Гісторыя Канады

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэканструкцыя пасялення Порт-Раял, Новая Шатландыя

За тысячы гадоў да прыбыцця еўрапейцаў тая зямля, якая цяпер завецца Канадай, была заселена першабытнымі людзьмі, што пазней сталі знаёмыя нам пад імёнамі эскімосаў і паўночнаамерыканскіх індзейцаў. У XVI—XVII стст. англійскія і французскія мараплаўцы даследвалі ўзбярэжжа Канады, падарожнікі і траперы пранікалі ў яе ўнутраныя раёны, а каланісты стваралі пасяленні. У сярэдзіне XVIII ст. Францыя страціла ўсе свае паўночнаамерыканскія калоніі і Брытанія стала адзінаўладным гаспадаром. У 1867 годзе Канада ў складзе 4-х правінцый стала брытанскім дамініёнам. У 1931 годзе Вэстмінстэрскі статут значна пашырыў яе аўтаномію. У 1982 годзе Акт аб Канадзе дэнансаваў апошнія лёскі залежнасці. Самі; канадцы гавораць, што ў іх зашмат геаграфіі і замала гісторыі.

Карэнныя народы[правіць | правіць зыходнік]

Археалагічныя і генетычныя даследванні карэнных народаў падцвердзілі прысутнасць чалавека на поўначы Юкана прыкладна 26 500 гадоў назад, і ў паўднёвай правінцыі Антарыа 9500 гадоў назад[1][2][3]. Археалагічныя аб’екты Олд Кроў Фэлтс і Блуфіш — два найбольш раннія археалагічныя помнікі чалавечага (палеаіндзейскага) жылля ў Канадзе[4][5][6] .

Сярод індзейцаў Канады ёсць восем унікальных міфаў аб стварэнні свету і адаптацый гэтых міфаў. Гэта міфы аб зямлі, аб сусветным бацьку, аб з’яўленні, аб разбоі, аб адраджэнні нябожчыка, аб двух стваральніках і іх спаборніцтве, а таксама міф аб братах[7]. Культуры канадскіх абарыгенаў уключалі ў сябе аселыя ці гарадскія паселішчы, вясковую гаспадарку, грамадскія і гістарычныя помнікі архітэктуры і складаную сацыяльную іерархію[8]. Некаторыя з гэтых цывілізацый зніклі яшчэ да з’яўлення першых еўрапейскіх паселішчаў (канец XV — пачатак XVI), і былі знойдзеныя ў працэсе археалагічных даследванняў.

Карэннае насельніцтва, паводле ацэнак, складала ад 200 тысяч да 2 мільёнаў людзей у канцы 1400 года[9], у цяперашні час Каралеўскай камісіяй Канады па ахове здароўя карэннага насельніцтва прынята лічба ў 500 тысяч чалавек[10]. Эпідэміі еўрапейскіх інфекцыйных захворванняў (грып, адзёр, воспа), да якіх індзейцы не мелі імунітэту, у спалучэнні з іншымі эфектамі кантактаў з еўрапейцамі, у выніку прывялі да вымірання ад 40 % да 80 % карэннага насельніцтва[11].

Карэнныя народы Канады уключаюць індзейцаў[12], эскімосаў[13] і метысаў[14]. Культура метысаў узнікла з сярэдзіны XVII-га стагоддзя, калі індзейцы і інуіты змешваліся з еўрапейскімі каланістамі[15]. Інуіты найчасцей абмяжоўвалі кантакты з еўрапейцамі цягам ранняга перыяда[16].

Першыя еўрапейцы[правіць | правіць зыходнік]

Жак Карцье высаджваецца на Гаспэ, 1534.

