Краёвае кола Літвы і Русі

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Група заходніх акраін)
Jump to navigation Jump to search

Краёвае кола Літвы і Русі (1906), Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі (1907), Польска-літоўска-беларускае кола (1907—1912), Беларуска-літоўска-польскае кола (1912—1917) (руск.: Группа западных окраин) — аб'яднанні дэпутатаў (галоўным чынам — католікаў) з Заходняга краю Расійскай імперыі адпаведна ў I, II, III і IV Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі ў 1906—1917 гг.

У ідэалагічных адносінах да 1911 г. групоўка ў сваёй большасці была прыхільніцай «краёвай ідэі» («краёвасці») — яе ліберальна-кансерватыўнага кірунку, а з 1912 г. у яе шэрагах значыліся і прыхільнікі ідэй польскіх нацыянальных дэмакратаў (польскіх «эндэкаў», «эндэцыі»).

Назва і характарыстыка групоўкі[правіць | правіць зыходнік]

Характарыстыка дэпутацкай групы[правіць | правіць зыходнік]

Групоўка дэпутатаў мела розныя назвы ў I, II, III і IV Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі, але група мела агульныя характарыстыкі, у першую чаргу — рэгіён паходжання дэпутатаў і іх веравызнанне.

У канфесійных адносінах групоўка складалася з дэпутатаў-католікаў — адзіным выключэннем быў граф Ваўрынец Станіслававіч Путкамер, які быў кальвіністам. Колькасць групоўкі ў кожным новым скліканні Думы скарачалася, бо на кожных выбарах з 1907 г. расійская ўлада ставіла перашкоды і ўводзіла абмежаванні да абарання асоб неправаслаўнага веравызнання і нярускай нацыянальнасці. Толькі асобныя дэпутаты ўваходзілі ў склад групоўкі некалькі раз — вялікай была ратацыя складу групоўкі ў кожным новым скліканні Думы, што тлумачыцца тымі ж перашкодамі і абмежаваннямі з боку афіцыйных улад Расійскай імперыі.

У ідэалагічных адносінах да 1911 г. групоўка ў сваёй большасці была прыхільніцай «краёвай ідэі» («краёвасці») — яе ліберальна-кансерватыўнага кірунку, а з 1912 г. у яе шэрагах значыліся і прыхільнікі ідэй польскіх нацыянальных дэмакратаў (польскіх «эндэкаў», «эндэцыі»). Асобныя дэпутаты мелі двайное членства ў парламенцкіх групах дэпутатаў Дзяржаўнай Думы.

У геаграфічных адносінах групоўка ў I і II Дзяржаўнай Думе складалася з дэпутатаў, які былі абраны ад губерняў Заходняга края (заходніх губерняў), дзе пераважалі прадстаўнікі ад Паўночна-Заходняга края (літоўска-беларускіх губерняў); а ў III і IV Дзяржаўнай Думе — выключна з дэпутатаў ад Паўночна-Заходняга края (літоўска-беларускіх губерняў), дзе пераважалі прадстаўнікі Віленскай губерні.

У кожным новым скліканні Дзяржаўнай Думы групоўка мела новых лідараў: у I Дзяржаўнай Думе на яе чале стаяў прадстаўнік Мінскай губерні, а ў II, III і IV Дзяржаўнай Думе — Віленскай губерні.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Групоўка ў I, II, III і IV Дзяржаўнай Думе мела паралельна некалькі варыянтаў сваёй назвы на рускай мове і некалькі варыянтаў на польскай.

У I Дзяржаўнай Думе групоўка апублікавала на рускай мове сваю праграму, дзе сама групоўка афіцыйна назвала сябе як «Парламентская группа западных окраин» (г.зн. «Парламенцкая група заходніх ускраін»)[1]Заходні край (заходнія губерні) Расійскай імперыі меў паралельную публіцыстычную і ўрадавую назву «заходнія ўскраіны». У рускамоўнай прэсе і паўсядзённым абыходзе замацавалася скарочаная назва «Группа западных окраин» (г.зн. «Група заходніх ускраін»)[2], а таксама паралельная назва «Территориальное коло» (г.зн. «Тэрытарыяльнае кола»)[3].

