Перайсці да зместу

Вера Міхайлаўна Ермалаева

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вера Міхайлаўна Ермалаева
Фатаграфія
Дата нараджэння 2 лістапада 1893(1893-11-02)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 26 верасня 1937(1937-09-26)[2][1] (43 гады) ці 26 верасня 1938(1938-09-26)[3] (44 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастачка, ілюстратарка, рысавальнік, графік
Жанр жывапіс, графіка
Вучоба
Мастацкі кірунак рускі авангард[d]
Уплыў на Emma Hurovych[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
«Натуршчык», 1926

Вера Міхайлаўна Ермалаева (2 лістапада 1893, с. Ключы Пятроўскага павета Саратаўскай губерні, цяпер Маласярдобінскі раён Пензенскай вобласці Расіі — 26 верасня 1937, Карагандзінскі ППЛ) — руская і савецкая мастачка-жывапісец, графік і ілюстратар, дзяячка рускага авангарда. У 1921-1922 гадах узначальвала Віцебскае народнае мастацкае вучылішча.

Бацька, Міхаіл Сяргеевіч Ермалаеў, памешчык, старшыня земскай павятовай управы. Маці, Ганна Уладзіміраўна, баранэса фон Унгерн-Ункоўская (1854—?).

У дзяцінстве Вера упала з каня, што выклікала параліч ног. Пасля яна магла хадзіць толькі з дапамогай мыліц.

Ермалаева атрымала адукацыю ў Еўропе — у свецкай школе ў Парыжы і ў гімназіі ў Лазанне. Знаходжанне за мяжой было абумоўлена яшчэ і неабходнасцю лячэння.

У 1904 годзе сям’я Ермалаевых вярнулася ў Расію, а ў 1905 годзе яны пераехалі ў Пецярбург. Бацька Веры Міхайлаўны прадаў маёнтак, заснаваў кааператыўнае таварыства «Працоўны саюз» і пачаў выдаваць журнал «Жыццё (Жизнь)» ліберальнага характару. У 1911 годзе Міхаіл Сяргеевіч памёр.

У 1910 году Вера скончыла гімназію кн. Абаленскай, у 1911 годзе паступіла ў студыю Міхаіла Бернштэйна, дзе стала цікавіцца кубізмам і футурызмам.

У 1914 годзе яна паехала ў Парыж, дзе пазнаёмілася з творамі сучасных мастакоў-наватараў. Класічнае мастацтва яе пакінула абыякавай: «Адно неўразуменне вынесла ў мінулым годзе з лесу статуй у Луўры. Наогул Луўр нагадвае гарышчы, куды скінуты не хлам, а chef-d`ouvres, якія аддадзены самім сабе да іх шчасця ці няшчасця»[5]. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны вымушаная была вярнуцца ў Расію.

У 1915—1916 гадах уваходзіла ў футурыстычны гурток «Бяскроўнае забойства» (разам з Мікалаем Лапшыным, у будучыні адным са заснавальнікаў расійскай школы ілюстрацыі). Сябры гуртка выпускалі аднайменны часопіс.

Апроч малявання, Вера Ермалаева цікавілася гісторыяй — у 1917 годзе скончыла Археалагічны інстытут. Адначасова яна была ўдзельнікам мастацкіх аб’яднанняў «Свабода мастацтву» і «Мастацтва і рэвалюцыя».

У 1918 годзе Ермалаева заснавала кнігадрукарную арцель «Сёння», якая маленькімі тыражамі выпускала лубкі і кнігі-карцінкі, што ствараліся практычна ўручную. Па меркаванню некаторых даследчыкаў, гэтае быў «першы вопыт канструявання дзіцячай кнігі, зразуметай як цэласны мастацкі арганізм».[6] Ермалаева аформіла тры кнігі арцелі: «Мышаняты» і «Певень» Натана Венграва і «Піянеры» Уолта Уітмена. Ілюстрацыі ў кнігах рабіліся пры дапамозе гравюр на лінолеуме і затым у большасці выпадкаў расфарбоўваліся ўручную, тэкст у некаторых кнігах не быў наборным, а таксама выразаўся на лінолеуме.

Пасля рэвалюцыі Вера Міхайлаўна ўдзельнічала у конкурсах жывапісанага аддзела Наркампроса, спрабавала працаваць як мастак тэатра, стварыла (у той ж тэхніцы расфарбаванай гравюры) тэатральныя эскізы да оперы М. Мацюшына і А. Кручоных «Перамога над сонцам». У 1922 годзе эскізы выставляліся на выстаўцы ў Берліне.

