Генадзь Міхайлавіч Лыч
Генадзь Міхайлавіч Лыч | |
---|---|
Дата нараджэння | 25 лютага 1935 (89 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | эканаміст, публіцыст |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар эканамічных навук |
Навуковае званне | |
Альма-матар | |
Узнагароды |
Генадзь Міхайлавіч Лыч (нар. 25 лютага 1935, вёска Магільнае, Уздзенскі раён, Мінская вобласць) — беларускі вучоны ў галіне эканомікі, публіцыст. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991; член-карэспандэнт з 1986), доктар эканамічных навук (1973), прафесар (1977). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Скончыў Беларускі інстытут народнай гаспадаркі (1958), дзе атрымаў спецыянальнасць эканаміста. У 1958—1961 гадах малодшы навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела эканомікі Брэсцкай абласной дзяржаўнай сельскагаспадарчай доследнай станцыі Мінлясгаса БССР (г. Пружаны). Пасля заканчэння аспірантуры працаваў старшым навуковым супрацоўнікам БелНДІ эканомікі і арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці Мінсельгаса БССР (1964-1967). У 1965 г. атрымаў вучоную ступень кандыдата эканамічных навук. У 1967—1977 гг. загадчык аддзела эканомікі меліярацыйнага і воднагаспадарчага будаўніцтва БелНДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі Мінвадгаса СССР. У 1972 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Эканамічная эфектыўнасць асушальных меліярацый», а у 1973 г. атрымаў вучоную ступень доктара эканамічных навук. У 1977 г. яму было прысвоена вучонае званне прафесара. У 1977—1988 гадах працаваў першым намеснікам дырэктара па навуковай рабоце БелНДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі Дзяржаграпрома БССР.
У 1988 г. перайшоў на працу ў Акадэмію навук БССР, з якой быў цалкам звязаны далейшы лёс вучонага. Са студзеня 1988 г. ён узначальваў Аддзел аграрных праблем сацыялізму Інстытута эканомікі, а з кастрычніка гэтага ж года стаў дырэктарам інстытута. На гэтай пасадзе ў кола яго навуковых інтарэсаў увайшлі праблемы макраэканомікі, эканамічнага механізма гаспадарання ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі. Удзельнічаў у распрацоўцы «Канцэпцыі эканамічнага суверэнітэту Беларускай ССР», а таксама «Праграмы пераходу Беларускай ССР да рыначнай эканомікі».
У 1992—1997 гг. акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі. Пры распрацоўцы «Канцэпцыі палітыка–прававога, сацыяльна–эканамічнага і нацыянальна–культурнага адраджэння і развіцця Рэспублікі Беларусь» правёў тры пашыраныя навуковыя сесіі Аддзялення з удзелам палітычных і дзяржаўных дзеячаў, а таксама шырокага кола прадстаўнікоў навуковай і творчай інтэлігенцыі, вынікі якіх ў свой час атрымалі грамадскі водгук і адыгралі значную ролю ў адраджэнні нацыянальнай свядомасці беларусаў. У гэты ж час была падрыхтавана першая Нацыянальная справаздача аб чалавечым развіцці «Беларусь: тварам да чалавека».
З 1997 г. зноў вярнуўся на пасаду дырэктара Інстытута эканомікі НАН Беларусі, якую пяць папярэдніх гадоў займаў на грамадскіх пачатках, а з 1998 г. перайшоў на пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка гэтага інстытута. Прымаў удзел у правядзенні фундаментальных эканамічных даследаванняў па сацыяльна–эканамічных праблемах забеспячэння экалагічнай бяспекі жыццядзейнасці грамадства, у тым ліку мінімізацыі негатыўных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У 1999 г. падрыхтаваў і апублікаваў у суаўтарстве манаграфію «Чарнобыльская катастрофа: сацыяльна–эканамічныя праблемы і шляхі іх вырашэння» (руск.), у якой упершыню была даведзена колькасная ацэнка шкоды, якую прычыніла аварыя на ЧАЭС нацыянальнай эканоміцы і сацыяльнай сферы Рэспублікі Беларусь.
