Інстытут эканомікі НАН Беларусі
Інстытут эканомікі НАН Беларусі | |
---|---|
![]() | |
Краіна | |
Адрас | Мінск, Першамайскі раён, вул. Сурганава, д. 1, корп. 2 |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Тып арганізацыі | навуковая |
Кіраўнікі | |
Дырэктар | Дзяніс Віктаравіч Муха |
Намеснік дырэктара па навуковай працы | Аляксандр Уладзіслававіч Гатоўскі |
Навуковы сакратар | Андрэй Канстанцінавіч Гаўрыленя |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 29 сакавіка 1931 |
Колькасць супрацоўнікаў | 130 (2018 г.) |
Асноўныя асобы | Аляксей Яўгенавіч Дайнека, Віталь Фядосавіч Мядзведзеў, Пётр Георгіевіч Нікіценка[1] і Аляксандр Лучанок |
economics.basnet.by | |
![]() |
Інстытут эканомікі НАН Беларусі — першая навукова-даследчая арганізацыя Беларусі, якая стала спецыялізавацца на вывучэнні эканамічнай навукі. Інстытут заснаваны ў 1931 годзе.
Гісторыя Інстытута[правіць | правіць зыходнік]
Эканамічныя даследаванні ў Інбелкульце[правіць | правіць зыходнік]
Яшчэ ў першай палове 20-х гадоў Інбелкульт, Дзяржплан БССР, Наркамат земляробства БССР і Інстытут сельскай і лясной гаспадаркі пачалі праводзіць сумесныя эканамічныя даследаванні па размяшчэнні прадукцыйных сіл у сельскай гаспадарцы, нацыянальнаму даходу, складанні кантрольных лічбаў і распрацоўцы першага пяцігадовага плана развіцця народнай гаспадаркі БССР. Паступова паўстала задача цэнтралізацыі эканамічных даследаванняў у краіне, і стварэнне Інстытута эканомікі з’явілася паспяховым рашэннем гэтай задачы.
Інстытут эканомікі Беларускай акадэміі навук (1931—1935)[правіць | правіць зыходнік]
Інстытут эканомікі быў створаны 29 сакавіка 1931 г. рашэннем Прэзідыума Беларускай Акадэміі навук на аснове акадэмічных кафедры кааперацыі і калектывізацыі, кафедры эканамічнай геаграфіі, кафедры тэорыі штандорта, а таксама Інстытута эканомікі Дзяржплана БССР і эканамічнага аддзела Інстытута прамысловасці. Першым дырэктарам Інстытута стаў акадэмік І. А. Пятровіч (1931—1932 гг.).
Арганізацыя і пачатак працы Інстытута эканомікі супалі па часе з працэсамі згортвання НЭПа, актыўнага фармавання камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання, фарсаванай індустрыялізацыі і калектывізацыі. З моманту стварэння Інстытута эканомікі яго супрацоўнікі адразу ж падключыліся да абмеркавання тэарэтычных і практычных пытанняў распрацоўкі гадавых і другога пяцігадовага плана развіцця народнай гаспадаркі БССР. З 1933 г. Інстытут эканомікі сканцэнтраваў свае намаганні на правядзенні даследаванняў у галіне эканамічнай геаграфіі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю і народнага даходу. Пры правядзенні работ у галіне эканамічнай геаграфіі ажыццяўлялася вельмі цеснае супрацоўніцтва з НДІ геаграфіі пры МДУ і асабіста з прафесарам М. М. Баранскім — выдатным савецкім спецыялістам па тэорыі і метадалогіі сацыяльна-эканамічнай геаграфіі і эканамічнай картаграфіі.
