Перайсці да зместу

Вулічная атлетыка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Воркаўт)
Элемент «Сцяжок»

Вулічная гімнастыка, ці вулічная атлетыка, таксама во́ркаўт (англ.: Workout (ˈwəːkaʊt) — бел.: трэніроўка) — гэта аматарскі від спорта, частка фізічнай культуры. Складаецца з выканання розных практыкаванняў на вулічных спортпляцоўках, а менавіта на турніках, брусах, шведскіх сценках, рукаходах і іншых канструкцыях, ці зусім без іх выкарыстання (на зямлі). Галоўны акцэнт робіцца на работу з уласнай вагой і развіццём сілы і цягавітасці. Людзі, якія захапляюцца такім спортам, завуць сябе па-рознаму: воркаўтэры, вулічныя (дваровыя) спартсмены, вулічныя гімнасты, турнікмэны і іншае.

Гісторыя развіцця вулічнай гімнастыкі ў СНД

[правіць | правіць зыходнік]

Турнікі і брусы пачалі актыўна ўсталёўвацца на дварах і прышкольных тэрыторыях яшчэ ў часы СССР, галоўным чынам, з мэтай пашырэння фізкультурных практыкаванняў сярод моладзі і тым самым спрыяння здароваму ладу жыцця і фізічнаму развіццю. З гэтай жа мэтай былі ўведзены нарматывы ГПА, у якія таксама ўваходзілі падцягванні на турніку і падыманні з вісу ва ўпор пераваротам ці сілай. Ужо тады многія дзеці пачалі цікавіцца і актыўна займацца на спартыўных пляцоўках. Варта таксама адзначыць, што не ва ўсіх краінах можна знайсці падобныя спартыўныя снарады, усталяваныя на вуліцы.
У 2000-я з развіццём Інтэрнэту таксама павялічыўся абмен інфармацыяй паміж рознымі краінамі. Сталі больш даступнымі навіны і іншая інфармацыя з кожнага кутка планеты. Тым часам на адным з сайтаў, які прапануе паслугі відэахостынга, пачалі з'яўляцца аматарскія відэаролікі[1] з адменнымі трэніроўкамі на вуліцы (англ.: Street workout). Некаторыя з якіх называліся гета-трэніроўкамі (англ.: Ghetto workout), што, магчыма, звязана з тым, што іх выкладвалі ў Інтэрнэт афраамерыканцы з гета. Некаторыя ролікі выклікалі вялікую цікавасць у моладзі па ўсім свеце.
З часам у гэтага захаплення стала з'яўляцца ўсё больш паслядоўнікаў у краінах постсавецкай прасторы, напрыклад, у Расіі[2][3], Казахстане, Беларусі[4] і на Украіне[5][6]. На гэта захапленне моладзі звярнулі ўвагу і ўлады многіх гарадоў, якія пачалі актыўна будаваць адмысловыя пляцоўкі з усімі патрэбнымі спартыўнымі снарадамі і элементамі для заняткаў вулічнай гімнастыкай. Гэты тып аматарскага спорту інакш называюць вулічным фітнесам ці проста вулічнымі трэніроўкамі.

Вулічная гімнастыка ў іншых краінах

[правіць | правіць зыходнік]

Вялікую папулярнасць гэты аматарскі від спорта набывае і ў іншых краінах.

Так, напрыклад, у Польшчы адкрываецца ўсё больш адмыслова абсталяваных пляцовак[7][8], учыняюцца трэнераванні для ўсіх ахвотнікаў[9]. Новыя спартовыя пляцоўкі адкрываюцца ў Партугаліі[10]. У 2014 годзе першыя групы зацікаўленых у развіцці гэтага спорту з'явіліся ў Германіі[11], а ўжо ў 2015 годзе там сталі з'яўляцца адмысловыя пляцоўкі[12]. У тым жа 2015 годзе ўсё актыўней пачалі будаваць пляцоўкі ва Францыі[13]. Групе з Палесціны дабіцца пабудовы пляцоўкі не ўдалося, таму яны яе ўладкавалі саматугам[14]. У Турцыі першая пляцоўка з'явілася ў студзені 2016 года[15].

