Леў Францавіч Лубенскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Леў Лубенскі)
Jump to navigation Jump to search
Леў Лубенскі
Leon Lubienski 1861-1944 - deputat Dumy - 1907 AD.jpg
Herb Pomian.svg
герб «Помян»
дэпутат II Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі ад Магілёўскай губерні
1907 — 1907
сенатар Польшчы ад Навагрудскага ваяводства
1922 — 1927
сенатар Польшчы ад Келецкага ваяводства
1928 — 1930
 
Дзейнасць: палітык
Веравызнанне: каталік
Нараджэнне: 15 сакавіка 1861(1861-03-15)
Смерць: 9 жніўня 1944(1944-08-09) (83 гады)
Пахаванне:
Род: Лубенскія
Бацька: граф Францішак Лубенскі (1834—1891)
Маці: князёўна Ганна (Ганна-Марыя-Клемянтына) Любамірская (1838—1917). Шлюб у 1859 г.
Жонка: 1) графіня Гелена Лубенская (1859—1902); 2) графіня Леапальдзіна (Леапальдзіна-Эльжбета) Чапская (1887—1969). Шлюб у 1905 г.
Дзеці: ад Лубенскай: 1) Сафія (1887—1962), 2) Станіслаў (1889—1903); ад Чапскай: 3) Юзэфа-Яніна (1906—1988), 4) Ежы (1907—1958), 5) Францішак (1909—1939), 6) Людвік (1912—1996).

Леў Лубенскі, Леў Францавіч Лубенскі, Леў Францішкавіч Лубенскі, Леан Лубеньскі (польск.: Leon Łubieński, руск.: Лев Францевич Лубенский; 15 сакавіка 1861, вёска Казімежа-Велька, Келецкая губерня, Расійская імперыя9 жніўня 1944, горад Варшава, Польшча) — гаспадарчы і палітычны дзеяч Расійскай імперыі, Беларусі і Польшчы. Належаў да графскага роду Лубенскіх (Лубеньскіх).

Член Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і Магілёўскага таварыства сельскай гаспадаркі. Быў дэпутатам II Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі ад Магілёўскай губерні, дзе ўваходзіў у дэпутацкую групоўку «Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі» (1907) і належаў да краёўцаў-кансерватараў.

Дыпламат і сенатар (1922—1930) Польшчы.

Паходжанне роду і сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 15 сакавіка 1861 г. у родавым маёнтку Казімежа-Велька (Келецкая губерня Расійскай імперыі) у сям'і камер-юнкера расійскага двара графа Францішка Лубенскага (1834—1891) і яго жонкі — князёўны Ганны Любамірскай (1838—1917). Быў ахрышчаны ў каталіцтва. Належаў да польскай арыстакратыі.

Яго бацька Францішак Лубенскі (1834—1891) быў сынам польскага графа Казіміра Лубенскага (1801—1870) і графіні Марыяны Корвін-Красінскай (1810—1862), валодаў двума цукровымі заводамі ў Келецкай губерні і стаў аўтарам навуковых работ на тэму вырабу цукру[1].

Яго маці князёўна Ганна Любамірская (1838—1917) была дачкой князя Канстанціна (Канстанціна-Станіслава-Ксаверыя) Любамірскага (1786—1870) ад яго жонкі — рускай графіні Кацярыны Мікалаеўны Талстой (1789—1870). Ганна Любамірская (1838—1917) належала да «літоўскай» галіны роду Любамірскіх, якая асела ў 1780-х гг. на Аршаншчыне, купіўшы ў Рыгора Пацёмкіна маёнтак Дуброўна ў Аршанскім павеце Магілёўскага намесніцтва (Расійскай імперыі); прынесла ў пасаг мужу маёнткі ў Аршанскім павеце.

Першай жонкай Льва Лубенскага стала графіня Гелена Лубенская (1859—1902), якая была дачкой графа Уладзіслава Лубенскага (1817—1880) і яго жонкі-полькі Марыі Арсэці (Orsetti) (1830—1903). Ад першай жонкі меў двух дзяцей: 1) Сафія (1887—1962) — выйшла за Аляксандра Русаноўскага (1883—1925); 2) Станіслаў (1889—1903) — памёр маладым[1].