Першымі еўрапейцамі на зямлі Канады сталі нарвежскія вікінгі, якія пасяліліся ў Л’Анс-о-Медаўз на Ньюфаўндлендзе каля 1000 года[17][18]. Пастаянныя сутычкі з негасціннымі індзейцамі вымусілі нарманаў хутка развітацца з новай калоніяй і да канца XV ст. вядомых нам экспедыцый у Амерыку не было. Чаканне ў 5 стагоддзяў было вартым наступнага імклівага ходу геаграфічных адкрыццяў. У 1497 годзе італьянскі мараплавец на англійскай службе Джавані Кабота (Джон Кабат) дасягнуў атлантычнага ўзбярэжжа Канады (Ньюфаундленд) і нанёс яго на карту.[19]. У 1498 годзе партугалец Жаау Лаўрадор (João Fernandes Lavrador) адкрыў (ці, каб не крыўдзіць скандынаваў, пераадкрыў) берагі паўвострава, пазней названага яго тытулам (парт."землеўладальнік"). Паміж 1498 і 1521 гадамі баскскія і партугальскія маракі асвоілі ўзбярэжжа ўсходняй Канады і заснавалі аселыя кітабойныя і рыбацкія паселішчы.[20]. У 1524 годзе усходнія берагі Канады даследвала экспедыцыя фларэнтыйскага мараплаўца Джавані да Верацана, які знаходзіўся на службе ў французскага караля. У 1534 годзе французскі даследчык Жак Карцье даследуе заліў Святога Лаўрэнція і на паўвостраве Гаспэ ўсталёўвае 10-метровы крыж са словамі «доўгія гады каралю Францыі», такім чынам аслупоўваючы гэтую зямлю, названую ім Новай Францыяй, за сваёй радзімай. Трэба адзначыць, што пасяленні XVI ст. існавалі нядоўга: бедная паўночная прырода не пасылала багатага ўмалоту, а трывалыя сувязі з Еўропай не ўсталяваліся.

Французская і Брытанская Канада[правіць | правіць зыходнік]

Паўночная Амерыка ў 1750

У 1583 годзе сэр Хэмфры Гільберт згодна з прэрагатывай каралевы Лізаветы I засноўвае пасяленне Сент-Джонс на востраве Ньюфаундленд — першую брытанскую калонію ў Канадзе (раней чым у ЗША!). У 1603 годзе пачынаецца канадская старонка біяграфіі французскага падарожніка Самюэля Шамплейна, які ў 1605 засноўвае Порт-Раял (Новая Шатландыя), а ў 1608 — Квебек. Спачатку французская каланізацыя распаўсюджвалася на Акадыю (вобласць паўвострава Новая Шатландыя і сучаснага Нью-Брансуіка), з цягам часу каланісты прасунуліся да вярхоўяў Святога Лаўрэнція, ажно да Вялікіх азёр.

Карціна Б.Уэста Смерць Генерала Вулфа, на брытанскі генерал Джэймс Вулф памірае пасля перамогі ў бітве на Палях Абраама ў 1759 годзе

Каталікі і траперы асвойвалі ваколіцы Гудзонава заліва, сваім промыслам вывеўшы Канаду ў сусветныя лідары вытворцаў каштоўнага футра. Менавіта праз футра перыяд 1640—1701 быў адзначаны Бабровымі войнамі — серыяй канфліктаў паміж канфедэрацыяй індзейцаў-іракезаў з іншымі індзейцамі, якім дапамагала Францыя. Узрастала напружанасць і паміж вялікімі дзяржавамі. У 1688—1763 ў Паўночнай Амерыцы адбыліся 4 англа-французскія канфлікты. У выніку апошняга — падчас еўрапейскай Сямігадовай вайны — Францыя страціла ўсе канадскія калоніі, што было занатавана ў Парыжскім мірным дагаворы 1763 года. У тым жа дзесяцігоддзі Канада была падзелена на правінцыі, найбуйнешай з якіх стаў Квебек. Каб папярэдзіць магчымыя канфлікты ў Квебеку, англічане Квебецкім актам 1774 года пашырылі тэрыторыю правінцыі да Вялікіх азёр і даліны Агая. Улагоджаныя Квебекцы, якім вярнулі афіцыйную французскую мову і каталіцкую веру, не пайшлі праз два гады следам за трынаццацю калоніямі супраць Брытанскай кароны. З іншага боку, Квебецкі акт стаў каталізатарам вайны за незалежнасць ЗША. Пасля ўтварэння ЗША у Канаду лінуў паток лаялістаў — тых, хто змагаўся супраць незалежнасці 13 калоній. Гэта паўплывала на размеркаванне насельніцтва ў краіне. У выніку Нью-Брансуік вылучыўся са складу Новай Шатландыі, а Сент-Джон стаў першым канадскім горадам. У 1791 калонія на захад ад Нью-Брансуіка была падзелена на франкамоўную Ніжнюю Канаду (Квебек) і англамоўную Верхнюю Канаду (пазней — Антарыа) і пад агульнай назвай The Canadas.

