Друкава
Вёска
Друкава
|
Дру́кава[2] (трансліт.: Drukava, руск.: Дрюково) — вёска ў Віцебскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Варонаўскага сельсавета. Плошча 57,7378 га[1]. За 12 км на паўднёвы ўсход ад Віцебска, 18 км ад чыгуначнай станцыі Віцебск, на аўтадарозе Віцебск — Лёзна.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У 1594 годзе сяло Друкава, прыватная ўласнасць Івана Храпавіцкага, харунжага Віцебскага ваяводства ў ВКЛ. У 18 стагоддзі сяло — цэнтр маёнтка ў Віцебскім ваяводстве ВКЛ. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе ў Расійскай імперыі, у Віцебскім павеце Пскоўскай, з 1776 года Полацкай губерняў. Маёнтак ва ўладанні Рэвутаў. У 1785 годзе сяльцо. З 1796 года ў Беларускай, з 1802 года Віцебскай губерні. У 1834 годзе ў вёсцы 3 двары, 19 рэвізскіх сялянскіх душ, у маёнтку 252 рэвізскія душы. У 1846 годзе ўласнасць памешчыка Д.Заблоцкага, якому належа 12 вёсак, 208 рэвізскіх сялянскіх душ, 1559 дзесяцін 600 сажняў зямлі; у 1878 годзе яго сыну К. Д. Заблоцкаму, належала 985 дзесяцін зямлі. У 1886 годзе ў маёнтку працавала вінакурня, штогод 15 і 20 жніўня ў вёсцы адбываліся кірмашы. У 1905 годзе маёнтак (1 двор, 5 жыхароў) у Каралёўскай воласці Віцебскага павета Віцебскай губерні, уласнасць памешчыка Заблоцкага, які меў 593 дзесяціны зямлі. У сакавіку 1924 года вернута ў склад БССР. З 20 жніўня 1924 года ў Яромінскім сельсавеце Віцебскага раёна, з 8 ліпеня 1931 года ў Лёзненскім раёне. У 1936 годзе ў вёску пераселены жыхары вёсак Боркі, Змяёўка, Угляны, хутароў Навасёлкі, Ярош, Фалькевічы, у 1939 годзе — вёскі Лапуці, хутара Парэчкі. З 20 лютага 1938 года ў Віцебскай вобласці. З 1939 года ў Каралёўскім сельсавеце Лёзненскага раёна. У Другую сусветную вайну з сярэдзіны ліпеня 1941 года да канца снежня 1943 года акупіравана нацысцкімі войскамі, якія ў кастрычніку 1943 года знішчылі тут усе 90 двароў і загубілі 7 мірных жыхароў, вывезлі ў Германію 40 чалавек. На франтах загінулі 24 вяскоўцы і 16 у партызанскай барацьбе. 25 снежня 1943 года ў раёне шашы Віцебск — Смаленск адбыўся жорсткі бой 27 воінаў 4-й роты 875-га палка 158-й стралковай дывізіі пад камандаваннем лейтэнанта І. Я. Бясхлебнага, якія захапілі вышыню і на працягу дня ўтрымлівалі яе. Калі падышла дапамога, на вышыні нікога не засталося ў жывых. За праяўленую мужнасць 27 воінаў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені. З 15 лютага 1949 года ў Віцебскім раёне. З 16 мая 1954 года ў Варонаўскім сельсавеце.
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]
- 90 двароў, 350 жыхароў (1941)
- 20 гаспадарак, 24 жыхары (1997)
- 14 гаспадарак, 18 жыхароў (2003)
- 8 гаспадарак, 16 жыхароў (2018)
Памятныя мясціны[правіць | правіць зыходнік]
Каля шашы Віцебск — Смаленск стэла на ўшанаванне памяці савецкіх воінаў (1964)
Старачаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]
- Фальковіцкая царква, у якой знаходзілася ікона Фальковіцкай Маці Божай. Храм стаяў на могілках колішняй в. Фальковічы, цяпер гэта месца паміж в. Друкава і дачамі.
Зноскі
- ↑ а б Решение Витебского районного Совета депутатов 30 ноября 2017 г. № 175 «Об установлении границ сельских населенных пунктов Витебского района Витебской области и признании утратившими силу некоторых решений Витебского районного Совета депутатов» (руск.)
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 10: Віцебская вобласць, кн. 2 / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2019. — 728 с.: іл. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-11-1126-4.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Друкава на сайце Глобус Беларусі (руск.)