Герб Пружанаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Герб Пружанаў
Дэталі
Носьбіт Пружаны
Зацверджаны 6 мая 1589
Заснаванне 3 мая 1588

Герб го́рада Пружа́ны ўяўляе сабой выяву звілістай блакітнай змяі з залатой каронай на галаве, якая вывяргае дзіця[1], на сярэбраным полі.

Першапачаткова нададзены гораду 3 траўня 1588 Ганнай Ягелонкай, дачкой каралевы Боны Сфорцы, разам з магдэбургскім правам. У наш час зацверджаны рашэннем Пружанскага райвыканкама № 1214 ад 20 кастрычніка 1998 года. У гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь занесены 21 снежня 1998 пад № 31[2].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

3 траўня 1588 года каралева Ганна Ягелонка даравала мястэчку Магдэбургскае права разам з пячаццю і гербам «у сярэбраным полі звілістая блакітная змяя з залатой каронай на галаве вывяргае дзіця». Цераз год, 6 траўня 1589[3], кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза пацвердзіў прывілей уласнай граматай[4]. Яго дакумент — адзіная крыніца, якая тлумачыць сэнс фігур на гербе: «дзіця з'яўляецца з пашчы змяі, што сімвалізуе нанава прабуджаную заўжды маладую сілу ў спалучэнні з мудрасцю, здольнасць свету да самаачышчэння і абнаўлення»[5].

Міланскія карані герба[правіць | правіць зыходнік]

Герб міланскага роду Вісконці
Герб роду Сфорцаў

Нададзены Пружанам герб вельмі падобны да родавага герба Сфорцаў. Першапачаткова выява з'яўлялася гербам міланскага роду Вісконці. Існуе некалькі легенд пра паходжанне герба.

Згодна з легендай, у крыжовым паходзе ў 1187 Атон Вісконці сустрэўся ў паядынку з сарацынскім прынцам. Атон насіў выяву з сямю каронамі, выразанымі на шчыце, бо ён забіў семярых асілкаў, няверны маўр меў на шчыце выяву змяі, якая глытае дзіця. Гэта з'яўлялася насмешкай з хрысціян, бо немаўля сімвалізавала Хрыста. Атон забіў сарацына, забраў яго шчыт і са славай вярнуўся дадому, пасля чаго вырашыў абраць выяву на шчыце сваім гербам[6].

Лічыцца, што гэтая легенда ўзыходзіць да часоў Матэо Вісконці Вялікага (12501322). Матэо Вялікі, азірнуўшыся на цёмнае мінулае сваёй сям'і, вырашыў, што неабходна стварыць слаўную сагу пра Вісконці, і звярнуўся да прыдворных пісьменнікаў, каб тыя стварылі фамільныя легенды і вынайшлі слаўных продкаў. Такім чынам, была створана легенда пра ветэрана Першага крыжовага паходу, які памёр у Рыме ў 1111[7].

Па іншай версіі, намаляваны дракон называўся Tarantasio, у V стагоддзі (або ў XIII стагоддзі[6]) спусташаў наваколлі Мілана на возеры Герунда (цяпер зніклага). Дракон еў дзяцей, атручваў сваім дыханнем ваду і прымушаў людзей хварэць, пакуль не быў забіты родапачынальнікам роду Умберта Вісконці.

Мяркуюць таксама, што Вісконці для свайго герба проста выкарыстоўвалі старажытны ламбардскі сімвал — блакітную змяю, якую насілі ў якасці абярэга[7].

У цяперашні час Мілан мае іншы герб — чырвоны крыж на сярэбраным полі. Выява змея з дзіцем выкарыстоўваецца на лагатыпе Alfa Romeo.

Рэч Паспалітая[правіць | правіць зыходнік]

Дзякуючы працам Анатоля Цітова і Эдмундаса Рымшыbelt ёсць магчымасць аднавіць выгляд герба, які выкарыстоўваўся ў XVI—XVIII стагоддзях.

  • У 1589—1592 гадах выкарыстоўвалася пячаць дыяметрам 29 мм з надпісам па акружнасці «* SIGILLVM [CIVITATIS] [PRVZA]NENSIS * 1589». На картушы выяўлены звіты вуж, з пашчы якога выходзіць палова дзіцяці.
  • У 1671—1763 выкарыстоўвалася іншая пячатка, дыяметрам 27 мм з надпісам па акружнасці «* SIGILLVM * CIVITATIS * PRVZANENSIS». Малюнак той самы, аднак ужо не на картушы, а на шчыце[8].

Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

Герб Пружан часоў Расійскай імперыі

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Пружаны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Гербы местаў сталі замяняцца паняццем «герб павятовы», пры стварэнні якіх улічваліся асаблівасці цэлага рэгіёна, а не канкрэтнага места. Такім чынам у самым пачатку XIX стагоддзя Пружаны атрымалі герб з дзвюх частак: «у верхняй палавіне коннік на сярэбраным полі, узброены мячом у правай і шчытом у левай руцэ[9], у ніжняй — выява зубра»[10]. Такі герб амаль цалкам паўтараў сам знак Гарадзенскай губерні, у склад якой уваходзілі Пружаны.

