вёскамі (Лаўрышаў, Лычыцы, Купінск) з 18 валокамі зямлі і 588 сялянамі.

Апошнім настаяцелем у XIX ст.1820 г.) быў іераманах Лявонцій (Аколаў). У 1824 г. у манастыры было 5 насельнікаў. У 1836 г. манастыр быў зачынены. Мясцовашанаваныя цудатворныя абразы Збаўцы і Багародзіцы былі перанесеныя ў Дзярэчынскую царкву, а манастырская царква была прызначана прыходскай. У канцы XIX ст. пры царкве дзейнічала брацтва.

Пачатак XX ст.[правіць | правіць зыходнік]

Мітрафан (Краснапольскі). Епіскап Мінскі і Тураўскі ў 1912 — 1916 гг.
Праект храма-званіцы, 1912 г. Не будаваўся.

У пачатку XX ст. руплівасцю епіскапа Мінскага і Тураўскага Мітрафана (Краснапольскага) і графа Канстанціна Апалінарыевіча Храбтовіча-Буценева манастыр быў адноўлены на іншым беразе Нёмана, ля в. Гнесічы. Епіскап Мітрафан 14/27 ліпеня 1913 г. здзейсніў чын асвячэння храма ў гонар прарока Елісея.

Апроч пабудаванай царквы, вядомы таксама праект храма-званіцы, які датаваны 1912 г. Быў пабудаваны жылы корпус і дом для паломнікаў. Адноўлены манастыр лічыўся Лаўрышаўскім падворкам Мінскага архірэйскага дому. Але гэты манастыр праіснаваў нядоўга. У 1914 г. пачалася 1-я сусветная вайна, і ў 1915 г. у выніку баявых дзеянняў згарэў храм, а пабудовы былі разбураныя, манахі змушаныя былі сыйсці. Побач манастырскай царквы ў брацкай магіле пахаваныя расійскія салдаты і афіцэры, магіла захавалася да сёння. З часам месца, дзе стаяў храм і манастырскія будынкі, стала зарастаць хваёвым лесам, і хтосьці, каб не страціць месца царквы, пасадзіў на ім куст бэзу.

Узнаўленне манастыра ў наш час[правіць | правіць зыходнік]

У 1993 г. архіепіскап Беластоцкі і Гданьскі Сава (Грыцуняк) і епіскап Навагрудскі і Лідскі Канстанцін (Гаранаў) здзейснілі асвячэнне месца ля в. Гнесічы, дзе стаяў манастырскі храм. У 1997 г. пачалося яго будаўніцтва, у 1998 г. было зроблена ўнутранае аздабленне. Напачатку лістапада 1998 г. епіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый (Апалька) асвяціў гэты храм у гонар вялебнага Елісея Лаўрышаўскага. З 2001 г. пры храме зарэгістравана прыходская абшчына — прыход вялебнага Елісея Лаўрышаўскага в. Гнесічы Навагрудскага раёна.

Рашэннем Святога сінода Беларускай праваслаўнай царквы ад 15 жніўня 2007 г. прыход ператвораны ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр. Настаяцелем манастыра з'яўляецца архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, намеснікам — іераманах Яўсевій (Цюхлаў). Вядзецца ўзвядзенне манастырскіх будынкаў. У Лаўрышаве, на месцы першапачатковага размяшчэння манастыра, праводзяцца археалагічныя даследаванні, падчас якіх была выяўлена, у прыватнасці, старадаўняя пячатка-матрыца.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]