Гісторыя Антыгуа і Барбуды
Антыгуа і Барбуда — астраўная дзяржава ў Вест-Індыі. Яе гісторыю, як і гісторыю яе суседзяў, можна падзяліць на тры этапы: вельмі доўгі дакалумбавы (да 1493), працяглы еўрапейскай каланізацыі (да 1981) і кароценькі этап незалежнацсі
Дакалумбавы этап
[правіць | правіць зыходнік]Самае старое знойдзенае паселішча археолагі датуюць 3100 да н.э. Гэта былі першыя жыхары Антыльскіх астравоў сібанеі. Яны насялялі астравы доўгі час, пакуль не былі выцесненыя аравакамі, што прыйшлі ланцужком астравоў з ніжняй Арынока. Паўднёваамерыканскія індзейцы прынеслі з сабою земляробчыя веды і вырошчвалі кукурузу, салодкую бульбу, гуаву, тытунь а таксама знакаміты антыгуанскі чорны ананас. Яны былі выдатнымі маракамі і іх лёгкія чоўны перадольвалі сотні кіламетраў Карыбскага мора і Атлантыкі. Каля 1100 н.э. большасць аравакаў пакінула астравы. Тыя, хто застаўся, былі зваяваны карыбамі, ператвораны ў рабоў і нават з'едзены. Магчыма, плямёнаў, што насялялі астравы напярэдадні каланізацыі, было і болей, аднак еўрапейцы таго часу не вельмі цікавіліся этнаграфіяй.
Еўрапейская каланізацыя
[правіць | правіць зыходнік]І Антыгуа і Барбуда былі адкрыты Х. Калумбам у 1493 годзе падчас трэцяга падарожжа. Іспанскія пасяленні праіснавалі тут нядоўга, не затрымаліся на астравах і французы. У 1632 Антыгуа, а праз 34 гады — Барбуда, былі каланізаваны Вялікабрытаніяй. Найбуйнейшымі землеўладальнікамі былі Кадрынгтаны (у свой гонар яны назвалі галоўны горад Барбуды), якія валодалі Барбудаю, а на Антыгуа мелі цукровныя плантацыі, для якіх з 1685 года пачалі завозіцца афрыканскія рабы. Рабства праіснавала на астравах да 1834 г. Еўрапейскія і афрыканскія хваробы (самым вялікім забойцам, верагодна, была воспа), недаяданне і рабства ў канчатковым выніку забілі большую частку карэннага насельніцтва Карыбскага мора, таму большасць жыхароў краіны сёння цемнаскурая.
Незалежная дзяржава
[правіць | правіць зыходнік]У 1958 Антыгуа і Барбуда ўвайшлі ў Вест-Індскую федэрацыю, з 1962 – асобнае валоданне Вялікабрытаніі, з 1967 – «асацыяваная з Вялікабрытаніяй дзяржава». У 1977 г. Антыгуа і Барбуда падпісалі з ЗША дамову, згодна з якой ЗША захоўваюць вайсковыя базы на тэрыторыі краіны. 1 лістапада 1981 абвешчаная незалежнасць. Сучасная гісторыя Антыгуа і Барбуды спакойная і павольная, калі не лічыць трапічных ураганаў, такіх як Ірма, што ў 2017 знішчыла 95 % пабудоў на востраве Барбуда, а большая частка насельніцтва загадзя была эвакуявана на Антыгуа.