Вадародная сувязь
Вадародная сувязь — від трохцэнтравай хімічнай сувязі тыпу А—Нδ+… Вδ-, якая ўзнікае, калі атам вадароду Н адначасова злучаны з двума электраадмоўнымі атамамі А і В. З атамам А (вуглярод, азот, кісларод, сера) вадарод злучаны моцнай кавалентнай сувяззю (А—Нδ+). З атамам В (фтор, кісларод, азот, радзей хлор, сера), які мае непадзельную пару электронаў, утварае дадатковую вадародную сувязь (абазначаецца кропкамі). Вадародная сувязь на парадак слабейшая за кавалентную сувязь.
Атамы А і В могуць належаць адной (унутрымалекулярная вадародная сувязь) і розным малекулам (міжмалекулярная вадародная сувязь). Выклікае асацыяцыю аднолькавых (вада, кіслоты, спірты) ці розных малекул у асацыяты і комплексы, уплывае на крышталізацыю, растварэнне, вызначае структуру бялкоў, нуклеінавых кіслот і іншых біялагічна важных злучэнняў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).