Другой жонкай Льва Лубенскага ў 1905 г. стала графіня Леапальдзіна (Леапальдзіна-Эльжбета) Чапская (1887—1969), якая была дачкой графа Ежы Эмерыкавіча Чапскага і жыхаркай Мінскай губерні. Ад другога шлюбу меў чатырох дзяцей: 1) Юзэфа-Яніна (1906—1988) — стала манашкай-уршулянкай і супрацоўніцай Люблінскага каталіцкага ўніверсітэту (Katolicki Uniwersytet Lubelski); 2) Ежы (1907—1958) — стаў афіцэрам войска міжваеннай Польшчы, байцом французскага руху супраціўлення ў час Другой сусветнай вайны, а пасля вайны — эмігрантам і грамадзянінам Францыі; 3) Францішак (1909—1939) — ваяваў у польскім войску з пачатку Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 г. і прапаў без следу; 4) Людвік (1912—1996) — ажаніўся з графіняй Эльжбетай-Марыяй Тышкевіч (1921—1996), стаў юрыстам, сакратаром Юзафа Бека (Józef Beck), афіцэрам II Польскага корпусу генерала Уладзіслава Андэрса, а пасля супрацоўнікам Радыё Свабодная Еўропа (RWE)[1].

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў Тэхналагічны інстытут у Грацы (Аўстра-Венгрыя).

Маёнтак[правіць | правіць зыходнік]

Валодаў спадчыннымі маёнткамі Казімежа-Велька (Kazimierza Wielka) і Белзаў (Bełzów) у Піньчаўскім павеце Келецкай губерні, а таксама маёнткам Межава (каля 700 дзесяцін зямлі) у Аршанскім павеце Магілёўскай губерні.

Гаспадарчая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Пасля сканчэння інстытута пачаў займацца гаспадаркай у родавых маёнтках Казімежа-Велька (Kazimierza Wielka) і Белзаў (Bełzów) у Піньчаўскім павеце Келецкай губерні (Расійская імперыя)[1]. У 1903 г. у Мінску быў надрукаваны яго «Даклад аб дэнатуралізацыі спірту і аб ужыванні яго для хімічных і тэхнічных мэт».

Верагодна, па прычыне знаёмства і шлюбу з графіняй Леапальдзінай Чапскай (1887—1969), якая была жыхаркай Мінскай губерні, Леў Лубенскі пераносіць сваю дзейнасць з польскіх у літоўска-беларускія губерні Расійскай імперыі і кіруе сваімі маёнткамі ў Аршанскім павеце. Будуе ў сваім маёнтку Межава (Аршанскі павет) сядзібна-паркавы комплекс[2]. Стаў аўтарытэтам сярод землеўласнікаў-католікаў Магілёўскай губерні, членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і Магілёўскага таварыства сельскай гаспадаркі і хутка стаў адным з уплывовых кіраўнікоў абодвух гэтых сельскагаспадарчых таварыстваў — увайшоў у склад іх Рад[1][3]. Прычынай такога павароту падзей, верагодна, стала паразуменне з дваранамі-каталікамі Мінскай і Магілёўскай губерняў і ўсё той жа шлюб Льва Лубенскага з Леапальдзінай Чапскай, якая была дачкой графа Ежы Чапскага — аднаго з лідараў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і заможнага маянткоўца Мінскай губерні. Паводле ацэнкі лідара Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдварда Вайніловіча, Лубенскі праяўляў прыкметную актыўнасць у арганізацыі[4]. Граф Леў Лубенскі быў членам Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі ў 1903—1917 гг.[5]

Стаў членам нагляднай камісіі Мінскага таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання (ад агню).

Упамінаецца, што ў 1913 г. ад Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі быў прадстаўніком у Варшаўскім параённым камітэце — па рэгуляванні масавых перавозак грузаў на чыгунцы[6].

Палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У Расійскай імперыі (1905—1917)[правіць | правіць зыходнік]

6 лютага 1907 г. граф Леў Лубенскі выў выбраны (ад агульнага складу выбаршчыкаў Магілёўскай губерні) дэпутатам II Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі — за яго прагаласавалі дваране-католікі, яўрэі і 26 сялян, але не прагаласаваў ніводны рускі землеўласнік Магілёўскай губерні[7]. У II Дзяржаўнай Думе ўваходзіў у дэпутацкую групоўку «Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі» (1907) і належаў да краёўцаў-кансерватараў[8].