У 2013 годзе першы фэст вулічнай гімнастыкі прайшоў у Сербіі[16], спаборніцтвы ў Чэхіі[17].

У 2014 годзе ўнутраныя спаборніцтвы праходзілі ў Польшчы[18].

У 2015 годзе ўнутраныя спаборніцтвы прайшлі ў Іспаніі[19].

Стылі і класіфікацыя вулічнай гімнастыкі

[правіць | правіць зыходнік]
  • Ghetto Workout — выкананне элементаў па-за межамі пляцоўкі (прыпынкі, статуі, крамы, транспарт і гэтак далей)
  • Workout — фізічныя практыкаванні з выкананнем гімнастычных элементаў (статычных і дынамічных).

Пашыраныя элементы вулічнай гімнастыкі

[правіць | правіць зыходнік]
Вулічная гімнастыка — Элемент «Гарызонт» (Planche)

Статычныя затрымкі цела

  • Гарызонт («планш») — статычны элемент сілавой гімнастыкі. Выконваецца на папярэчыне, падлозе, брусах і іншых гарызантальных аб'ектах. Гэта практыкаванне бывае розных тыпаў: бакавы, самалёт і на адной руцэ. Для яго выканання патрабуецца вельмі добрая фізічная цягавітасць. Пры выкананні гэтай паставы больш за ўсё працуюць:
    • дэльтавістыя (асабліва – пярэднія) цягліцы;
    • малая і вялікая круглыя цягліцы спіны;
    • цягліцы-разгінальнікі хрыбетніка;
    • цягліцы брушнога прэса;
    • цягліцы-стабілізатары корпуса цалкам;
    • грудныя цягліцы;
    • трыцэпсы.
  • Гарызантальны ўпор
  • Кракадзільчык (на 2 рукі, на 1 руку)
  • Ластаўка
  • Пярэдні віс
  • Стойка на руках (выгнутая, простая, свечкай, ногі паасобку)
  • Куток
  • Упор на напаўсагнутых
  • Сцяг — можа выконвацца як статычнае практыкаванне з затрымкай корпуса цела ў гарызантальным становішчы адносна зямлі на час, утрымліваючыся рукамі за шведскую сценку, вертыкальную трубу; як практыкаванне на паўтор з узняццямі корпуса да гарызонту, ці да вертыкалі. Можа ўскладняцца адцісканнямі.
  • Сцяг Цмока

Дынамічныя практыкаванні

  • Выйсце Анёла
  • Выйсце Прынца
  • Выйсце сілай на 1 руку/2 рукі
  • Дзіда
  • Афіцэрскае выйсце
  • Падыманне-пераварот ((павольнае) пёрка, зваротным хопам, на 1 руцэ)
  • Хада бога
  • Сілавое выйсце на 2 рукі

Адменнасці спаборніцтваў па вулічнай гімнастыцы

[правіць | правіць зыходнік]

Суддзі — гэта людзі, якія доўгі час трэніруюцца на спартыўных снарадах і на ўласным вопыце дазналіся, ці складана выканаць тое ці іншае практыкаванне.

Існуюць розныя крытэрыі ацэнкі выступлення:

1-ы варыянт: Сіла, відовішчнасць, выразнасць, колькасць элементаў у звязку, харызма[20].

2-і варыянт: Статыка, дынаміка і камбінацыі[21].

Спаборніцтвы могуць ісці:

а) у вольным стылі — кожны паказвае сваю праграму,

б) у фармаце двубоя адзін-на-адзін («батлаў») (англ.: battle — бой, бойка), на якіх два супернікі па чарзе паказваюць сваю праграму і потым суддзі абіраюць лепшага.