Рускамоўныя назвы «Группа западных окраин» і «Территориальное коло» выкарыстоўваліся адносна групоўкі і ў II Дзяржаўнай Думе[4]. У рускамоўнай прэсе і паўсядзённым абыходзе адносна групоўкі ў I і II Дзяржаўнай Думе таксама выкарыстоўваліся і больш рэдкія назвы — «Группа северо-западных и юго-западных окраин» (г.зн. «Група паўночна-заходніх і паўднёва-заходніх ускраін») і «Территориальное окраинное коло» (г.зн. «Тэрытарыяльнае акраіннае кола»)[5].

Сама групоўка сябе ў I Дзяржаўнай Думе называла па-польску як «Koło Krajowe Litwy i Rusi» (г.зн. «Краёвае кола Літвы і Русі») ці «Koło Poselskie Litwy i Rusi» (г.зн. «Дэпутацкае кола Літвы і Русі»), а ў II Дзяржаўнай Думе як «Koło Posłów Polaków Konstytucjonalistów z Litwy i Rusi» (г.зн. «Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі»)[6][7]. Такая назва тлумачылася тым, што мясцовае каталіцкае і польскамоўнае дваранства Заходняга края, якое было генетычна нашчадкамі шляхты Рэчы Паспалітай і пераемнікамі яе культуры і традыцый, называла ў сваім асяроддзі гэтыя «заходнія губерні» як «Літва і Русь», карыстаючыся геаграфічнай і тапанімічнай тэрміналогіяй часоў Рэчы Паспалітай.

У III Дзяржаўнай Думе адносна групоўкі ўжывалася рускамоўная назва «Польско-литовско-белорусская группа» ці «Польско-литовско-белорусское коло», а сама яна сябе называла па-польску як «Польска-літоўска-беларускае кола»[8]. А ў IV Дзяржаўнай Думе адносна групоўкі ўжывалася рускамоўная назва «Белорусско-литовско-польская группа» ці «Белорусско-литовско-польское коло», а сама яна сябе называла па-польску як «Беларуска-літоўска-польскае кола»[9].

Краёвае кола Літвы і Русі (1906)[правіць | правіць зыходнік]

Склад[правіць | правіць зыходнік]

Групоўка аформілася 4 мая 1906 г. з ліку дэпутатаў-каталікоў, абраных у I Дзяржаўную Думу ад заходніх губерняў. Кіраўніком стаў Аляксандр Робертавіч Лядніцкі. Да ліку кіраўніцтва групы таксама належалі князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі, Чэслаў Каралевіч Янкоўскі і Фелікс Панятоўскі[10].

У склад групоўкі ўваходзілі 19 дэпутатаў-членаў і 2 салідараваных з групоўкай дэпутаты-каталікі (Александровіч і Жукоўскі):

У афіцыйных думскіх анкетных дадзеных усе дэпутаты-члены групы заяўлялі сябе як «палякі», акрамя Гатавецкага, які запісаўся як «літовец»[11]. Салідарызаваны з групоўкай дэпутат (селянін) Канстанцін Александровіч запісаў сябе ў анкеце як «літовец» і быў членам т.зв. «Трудавой групы»; а дэпутат (селянін) Марцін Жукоўскі запісаў сябе ў анкеце як «паляк», таксама быў членам т.зв. «Трудавой групы» і быў прыхільны «краёвым поглядам» Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі[12]. У той жа час ксёндз Антоній Сангайла запісаў сябе ў анкеце як «паляк», але сам ксёндз і сама групоўка лічыла яго за літоўца (балтамоўнага) і прыхільніка літоўскага (балтамоўнага) нацыянальна-дэмакратычнага руху[13].

Усе дэпутаты групоўкі (акрамя Сангайлы, Жукоўскага і Аляксандровіча) былі краёўцамі-кансерватарамі[14]. З 21 дэпутата групоўкі 9 чалавек былі маянткоўцамі, 2 сялянамі, 2 ксяндзамі, 8 інтэлігенцыяй. Лідарскія пазіцыі займалі ў групе дэпутаты ад Мінскай губерні; абранне Фелікса Панятоўскага ў склад кіраўніцтва групоўкі тлумачылася тым, што да групы ўваходзілі 4 дэпутаты з паўднёва-заходніх губерняў, якія былі заможнымі і аўтарытэтнымі маянткоўцамі (Панятоўскі, Патоцкі, Грахольскі і Горват)[15].

Палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Беларускі гісторык Алесь Смалянчук указвае, што член «Краёвага кола Літвы і Русі» граф Юзаф Патоцкі прызнаваў існаванне супярэчнасцяў і з раздражненнем заўважыў пра дэпутатаў «Краёвага кола Літвы і Русі»: «Я заўсёды выказваюся як паляк, а некаторыя іншым разам выступаюць як беларусы». Алесь Смалянчук таксама дадае, што ў польскамоўнай газеце «Дзеннік Кіёўскі» у 1906 г. быў апублікаваны ананімны ліст «грамадзяніна Забранага краю П.В.», дзе аўтар быў абураны паводзінамі польскіх дэпутатаў ад Мінскай губерні, якія нібыта публічна прызналі, што з’яўляюцца «тутэйшымі», а таксама «беларусамі польскай культуры», а ў якасці гэтых «здраднікаў» фігуравалі дэпутаты «Краёвага кола Літвы і Русі» ад Мінскай губерні — князь Геранім Друцкі-Любецкі, Віктар Янчэўскі, Раман Скірмунт і Пётр Масоніус[16]. У ананімным лісце сцвярджалася існаванне ў «Краёвым коле Літвы і Русі» двух дэпутатцкіх груповак, якія змагаюцца паміж сабой – пры гэтым дэпутаты-«беларусы» нібыта абзываюць дэпутатаў апанентаў «ляхамі» і г.д. Беларускі гісторык Алесь Смалянчук заўважае, што «ляхамі» аказаліся якраз дэпутаты «Краёвага кола Літвы і Русі» з украінскіх губерняў («паўднёва-заходніх губерняў»), у т.л. дэпутат граф Юзаф Патоцкі[17].

Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі (1907)[правіць | правіць зыходнік]

Склад[правіць | правіць зыходнік]

Групоўка аформілася 28 лютага 1907 г. з ліку дэпутатаў-каталікоў, абраных у II Дзяржаўную Думу ад заходніх губерняў. Кіраўніком стаў Міхал Венслаўскі. Да ліку кіраўніцтва групы таксама належалі граф Ваўрынец Путкамер, Марыян Хелхоўскі і Генрых Дымша[18].

У склад групоўкі ўваходзілі 11 дэпутатаў-членаў і 1 салідараваны з групоўкай дэпутат-каталік (Пялейка):

У афіцыйных думскіх анкетных дадзеных усе дэпутаты-члены групы заяўлялі сябе як «палякі»[19].

Усе дэпутаты групоўкі (акрамя Пялейкі) былі краёўцамі-кансерватарамі[20].

Палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Польска-літоўска-беларускае кола (1907—1912)[правіць | правіць зыходнік]

Склад[правіць | правіць зыходнік]

Групоўка аформілася ў лістападзе 1907 г. з ліку дэпутатаў-каталікоў, абраных у III Дзяржаўную Думу ад заходніх губерняў. Кіраўніком стаў Юзаф Монтвіл (1850—1911), які памёр у 1911 г. На месца Монтвіла прыехаў з Віленскай губерні на дэпутацтва ў Дзяржаўную Думу (Санкт-Пецярбург) Людвік Ахатніцкі, які атрымаў на выбарах другое месца пасля Монтвіла, а кіраўніком групы ў 1911 г. быў абраны Казімір Завіша[21].

У склад групоўкі ўваходзілі 7 дэпутатаў-членаў:

У афіцыйных думскіх анкетных дадзеных усе дэпутаты-члены групы заяўлялі сябе як «палякі», акрамя Цыўнеліса, які запісаў сябе ў анкеце як «літовец»[22].

Усе дэпутаты групоўкі (акрамя Цыўнеліса) былі краёўцамі-кансерватарамі[23].

Палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Беларуска-літоўска-польскае кола (1912—1917)[правіць | правіць зыходнік]

Склад[правіць | правіць зыходнік]

Групоўка аформілася ў лістападзе 1912 г. з ліку дэпутатаў-каталікоў, абраных у IV Дзяржаўную Думу ад заходніх губерняў, а па сутнасці — з Віленскай і Ковенскай губерняў. Кіраўніком стаў граф Ваўрынец Путкамер.

