Перайсці да зместу

Вупраж

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Конная вупраж

Вупражзбруя для коннай або валовай запрэжкі. Паводле прызначэння падзяляецца на транспартную (для перавозкі пасажыраў і грузаў), сярод якой вылучаецца выязная, і рабочую (для работ з земляробчымі прыладамісахой, бараной, плугам і інш.). Да вупражы не адносіцца амуніцыя для верхавой язды[1].

Вытворчасць вупражы была цесна звязана з рымарскім, шавецкім і дрэваапрацоўчым рамёствамі. Эвалюцыя вупражы адлюстроўвала ўзровень грамадскай вытворчасці, гістарычныя ўзаемасувязі і пераемнасць этнакультурных традыцый. Вынаходства машын паклала пачатак новым сучасным відам транспартных сродкаў. У наш час традыцыйная вупраж ужываецца пераважна ў асабістых гаспадарках[1].

Паводле канструкцыйных асаблівасцей вылучаюць тры тыпы (сістэмы) вупражы: хамутовую, шлейную і ярэмную[1].

Ярэмная вупраж

У сялянскіх гаспадарках Паўднёва-Заходняй Беларусі, дзе асноўнай рабочай жывёлай былі валы, амаль да сярэдзіны 20 ст. рабілі ярэмную вупраж на пару валоў, якія хадзілі ў дышальнай запрэжцы. Ярмо на аднаго вала (баўкун) выкарыстоўвалася ў аглабельнай або пастронкавай запрэжцы. Вупраж ярэмнага тыпу самая старажытная, вядома з часоў неаліту. Узоры яе сустракаюцца на антычных гравюрах і мініяцюрах[1].

Шлейная вупраж

Вынаходства шляі (прататып хамута) адкрыла новы этап у развіцці гужавога транспарту, дало пачатак шырокаму выкарыстанню каня як цяглавай жывёлы.

Першыя формы коннай вупражы на ўзор сучасных праніклі ў Еўропу з усходу праз вандроўных гунаў, авараў, венграў. На Беларусі, паводле археалагічных крыніц, вядомы з 11 ст., а дуга, падсядзёлак, папруга, набадры, лейцы — з больш позняй пары. На сярэдневяковых мініяцюрах конныя экіпажы паказаны найчасцей у пастронкавай запрэжцы з фурманам, які сядзіць верхам на кані[1].

Хамутовая вупраж

Хамутовая была пашырана на ўсёй Беларусі, але найбольш у паўночна-ўсходняй яе частцы, на тэрыторыі Паазер'я (Падзвіння) і Падняпроўя, дзе здаўна асноўнай цяглавай сілай быў конь. Асноўная частка гэтай вупражы — хамут у комплексе з іншымі элементамі. Пры запраганні ў аглоблі выкарыстоўваюцца дуга, падсядзёлак, папруга, церассядзёлак, набадры; пры запраганні ў пастронкі ў пасажырскіх, часцей мнагаконных экіпажах замест хамута персі і карак коней аблягае спецыяльна сшытая шляя ў выглядзе шырокага рэменя. Ва ўсіх тыпах вупражы неабходны аброць і лейцы. Кожны з састаўных элементаў вупражы мог адрознівацца вонкавай формай, матэрыялам (скура, пянька, валокны ліпавай кары і інш.), канструкцыйным спалучэннем асобных дэталяў і спосабамі ўпрыгожвання[1].

Упрыгожвалі пераважна выязную вупраж, якая заўсёды мела адзнакі саслоўнай прыналежнасці і індывідуальнага мастацкага густу. Беларускія майстры-рымары валодалі рознымі спосабамі і навыкамі апрацоўкі элементаў вупражы з улікам іх узаемнага дапасавання і гармоніі, анатоміі і нораву жывёліны. Сродкі эстэтычнага выяўлення — колер, узорыстае шытво, шво, цісненне, дадатковыя дэкаратыўныя дэталі. Дугу маляўніча расфарбоўвалі, шляю аздаблялі ціснёным арнаментальным узорам, аброць, набадры — бліскучымі металічнымі накладкамі, некаторыя ўчасткі — махрамі і кутасамі. Часам мастацкі акцэнт пераносіўся на наспінную шляю з шырокай дэкарыраванай палоскі скуры з бліскаўкамі або аплікацыяй. У час урачыстых выездаў на шыю каня надзявалі шархуны з бразготкамі або чаплялі бразготкі ці званочкі пад размаляванай дугой, аздобленай кветкамі і каляровымі стужкамі. Выязная вупраж выконвала важную ролю ў беларускіх абрадах вяселля, масленіцы, у кірмашовых святах, гасцінах і інш[1].