Міжнародныя спаборніцтвы і чэмпіянаты

[правіць | правіць зыходнік]

Першы міжнародны чэмпіянат адбыўся ў жніўні 2011 года ў г. Рыга (Латвія), на якім першае месца заняў украінскі спартсмен Яўген Козыр[22]. На чэмпіянаце ў 2012 годзе першае месца заняў — Яўген Качарга (Украіна), Яўген Козыр (Украіна) быў другім, а на трэцяе месцы трапіў Мікалай Лабанаў (Расія)[23]. Яўген Качарга паказаў найлепшае выступленне індывідуальнага стылю — падцягваўся на адной руцэ з 16-кілаграмовай гірай у зубах[24]. У рамках III Суперфіналу кубка свету па вулічнай гімнастыцы, які адбыўся 19 снежня 2015 года 1 месца — Даніэль Лайзанс (Daniels Laizāns) (Латвія); 2 месца — Міхал Мухар'янаў (Расія); 3 месца — Рэмі Грэбці (Rémy Gresteau) (Францыя)[25]

Дата Горад Краіна Тып спаборніцтваў
27-28 жніўня 2011 года Рыга Латвія чэмпіянат свету
2 чэрвеня 2012 года Днепрапятроўск Украіна міжнародны фэст
4 жніўня 2012 года Рыга Латвія чэмпіянат свету
8 снежня 2012 года Масква Расія кубак нацый
27 красавіка 2013 года Астана Казахстан чэмпіянат свету
29 чэрвеня 2013 года Днепрапятроўск Украіна міжнародны фэст
28 ліпеня 2013 года Тула Расія міжнародны турнір
3 жніўня 2013 года Рыга Латвія чэмпіянат свету
1 снежня 2014 года Астана Казахстан чэмпіянат свету
19 снежня 2015 года Масква Расія Міжнародны фэст (Супер Фінал Кубка свету)

Пашыраныя практыкаванні для трэніроўкі

[правіць | правіць зыходнік]
Падцягванне — базавае практыкаванне вулічнай гімнастыкі
  • Падцягванні на папярэчыне — сілавое практыкаванне на паўтор; пры якасным выкананні падбародак трэба падымаць вышэй папярэчыны, пры апусканні корпуса ўніз — цалкам разгінаць рукі ў локцях, не дапушчаць махавыя і рыўковыя рухі корпуса. У якасці ўскладнення могуць выконвацца падцягванні рознымі хопамі (верхнім, ніжнім, шырокім, вузкім, скрыжаваным), падцягванні за галаву, на адной руцэ, з пачарговай зменай рук, з імітацыяй хады (робастайл), з уцяжарвальнікамі, гарызантальныя падцягванні (ці «друкарская машынка», выконваюцца гарызантальныя рухі корпуса налева і направа (наперад-назад) пры паставе падбародка вышэй папярэчыны, рукі трэба імкнуцца цалкам разгінаць у локцях), падцягванні ў пярэднім вісе (гл. ніжэй) і гэтак далей.
  • Выйсці на дзве рукі на папярэчыне — таксама сілавое практыкаванне на паўтор; для якаснага выканання трэба пры ўзняцці корпуса ўгару над папярэчынай і апусканні цалкам разгінаць рукі ў локцях, унікаць махавых і рыўковых рухаў.
  • Адцісканні ад зямлі / падлогі — практыкаванне на паўтор: прымаецца ўпор лежачы на падлозе; пасля, сагнуўшы рукі ў локцях, апускаецца цела да паралелі з падлогай; потым, цалкам разагнуўшы рукі, вяртаецца цела ў выточнае становішча. Існуюць адменнікі і ўскладненні з рознымі варыянтамі месцавання рук (па шырыні), апоры рук (далонь, кулак, пальцы і гэтак далей), вышыні апоры (прыкладам, «адцісканні Ганібала», якія выконваюцца як звычайныя адцісканні, але рукі кладуцца на ўзвышэнне прыкладна 30-70 см, у гэтым выпадку можна апускаць цела ніжэй пярэдняй апоры; у іншым выпадку на ўзвышэнне кладуцца ногі).
  • Адцісканні на брусах — для якаснага выканання трэба ўнікаць махавых і рыўковых рухаў корпуса, пры ўзняцці ўгару — цалкам разгінаць рукі ў локцях, а пры апусканні — згінаць рукі ў локцях да 90 градусаў ці менш, корпус павінен падымацца і апускацца ў вертыкальным становішчы, без нахілу тулава наперад. Значна складанейшыя практыкаванні — адцісканні на брусах у гарызонце (падчас выканання трэба кантраляваць паставу корпуса строга ў гарызантальнай пазіцыі) і ў стойцы на руках (падчас выканання імкнуцца трымаць цела простым, без завалу наперад ці назад, рукі перпендыкулярныя зямлі).
  • Пярэдні віс — таксама можа выконвацца як статычнае практыкаванне, з затрымкай корпуса цела ў гарызантальным становішчы адносна зямлі на час, з трыманнем рукамі за папярэчыну турніка (папярэчына спераду ад спартоўца); ці як практыкаванне на паўтор з узняццямі корпуса да гарызонту. Можа быць ускладнены выкананнем, утрымваючыся толькі адной рукой за папярэчыну, утрымваючыся на пальцах, робячы бакавыя павароты ў вісе і гэтак далей.