Пасля ўвядзення ў 1911 г. у Магілёўскай губерні земскага самакіравання быў абраны членам у Магілёўскае губернскае земства ад «польскай» (каталіцкай) курыі. У ходзе Першай сусветнай вайны ў 1915—1917 гг. як прадстаўнік Магілёўскага губернскага земства арганізаваў санітарную дапамогу для цывільных бежанцаў (грамадзян Расійскай імперыі) у тылах расійскага войска — у Магілёўскай губерні[1].

У паслярэвалюцыйнай Беларусі (1917—1918)[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) у Расіі ўвайшоў у маі 1917 г. у склад Польскай рады Мінскай зямлі[9], якая спачатку (у перыяд кіравання Часовага Урада Расіі на чале з Аляксандарам Керанскім) будзе выступаць за дзяржаўную незалежанасць Беларусі ад Расіі і самастойнасць, а толькі пасля падзення Часовага Урада Расіі і ва ўмовах пагрозы захопу Беларусі бальшавікамі ў канцы 1918 г. стане выступаць за раўнапраўны федэрацыйны саюз Беларусі і Польшчы[10].

У жніўні 1917 г. таксама стаў яшчэ і паралельна членам і віцэ-старшынёй Польскай рады міжпартыйнага аб'яднання (Rada Polska Zjednoczenia Międzypartyjnego) у Маскве, бо Польская рада Мінскай зямлі, хоць і не далучылася да Польскай рады міжпартыйнага аб'яднання, але дазволіла сваім членам індывідуальнае членства ў той (маскоўскай) арганізацыі[11].

З-за пагрозы арышту бальшавікамі Леў Любенскі уцёк на захад ад лініі руска-нямецкага фронту і летам 1918 г. апынуўся у нямецкім лагеры для ваеннапалонных у Баранавічах[1].

У справе польска-беларускай федэрацыі (1918—1921)[правіць | правіць зыходнік]

У кастрычніку 1918 г., калі нямецкія войскі пачалі (паводле Брэсцкага мірнага дагавора з бальшавікамі) адходзіць з Магілёўскай губерні на захад, Польская рада Беларускіх зямель, не жадаючы, каб Магілёўшчына была занята бальшавікамі, звярнулася ў сярэдзіне 1918 г. з мемарыялам да кіраўніцтва Обер-Оста з просьбай выслаць у Магілёўшчыну польскіх жаўнераў замест нямецкіх[12]. Мемарыял быў падрыхтаваны прадстаўнікамі маянткоўцаў-католікаў Магілёўскай губерні — графам Львом Лубенскім, Міраславам Абязерскім і Эдмундам Івашкевічам[13][12]. Польская рада Беларускіх зямель таксама дамагалася, каб у Варшаве быў створаны спецыяльны камітэт па справам беларускіх зямель — і з кастрычніка 1918 г. у Варшаве пачаў дзейнічаць Камітэт па ўсходніх справах (Komitet do Spraw Wschodnich) на чале з прафесарам Вітальдам Камянецкім[12]. У нарадах гэтага Камітэта адразу пачалі актыўна ўдзельнічаць прадстаўнікі Польскай рады Мінскай зямлі — Міраслаў Абязерскі, граф Леў Лубенскі і Уладзіслаў Рыбінскі, а галоўнай іх мэтай было пагадненне паміж Польшчай, Беларуссю і Літвой (палякамі, беларусамі і літоўцамі) і падрыхтоўка матэрыялаў да мірнай канферэнцыі пасля заканчэння Першай сусветнай вайны[12]. Камітэт (з падачы маянткоўцаў-католікаў Беларусі) стаяў на пазіцыях аднаўлення былога Вялікага Княства Літоўскага (з беларуска-літоўскіх зямель) з захаваннем прынцыпаў раўнапраўя ўсіх яго народаў і раўнапраўнай уніі літоўска-беларускай дзяржавы з Польшчай[14]. Ад польскага ўраду патрабавалася дапамога «пры ўзнаўленні ўсталяванага Ягелонамі саюза літоўска-беларускіх зямель з Польшчай»[15]. Аднак запасным планам дзейнасці Камітэта па ўсходніх справах варшаўскія палітыкі бачылі адмову ад тэрыторый Літвы і Беларусі, адмову ад задавальнення інтарэсаў маянткоўцаў-католікаў Беларусі і стварэнне польскай дзяржавы выключна з этнаграфічных польскіх зямель, што пакідала б маянткоўцаў Беларусі без маёнткаў — апошнія ў такім выпадку аўтаматычна адыходзілі пад уладу бальшавікоў і нацыяналізаваліся[16].

