Бібліятэка Нясвіжскага кляштара бенедыкцінак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бібліятэка Нясвіжскага кляштара бенедыкцінакбібліятэка, якая існавала ў Нясвіжскім кляштары бенедыкцінак у канцы 16 — другой палове 19 стагоддзя. Першыя кнігі прывезены манашкамі з мацярынскага бенедыкцінскага кляштара[pl] ў Хэлмна (Польшча).

Кнігазбор кляштара падзяляўся на канвенцкі (усяго кляштара), навіцыяцкі (карыстаўся навіцыят, куды прымаліся паслушніцы), капланскі (кнігі для богаслужэння), школьны.

Захаваўся вопіс кніг кляштара 1828 года, паводле якога ў канвенцкай бібліятэцы было 225 назваў кніг у 437 тамах выключна на польскай мове. Большасць з іх (105 назваў) была аскетычна-містычныя творы, прызначаныя для духоўнага ўдасканалення манашак, у т.л. кніга віленскага бенедыкцінца К. Анджэёўскага «Гара Табар» (Вільня, 1764), якой у бібліятэцы было 24 экземпляры, творы іншых віленскіх бенедыкцінцаў, у т.л. ананімная «Купель душы» (Вільня, друкарня Яна Карцана, 1609; 9 экземпляраў). Працы па гісторыі бенедыкцінскага ордэна і царквы ўвогуле, жыціі святых налічвалі ў бібліятэцы 27 пазіцый, у т.л. «Бенедыкцінскі каляндар» (Вільня, 1768). Манаскія статуты (бенедыкцінскія, кармеліцкія, дамініканскія) і каментарыі на іх налічвалі 13 пазіцый. Свяшчэннае пісанне (Бібліі, Евангелія), каментарыі на яго, катэхізісы былі прадстаўлены 15 пазіцыямі; паралітургічныя творы (службы святым, брацкія цырымоніі) — 14 пазіцыямі, казанні і маралізатарскія творы — 15 пазіцыямі. Адзінкавымі экземлярамі былі прадстаўлены палемічныя творы, скіраваныя супраць дысідэнтаў і ў абарону езуітаў, а таксама працы па медыцыне і гаспадарцы.

Капеланскі збор бібліятэкі налічваў 60 назваў у 79 тамах. Гэта былі кнігі на лацінскай мове: Бібліі і каментырыі на яе (4 пазіцыі), катэхізісы (3 пазіцыі), кнігі па медытацыі (7 пазіцый), жыціі і календары (5 пазіцый), рытуалы (4 пазіцыі) і інш., у т.л. «Аб гальскай вайне» Юлія Цэзара.

Пасля таго, як у 1876 годзе кляштар быў зачынены, яго бібліятэка перададзена ў гарадскі магістрат, згарэла ў пажары 1880 года.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]