Існуюць таксама дадатковыя практыкаванні для ўмацавання асобных цягліц. Так, для развіцця прэса выкарыстоўваюцца практыкаванні на паўторы з апусканнем і падыманнем ног (у некаторых выпадках — робячы скручванні), ці падыманнем і апусканнем корпуса (само цела пры гэтым утрымваецца з дапамогай ног, прыкладам, за брусы).

У большасці практыкаванняў выкарыстоўваецца ў якасці нагрузкі толькі вага спартоўца (калістэніка), аднак у некаторых выпадках ужываюцца розныя ўцяжарвальнікі (у якасці ўцяжарвальніка таксама можа выступаць партнёр)[26].

Спартовыя пляцоўкі для вулічнай гімнастыкі

[правіць | правіць зыходнік]
Пляцоўка для вулічнай гімнастыкі ў Польшчы

Стандартныя элементы, якімі звычайна абсталяваны пляцоўкі для трэнераванняў на вуліцы, гэта:

  • рукаходы (кругавы, крывалінейны, кальцавы);
  • турнікі (класічныя, высокія, нізкія, каскады);
  • шведская сценка;
  • брусы (вузкія, шырокія);
  • лаўкі для трэнеравання цягліц прэса.


Цікавыя факты

[правіць | правіць зыходнік]
  • Фестываль ўоркаўтэраў, якія аддаюць перавагу заняткам на чыстым паветры, прайшоў у Бабруйску. [27].
  • Некаторыя элементы вулічнай гімнастыкі могуць быць укаранёны ў праграму фізічнай рыхтоўлі расійскіх вайскоўцаў у 2016 годзе[28].
  1. Hannibal for King. WorkOut (28 лістапада 2008). Праверана 25 верасня 2013.
  2. Д.Черкудинова. WorkOut: Как клуб по интересам начал продавать снаряды для уличной гимнастики. Hopes&Fears (28 лістапада 2013). Праверана 25 верасня 2013.
  3. Е. Васіленка. Уличные турники снова на пике популярности. Першы канал (22 мая 2014).
  4. Вулічны фітнэс (бел.)(недаступная спасылка). 34mag.net (11 красавіка 2012). Архівавана з першакрыніцы 14 ліпеня 2014. Праверана 12 чэрвеня 2014.
  5. Н.Грищенко, Е.Коденцов. В Украине появилась альтернатива сигаретам и пиву - street workout (руск.). Подробности. Телеканал "Интер" (28 лістапада 2011). Праверана 25 верасня 2013.
  6. T.Kuslikis. Hannibal For King vs Denis Minin In The Ultimate Freestyle Calisthenic Competition (англ.). A shot of adrenaline (blog) (28 лістапада 2012). Архівавана з першакрыніцы 9 красавіка 2013. Праверана 11 кастрычніка 2013.
  7. Street Workout na Bemowie (польск.). Życie Warszawy (28 лістапада 2014). Праверана 2014-19-04.
  8. Bartosz Gubernat. Na bulwarach w Rzeszowie powstanie street workout park. Umowa podpisana (польск.). Nowiny24 (28 лістапада 2014). Праверана 2014-19-04.
  9. Rafał Sumowski. Street workout, czyli własne ciało zamiast ciężarów (польск.). Trojmiasto.pl (28 лістапада 2014). Праверана 2014-19-04.
  10. Parques de Street Workout abrem em Guimarães no âmbito do Orçamento Participativo (парт.)(недаступная спасылка). Correio de Minho (28 лістапада 2014). Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2014. Праверана 2014-19-04.
  11. Peter Beckmann. Trainieren statt trinken und dopen (ням.)(недаступная спасылка). Westfälische Nachrichten (28 лістапада 2014). Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2014. Праверана 2014-19-04.