З пачаткам арганізацыі ў Польшчы сойма, лідары Польскай рады Беларускіх зямель звярнуліся з просьбай прызначэння дэпутатамі ў польскі сойм таксама і тых 20 прадстаўнікоў, якіх выбяруць члены Польскай рады Беларускіх зямель, апялюючы, што цяперашні польскі сойм трэба разглядаць нашчадкам соймаў былой польска-літоўскай Рэчы Паспалітай[17]. Ад Польскай рады Беларускіх зямель, у склад якой уваходзіла і Польская рада Мінскай зямлі, граф Леў Лубенскі ў лістападзе 1918 г. быў абраны дэлегатам да Уставадаўчага сойма Польшчы і выступаў (як і ўсе дэлегаты ад Польскай рады Беларускіх зямель) за ўнію Беларусі і Польшчы, але катэгарычна супраць інкарпарацыі Беларусі Польшчай[18]. Польскай радай Беларускіх зямель удакладняліся справы, якімі павінны займацца яе дэлегаты ў польскім сойме: 1) злучанасць Літвы і Беларусі з Польшчай; 2) падтрымка добрых адносін з дзяржавымі Антанты; 3) пытанне прамысловай мадэрнізацыі літоўска-беларускіх зямель і выдзялення матэрыяльнай дапамогі для іх; 4) не закранаць пытанне аграрнай рэформы[17]. Мандаты дэлегатаў Польскай рады Беларускіх зямель у лютым 1919 г. не былі прызнаны польскім соймам і дэлегаты не ўвайшлі дэпутатамі ў склад польскага сойму[19].

У лістападзе 1918 г., калі скончылася Першая сусветная вайна, ад імя арганізацый дваран-каталікоў Беларусі (на чале якіх стаяў Эдвард Вайніловіч) быў выбраны і адпраўлены з Варшавы ў якасці свайго паўнамоцнага прадстаўніка ў Францыю — для супрацоўніцтва з Польскім нацыянальным камітэтам (KNP) у Парыжы, каб выказваць інтарэсы дваран-каталікоў Беларусі на Парыжскай мірнай канферэнцыі (1919—1920)[20][21]: дваране-каталікі Беларусі выступалі за непадзельнасць тэрыторыі Беларусі і унію Беларусі з Польшчай[22].

«Карта шасці губерняў Літвы і Беларусі» — карта шасці губерняў Паўночна-Заходняга края Расійскай імперыі. Надрукавана ў выдавецтве газеты «краёўцаў» «Kurjer Litewski», паміж 1905—1910 гг.
Межы Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), аб'яўленыя 25 сакавіка 1918 г. на падставе «этнічнага крытэрыя» (як гэта разумелася палітыкамі і ідэолагамі БНР) — на падставе прац беларускага гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага

У Парыжы на мірнай канферэнцыі граф Любенскі адхіляў прэтэнзіі польскіх эндэкаў непасрэдна ўключыць у склад Польшчы частку беларускіх зямель былой Гродзенскай губерні: ён указваў Раману Дмоўскаму, што землі на ўсход ад Брэста павінны ўваходзіць не ў склад Польшчы, а ў склад Беларусі, бо яны населены ў сваёй большасці непалякамі[23]. Дэлегацыя ад маянткоўцаў-католікаў Беларусі (граф Л. Лубенскі, Б. Крыжаноўскі і К. Рыбінскі) 21 студзеня 1919 г. у Парыжы ў сваім звароце Польскаму нацыянальнаму камітэту ўказвала, што інкарпарацыйная канцэпцыя (непасэднага ўключэння ў склад Польшчы толькі часткі тэрыторыі Беларусі — каталіцкай) не вырашае справы Беларусі, а толькі яе дзеліць на дзве часткі, што ў будучым можа стаць толькі прычынай міжэтнічных канфліктаў у Польшчы — беларускага ірэдэнтызма. Дэлегацыя прапанавала унію Польшчы і літоўска-беларускай дзяржавы, бо: 1) гэта меншае зло, чым падзел Беларусі на дзве часткі; 2) мяжу 1772 г. з Расіяй (да першага падзела Рэчы Паспалітай у 1772 г.) лягчэй бараніць, бо гэта этнічная мяжа паміж Беларуссю і Расіяй; 3) за унію Польшчы і Беларусі выступаюць усе палякі ў Беларусі; 4) існуюць трывалыя эканамічныя сувязі літоўска-беларускіх зямель з Польшчай; 5) федэрацыя Польшчы і Беларусі (а не інкарпарацыя часткі Беларусі ў склад Польшчы) дазволіць пазбегнуць міжнароднага асуджэння ў польскім імперыялізме[22]. У той час Дмоўскі згадзіўся з патрабаваннямі Лубенскага[24]. Да звароту дадавалася пастанова, прынятая землеўласнікамі-католікамі Мінскай губерні, аб тым, што землеўласнікі згаджаюцца аддаць часткі сваіх зямельных уладанняў на патрэбы вызвалення края ад бальшавікоў — у першую чаргу, перадаць бясплатна тым жаўнерам-палякам і тым добраахвотнікам, якія будуць змагацца на беларускіх тэрыторыях[25]. А маянткоўцы Пінскага і Мазырскага паветаў Мінскай губерні згадзіліся перадаць такім жаўнерам аж 1/3 сваёй зямлі[25].

