Алесь Сцяпанавіч Разанаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Алесь Разанаў
Алесь Сцяпанавіч Разанаў
Alies Razanau.jpg
Алесь Разанаў выступае ў Мінску, снежань 2011 г.
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння:

5 снежня 1947(1947-12-05) (70 гадоў)

Месца нараджэння:

Сялец, Сялецкі сельсавет[d], Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць, БССР, СССР

Грамадзянства:

Flag of the Soviet Union.svg СССР
Flag of Belarus.svg Беларусь

Альма-матар:

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна

Літаратурная дзейнасць
Род дзейнасці:

пісьменнік і перакладчык

Мова твораў:

беларуская

Прэміі:

Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы

Узнагароды:
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Алесь Сцяпанавіч Разанаў (5 снежня 1947, в. Сялец, Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць) — беларускі пісьменнік і перакладчык. Вядомы як паэт-наватар, аўтар новых паэтычных форм.


Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям'і служачых. Бацька — Сцяпан Разанаў, паходзіць з Тамбоўскай вобласці, прыехаў з геадэзічнай экспедыцыяй да вайны ў Беларусь, дзе і застаўся.

У 1966 А. Разанаў паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Паралельна з вучобай працаваў ліцейшчыкам на Мінскім заводзе ацяпляльнага абсталявання. У кастр. 1968 студэнты-філолагі БДУ, сярод лідараў якіх былі Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Леў Барташ, звярнуліся ў ЦК КПБ з лістом на імя П. М. Машэрава (ліст падпісала некалькі сотняў чалавек) дзе патрабавалі вяртання выкладання на беларускай мове. У выніку арганізатары падпісання ліста атрымалі ярлыкі «буржуазных нацыяналістаў», што па тых часах магло мець благія наступствы.

Пасля таго як Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Валянціна Тоўкун з'ездзілі ў Зэльву да Ларысы Геніюш два першыя ўзімку 1969 былі выключаны з БДУ (праз няздачу заліку па ваеннай падрыхтоўцы; да гэтага яны былі выдатнікамі вучобы). Дзякуючы падтрымцы Максіма Танка, рэктару БПІ Сяргею Гусаку і загадчыку кафедры беларускай мовы і літаратуры БПІ Уладзіміру Калесніку, А. Разанаў працягнуў вучобу на філалагічным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута, які скончыў у 1970.

У 1970—71 працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе вёсцы Кругель Камянецкага раёна. З 1972 у Мінску; 1972—74 — літаратурны супрацоўнік газеты «ЛіМ» і часопіса «Родная прырода». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1972. У 1974—86 — рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1989 — віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

З вершамі ў друку выступіў у 1961. У першым паэтычным зборніку з адметнай для таго часу назвай «Адраджэнне» (1970), моцна скажоным цэнзурай, пераважалі адраджэнскія настроі, услаўляліся героі беларускага мінулага, замежныя вучоныя і пісьменнікі, адкрывальнікі новага, утапісты і змагары. У кнізе пераважалі імклівыя рытмы, рамантычная ўзнёсласць, ускладненая метафарычнасць. У наступным зборніку вершаў «Назаўжды» (1974) навідавоку яго пошукавы характар, схільнасць да паэтычнага эксперыменту, павышаная ўвага да філасофскіх праблем. 3 гэтага часу з імем Алеся Разанава звязваецца ўяўленне аб інтэлектуальнай плыні ў беларускай паэзіі. У вершаваным цыкле пад назвай «Пункціры», якая адначасова стала і абазначэннем новага жанру, паэт прадэманстраваў сваё імкненне ахапіць шматстайныя праявы свету. Ён часцей за ўсё адштурхоўваўся ад назіранняў над канкрэтнымі, часта мімалётнымі, з'явамі і рэчамі.