1936—1941 гг.[правіць | правіць зыходнік]
У 1936 Інстытут увайшоў у склад Аддзялення грамадскіх навук АН БССР. Фармаванне і першыя гады станаўлення Інстытута эканомікі праходзілі ў складаным унутрыпалітычным і гістарычным становішчы. Рашэннем Бюро ЦК КП(б)Б ад 05.01.1938 г. Інстытут эканомікі быў скасаваны як «установа, што не апраўдала сябе». Дадзеная акцыя ў другі раз, як і ўжо адзначаная раней расправа над шэрагам беларускіх навукоўцаў, якая мела месца ў канцы 20-х гадоў, сведчыла аб тым, што навукова-даследчая і адукацыйная функцыі Акадэміі навук і яе інстытутаў ўжо да сярэдзіны 30-х гадоў ўвайшлі ў супярэчнасць з ідэалагічнымі задачамі, ускладзенымі на іх кіраўніцтвам краіны і рэспублікі. Аднак пасля «скасавання» Інстытута эканомікі АН БССР «аскепкі» яго структурных падраздзяленняў працягвалі працаваць у складзе розных акадэмічных інстытутаў. Ужо ў лістападзе 1939 г. яны былі аб’яднаны ў групу эканомікі АН БССР, а яе загадчыкам быў прызначаны С. М. Малінін. У лютым 1940 г. СНК БССР прыняў рашэнне аб арганізацыі ў рамках АН БССР Навукова-даследчага інстытута эканомікі, што было фактычна ўзнаўленнем раней скасаванага Інстытута эканомікі.
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны НДІ эканомікі быў эвакуяваны ў Маскву.
Інстытут эканомікі АН БССР (1945—1991)[правіць | правіць зыходнік]
У пасляваенны перыяд навукова-даследчыя працы ў Інстытуце эканомікі аднавіліся ў красавіку 1945 г. у Мінску. Даследаванні вяліся па напрамках эканомікі прамысловасці, эканомікі сельскай гаспадаркі і эканомікі лясной гаспадаркі. Асаблівая ўвага калектыву інстытута была засяроджана на вырашэнні эканамічных праблем узнаўлення і развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама на пытаннях уздыму з руін іншых галін народнай гаспадаркі рэспублікі.
У гэты перыяд асноўнымі накірункамі даследаванняў заставаліся: эканамічная геаграфія, прамысловасць, сельская і лясная гаспадарка, размяшчэнне прадукцыйных сіл, планаванне і прагназаванне. Важнае тэарэтычнае і практычнае значэнне мела завяршэнне ў 1955 г. эканамічнага абгрунтавання генеральнай схемы асушэння і асваення балот і забалочаных земляў Палескай нізіны.
У наступныя гады ўсё больш важнае месца ў даследчай працы Інстытута эканомікі стала адводзіцца вывучэнню і рашэнню тэарэтычных праблем павелічэння эфектыўнасці грамадскай вытворчасці. Даследаванні ў сферы эканомікі прамысловасці сталі ахапляць шырокае кола пытанняў, звязаных з павелічэннем прадукцыйнасці грамадскай працы, эфектыўнасці капітальных укладанняў у розных галінах і вытворчасцях, арганізацыяй гаспадарчага разліку, а таксама праблемы коштаўтварэння. Распрацаваныя ў тыя гады прапановы і рэкамендацыі па ўмацаванні і развіццю эканомікі ліцейнай вытворчасці, тарфяной, лёгкай, шкляной і харчовай прамысловасці знайшлі адлюстраванне ў развіцці эканомікі БССР.
У пасляваенныя гады вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы навуковых кадраў, арганізацыі даследаванняў і непасрэдна ў навукова-даследчай дзейнасці аказаў акадэмік АН СССР В. С. Нямчынаў. У 50—60-я гады на Беларусі пачалі актыўна развівацца вызначальныя ў той час для навукова-тэхнічнага прагрэсу галіны прамысловасці — машынабудаванне, станкабудаванне, прыборабудаванне. Разам з гэтымі напрамкамі даследавалася эканоміка традыцыйных для Беларусі галін прамысловасці — лёгкай, харчовай, мяса-малочнай, будаўнічых матэрыялаў. Асноўнае месца занялі даследаванні па пытаннях удасканалення гасразліковых адносін, павышэння эфектыўнасці асноўных фондаў і капітальных укладанняў.