Акрамя таго, граф Леў Лубенскі, выказваючы меркаванне суполак каталіцкіх дваран Беларусі на чале з Эдвардам Вайніловічам, не згаджаўся з пазіцыямі Дамініка Сямашкі (прадстаўніка дэлегацыі беларускіх нацыял-дэмакратаў на Парыжскай канферэнцыі) і Мітрафана Доўнар-Запольскага (які падрыхтаваў у 1918 г. этнічную карту рассялення беларусаў), што ў склад Беларусі павінны таксама ўваходзіць часткі былых Смаленскай, Пскоўскай, Калужскай і Чарнігаўскай губерняў[24].

На паседжанні Польскага нацыянальнага камітэта (ПНК) у Парыжы граф Лубенскі прадставіў свой даклад «Zagadnienia polityczne na Białej Rusi» («Палітычнае пытанне на Беларусі»), дзе абмяжоўваў этнічную тэрыторыю беларусаў на ўсходзе толькі тэрыторыямі былых Магілёўскай і Віцебскай губерняў уключна — без Смаленшчыны і Браншчыны[26]. Лубенскі лічыў прэзентаваныя ў 1919 г. у Парыжы і іншых сталіцах Еўропы тэрытарыяльныя жаданні беларускіх нацыял-дэмакратаў (Антона Луцкевіча, Дамініка Сямашкі, Мітрафана Доўнар-Запольскага) адносна ўсходняй мяжы Беларусі занадта перабольшанымі, бо яны датычылі смаленскіх і бранскіх зямель, дзе беларусы, на думку Лубенскага, былі ў меншасці[26]. У дакладзе Лубенскі выказваў неабходнасць уніі Польшчы і Беларусі і паказваў, што гаспадарчыя сувязі (у тым ліку плынь рэк Беларусі) натуральна «пхалі Беларусь» у заходнім кірунку і што гэта разумелі продкі, прымаючы унію[26]. У адказ на тэрытарыяльныя прэтэнзіі польскіх эндэкаў, што на Віленшчыне дамінуе польскае насельніцтва, Лубенскі заявіў у дакладзе, што на Віленшчыне ёсць польскае насельніцтва, а літоўскае (балцкае) насельніцтва сканцэнтравана на тэрыторыі былой Ковенскай губерні і толькі на заходніх частках былой Віленскай губерні[26]. «Гэтае шасцівяковае сумеснае жыццё палякаў, літоўцаў, беларусаў, агульныя прыродныя ўмовы, глебы, клімат стварылі праблему, якую з чыста этнаграфічнага пункту гледжання немагчыма вырашыць». Адсюль найлепшым рашэннем, на думку Лубенскага, ва ўмовах немагчымасці дакладнага вызначэння этнаграфічных межаў паміж народамі і этнічнай стракатасці края будзе адбудова літоўска-беларускай дзяржавы ў межах былога Вялікага Княства Літоўскага — з шасці былых літоўска-беларускіх губерняў (Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай). Існаванне і супольнае жыццё народаў павінна абапірацца на прынцыпы роўнасці і супрацоўніцтва ўсіх народаў літоўска-беларускай дзяржавы (са сваім соймам), звязанай з Польшчай адпаведнымі гаспадарчымі дамовамі[26]. Гэтыя пастулаты Лубенскага былі пастулатамі дзеячоў «краёвасці»[26].