Наватарскія памкненні паэта ў сферы зместу і формы выявіліся ў кнізе паэм-балад «Каардынаты быцця» (1976) і этапным зборніку «Шлях—360» (1981). Аднак эстэтычныя пошукі А. Разанава не сустракалі належнага разумення. Галоўная прычына ўскладнення творчага шляху паэта была абумоўлена сітуацыяй падцэнзурнага існавання літаратурнага жыцця ў часы грамадскага застою. Вольная мастацкая думка тады стрымлівалася і скоўвалася, савецкая паэзія была абмежавана колам дазволеных тэм, ідэй і спосабаў іх увасаблення. А. Разанаў імкнуўся да складанай вобразатворчасці, алегарычнага і сімвалічнага адлюстравання рэчаіснасці, а гэта пакідала ўражанне нейкага тайнапісу, не заўсёды зразумелага падтэксту. Ён звяртаўся да фальклорна-міфалагічных ;матываў, біблейскай сімволікі, традыцый нацыянальнай і сусветнай класікі. Пра напружаныя пошукі А. Разанавым свайго шляху засведчылі такія творы, як «Паэма рыбіны», «Паэма калодзежа», «Паэма выніку», «Паэма жніва», «Паэма раўнавагі» і інш. Дэвізам яго творчага пошуку былі словы, выказаныя яшчэ ў 1960-я гады: «Жыве эксперымент!» Ён прытрымліваўся ідэі дынамічнага руху, зменлівасці жыцця і вечнага ўдакладнення поглядаў на жыццё і рэчаіснасць.

Зборнік вершаў і паэм «Шлях—360» выйшаў у свет толькі пасля таго, як яго адрэдагаваў на грамадскіх пачатках Уладзімір Караткевіч, напісаў прадмову народны паэт Беларусі Пімен Панчанка і пасляслоўе вядомы крытык Варлен Бечык. Між тым у творчасці А. Разанава выявілася агульнае імкненне сусветнай паэзіі да філасофскага асэнсавання глабальных праблем сучаснасці, якія закраналі ўсіх і кожнага. У яго вершах і паэмах адчувалася прысутнасць вопыту класікаў еўрапейскай літаратуры XX стагоддзя, такіх як Гіём Апалінэр, Райнер Марыя Рыльке, Поль Элюар, Федэрыка Гарсія-Лорка і інш.

У філасофскай лірыцы А. Разанава адбываўся пошук «сапраўднай рэальнасці». На ўвазе мелася рэальнасць, якая адкрываецца ў асабіста-пачуццёвай сферы, у выніку суб'ектыўнага ўспрымання і асэнсавання свету. А. Разанаў бачыў гэту «сапраўднасць» зямнога існавання ў адкрыцці новага, уласна «чалавечага» ў прыродзе, жыцці, вялікім космасе. Ён скіроўвае чытача ў мінулае і будучы час, да таямніц свету і чалавечага быцця. Паэт перакананы, што чалавек і яго думка павінны быць у няспынным руху наперад, і гэты працэс пазнання бязмежны, бясконцы.

У Алеся Разанава заўсёды было абвостраным адчуванне часу і чалавека ў часе. «Яшчэ здольны пакутаваць», яго лірычны герой чула ўспрымае драматызм зямнога існавання. Там, дзе іншыя часам бачаць перамогу, ён прадчувае небяспеку. Чалавецтва апынулася на чарговым раскрыжаванні дарог. У вершы «Завея» паэт гэтак, як і Янка Купала ў «Паязджанах», малюе вобраз усёмагутнай прыроднай стыхіі і перадае душэўны стан няпэўнасці, нават разгубленасці ў гэтай віхуры часу. А. Разанаў і яго лірычны герой бачаць паратунак у вечным руху наперад, у пошуку сапраўднага сэнсу жыцця, шляху да маральнага самаўдасканалення. Паэт поўніцца адчуваннем хуткаплыннасці жыцця, востра перажывае зменлівасць усяго на свеце. Яго галоўнае памкненне — адпавядаць гэтаму шпаркаму руху, быць такім жа дынамічным, як сам свет.

Шматлікія вершаваныя тэксты А. Разанава — гэта вершы аб прадметах і рэчах, прыродных з'явах і жывых істотах. Іх назвы гавораць самі за сябе: «Камяні», «Зброя», «Сякера», «Стол», «Цвік», «Барана», «Птах», «Маланка», «Завея», «Змеі», «Лесвіца», «Студня», «Дрэвы», «Ланцуг» і інш. Праз матэрыяльнае паэт імкнецца раскрыць штосьці новае: і ўласна пра рэчы-прадметы, і пра навакольную прыроду, і пра быццё чалавека, які іх успрымае. Паэт, гаворачы пра рэчы, шукае важныя сэнсы, пэўныя аналогіі, параўнанні. Так, парог, які «ўрос у зямлю», выклікае ў паэта цэлае кола асацыяцый. Ён увасабляе падзел розных часоў, прымушае задумацца чалавека, хто ён такі на гэтым свеце. «Мінулае тоіцца ў змроку, будучыня — у светлыні», — падагульняе аўтар у вершаказе «Парог».

