Герб Малеча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Герб Малеча
Дэталі

Герб Ма́леча — афіцыйны геральдычны сімвал аграгарадка Малеча. Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 24 верасня 1998 года пад № 24.

Герб Малеча адносіцца да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сучасны Малеч мае статус аграгарадка, з’яўляецца цэнтрам сельсавета Бярозаўскага раёна. У XVII стагоддзі гэты населены пункт быў мястэчкам у Берасцейскім павеце Вялікага Княства Літоўскага.

Прывілей на магдэбургскае права Малечу першапачаткова быў дараваны ў 1645 годзе каралём Уладзіславам IV і пацверджаны ў 1650 годзе прывілеем караля Яна Казіміра. Наданне права на самакіраванне было выклікана «паступіўшай інфармацыяй» пра тое, што мяшчане Малеча «церпяць розныя нягоды ад розных судоў, ад чаго прыходзяць у заняпад даходы караля і Рэчы Паспалітай». Надзяліўшы мястэчка магдэбургскім правам, кароль вызваліў яго гараджан ад усякай іншай юрысдыкцыі. У каралеўскай грамаце дазвалялася варыць піва, гарэлку і мёд, трымаць шынкі, па прыкладу найбліжэйшага горада Пружаны. У дакуменце агаворваліся гандлёвыя дні па чацвяргах кожны тыдзень і тры гадавыя кірмашы, адзін з якіх павінен быў праводзіцца ў дзень ушанавання Пятра і Паўла. Жыхары мястэчка ад свайго гандлю павінны былі плаціць падаткі дзяржаве. У прывілеі падкрэслівалася, што ўсе гарадскія, судовыя і іншыя справы, якія будуць разглядацца ў Малечы, згодна з прывілеем на магдэбургскае права, павінны быць апячатаныя зялёным воскам з выявай на пячаці Святога Пятра з ключамі.

Сімволіка герба[правіць | правіць зыходнік]

Святы апостал Пётр — адзін з першых вучняў Ісуса Хрыста (разам са сваім старэйшым братам, апосталам Андрэем Першазваным). Паводле Евангелля ад Матфея[1], Ісус дараваў апосталу Пятру ключы: адзін — ад царства нябеснага — варот рая, другі — ад пекла. Выява Пятра з двума ключамі павінна нагадваць кожнаму хрысціяніну пра канец зямнога жыцця і выратаванне душы. Ключы сімвалізуюць найвышэйшыя веды аб сэнсе і мэтах жыцця, перададзеныя Хрыстом апосталам і іх вучням.

Выява пеўня за фігурай Святога Пятра не выпадковая. Гэтая птушка з’яўляецца атрыбутам апостала і добра вядомая ў хрысціянскім мастацтве. Калі Ісус на Апошняй Вячэры прадказаў, што Пётр адрачэцца ад яго тройчы, перш чым праспявае певень, апостал не паверыў. Тым не менш усё адбылося так, як сказаў Ісус.

Такім чынам, можна з пэўнай доляй упэўненасці гаварыць пра матывацыю абрання канкрэтнага гербавага сюжэта для герба Малеча. Асоба Святога апостала Пятра была звязана з канкрэтнай штогадовай падзеяй у жыцці гараджан.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Адамушко В. И., Елинская М. М. Гербы и флаги Беларуси. — Минск: Беларусь, 2006. — 254 с.
  • Цітоў А. Гарадская геральдыка Беларусі. — Мн.: Полымя, 1989. — 207 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]