У склад групоўкі ўваходзілі 6 дэпутатаў-членаў:

У афіцыйных думскіх анкетных дадзеных усе дэпутаты-члены групы заяўлялі сябе як «палякі», акрамя Цыўнеліса, які запісаў сябе ў анкеце як «літовец»[24].

У ідэалагічных адносінах толькі Свянціцкі выразна акрэсліваў сябе як краёўца-кансерватара[25]. Банькоўскі, Цыўнеліс і Рачкоўскі характарызаваліся як беспартыйныя. Граф Путкамер і ксёндз Мацяевіч былі прыхільнікамі ідэй польскіх нацыянальных дэмакратаў (польскіх «эндэкаў», «эндэцыі»), але не ў поўнай меры, бо, у адрозненне ад галоўных ідэолагаў польскіх нацыянальных дэмакратаў (польскіх «эндэкаў», «эндэцыі») з думскай групоўкі дэпутатаў «Польскае кола», імкнуліся ўлічваць і этнакультурныя асаблівасці літоўска-беларускіх зямель (паўночна-заходніх губерняў)[26].

Палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С 466.
  2. Циунчук, Р.А. Западных окраин группа... С. 215; Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 157.
  3. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С 466; Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 162.
  4. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С 466; Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — Москва, 2006. — С. 362.
  5. Циунчук, Р.А. Западных окраин группа... С. 215.
  6. Циунчук, Р.А. Западных окраин группа... С. 215; Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 173; Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С 466.
  7. Skirmuntt, K. «Nasza "tutejszość"»
  8. Циунчук, Р.А. Западных окраин группа... С. 217; Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 218, 270.
  9. Циунчук, Р.А. Западных окраин группа... С. 217; Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 271.
  10. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 157.
  11. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С 466.
  12. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 155; Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С 466.
  13. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С 466, 469.
  14. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 154—159.
  15. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 157.
  16. Смалянчук, А. «Краёвец» у Дзяржаўнай Думе Расейскай імперыі («думскі эпізод» палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта. 1906) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў / Аляксандр Смалянчук. — Мінск : Зміцер Колас, 2017. — С. 284.
  17. Смалянчук, А. «Краёвец» у Дзяржаўнай Думе Расейскай імперыі («думскі эпізод» палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта. 1906) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў / Аляксандр Смалянчук. — Мінск : Зміцер Колас, 2017. — С. 284.
  18. Циунчук, Р.А. Западных окраин группа... С. 215; Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 173.
  19. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С 466—468.
  20. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 178.
  21. Циунчук, Р.А. Западных окраин группа... С. 216; Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 218.
  22. Циунчук, Р.А. Западных окраин группа... С. 216; Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 218.
  23. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 218.
  24. Циунчук, Р.А. Западных окраин группа... С. 217; Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 271.
  25. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 271.
  26. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 271.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — Москва: Новое литературное обозрение, 2006. — 608 с.
  • История России. XX век: в 2-х т. / отв.ред. А.Б. Зубов. — Москва : АСТ, 2009. — Т. I. 1894—1939 гг. — 1024 с.
  • Смалянчук, А. «Краёвец» у Дзяржаўнай Думе Расейскай імперыі («думскі эпізод» палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта. 1906) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў / Аляксандр Смалянчук. — Мінск : Зміцер Колас, 2017. — 460 с.
  • Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А.Ф. Смалянчук. — Санкт-Пецярбург : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Циунчук, Р.А. Западных окраин группа / Р.А. Циунчук // Государственная Дума России: Энциклопедия: в 2-х т. — Москва : РОССПЭН, 2006. — Т.1. Государственная Дума Российской империи (1906—1917 гг.). — С. 215—217.
  • Jurkowski, R. Sukcesy i porażki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906—1913 / R. Jurkowski. — Olsztyn: WUWM Olsztyn, 2009. — 550 s.
  • Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855—1925) / H. Korwin-Milewski. — Poznań : 1930, Jan Jachowski. — 600 s.
  • Skirmuntt, K. «Nasza "tutejszość"» / K. Skirmuntt // Kurier Litewski. — 1906. — №214.
  • Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.