У зборніках А. Разанава апошніх дзесяцігоддзяў «Вастрыё стралы», «У горадзе валадарыць Рагвалод», «Паляванне ў райскай даліне», «Рэчаіснасць», «Гановерскія пункціры» творчыя пошукі адбываюцца пераважна ў сферы самой беларускай мовы. Паэт адкрывае багацце яе лексічных, музычных, сэнсавых магчымасцей і дэманструе амаль у кожным новым творы ідэю вобразнай невычэрпнасці нацыянальнай моўнай стыхіі. Любое слова, паняцце, назва прадмета, з явы ў навакольным свеце поўняцца для паэта асаблівым сэнсам і зместам (вершаказы «Вуліца», «Бор», «Рэчка і возера», «Маланка і гром», «Гліна», «Срэбра і золата» і інш.) Ва ўладзе паэтавай думкі паставіць побач словы, рэчы, прадметы, раскіданыя ў часе і прасторы. Але самая вялікая загадка пры гэтым для паэта застаецца — жыццё і чалавек. Сэнс жыцця, сцвярджае Алесь Разанаў, у самім жыцці, у няспынным пошуку ісціны.

У далёкую мінуўшчыну, ажно ў біблейскія часы, выпраўляецца лірычны герой паэмы А. Разанава «Гліна». У вершах «Рагнеда», «Стары горад», паэтычнай кнізе «У горадзе валадарыць Рагвалод», паэме «Усяслаў Чарадзей» А. Разанаў аддае даніну захаплення старажытнаму Полацку, у вобразе і гісторыі якога бачыць увасабленне спрадвечнага беларускага шляху.

Паэта цікавіць існаванне ў вялікім агульначалавечым свеце і загадкавым свеце нацыянальнай гісторыі. Алесь Разанаў вынаходлівы і дасціпны як у змесце, так і ў форме. Ён істотна пашырыў жанравыя межы сучаснай філасофскай паэзіі. А. Разанаў выказваецца ў сціслай форме квантэм, пункціраў, версэтаў, вершаказаў, зномаў. Яго паэтычныя тэксты часам нагадваюць фрагменты старажытных манускрыптаў без пачатку і без канца, спасціжэнне сэнсу якіх вымагае напружанай працы інтэлекту і фантазіі, здольнасці да самастойнай інтэрпрэтацыі.

Перакладае з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскахарвацкай, чэшскай, англійскай моў. Пераклаў кнігу К. Саі для дзяцей «Гэй, хавайцеся!» (1982), п'есу У. Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (аўт. «Сон у Іванаву ноч» у зборніку «Тры камедыі», 1989), раман Ё. Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы» (1989), выбраную паэзію У. Бэрзыньша (2013). Склаў кнігу паэзіі Я. Купалы «Выйду з сэрцам, як з паходняй!..» (1982). Выдаў па-нямецку зборнік «Wortdichte» (2003).

Прызнанне[правіць | правіць зыходнік]

  • Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1990) за кнігу паэзіі «Вастрыё стралы».
  • Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2012)

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. А. Бельскага, М. Тычыны. — Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2009. ISBN 978-985-471-320-5
  • Івашчанка А. Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыя і рацыяй / пад рэд. М. Тычыны. — Мн.: БНТУ, 2008. — ISBN 978-985-525-021-1
  • Калеснік У. Страла і мэта // Калеснік У. Усё чалавечае: літаратурныя партрэты, артыкулы, нарысы. — Менск, 1993
  • Кісліцына Г. Алесь Разанаў: Праблема мастацкай свядомасці. — Мн., 1997.
  • Конан У. Узыходжаньне // Полымя. 1997, № 12.
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Разанаў Алесь // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 5. Мінск, 1995. С. 126—129.
  • Разанаў Алесь // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. —Мн.: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-08-1

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]