2 сакавіка 1919 г. на паседжанні ПНК Лубенскі зноў пачаў бараніць для літоўска-беларускай дзяржавы межы Вялікага Княства Літоўскага напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. — г.зн. межы былых шасці губерняў Паўночна-Заходняга края Расійскай імперыі[26]. Каб схіліць польскіх эндэкаў да польска-беларускай федэрацыі, у сваёй аргументацыі Лубенскі выкарыстоўваў ужо і моманты стратэгічнага характару — указаў на наяўнасць у Беларусі важных транспартных вузлоў (Віцебск, Орша, Жлобін, Гомель) і шмат каштоўных лясных масіваў, а таксама спецыяльна закрануў чуллівую для польскіх эндэкаў тэму — астраўкі польскага насельніцтва ў Беларусі[26].

Падобныя аргументы Лубенскі зноў паўтарыў у Парыжы ў сваім мемарыяле «Stan economiczny na Litwie i Białej Rusi» («Эканамічнае становішча ў Літве і Беларусі»), пададзеным у сакавіку 1919 г. у ПНК, а таксама выслаў ліст у Генеральны сакратарыят Польскага нацыянальнага камітэта ў Парыжы аб неабходнасці прыняцця ў ПНК кансультантаў, якія б арыентаваліся ў сітуацыі ў Беларусі і Літве[27]. Аднак ідэі польска-беларускай федэрацыі не сустракалі згоды ў многіх членаў ПНК[28]. Галоўнымі саюзнікамі ў справе федэрацыі Польшчы і Беларусі для маянткоўцаў-католікаў Беларусі бачыліся польскія арыстакраты ў складзе ПНК: 15 сакавіка 1919 г. Эдвард Вайніловіч разам з Аляксандрам Мяйштовічам і Раманам Скірмунтам у Варшаве сустрэўся з графам Маўрыцам Замойскім, віцэ-страшынёй ПНК у Парыжы і адным з лідараў польскай арыстакратыі, адносна ўсходніх межаў будучай федэрацыі[22].

З Парыжа Леў Лубенскі адправіў да арганізацый дваран-каталікоў Беларусі справаздачу, якую дваране (у тым ліку Эдвард Вайніловіч) зачыталі 21 мая 1919 г. у Варшаве і з якой даведаліся, што на Парыжскай мірнай канферэнцыі справа непадзельнасці тэрыторыі Беларусі несуцяшальная, бо польскія эндэкі не жадаюць уніі, а толькі інкарпарацыі часткі Беларусі[29].

11 кастрычніка 1919 г. у занятым польскімі войскамі Вільні адбылося ўрачыстае адкрыццё Віленскага ўніверсітэта Стэфана Баторыя, які быў створаны па загаду Юзафа Пілсудскага. Пад урачыстым мемарыялам у гонар адкрыцця ўніверсітэта значыўся (у спісе ганаровых асоб — Юзафа Пілсудскага (на чале), Фердынанда Рушчыца і інш.) і аўтограф графа Льва Лубенскага[30].

У лістападзе 1919 г. у Варшаве граф Леў Лубенскі прысутнічаў разам з іншымі кансерватыўнымі маянткоўцамі-католікамі Беларусі, Украіны і Літвы (граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі, Станіслаў Лапацінскі, Аляксандр Мяйштовіч, граф Марыян Плятар, Томаш Зан, Станіслаў Ваньковіч, Станіслаў Горват, Ігнат Шэбека, прафесар Шыман Ашкеназы) на сустрэчы з адным з лідараў польскіх арыстакратаў князем Станіславам Любамірскім у варашаўскім палацы Патоцкіх. Група маянткоўцаў казала князю Любамірскаму, што Польшча мае юрыдычныя і гістарычныя правы на граніцы да першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г., а, каб не дапусціць шкоднага знаходжання на тэрыторыі польскай дзяржавы зашмат няпольскага насельніцтва і тым пагражаць этнічнай гамагеннасці Польшчы, трэба заключыць унію з літоўска-беларускай дзяржавай, падпісаўшы эканамічныя і адміністрацыяйныя дагаворы. У праекце меж плануемай літоўска-беларускай дзяржвы маянткоўцы-католікі (з-за ваенных цяжкасцей на ўсходнім фронце з бальшавікамі) ужо вымушана адмаўляліся ад усходніх частак Магілёўскай губерні (да Дняпра), уключалі ўсю Літву («Ковенскую Літву»), «Польскія Інфлянты», а ўсклад Польшчы прапанавалі ўключыць толькі Галіцыю і Валынь з адмовай ад Кіеўшчыны і Падолля[31]. Любамірскі прыхільна сустрэў праект федэралізацыі — і адпаведны мемарыял быў накіраваны «Начальніку Дзяржавы» Юзафу Пілсудскаму[32].