У 70-я гг. у Інстытуце эканомікі пачалося вывучэнне праблем сусветнай эканомікі. Былі даследаваны інвестыцыйная палітыка заходніх краін і іх інвестыцыйная актыўнасць у краінах, якія сталі на шлях развіцця. У гэты час калектыў Інстытута эканомікі АН БССР выканаў таксама комплекс фундаментальных работ у вобласці сацыяльна-эканамічнай эфектыўнасці грамадскай вытворчасці і фактараў яе павышэння. Навукоўцамі-эканамістамі абгрунтаваны крытэрыі і распрацавана сістэма паказчыкаў эфектыўнасці грамадскай вытворчасці рэспублікі, акрэслены фактары, што ўплываюць на ўзровень працаёмкасці, матэрыялаёмкасці і фондаёмкасці вытворчасці, распрацаваны катэгорыі размеркавальных адносін. У гэты ж перыяд быў распрацаваны прагноз комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў і развіцця вытворчых сіл Беларускага Палесся да 1990 г.
У 80-я гг. асноўныя навуковыя сілы Інстытута эканомікі АН БССР былі сканцэнтраваны на даследаваннях па трох важнейшых напрамках: удасканаленне гаспадарчага механізму на рэгіянальным узроўні; павышэнне сацыяльна-эканамічнай эфектыўнасці вытворчасці; распрацоўка комплекснай праграмы НТП БССР на 20 гадоў. У рамках гэтых напрамкаў даследаваліся праблемы: эфектыўнасці механізму выкарыстання эканамічных законаў у сістэме размеркавальных адносін; удасканалення гаспадарчага механізму на ўзроўні вытворчых аб’яднанняў і прадпрыемстваў прамысловасці; метадалагічныя і метадычныя праблемы эфектыўнасці вытворчага патэнцыялу рэспублікі (працы, капітальных укладанняў, асноўных вытворчых фондаў); цэнаўтварэння; эканомікі навуковых даследаванняў; тэрытарыяльнай арганізацыі вытворчасці і развіцця сацыяльнай інфраструктуры.
Інстытут эканомікі (Н)АН Беларусі (з 1992 г.)[правіць | правіць зыходнік]
У 90-я гг. крызіс, які ахапіў народную гаспадарку Беларусі пасля распаду СССР, парушэнне гаспадарчых сувязяў паміж суб’ектамі гаспадарання былых саюзных рэспублік, а таксама распад некалі адзінай навуковай і інфармацыйнай прасторы негатыўна адбіліся на дзейнасці беларускіх вучоных. Навукоўцы Інстытута эканомікі пачалі даследаванні па стварэнню тэарэтычных асноў развіцця беларускай эканомікі ва ўмовах развіцця рыначных адносін, у тым ліку даследаванні праблем рэфармавання адносін уласнасці, гаспадарчага механізму кіравання рэгіянальнай эканомікай, фінансава-крэдытных адносін, эканамічнай ацэнкі і механізму выкарыстання рэсурснага патэнцыялу рэспублікі, сацыяльна-эканамічнай рэабілітацыі забруджаных у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС тэрыторый і інш. У гэты перыяд удалося апублікаваць шэраг калектыўных і індывідуальных прац, у тым ліку:
- А. П. Морова, Л. П. Васючёнок, В. В. Гаврилюк, И. В. Забелова и др. «Характер, структура и факторы формирования экономических отношений». 1992
- П. Г. Никитенко. «Региональная экономика: сущность и механизм управления». 1992
- В. Н. Усоский. «Сравнительный анализ экономических систем». 1993
- И. В. Пелипась. «Взаимосвязь производительности и оплаты труда в сельском хозяйстве». 1993
- В. С. Фатеев. «Менеджмент и региональная политика за рубежом». 1994
- Т. С. Вертинская. «Региональная экономическая политика в сфере переработки отходов производства». 1994
- И. А. Михайлова-Станюта, Л. А. Ковалев, О. Л. Шулейко. «Оценка финансового состояния предприятий». 1994
- Л. П. Васючёнок, В. В. Гаврилюк, Е. К. Медведев и др. «Инфляция: природа, сущность и регулирование». 1996
- И. М. Абрамов, О. С. Булко, И. В. Колесникова. «Проблемы реформирования белорусской экономики». 1996
- И. М. Абрамов, И. А. Михайлова-Станюта, О. С. Булко и др. «Финансово-промышленные группы в Беларуси: перспективы и методы формирования». 1997
У 1995—1996 гг. супрацоўнікі Інстытута эканомікі ў творчым супрацоўніцтве са спецыялістамі іншых навуковых устаноў і ВНУ ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы першага і другога нацыянальных справаздач аб чалавечым развіцці: «Беларусь — тварам да чалавека» і «Беларусь — асяроддзе для чалавека». Гэтая досыць карпатлівая, адказная і на той перыяд часу піянерская даследчая праца была выканана пры адміністрацыйна-тэхнічнай падтрымцы Прадстаўніцтва ААН/ПРААН у Рэспубліцы Беларусь і атрымала высокую адзнаку не толькі ў краіне, але і за мяжой.