Брытанская Канада ў XIX стагоддзі[правіць | правіць зыходнік]

Ніжняя і Верхняя Канада, 1812

У 1812 Канада стала галоўнай арэнай ваенных дзеянняў англа-амерыканскай вайны. Мірны дагавор 1815 закрыў палітычныя амбіцыі ЗША па авалоданні тэрыторыяй Канады і ўзнавіў прыток мігрантаў з Брытанскіх астравоў. У 1815—1850 у Канаду перасялілася 960 000 брытанцаў. Асабліва магутнай была ірландская хваля, узнятая страшэнным голадам 1845-49 гг.. На тле эканамічнага крызісу і нежадання брытанскіх уладаў праводзіць рэформы, а таксама вечнага франка-брытанскага супрацьстаяння, успыхнулі паўстанні 1837-38 гадоў. Гэта падштурхнула англічан стварыць Адказны ўрад (1849) і паскорыць асіміляцыю франкамоўных канадцаў: у 1840-м «Акт саюзу» аб’яднаў Верхнюю і Ніжнюю Канады ў Брытанскую Паўночную Амерыку.

Абвяшчэнне Канадскай Канфедэрацыі

У 1846 годзе Арэгонскі дагавор канчаткова вызначыў мяжу паміж Брытанскай Паўночнай Амерыкай і ЗША, якая з таго часу на захад ад Верхняга возера і ажно да праліва Георга ідзе раўнютка па 49 паралелі; і дазволіў брытанцам уключыць у склад калоніі Брытанскую Калумбію і востраў Ванкувер. У 1867 Вялікабрытанія выразіла намер набыць у Расіі і далучыць да Канады Аляску, аднак гэты ладны паўночны кавалак у тым жа годзе перахапілі ЗША, і, нягледзячы на тое, што заставалася правесці дэмаркацыю і вырашыць колькі пытанняў, сучасныя межы Канады былі акрэслены.

Эвалюцыя правінцый і тэрыторый Канады

1 ліпеня 1867 года прыняты пасля некалькіх канферэнцый Канадскі акт абвясціў стварэнне з трох правінцый — Канада, Новая Шатландыя і Нью-Брансуік — Канадскай канфедэрацыі. Пры гэтым правінцыя Канада зноў падзялілася — цяпер на Антарыа і Квебек. Новы дамініён з чатырох правінцый не ахопліваў і пятай часткі сучанай Канады, аднак паступова да яго прырошчваліся новыя землі. Неўзабаве былі далучаны зямля Руперта і Паўночна-Заходнія тэрыторыі. Паўстанне Рэд-Рывер вылілася ў стварэнне правінцыі Манітоба ў 1870 годзе. Праз год 1871 да Канады далучылася Брытанская Калубія, у 1873 — востраў Прынца Эдуарда. Цягам наступных трох дзесяцігоддзяў існуючыя правінцыі пашыраліся, а са складу Паўночна-Заходніх тэрыторый вылучаліся новыя правінцыі.

У 1871—1896 чвэрць насельніцтва Канады пераехала ў ЗША. Каб стымуляваць асваенне еўрапейскімі мігрантамі — на той час ужо стракатай шматэтнічнай групай — неабсяжнага і дзікага захаду, улады ініцыявалі будаўніцтва Канадскай Ціхаакіянскай чыгункі, што адкрыла перасяленцам шлях у прэрыі. У 1898 падчас залатой ліхаманкі на Кландайку была створана тэрыторыя Юкан. Альберта і Саскачэван сталі правінцыямі ў 1905.

