Гарадскія ўмацаванні Полацка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Полацкія замкі, Станіслаў Пахалавецкі (1579)

Полацкія гарадскія ўмацаванні — комплекс умацаванняў Полацка ў 11—17 ст. Абарончыя збудаванні мелі ўсе асноўныя раёны старажытнага Полацка: Верхні замак, Ніжні замак, Вялікі і Запалоцкі пасады.

Полацк узгадваецца ў 862 годзе, калі, відаць, ужо існавалі першыя ўмацаванні. Паводле летапісных звестак, яны былі зроблены з дрэва. «Сага аб Цідрыку Бернскім», якая была запісана ў XIII ст., паведамляе пра наяўнасць у Полацку мураваных умацаванняў.

У канцы XV стагоддзя па загадзе вялікага князя Аляксандра, а пасля ў 1561 годзе ўмацаванні замкаў былі папраўленыя і пашыраныя. Больш падрабязныя звесткі ёсць у дакументах XVXVII стст. Паводле іх, у 1552 на Верхнім замку былі драўляныя сцены-гародні. Уздоўж сцен па перыметры замка стаялі вежы: Вусцейская, Асвейская, Міхайлаўская, Багародзіцкая, Сафійская і 4 безыменныя.

З 31 студзеня па 15 лютага 1563 года замкі беспаспяхова трымалі аблогу войска Івана Грознага. Пасля ўзяцця Полацка цар загадаў не губляць час і хутка аднавіць умацаванні. Менавіта, у час панавання маскавітаў быў узведзены г. зв. «вал Івана Грознага», які стаў ключавым элементам абароны Ніжняга замка. Будаўнічымі працамі з 1563 па 1564 кіравалі царскія службоўцы Пётр Зайцаў і дзяк Барыс Шчокін. Паводле створанай маскавітамі фартыфікацыйнай схемы Ніжні замак рабіўся моцным фланкіруючым прыкрыццём для Верхняга. Пры авалодванні ж Верхнім замкам Ніжні рабіўся безабаронным, бо размяшчаўся ніжэй апошняга, што і прадвызначыла тактыку штурму замка войскамі Рэчы Паспалітай у будучым.

З пачаткам адваявання Полацка Стэфанам Баторыям у 1579 годзе мы атрымліваем звесткі аб умацаваннях, якія складаліся з Верхняга і Ніжняга замкаў, або Стралецкага астрогу, і Запалоцця. Верхні замак займаў тэрыторыю старажытнага дзядзінца і меў сем вежаў. Ніжні замак быў збудаваны маскоўскім войскам на месцы ранейшых гандлёвых пасадаў, а на тэрыторыі Запалоцця, відаць, жыло гандлёва-рамеснае насельніцтва.

У выніку штурму войскамі Рэчы Паспалітай пад камандаваннем Каспара Бекеша, Запалоцце было спалена і пакінута абаронцамі. Сцены Верхняга і Ніжняга замкаў былі значна пашкоджаныя, што вымусіла маскоўцаў да здачы. Пасля ўзяцця места Стэфан Баторый загадаў аднавіць умацаванні паводле дадзеных ім жа інструкцыяў.

Драўляныя замкі ў 1607 і 1642 гадах гарэлі, ў 1647, 1654 — паднаўляліся. У XVII ст., пасля замацавання Верхняга замка, вежы перабудаваны, некаторыя пастаўлены ў іншых месцах. Паводле дакумента 1654, было 10 вежаў: Чырвоная (раней Каралеўская), Праезная, Буська, Раждзественская (новая), Бык (раней Вежа-фортка), Новая (Усць-Палаты), Бык (раней Ваяводзіцкая), Машна (новая), Бык (раней Брусяная), Баярская (старая) і 2 брамы — праезная і фортка, а даўжыня сцяны склада 729 ½ сажаняў. Магчыма, што вежа Чырвоная была мураваная.

Умацаванні Вялікага пасада вядомы з XI ст. У XVIXVII стст. яны былі аналагічныя фартыфікацыі Верхняга замка. Абарончая сцяна пачыналася ад Варварынскай вадзяной вежы Верхняга замка, якая стаяла на беразе Заходняй Дзвіны, цягнулася ўздоўж правага берага прыблізна на 1,5 км уверх па цячэнні ракі да крайняй Міронаўскай вежы, тут паварочвала на поўнач, ўздоўж глыбокага рова да р. Палата. Былі вежы: Ложная (праезная), Ільінская, Скарбная, Невельская і Навугольная (вуглавая паўночна-ўсходняя). Ад апошняй сцяна ішла па левым беразе р. Палата на захад да Кабыльчынай вежы (побач з сучасным Чырвоным мостам). Далей стаяла вежа-фортка, а за ёй, уздоўж левага берага Палаты да Верхняга замка, — сцяна без вежаў.

На Ніжнім замку ў XVII ст. вежы і сцены, даўжыня якіх складала ў 1654 годзе 1231 сажань, заменены «тынам стаячым». Абарончыя збудаванні Запалоцця вядомы з XII ст. У XVI ст. яны былі аналагічныя ўмацаванням Верхняга замка і Вялікага пасада. Аднак тут адсутнічалі валы, а замест зрубаў-гародняў быў падвойны «стаячы тын».

Канчаткова аднаўленне замкаў было закінутае пасля іх знішчэння расійскім генералам фон Вердэнам(руск.) бел. у 1706 годзе, хаця рэшткі драўляных умацаванняў былі бачны яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя.

Даследванні[правіць | правіць зыходнік]

Археалагічныя даследаванні гарадскіх ўмацаванняў праводзілі В. А. Булкін (1979), С. В. Тарасаў (1986—89). Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]