Выкладчыкі Народнага мастацкага вучылішча. Віцебск, 26 ліпеня 1919 года. Сядзяць злева направа: Эль Лісіцкі, Вера Ермалаева, Марк Шагал, Давід Якерсон, Юдаль Пэн, Ніна Коган, Аляксандр Ром. Стаіць справаводка вучылішча.
УНОВИС. Чэрвень 1922. Віцебск. Стаяць (злева направа): Іван Чэрвінко, Казімір Малевіч, Ефім Рояк, Ганна Каган, Мікалай Суецін, Леў Юдзін, Яўгенія Магарыл. Сядзяць (злева направа): Міхаіл Векслер, Вера Ермалаева, Ілля Чашнік, Лазар Хідэкель

У 1919 годзе жывапісны аддзел Наркомпроса па просьбе Марка Шагала накіраваў Ермалаеву у Віцебск выкладчыцай у Народнае мастацкае вучылішча, дзе ўзначаліла жывапісную майстэрню.

У Віцебску пад уплывам Малевіча, якога яна запрасіла выкладаць, Вера Міхайлаўна захапілася беспрадметным мастацтвам. Разам з Малевічам і яго вучнямі Ермалаева ўдзельнічала ў арганізацыі УНОВИСа (Утвердители нового искусства) — таварыства, якое пазіцыяніравала сябе як даследчыцкую лабараторыю, дзе вывучаюцца праблемы развіцця мастацтва і мастацкай формы. Таксама ў арганізацыі прапагандаваліся ідэі супрэматызму.

Сябры таварыства хацелі быць не «вечнымі носьбітамі магільнай мудрасці прабацькоў, прадзедаў і т. п. радні і продкаў», але «тварцамі самога жыцця», «носьбітамі і выразнікамі новага мастацтва як сягонняшняй свядомасці сучаснага чалавека, быць вынаходнікамі міравай падзеі, быць вяшчальнікамі мастацтва як самасвядомага свету».[7]

Брала ўдзел у супрэматычным дэкаратыўна-святочным афармленні Віцебска (эскізы манументальных роспісаў, шыльдаў, праекты ўпрыгожанняў розных будынкаў) да 1 мая і 9 лістапада, стварыла сцэнаграфію для другой рэдакцыі авангарднай оперы «Перамога над сонцам» М. Мацюшына і А. Кручоных, падрыхтавала сцэнарый (разам з К. Малевічам і Н. Коган) «супрэматычнага балета», які быў паспяхова выкананы 6 лютага 1920 года, а таксама цыкл тэарэтычных артыкулаў. «Ермалаева стала не проста вернай вучаніцай і супрацоўніцай Малевіча, але і яго абаронцай, яго падтрымкай, яго апірышчам у Віцебску. Яна ж была неадменным сакратаром Творчага камітэта УНОВИСа»[8].

У 1921 годзе пасля сыхода з пасады Марка Шагала ўзначаліла вучылішча, якое ў 1921 годзе стала называцца Вышэйшымі дзяржаўнымі мастацка-тэхнічнымі майстэрнямі, а з 1922 года — Дзяржаўным мастацка-практычным інстытутам. Ермалаева стала рэктарам гэтага інстытута.

30 студзеня 1922 года Ермалаева выступіла з дакладам пра «безнадзейнае становішча майстэрняў з-за адсутнасці сродкаў, дроваў і матэрыялаў». Яна нават вырашыла прадаць люстраную шафу, каб набыць дровы і стварыць магчымасць работы ў майстэрнях[5].

У 1922 годзе Ермалаева вярнулася ў Петраград, дзе атрымала пасаду кіраўніцы лабараторыі колеру ў Дзяржаўным інстытуце мастацкай культуры, які ўзначальваў Малевіч. Тут працавалі многія віцебскія вучні Малевіча — І. Чашнік, М. Суэцін, Л. Юдзін, Я. Магарыл. У лісце да Міхаіла Ларыёнава 17 ліпеня 1926 года Ермалаева пісала: «Мы капаемся ў сваім жывапісе і колеры, у колеравых палях, у будове формы. Ва ўсім тым спецыфічным, што розніць мастака ад фатаграфіі і кіно, рэкламы, газеты, кнігі і іншых носьбітаў хадзячых ідэй». У 1927 годзе інстытут быў разгромлены, многія мастакі арыштаваныя[5].

У канцы 1920-х гадоў супрацоўнічала з часопісамі «Веробей», «Новы Робинзон», «Чиж» і «Ёж».

Працавала як жывапісец і графік. У 1920-я гады стала ілюстратарам такіх кніг, як «Топ-топ-топ» Мікалая Асеева, «Зашмат звяроў» і «Рыбакі» Аляксандра Увядзенскага, «Цягнік» Яўгена Шварца (1929), «Іван Іваныч Самавар» Данііла Хармса (1930) і многіх іншых, афармляла серыю баек Крылова.

Вяла выкладчыцкую работу. З 1931 года мастачка М. Казанская стала браць урокі у В. Ермалаевой.