Канада ў XX стагоддзі[правіць | правіць зыходнік]

Паколькі Вялікабрытанія згодна з актам 1867 працягвала кантраляваць знешнюю палітыку Канады, у 1914 краіна кляновых лісцяў была аўтаматычна ўцягнута ў Першую Сустветную вайну. Канадскія валанцёры, што паехалі на Заходні фронт, сталі асновай для фарміравання Канадскага корпуса, які праславіўся ў 1917 у бітве пры Вімі. Гэты ж год адзначыўся Крызісам вайсковага прызыву, калі тысячы канадцаў (асабліва, франка-), выйшлі на вуліцы, выказваючы нежаданне паміраць на палях Еўропы. З 625 000 канадцаў-удзельнікаў той вайны каля 60 000 загінулі, 172 000 былі паранены. Удзел у вайне пашырыў міжнародную ролю Канады, у прыватнасці, у 1919 яна нароўні з Вялікабрытаніяй стаяла ля вытокаў Лігі Нацый.

У 1931 Вэстмінстэрскі статут даў Канадзе шырокія правы, ператварыўшы яе ў дэ-факта незалежную дзяржаву. Вялікая дэпрэсія вельмі балюча адгукнулася канадскай эканоміцы. З іншага боку, крызіс паспрыяў стварэнню сістэмы ўсеагульнага сацыяльнага дабрабыту ў 1940-х — 1950-х (ініцыятарам і натхняльнікам выступіў палітык і святар Томі Дуглас, губернатар Саскачэвана).

Канадскі сцяг, што папярэднічаў «кляноваму»

10 верасня 1939 года Канада — праз 7 дзён пасля Вялікабрытаніі, каб падкрэсліць сваю незалежнасць — аб’явіла вайну фашысцкай Германіі. У саюзных аперацыях было задзейнічана каля мільёна канадцаў, з іх 42 000 загінулі, 55 000 атрымалі раненні. Канадцы паўдзельнічалі ў няўдалай бітве за Дзьеп 1942 г., паспяховых вызваленні Італіі, высадцы ў Нармандыі і бітве за Нармандыю, бітве на Шэльдзе 1944 г. Падчас вайны Канада дала прытулак галандскай каралеўскай сям’і. За гэта і за ўдзел у вызваленні Нідэрландаў Галандыя шчодра адплаціла Канадзе крэдытамі і інвестыцыямі. Вайна прынесла Канадзе не толькі чалавечыя ахвяры, але і небывалы прамысловы бум.

Сімвалы Нунавута

У 1949, пасля двух складаных рэферэндумаў, да Канады ў якасці дзясятай правінцыі далучыўся Ньюфаўндленд. Пасляваенныя дзесяцігоддзі былі адзначаны эканамічнымі поспехамі, ростам сацыяльнага дабрабыту, узаемапаразуменнем нацый. Фарміраванне канадскай нацыянальнай свядомасці вылілася ў прыняцці ў 1965 годзе кляновага сцяга, увядзенні афіцыйнага двухмоўя ў 1969 і інстытуту мультыкультуралізму ў 1971. Былі рэалізаваны такія праграмы, як канадскі пенсійны план, праграма студэнцкага крэдытавання, праграма аховы здароўя. Зрэшты, некаторыя ўдзельнікі федэрацыі (напрыклад, Альберта) ад некаторых з іх адмаўляліся. З іншага боку, глыбокія эканамічныя і сацыяльныя ператварэнні ў Квебеку («Ціхая рэвалюцыя») выклікалі рост франкаканадскага сепаратызму. Квебекскія нацыяналісты праводзілі акцыі, у тым ліку, тэрарыстычныя. Былі ініцыянаваны два рэверэндумы (1980 і 1995) і ў выніку другога з іх Квебек быў на самай мяжы (49,4 % за!) незалежнасці.[21] З таго часу хваля сепаратызму суцішылася.