Пячатка ад 1916 года

6 красавіка 1845 расійскі цар зацвердзіў іншы варыянт герба: «у залатым полі зялёная елка, на галінах якой вісіць паляўнічы ражок», што сімвалізавала сувязь з Белавежскай пушчай. Пазней у верхняй палавіне шчыта быў размешчаны зубр — герб Гродзенскай губерні.

У 1861 годзе быў састаўлены праект герба ў адпаведнасці з геральдычнымі прынцыпамі Бернхарда Кёнэ. Елка заняла ўсё поле шчыта, губернскі герб быў падняты ў верхнюю правую частку. За шчытом былі дабаўленыя два молаты, аперазаныя Аляксандраўскай стужкай, зверху з'явілася карона. Гэты праект не быў афіцыйна зацверджаны[11].

Цікава, што на пячатцы 1916 года спалучана выява расійскага герба і даўняга пружанскага герба з выявай змяі.

Міжваенная Польская рэспубліка[правіць | правіць зыходнік]

Герб Пружан у 1921—1939 гадах

У перыяд з 1921 па 1939 урад Пілсудскага вярнуў Пружанам герб, нададзены ў XVI стагоддзі, аднак колер шчыта быў зменены на зялёны, а вуж застаўся без кароны. Замест гэтага герб атрымаў шляхецкую карону на шчыт і ўпрыгожанне ў выглядзе дзвюх пальмавых галінак вакол яе[12].

Савецкі час[правіць | правіць зыходнік]

У складзе БССР Пружаны, як і іншыя месты, свайго ўласнага гербу не мелі. Пэўны час на паштоўках, значках, вымпелах, брашурах, пры ўездзе ў места ўжывалі малюнак «у верхняй частцы елка, у ніжняй — зубр»[10].

Рэспубліка Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

У 1996 годзе быў аб'яўлены конкурс на стварэнне праекта герба, у якім мог удзельнічаць кожны ахвочы. 25 сакавіка 1997 года Пружанскі райвыканкам пастановай № 329 абвясціў пераможцу — праект Леаніда Спаткая. Паводле афіцыйнага апісання герба горада:

" Сярэбраны гербавы шчыт, акаймаваны золатам, падзелены блакітным вілападобным звілістым крыжом на тры палі. У верхняй частцы — рог дастатку натуральнага колеру; у правай — блакітны вуж з залатой каронай, з пашчы якога нараджаецца дзіця (натуральнага колеру); у левай — гарлач чорнай керамікі.
Наталля Пракаповіч
Геральдыка на Пружаншчыне
"

Вілавідны крыж сімвалізуе сутокі рэк Вец і Муха ў Мухавец, рог — працавітасць і заможнасць мясцовых жыхароў. Вуж, узяты са старажытнага герба Пружанаў, — славутую мінуўшчыну і старажытнасць места. Гарлач — адзін з відаў ганчарнага майстэрства, якое існавала ў горадзе да 1970-х гадоў.

Аднак з прычыны неадпаведнасці дадзенага праекта геральдычным канонам новы герб не прыжыўся. Неўзабаве быў вернуты першапачатковы варыянт герба горада, зацверджаны рашэннем пружанскага райвыканкама № 1214 ад 20 кастрычніка 1998 года.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Дзіця паяўляецца з пашчы змяі, што сімвалізуе вечна юную сілу ў злучэнні з мудрасцю, здольнасць свету да самаачышчэння і абнаўлення.
  2. Гербовый матрикул Республики Беларусь (руск.). Гербы городов Брестской области. Праверана 5 траўня 2012.
  3. Prużana // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze (польск.). — Warszawa, 1888. S. 110.
  4. Старонкі мінулага // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружан. р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 24.
  5. Чистова Ольга Васильевна.. Дневник овч » Гербы » Герб г. Пружаны. Беларусь (руск.). Праверана 27 снежня 2011.(недаступная спасылка)
  6. а б Il Biscione tra Storia e Leggenda Архівавана 30 красавіка 2009.
  7. а б Biscione e il Mistero del Lago Gerundo.htm Lo stemma dei Visconti: Il 'Biscione'(недаступная спасылка)
  8. Вольга Міронава. Да пытання аб колерах герба Пружанаў // Выдавец і рэдактар — Аляксей Шаланда. Герольд Litherland. — Горадня: 2004. — № 1-2 (13-14). — С. 36.
  9. Герб Вялікага Княства Літоўскага «Пагоня».
  10. а б Наталля Пракаповіч.. Геральдыка на Пружаншчыне. Усё пра Ружаны. Праверана 30 сакавіка 2016.
  11. Пружаны герб (руск.). Гербы Брестской области. Праверана 17 студзеня 2012.
  12. Вольга Міронава. Да пытання аб колерах герба Пружанаў // Выдавец і рэдактар — Аляксей Шаланда. Герольд Litherland. — Горадня: 2004. — № 1-2 (13-14). — С. 37—38.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]