У 1929 годзе разам з мастакамі У. Сцерлігавым, К. Ражджэственскім, Л. Юдзіным, М. Суэціным, А. Лепорскай стварыла «групу жывапісна-пластычнага рэалізму». На кватэры В. Ермалаевой адбываліся творчыя «аўторкі» гэтых мастакоў і «кватэрныя» выстаўкі, якія суправаджаліся абмеркаваннямі. Выставачная дзейнасць, што адбывалася ў вузкім крузе аднадумцаў, стала повадам для напісанага даносу.

25 снежня 1934 года Веру Ермалаеву арыштавалі.

29 сакавіка 1935 была асуджаная паводле пастановы УНКУС па артыкуле 58-10, 58-11. Паводле матэрыялаў справы, В. Ермалаеву абвінавачвалі ў «антысавецкай дзейнасці, што выяўлялася ў прапагандзе антысавецкіх ідэй і спробе арганізаваць вакол сябе антысавецкі настроеную інтэлігенцыю». 29 сакавіка 1935 года накіравана адбываць пакаранне (трохгадовае зняволенне) у 1-е аддзяленне 3-га аддзела Карагандзінскага лагера[9]

Паўторна асуджана 20 верасня 1937 года тройкай УНКУС па артыкулах 58-10, 58-11 да расстрэла. 26 верасня 1937 года расстраляна ў лагеры каля Караганды.

20 верасня 1989 года рэабілітавана.

У 2013 годзе ў Маскве заснаваны Фонд Веры Ермалаевай (ВЕРФ), які мае мэтай падтрымку жаночых ініцыятыў у сучасным мастацтве.[10]

Зноскі

  1. а б Ермолаева Вера Михайловна // Литераторы Санкт-Петербурга. ХХ век / под ред. О. В. Богданова
  2. RKDartists Праверана 23 жніўня 2017.
  3. Library of Congress AuthoritiesLibrary of Congress. Праверана 17 сакавіка 2020.
  4. Museum of Modern Art online collection Праверана 4 снежня 2019.
  5. а б в Барыс Крэпак. З племені «амазонак духу» // Вяртанне імёнаў. Кніга ІІ. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2014. Сс. 143—161.
  6. В. М. Ермолаева. Непокорённая стихия.
  7. В круге Малевича: Соратники; Ученики; Последователи в России 1920—1950-х гг. / Сост. И.Карасик. — СПб.: Palace Exibitions, 2000. — С. 26.
  8. Татьяна Котович. УНОВИС. Утвердители нового искусства. — Минск: Беларусь, 2020. — Сс. 41-42.
  9. Марочкина А. Вера Ермолаева: Новые факты творческой биографии // Малевич: Классический авангард: Вып. 4 / Под ред. Т. В. Котович. — Витебск, 2000. — С. 27.
  10. Блог фонда поддержки женских инициатив в области современного искусства им. Веры Ермолаевой.
  • Ковтун Е. Артель художников «Сегодня» // Детская литература. —1968.
  • Ковтун Е. Художник детской книги В.Ермолаева // Детская литература. — 1971
  • Ласкин С. Роман со странностями. — СПб: Блитц, 1998. — ISBN 5-86789-074-0 / Документальный роман о жизни В. М. Ермолаевой.
  • Марочкина А. Вера Ермолаева: Новые факты творческой биографии // Малевич: Классический авангард: Вып. 4 / Под ред. Т. В. Котович. — Витебск, 2000.
  • В круге Малевича: Соратники; Ученики; Последователи в России 1920—1950-х гг. / Сост. И.Карасик. — СПб.: Palace Exibitions, 2000.
  • Шишанов В. Витебский музей современного искусства история создания и коллекции. 1918—1941 — Минск: Медисонт, 2007. — 144 с.
  • Вострецова Людмила, Горячева Татьяна, Заинчковская Антонина. Vera Ermolaeva: Государственный Русский музей. Альманах. № 202 / На английском и русском языках; ред. Евгения Петрова; пер. Peter Bray. — Государственный Русский музей, Palace Editions, 2008. — 144 с. — ISBN 978-3-940761-15-6.
  • Вера Ермолаева. Каталог выставки. Составители и авторы текстов: А. Заинчковская, И.Галеев. М.:Скорпион. 2009.
  • Стерлигов В. О Вере Ермолаевой. Шестнадцать пятниц: Вторая волна ленинградского авангарда. (LA, USA), 2010. (Experiment/Эксперимент: Журнал русской культуры № 16). Ч.1. С. 297—311.
  • Шишанов В. «Витебские будетляне» (к вопросу об освещении театральных опытов Уновиса в витебской периодической печати) / В. Шишанов // Малевич. Классический авангард. Витебск — 12: [альманах / ред. Т. Котович]. — Минск: Экономпресс, 2010. — С.57-63.