Лубенскі прыняў грамадзянства Польшчы (Другой Рэчы Паспалітай).

У міжваеннай Польшчы (1921—1944)[правіць | правіць зыходнік]

Па выніках Рыжскага мірнага дагавора (1921), які падзяляў Беларусь на часткі, маёнткі Лубенскага на Магілёўшчыне, як і многіх іншых землеўласнікаў, аказаліся на савецкім баку і былі нацыяналізаваны. У Лубенскага захаваліся маёнткі ў Келецкім ваяводстве Польшчы.

У 1921—1922 гг. Леў Лубенскі быў ганаровым аташэ польскага пасольства ў Парыжы (Францыя). На міжнародных Генуэзскай канферэнцыі (1922) і Гаагскай канферэнцыі (1922) прадстаўляў польскія інтарэсы адносна маёмасці (у тым ліку нерухомасці) польскіх грамадзян, якая засталася на тэрыторыі, падкантрольнай СССР.

У міжваеннай Польшчы стаў сенатарам (1922—1930) першых дзвюх кадэнцый Сената. У Сенат I кадэнцыі (1922—1927) быў абраны ад Навагрудскага ваяводства — ад спіса №22 «Дзяржаўнае аб'яднанне на Крэсах» (Państwowe Zjednoczenie na Kresach); уваходзіў у групоўку сенатараў (KChN); уваходзіў у склад сенацкіх камісій — па рэгламенту (стаў яе старшынёй), вайсковай і замежных спраў; быў удзельнікам польска-французскай парламенцкай групы (старшыня эканамічнай секцыі) і міжпарламенцкіх кангрэсаў у Рыме (Італія), Лондане (Велікабрытанія) і Рыа-дэ-Жанэйра (Бразілія)[1].

У Сенат II кадэнцыі (1928—1930) быў абраны ад Келецкага ваяводства — ад спіса №1 «Беспартыйны блок супрацоўнiцтва з урадам» (BBWR, Bezpartyjny Blok Współpracy z Rządem), які падтрымліваў палітыку Юзафа Пілсудскага; уваходзіў у склад сенацкай камісіі па рэгламенту[1]. Пасля 1930 г. адышоў ад палітычнай дзейнасці.

Смерць[правіць | правіць зыходнік]

У часы Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Варшаве (Польшча) — жыхарстваваў на вуліцы Фільтрова ў доме № 69 кватэры №35[33]. У пачатку Варшаўскага паўстання (1944) быў цяжка хворы — не хадзіў з-за хваробы сэрца і нырак. 8 жніўня 1944 г. быў схоплены ў сваім доме ў Варшаве і вывезены на інвалідскім крэсле жаўнерамі арганізацыі пранямецкіх калабарантаў (паводле адной інфармацыі — украінскай, а паводле другой — Расійскай вызваленчай народнай арміяй)[33]. 9 жніўня 1944 г. быў імі застрэлены на Ахоце ў Варшаве — у аколіцах Зяленяка (Zieleniec) — і там пахаваны ананімна ў агульнай магіле разам з іншымі асобамі. Эксгумацыя рэшткаў расстраляных з магілы адбылася ў лютым-маі 1945 г.[1]

