Валерый Мікалаевіч Прохараў
Валерый Мікалаевіч Прохараў | |
---|---|
Дата нараджэння | 13 красавіка 1960 (64 гады) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | біёлаг |
Навуковая сфера | фізіялогія раслін[d] |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар біялагічных навук (2006) |
Навуковае званне |
|
Альма-матар |
Валерый Мікалаевіч Прохараў (13 красавіка 1960, Паўладар, КазССР) — беларускі біёлаг, навуковец у галіне экалагічнай фізіялогіі раслін. Доктар біялагічных навук (2006), прафесар (2023), член-карэспандэнт НАН Беларусі (2021).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]У 1982 г. з адзнакай скончыў агранамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (далей — БДСГА) у г. Горкі. Будучы студэнтам, узнагароджаны ганаровым дыпломам студэнцкага навуковага таварыства БДСГА за актыўны ўдзел у правядзенні навуковых даследаванняў. Па размеркаванні ў 1982 г. прыходзіць у Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі. З таго часу ў інстытуце ў лабараторыі росту і развіцця раслін аддзела экалагічнай фізіялогіі раслін. З 2009 г. з’яўляецца галоўным навуковым супрацоўнікам лабараторыі.
Адначасова ў 2007—2015 гг. працаваў у БДСГА на кафедры плодаагародніцтва.
Навуковая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Устанавіў крытэрыі прагназавання патэнцыяльнай прадукцыйнасці аграфітацэнозаў збожжавых культур, фізіёлага-экалагічныя заканамернасці прадукцыйных працэсаў у змешаных аграфітацэнозах і распрацаваў мадэлі канкурэнтных адносін раслін, што ўнесла істотны ўклад у развіццё агульнай тэорыі прадукцыйнага працэсу. Буйным навуковым дасягненнем з’яўляецца новая тэарэтычная база для кіравання біялагічнай прадуктыўнасцю і якасцю прадукцыі ў змешаных аграфітацэнозах, якія адрозніваюцца па краявідным складзе і прасторавай структуры.
Удзельнічаў у вывучэнні, стварэнні калекцыі, распрацоўцы рэкамендацый і ўкараненні ў вытворчасць шматгадовай высокабялковай культуры — галегі ўсходняй.
Актыўна займаецца вывучэннем біёлага-экалагічных асаблівасцей адвентыўных відаў з высокай інвазійнай актыўнасцю, распрацоўкай экалагічна бяспечных спосабаў абмежавання іх распаўсюджвання і выкаранення, пошукам шляхоў выкарыстання інвазіўных відаў у гаспадарча-карысных мэтах. Распрацаваў навуковыя асновы прымянення рэгулятараў росту для абмежавання распаўсюджвання баршчэўніка Сасноўскага і кантралявання банка жыццяздольнага насення гэтай расліны ва ўрадлівым пласце глебы. Падрыхтаваны рэкамендацыі па прымяненні на гарадскіх газонах прэпаратаў, якія інгібіруюць рост і развіццё дзьмухаўца лекавага.
Аўтар больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 1 манаграфіі, 1 навучальнага дапаможніка, 14 патэнтаў і вынаходстваў, 6 сведчанняў селекцыянера, 13 галіновых рэгламентаў і рэкамендацый. Падрыхтаваў 2 кандыдатаў навук і 3 магістраў.
Больш за 20 гадоў прымаў актыўны ўдзел у шырокамаштабным укараненні новай пасяўной машыны, а таксама стварэнні «Клуба 100 цэнтнераў» і правядзенні на яго аснове вучобы спецыялістаў, якія паставілі за мэту атрыманне высокіх і рэкордных ураджаяў збожжавых культур.
Аўтар 73 энцыклапедычных артыкулаў, больш за 20 навукова-папулярных кніг па біялогіі, вялікай колькасці артыкулаў па ландшафтным дызайне і дэкаратыўным садоўніцтве, суаўтар шэрагу папулярных выданняў, сярод якіх «Энцыклапедыя лекавых раслін», «Фітакасметыка ў хатніх умовах», «Фітакулінарыя ў хатніх умовах».
Член рэдакцыйных калегій навуковых выданняў «Батаніка. Даследаванні» (Беларусь), «Агародніна Расіі» (Расія), «Іглічныя барэальнай зоны» (Расія).
З’яўляецца членам Дзяржаўнага экспертнага савета (ДЭС) № 1 — Прыродазнаўчыя навукі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, савета Д 01.38.01 па абароне дысертацый пры Інстытуце эксперыментальнай батанікі ім. В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі, вучонага савета інстытута.
Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2010, 2020), Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі Інстытута эксперыментальнай батанікі ім. В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі.
У 2009 г. удастоены персанальнай надбаўкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за выдатны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь.
Асноўныя працы
[правіць | правіць зыходнік]- Физиолого-экологические основы оптимизации продукционного процесса агрофитоценозов / В. Н. Прохоров. — Минск : Право и экономика, 2005. — 364 с.
- Галега восточная — многолетняя высокобелковая кормовая культура: биологические особенности, технология возделывания, хозяйственное использование / В. Н. Прохоров. — Минск : Право и экономика, 2008. — 49 с.
- Гигантские борщевики — опасные инвазивные виды для природных комплексов и населения Беларуси / В. Н. Прохоров. — Минск : Институт экспериментальной ботаники, 2009. — 39 л.
- Методология и способы ограничения распространения и искоренения гигантских борщевиков / В. Н. Прохоров. — Минск : БелНИИТ «Транстехника», 2020. — 51 с.
- Черная книга флоры Беларуси: чужеродные вредоносные растения / В. Н. Прохоров. — Минск : Беларуская навука, 2020. — 407 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Валерый Мікалаевіч Прохараў у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)