  12. Ніка Шнур. Deutsche Meisterschaften in Bremen Street-Work-out in Tenever (ням.). Weser Kurier (16 чэрвеня 2015). Праверана 15 студзеня 2016.
  13. AMIENS Bientôt une aire de «street workout» au Grand Marais (фр.). Courrier picard (13 студзеня 2016). Праверана 15 студзеня 2016.
  14. Sarah Benhaida. VIDEO: Inspired by Swedish fitness trend, youth bring "street workout" to Gaza (англ.)(недаступная спасылка). Your Middle East (19 жніўня 2015). Архівавана з першакрыніцы 15 лістапада 2015. Праверана 15 студзеня 2016.
  15. Kastamonu'da 'Street Workout' Parkuru Yapıldı (тур.). Haberler.com (13 студзеня 2016). Праверана 15 студзеня 2016.
  16. M. Joksimović. Prvi Street Workout festival u Tašmajdanskom parku (серб.)(недаступная спасылка). 24sata.rs (14 верасня 2013). Архівавана з першакрыніцы 20 кастрычніка 2016. Праверана 15 студзеня 2016.
  17. Lucie Žemberyová. Street Workout Battle Brno 2013 - reportáž a fotogalerie (чэшск.). Ronnie.cz (28 лістапада 2014). Праверана 2016-15-01.
  18. Michał Maliszewski. Reprezentacja radzyńskiego Street Workout na zawodach w Poznaniu (польск.). Iledzisiaj.pl (28 лістапада 2014). Праверана 2014-19-04.
  19. JÉSSICA SOTO. El Street Workout atrae a jóvenes de toda España al Silo del Cereal (ісп.). Ideal (1 чэрвеня 2015). Праверана 15 студзеня 2016.
  20. Д.Салаўёў. Заснавальнік workout. Вялікі спорт № 9(65) (28 лістапада 2013). Праверана 27 верасня 2013.
  21. Е.Парфёнава. Адбор на Чэмпіянат свету па ўоркаўце 2014 стартаваў(недаступная спасылка). Men's health (30 мая 2014). Архівавана з першакрыніцы 7 жніўня 2014. Праверана 14 студзеня 2015.
  22. Українець Євген Козир переміг на чемпіонаті Світу зі Street Workout (+фото, відео) (укр.). kr2012 (28 лістапада 2011). Архівавана з першакрыніцы 9 красавіка 2013. Праверана 11 кастрычніка 2013.
  23. А.Барысаў. Чэмпіянат свету па Street Workout у Рызе 2012 (руск.)(недаступная спасылка). Big Workout (28 лістапада 2012). Архівавана з першакрыніцы 12 кастрычніка 2013. Праверана 11 кастрычніка 2013.
  24. Я.Маркін. Украінская зборная па ўоркаўце прывезла з Масквы перамогу (руск.). Сегодня.ua (28 лістапада 2012). Архівавана з першакрыніцы 9 красавіка 2013. Праверана 11 кастрычніка 2013.
  25. Валерыя Яўсенькіна. Расійскі атлет - срэбны прызёр Суперфіналу кубка свету па ўоркаўце (руск.)(недаступная спасылка). Студэнцкі спорт (28 лістапада 2015). Архівавана з першакрыніцы 23 верасня 2018. Праверана 2015-29-12.
  26. Дзяніс Мінін: як без грошай і спартзалы пабудаваць прыгожае цела(недаступная спасылка). Часопіс XXL (28 лістапада 2012). Архівавана з першакрыніцы 27 верасня 2013. Праверана 1 кастрычніка 2013.
  27. Ўоркаўт у Бабруйску(нявызн.). Belsat TV (4 ліпеня 2014). Праверана 21 снежня 2017.
  28. Расійскія вайскоўцы асвояць кросфіт і ўоркаўт(нявызн.)(недаступная спасылка). Вайскова-прамысловы кур'ер (24 снежня 2015). Архівавана з першакрыніцы 2 кастрычніка 2017. Праверана 15 студзеня 2016.
  29. Фiтнес нашага двара(нявызн.). Рэспубліка (19 мая 2017). Праверана 21 снежня 2017.