З 2009 г. вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі[1], займаўся даследаваннем праблем аграрнай эканомікі.
Навуковыя працы
[правіць | правіць зыходнік]Аўтар больш за 360 навуковых прац, у тым ліку 17 манаграфій. З іх найбольш вядомыя:
- Экономическая эффективность сельскохозяйственного производства. – Мн.: Ураджай, 1988. – 108 с.
- Экономическая эффективность использования производственных ресурсов. – Мн.: Ураджай, 1990. – 104 с.
- Чернобыльская катастрофа: социально-экономические проблемы и пути их решения / Г. М. Лыч, З. Г. Патеева. – Мн.: Право и экономика, 1999. – 291 с.
- Рыночное реформирование экономики Беларуси: итоги и перспективы. – Мн., 2000. – 79 с.
- Экономическая наука - реабилитации районов радиоактивного загрязнения / Г. М. Лыч, З. Г. Патеева. - Мн. : Право и экономика, 2001. - 61 с.
- Глобализация и адаптация к ней экономики Беларуси: пособие. – Минск : БГАТУ, 2010. – 143 с.
- Развитие агропромышленного комплекса: новые вызовы и возможные ответы на них / Г. М. Лыч, А. П. Шпак. - Минск : Институт системных исследований в АПК НАН Беларуси, 2014. - 133 с.
- Аграрная экономика: проблемы и пути их решения: авторское кредо. – Минск : Право и экономика, 2016. – 216 с.
Публіцыстыка
[правіць | правіць зыходнік]Апублікаваў шэраг публіцыстычных артыкулаў, а таксама кнігі:
- Інтэлектуальная дзірка. - Мн. , 1998. - 206 с. (прысвечана пытанням навукі, найперш гуманітарнай і сацыяльнай, і дзейнасці навуковай інтэлігенцыі)
- Пакутлівыя блуканні. - Мн. , 2000. - 231 с. (адлюстраваны шматлікія цяжкасці, з якімі сустрэлася Беларусь на шляху пераходу да рыначнай эканомікі)
- Народам звацца. - Мн. , 2001. - 335 с. (абгрунтоўваецца неабходнасць захавання і ўмацавання эканамічнага і палітычнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь)
- Трагедыя беларускага сялянства. - Мн. , 2003. – 269 с.
- Перад лёсавызначальным выклікам: роздум. - Санкт-Пецярбург : Неўскі прастор, 2018. – 194 с.
Яго публікацыі вызначаюцца прынцыповасцю аўтарскай пазіцыі, актуальнасцю і аргументаванасцю вывадаў і прапаноў.
Аўтар кнігі мемуараў «Повязь часоў: успаміны» (Санкт-Пецярбург, 2014. - 384 с.).
Сям'я
[правіць | правіць зыходнік]Яго брат Леанід Міхайлавіч Лыч — вучоны-гісторык.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 386. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Бусько В. М., Пацеева З. Р. Генадзій Міхайлавіч Лыч (Да 70-годдзя з дня нараджэння) // Весцi НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2005. № 1.
- Мядзведзеў В. Ф. Генадзій Міхайлавіч Лыч (Да 75-годдзя з дня нараджэння) // Весцi НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2010. № 1.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Генадзь Міхайлавіч Лыч у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
- Лыч Генадзій Міхайлавіч, доктар эканамічных навук на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- Нарадзіліся 25 лютага
- Нарадзіліся ў 1935 годзе
- Нарадзіліся ва Уздзенскім раёне
- Дактары эканамічных навук
- Прафесары
- Выпускнікі БДЭУ
- Заслужаныя дзеячы навукі Рэспублікі Беларусь
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Выкладчыкі БДАТУ
- Заслужаныя дзеячы навукі Беларускай ССР
- Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
- Эканамісты Беларусі
- Публіцысты Беларусі