Ван Вэй
Ван Вэй | |
---|---|
![]() | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 699 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 759 ці жнівень 761[1] |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Wang Chulian[d][2] |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | мастак, паэт, пісьменнік, палітык, музыкант, каліграф |
Жанр | партрэт |
Мова твораў | кітайская мова |
![]() |
Ван Вэй, ці Моцзе (王維; 699 або 701, г. Таюань, Кітай — 759 або 761) — кітайскі паэт, жывапісец, каліграф і музыкант.
Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]
Ураджэнец павета Ці (на тэрыторыі аднайменнага павета сучаснай правінцыі Шаньсі). Атрымаў канфуцыянскую адукацыю. У 721 годзе паспяхова вытрымаў сталічныя экзамены на ступень цзінь-шы. Пасля гэтага атрымаў прыдворную пасаду музычнага распарадчага.
Служыў пры двары імператара Сюань-цзуна. За адхіленне ад прадпісанага рытуалу пры выкананні цырыманіяльнай музыкі ў прысутнасці імператара быў высланы ў глухую вобласць Цзічжоў (паўднёвы захад сучаснай правінцыі Шаньдун). Служыў армейскім інтэндантам. Памяняў на працягу 10 гадоў некалькі ня-значных пасад. Атрымаў дазвол вярнуцца ў сталіцу. Заняў месца сакратара прагрэсіўнага міністра Чжан Цзюліна. Затым зрабіў дастаткова ўдалую кар’еру, даслужыўшыся ў выніку да пасады шанчу ючэна (правы памочнік міністра).
Быў пахаваны каля манастыра Чыстая Крыніца пад Чан’юанью.
Творчасць[правіць | правіць зыходнік]
Паэтычныя сведчаць пра велічыню талента Ван Вэя як прыхільніка пейзажнай лірыкі (цыкл «Рака Ванчуань», вершы «Лаянская дзяўчына», «Свята хрызантэм», «Сцяжынка сярод акацый», «Бераг у зарасніку кізілу» і іншыя), аўтар твораў на гістарычныя тэмы («Удава князя Сі», «Бань Цзе-юй»).
Пачынальнік кітайскага манахромнага пейзажнага жывапісу, заснаванага на выкарыстанні танальных магчымасцей тушы. Выконваў размалёўкі на шоўку і насценныя. У лірычных пейзажах ствараў узвышаныя абагульненыя вобразы прыроды. Творы захаваліся ў копіях: «Рака пад снегам», «Горы пад снегам», «Пекін», «Пасля снегападу», «Партрэт Фу Шэна» і іншыя.
Ван Вэй праклаў новыя шляхі ў кітайскай паэзіі, узбагаціў яе як вытанчаны пясняр красы. Да Ван Вэя кітайская паэзія не ведала такой еднасці з прыродай. Філасофія дзэн-будызму і даоская філасофія вучылі паэта бачыць у прыродзе самае дасканалае выражэнне натуральнасці, праяву існасці рэчаў. Да літаратурнага таленту Ван Вэя далучаецца і талент мастакоўскі. У сваім трактаце «Тайны жывапісу» ён пісаў: «Сярод шляхоў жывапісца простая туш вышэй за ўсё. Яна раскрые прыроду прыроды, яна закончыць дзеянне Творцы». Вершы вялікага паэта таксама быццам бы напісаны простай тушшу, манахромна. Але ў гэтым, пэўна, і заключаецца сапраўдны талент — з дапамогай нескладаных сродкаў раскрыць «прыроду прыроды».
У анталогіі «Поўны збор Танскай паэзіі» яго вершы складаюць чатыры цзюаня. Поруч з Лі Баем і Ду Фу лічыцца адным з «трох велізарнейшых геніяў кітайскай паэзіі ўсіх часоў.
На беларускую мову Ван Вэя пераклалі Рыгор Барадулін, Мікола Мятліцкі і Таццяна Сівец.
Беларускія пераклады[правіць | правіць зыходнік]
- Альтанка ля возера: зборнік паэзіі / Ван Вэй; уклад.: Алесь Карлюкевіч, Вольга Аляксеева — Мн.: Звязда, 2014, 64 с.
Зноскі
- ↑ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ а б China Biographical Database
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Ван Вэй // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. С. 501.
- Алейчанка Ю. Узрасціць каласы // Полымя. №4 (1026). 2015. С. 183-186.