У 1995 г. супрацоўніку Інстытута эканомікі І. М. Абрамаву за манаграфію «Цыклы ў развіцці эканомікі СССР» (1990 г.) была прысуджана медаль М. Д. Кандрацьева, заснаваная Расійскай Акадэміяй навук і Міжнародным фондам М. Д. Кандрацьева.
У 1996—2000 гг. Інстытут эканомікі НАН Беларусі выконваў функцыі каардынатара і асноўнага выканаўцы навукова-даследчых работ па дзяржаўнай праграме фундаментальных даследаванняў «Тэарэтычныя асновы нацыянальнай мадэлі эканомікі Рэспублікі Беларусь і механізм яе рэгулявання (Нацыянальная эканоміка)». НДР выконваліся ў супрацоўніцтве з НДЭІ Мінэканомікі, Беларускім НДІ эканомікі і інфарматыкі аграпрамысловага комплексу, Полацкім дзяржаўным універсітэтам і шэрагам іншых навуковых устаноў і ВНУ краіны.
У апошнія гады ўзмацнілася сувязь інстытута з вышэйшай школай. Большасць навуковых супрацоўнікаў выкладаюць у ВНУ, прымаюць удзел у падрыхтоўцы падручнікаў па эканамічных дысцыплінах, а найбольш кваліфікаваныя спецыялісты з’яўляюцца членамі Экспертнага Савета ВАК Беларусі і спецыялізаваных саветаў па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый пры ВНУ і навукова-даследчых установах, а таксама навуковымі кіраўнікамі і кансультантамі аспірантаў, дактарантаў і саіскальнікаў.
Супрацоўнікі інстытута прымаюць удзел у распрацоўцы заканадаўчых і іншых нарматыўных актаў, у экспертных і рабочых групах пры Акадэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Урадзе і Нацыянальным сходзе. Многія з іх з’яўляюцца членамі рэдкалегіі вядучых рэспубліканскіх і міжнародных часопісаў сацыяльнага і эканамічнага профілю, выконваюць работу па грантах Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў.
Інстытут падтрымлівае навуковыя сувязі з замежнымі інстытутамі і ВНУ эканамічнага профілю. Асабліва цесныя і плённыя кантакты з роднаснымі расійскімі і ўкраінскімі арганізацыямі, з якімі заключаны дамовы аб творчым супрацоўніцтве. У іх ліку Інстытут эканомікі РАН, Інстытут праблем рынку РАН, Інстытут народна-гаспадарчага прагназавання РАН, Інстытут эканомікі Уральскага аддзялення РАН, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт эканомікі і фінансаў, Інстытут эканамічнага прагназавання НАН Украіны, Інстытут рэгіянальных даследаванняў НАН Украіны і інш.
У 2011—2015 гг. Інстытут эканомікі НАН Беларусі праводзіць фундаментальныя даследаванні ў рамках Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Гуманітарныя навукі як фактар развіцця беларускага грамадства і дзяржаўнай ідэалогіі» па наступных заданнях:
- тэарэтыка-метадалагічныя асновы мадэрнізацыі нацыянальнай мадэлі эканомікі для павышэння яе канкурэнтаздольнасці;
- распрацоўка тэарэтычных асноў і механізмаў забеспячэння новай якасці эканамічнага росту;
- макраэканамічнае рэгуляванне ў посткрызіснай мадэлі развіцця нацыянальнай эканомікі: інстытуцыянальныя, грашова-крэдытныя і бюджэтна-падаткавыя аспекты;
- навуковыя асновы знешнеэканамічнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь;
- тэарэтычныя асновы і механізмы фарміравання эфектыўнай нацыянальнай інавацыйнай сістэмы;
- навуковыя асновы распрацоўкі рэгіянальнай палітыкі ва ўмовах структурных пераўтварэнняў эканомікі;
- распрацоўка тэорыі развіцця дэмаграфічнага і працоўнага патэнцыялаў з улікам новых імператываў сусветнага эканамічнага развіцця;
- стратэгія развіцця сферы паслуг у Рэспубліцы Беларусь.