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Доклад о денатурализации спирта и о потреблении его для химических и технических целей / Л.Ф. Лубенский. ― Минск, 1903.[34]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 1,7 1,8 1,9 Leon Łubieński // sejm.gov.pl
  2. Каменные кресты Межево
  3. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 79.
  4. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 64, 79.
  5. Памятная книга Минской губернии на 1903 год / Минский губернский статистический комитет. — Минск : Паровая типо-литография Б.И. Соломонова, 1903. — С. 102; Памятная книга Минской губернии на 1907 год / Минский губернский статистический комитет. — Минск : Губернская типография, 1906. — С. 96; Kalendarz ilustrowany «Kurjera Litewskiego» na rok 1909. — Wilno: Nakładem «Kurjera Litewskiego», 1909; Kalendarz ilustrowany «Kurjera Litewskiego» na rok 1910. — Wilno: Nakładem «Kurjera Litewskiego», 1910. — С. 94; Памятная книга Минской губернии на 1917 год / Минский губернский статистический комитет. — Минск : Типография инвалидов, 1916. — С. 85.
  6. Государственный архив Пермского края. Фонд 556. — опись 1. — дело 110. Список членов Варшавского Порайонного Комитета на 1 марта 1913 года. Гл.: http://forum.vgd.ru/post/37/25929/p696552.htm
  7. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С. 196.
  8. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй... С. 171, 173; Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С. 467.
  9. Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego... С. 73.
  10. Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego... С. 67, 72, 79.
  11. Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego... С. 74.
  12. 12,0 12,1 12,2 12,3 Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)... С. 30.
  13. Эдмунд Івашкевіч быў скарбнікам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.
  14. Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)... С. 30, 32—33.
  15. Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)... С. 33.
  16. Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)... С. 31.
  17. 17,0 17,1 Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)... С. 37.
  18. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 340; Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)... С. 37—38.
  19. Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)... С. 38.
  20. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 231.
  21. Прадстаўніком ад арганізацый дваран-каталікоў Украіны ў Парыж быў выбраны граф Юзаф Патоцкі. Гл.: Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 231.
  22. 22,0 22,1 22,2 Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)... С. 45.
  23. Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)... С. 41.
  24. 24,0 24,1 Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)... С. 42.
  25. 25,0 25,1 Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)... С. 96.
  26. 26,0 26,1 26,2 26,3 26,4 26,5 26,6 26,7 Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)... С. 43.
  27. Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)... С. 43—44.
  28. Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)... С. 44.
  29. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 247; Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)... С. 47—48, 51.
  30. Gierowska-Kałłaur, J. Zarząd cywilny Ziem Wschodnich... С. 79.
  31. Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa... С. 220—221.
  32. Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa... С. 221.
  33. 33,0 33,1 Strona główna ›Historia ›Senat RP w latach 1922-1939 ›Senatorowie II RP Leon Łubieński
  34. Лев Францевич Лубенский

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Боиович, М.М. Члены Государственной думы (Портреты и биографии). Второй созыв. / М.М. Боиович. — Москва : Тип. И.Д. Сытина, 1907. — 519 с.
  • Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922) / К. Гамулка ; пераклад з польскай мовы. — Вільня, 2008. — 256 с.
  • Лубенский Лев Францевич // Государственная дума Российской империи: 1906—1917 : Энциклопедия. / Б.Ю. Иванов, А.А. Комзолова, И.С. Ряховская. — Москва : РОССПЭН, 2008. — С. 334.
  • Памятная книга Минской губернии на 1903 год / Минский губернский статистический комитет. — Минск : Паровая типо-литография Б.И. Соломонова, 1903. — 220 с.
  • Памятная книга Минской губернии на 1907 год / Минский губернский статистический комитет. — Минск : Губернская типография, 1906. — 208 с.
  • Памятная книга Минской губернии на 1917 год / Минский губернский статистический комитет. — Минск : Типография инвалидов, 1916. — 249 с.
  • Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А.Ф. Смалянчук. — Санкт-Пецярбург : Неўскі прасцяг, 2004. — С. 344.
  • Gierowska-Kałłaur, J. Zarząd cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920) / J. Gierowska-Kałłaur. — Warszawa : Neriton, 2003. — 455 s.
  • Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане: Матэрыялы Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 ліст. 2006 г. / Польскі Ін-т у Мінску; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: Польскі Ін-т у Мінску, 2007. — С. 65—81.
  • Jurkowski, R. Sukcesy i porażki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906—1913 / R. Jurkowski. — Olsztyn: WUWM Olsztyn, 2009. — 550 s.
  • Kalendarz ilustrowany «Kurjera Litewskiego» na rok 1909. — Wilno: Nakładem «Kurjera Litewskiego», 1909.
  • Kalendarz ilustrowany «Kurjera Litewskiego» na rok 1910. — Wilno: Nakładem «Kurjera Litewskiego», 1910. — 146 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.

Ссылкі[правіць | правіць зыходнік]