Перайсці да зместу

Віктар Пятровіч Маркавец

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Віктар Маркавец)
Віктар Пятровіч Маркавец
Дата нараджэння 5 жніўня 1947(1947-08-05)
Месца нараджэння
Дата смерці 17 верасня 2013(2013-09-17) (66 гадоў)
Месца пахавання
Род дзейнасці мастак
Жанр партрэт і пейзаж
Вучоба
Мастацкі кірунак рэалізм
Уплыў Язэп Драздовіч
Член у
Прэміі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Віктар Пятровіч Маркавец (5 жніўня 1947, Докшыцы — 17 верасня 2013) — беларускі мастак-жывапісец.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1971). Вучыўся ў І. Ахрэмчыка. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Удзельнік мастацкіх выставак з 1971 года. Член Беларускага саюза мастакоў (1977). Узнагароджаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі (1980).

Разам з Марачкіным, Караткевічам, Чарняўскім браў удзел у дысідэнцкай групе беларускай інтэлігенцыі «На Паддашку», належаў да незалежнай суполкі мастакоў «Пагоня». У 19891990 гг. у творчай майстэрні Віктара Пятровіча ў старым горадзе на вул. Дзімітрава, прайшла большасць паседжанняў Сойма БНФ «Адраджэньне»[1].

Творчасць вылучаецца адзінствам кампазіцыйнага і колеравага вырашэння і строгай акрэсленасцю малюнка. Маркавец рэканструяваў партрэты знаных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры — Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і яго дачкі Камілы, бацькоў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Стварыў цэлую серыю прац, прысвечаных Кастусю Каліноўскаму.

З 1992 года плённа супрацоўнічаў з паэтам Алесем Разанавым. Першым іх супольным праектам стала серыя з шасці карцін, аб’яднаных назвай «Яйкаквадраты». Потым былі яшчэ «Іствы», «Адваротная сіметрыя». Малюнкі з «Яйкаквадратаў» ляглі ў аснову мастацкага афармлення ўсіх апошніх кніг Алеся Разанава.

Разам з жонкай, мастацтвазнаўцам Таццянай Гаранскай, стварыў у Мінску арткавярню «Добрыя мыслі», якая праіснавала з 2001 па 2012 год (праведзена больш за трыста выстаў творчасці беларускіх мастакоў); збудавалі (1991—2013) у Заслаўі Сабор у імя ўсіх беларускіх святых (асвечаны ў 2013 г.); правялі ў Заслаўі шэраг гісторыка-мастацкіх выстаў, дзе рэканструявалі і аднавілі выявы і вобразы тысячагадовай гісторыі Заслаўя; разам з мастакамі Заслаўя заснавалі ў 2002 годзе Творчае грамадскае аб’яднанне «Мастак», дзе на працягу 11 год Віктар Маркавец быў старшынёй.

Дачка Таццяна Маркавец — мастак ў тэхніцы выцінанкі і саломапляцення, мастацтвазнавец.

З 16 снежня 2015 па 10 студзеня 2016 года ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску адбылася рэтраспектыўная выстаўка твораў жывапісу Віктара Маркаўца «Заслаўе. Жывапісныя імпрэсіі старога горада».[2]

Зноскі

  1. Ускоў, Ю. Віктар Маркавец згарэў за месяц / Юрась Ускоў // Наша Ніва. — 2013. — № 36 (825). — 25 верасня. — С. 12.
  2. 75 гадоў з дня нараджэння Віктара Маркаўца(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2022. Праверана 17 жніўня 2022.
  • Маркавец Віктар Пятровіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 114. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
  • Маркавец Віктар Пятровіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Докшыцкага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2004. — С. 628—631.
  • Гаранская Т. Вясна на Докшыцкай зямлі // часопіс «Мастацтва Беларусі» № 12, 1991.
  • Разанаў А. «Яйкаквадраты»: Уводзіны // часопіс «Мастацтва Беларусі» № 4;
  • Вярэміч М. Час яшчэ не настаў // часопіс «Мастацтва Беларусі» № 11, 1997;
  • Коўрык А. Дар любові і надзеі // часопіс «Мастацтва Беларусі» № 8, 2001;
  • Гаранская Т. Заслаўе. Гістарычны краявід. Жывапіс Віктара Маркаўца. — Мн., 2005;
  • Харэўскі С. Віктар Маркавец. Свята ў Докшыцах // Сто твораў ХХ стагоддзя. — Вільня, 2012;
  • Жыве ў Заслаўі мастак // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка горада Заслаўе / рэдкал.: Г. К. Кісялёў (і інш.); маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2000. — С. 355—356.