У 2016—2020 гг. у Інстытуце ажыццяўляліся фундаментальныя даследаванні ў рамках Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства» па наступных заданнях:
- «Даследаванне тэарэтыка-метадалагічных асноў і распрацоўка інстытуцыйных механізмаў эканамічнага росту Беларусі»;
- «Даследаванне тэарэтыка-метадалагічных асноў і распрацоўка канцэпцыі эфектыўнай фінансавай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь»;
- «Распрацоўка стратэгіі эканамічнага суверэнітэту і эфектыўнай знешнегандлёвай палітыкі Беларусі ў сістэме міжнароднай інтэграцыі»;
- «Даследаванне тэарэтыка-метадалагічных асноў і распрацоўка механізмаў забеспячэння інавацыйнай успрымальнасці эканомікі»;
- «Абгрунтаванне тэарэтыка-метадалагічных асноў і напрамкаў трансфармацыі сферы паслуг Беларусі з улікам сусветных трэндаў».[2]
Напрамкі навуковай дзейнасці[правіць | правіць зыходнік]
- тэорыя і метадалогія развіцця нацыянальнай сацыяльна-эканамічнай мадэлі;
- інстытуцыйныя і фінансавыя механізмы ў сістэме макраэканамічнага рэгулявання;
- тэорыя і механізмы фарміравання эфектыўнай нацыянальнай інавацыйнай сістэмы;
- навуковыя асновы знешнеэканамічнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь;
- сацыяльныя працэсы ў эканамічным развіцці.
Арганізацыйная структура[правіць | правіць зыходнік]
- Цэнтр сусветнай эканомікі
- Цэнтр чалавечага развіцця і дэмаграфіі
- Аддзел макраэканамічнай і фінансавай палітыкі
- Аддзел маніторынгу сацыяльна-эканамічнага развіцця
- Аддзел эканомікі сферы паслуг
- Беларуска-Кітайскі аналітычны цэнтр развіцця
- Цэнтр дзяржаўнага будаўніцтва і права
- Цэнтр інавацыйнай і інвестыцыйнай палітыкі[3]
Дырэктары Інстытута ў розныя гады[правіць | правіць зыходнік]
- І. А. Пятровіч, 1931—1932, акадэмік;
- Т. Ф. Домбаль, 1932—1935, акадэмік;
- Я. Г. Ракаў, 1935—1937 і 1940—1941, акадэмік;
- В. М. Лубяка, 1940—1946, акадэмік;
- С. М. Малінін, 1946—1947, д.э.н, прафесар;
- І. М. Качура, 1947—1951, член-карэспандэнт;
- Г. Ц. Кавалеўскі, 1952—1964, прафесар;
- Ф. С. Марцінкевіч, 1964—1980, акадэмік;
- С. Р. Галуза, 1981—1988, д.э.н., прафесар;
- Г. М. Лыч, 1988—1997, акадэмік;
- П. Г. Нікіценка, 1998—2010, акадэмік;
- А. В. Маркаў, в.а., 2010—2011, д.э.н.
- А. Я. Дайнека, 2011—2016, д.э.н., прафесар, член-карэспандэнт (2014)[4]
- В. І. Бельскі, 2016—2020, д.э.н.[5]
- В. Л. Гурскі, 2020—2022, д.э.н.
- Д. В. Муха, з 2022, к.э.н.
Зноскі
- ↑ Рада па абароне дысертацыяў , Інстытут эканомікі (2018). Праверана 7 жніўня 2018.
- ↑ Направления исследований
- ↑ Организационная структура
- ↑ ФММП БНТУ — Дайнеко Алексей Евгеньевич
- ↑ Директор Института экономики НАН станет заместителем главы Администрации Президента