Канстытуцыйны акт 1982 года аформіў поўную незалежнасць Канады. 1 красавіка 1999, з мэтай пашырыць аўтаномію эскімосаў, астравы Канадскага Арктычнага архіпелага і кавалак мацерыковага ўзбярэжжа Ледавітага акіяна былі выдзелены ў трэцюю тэрыторыю, што атрымала назву Нунавут (Наша зямля). У 1980-х — 1990-х Канада прайшла праз цяжкія выпрабаванні авіякрушнняў, тэрактаў, масавых забойстваў, канфліктаў з карэннымі жыхарамі. У 1990-х — 2010-х канадскія экспедыцыйныя сілы ўдзельнічаюць у аперацыях НАТА, такіх як Бура ў пустыні, вайна ў Югаславіі, баявыя дзеянні ў Іраку і Афганістане, змаганне супраць Ісламскай дзяржавы.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Y-Chromosome Evidence for Differing Ancient Demographic Histories in the Americas (PDF). University College London 73:524–539 (2003). doi:10.1086/377588. Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 22 студзеня 2010.
  2. Cinq-Mars, J (2001). "On the significance of modified mammoth bones from eastern Beringia" (PDF). The World of Elephants – International Congress, Rome. Праверана 2010-02-25.
  3. Wright, JV. A History of the Native People of Canada: Early and Middle Archaic Complexes. Canadian Museum of Civilization Corporation (27 верасня 2001). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 19 кастрычніка 2009.
  4. Griebel, Ron. The Bluefish Caves(недаступная спасылка). Minnesota State University. Архівавана з першакрыніцы 13 лістапада 2003. Праверана 18 верасня 2009.
  5. Beringia: humans were here (re-published online by Canada.com). Gazette (Montreal). CanWest MediaWorks Publications Inc. (17 мая 2008). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 18 верасня 2009.
  6. Cinq-Mars, Jacques. Significance of the Bluefish Caves in Beringian Prehistory. Canadian Museum of Civilization (2001). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 15 красавіка 2010.
  7. Dickason, Olive, рэд. (1995). The Native Imprint: The Contribution of First Peoples to Canada's Character. Vol. 1. Athabasca: Athabasca University Educational Enterprises. pp. 114–117.
  8. Grinin L., Munck V. C. de, Korotayev A. (2006). Peter Turchin, Leonid Grinin, Andrey Korotayev, and Victor C. de Munck. (рэд.). History & Mathematics: Historical Dynamics and Development of Complex Societies. Moscow: KomKniga/URSS. ISBN 5484010020.{{cite book}}: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (link)
  9. Thornton, Russell (2000). "Population history of Native North Americans". In Michael R. Haines, Richard Hall Steckel (рэд.). A population history of North America. Cambridge: Cambridge University Press. p. 13. ISBN 0521496667.
  10. «Handbook of North American Indians: Indians in contemporary society». Garrick Alan Bailey (2008). Government Printing Office. p.285. ISBN 0-16-080388-8
  11. Wilson, Donna M; Northcott, Herbert C (2008). Dying and Death in Canada. Toronto: University of Toronto Press. pp. 25–27. ISBN 9781551118734. Праверана 2010-06-20.
  12. Civilization.ca-Gateway to Aboriginal Heritage-Culture. Canadian Museum of Civilization Corporation. Government of Canada (12 мая 2006). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 18 верасня 2009.
  13. Inuit Circumpolar Council (Canada)-ICC Charter. Inuit Circumpolar Council > ICC Charter and By-laws > ICC Charter (2007). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 18 верасня 2009.
  14. In the Kawaskimhon Aboriginal Moot Court Factum of the Federal Crown Canada (PDF)(недаступная спасылка). Faculty of Law. University of Manitoba (2007). Архівавана з першакрыніцы 25 чэрвеня 2008. Праверана 18 верасня 2009.
  15. What to Search: Topics-Canadian Genealogy Centre-Library and Archives Canada. Ethno-Cultural and Aboriginal Groups. Government of Canada (27 мая 2009). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 2 кастрычніка 2009.
  16. Innu Culture 3. Innu-Inuit 'Warfare'. 1999, Adrian Tanner Department of Anthropology-Memorial University of Newfoundland. Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 5 кастрычніка 2009.
  17. Pálsson, Hermann (1965). The Vinland sagas: the Norse discovery of America (Digitized online by Google books). Penguin Classics. p. 28. ISBN 0140441549. Праверана 2010-04-15.
  18. Reeves, Arthur Middleton (2009). The Norse Discovery of America (Digitized online by Google books). BiblioLife. p. 82. Праверана 2010-04-15.
  19. John Cabot's voyage of 1498. Memorial University of Newfoundland (Newfoundland and Labrador Heritage) (2000). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 12 красавіка 2010.
  20. The Portuguese Explorers. Memorial University of Newfoundland (2004). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 27 чэрвеня 2010.
  21. https://books.google.by/books?id=JIuO9HmX_8QC&pg=PA112&redir_esc=y#v=onepage&q&f=false