Гісторыя Ямайкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Гісторыя Ямайкі падобная на гісторыю большасці астравоў Вест-Індыі. Спакойная плынь жыцця да еўрапейскага адкрыцця пасля з'яўлення ў 1494 годзе каравэл Хрыстафора Калумба ператвараецца ў раку падзей, галоўнымі з якіх сталі іспанская каланізацыя (XVI - пачатак XVII стагоддзя), захоп Ямайкі брытанцамі і ператварэнне вострава ў пірацкі цэнтр (другая палова XVII стагоддзя). У 1692 годзе адбылося землетрасенне, што разбурыла пірацкую сталіцу Порт-Роял. У 1838 годзе было адменена рабства. У 1962 годзе востраў атрымаў незалежнасць ад Вялікабрытаніі ў складзе Брытанскай Садружнасці.

Дакалумбава эпоха[правіць | правіць зыходнік]

Першымі вядомымі насельнікамі Ямайкі былі аравакамоўныя плямёны таіна, нашчадкі мігрантаў з Паўднёвай Амерыкі. Яны з'явіліся на востраве прыкладна ў I тыс. да н.э. Да моманту прыходу еўрапейцаў на Ямайцы налічвалася прыкладна 60 тыс. чалавек. Таіна жылі родавымі абшчынамі, займаліся збіральніцтвам, ловам рыбы і земляробствам. Яны не апрацоўвалі металаў, не ведалі лукаў і стрэл, аднак выраблялі абпалены керамічны посуд, баваўняныя тканіны, гамакі і ветразі. З мовы таіна паходзіць назва Ямайкі («Хамайка» — «зямля крыніц»).

Іспанскі перыяд (XVI - першая палова XVII стагоддзя)[правіць | правіць зыходнік]

Пад час другога падарожжа ў Новы свет 4 мая 1494 г. востраў быў адкрыты Х. Калумбам, які надаў яму імя іспанскіх манархаў Фердынанда і Ізабелы і далучыў да Іспанскай кароны. Першае іспанскае паселішча Севілья-Нуэва з'явілася на поўначы вострава толькі ў 1509 г. Пазней у цэнтральнай частцы быў заснаваны горад Санцьяга-дэ-ла-Вега. З-за адсутнасці радовішчаў каштоўных металаў іспанская калонія на Ямайцы была малалюднай. У выніку ваенных сутычак, эпідэмій і вывазу рабоў да пачатку XVII ст. карэннае насельніцтва Ямайкі было амаль знішчана. З пачатку XVI ст. пачаўся ўвоз рабоў афрыканскага паходжання. Рэшткі захаваўшыхся таіна былі асіміляваны чарнаскурымі паляўнічымі і пастухамі, якіх іспанцы рассялялі ў цэнтральнай частцы вострава для забеспячэння паселішчаў танным харчам. У 1540 г. Ямайка была перададзена ў прыватную маёмасць нашчадкам Х. Калумба, аднак ніякіх захадаў для развіцця калоніі яны не рабілі.

Брытанскі перыяд (другая палова XVII стагоддзя - 1962)[правіць | правіць зыходнік]

Пірацкі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

10 мая 1655 г. на востраве высадзілася часткі англійскага марскога корпуса і арміі на чале адмірала В. Пена і генерала Р. Венаблеса, пасланых рэспубліканскім урадам О. Кромвеля для заваёвы іншага іспанскага востраву Эспаньолы (Гаіці). Не сустрэўшы сур'ёзнага супраціву, англічане захапілі калонію. Большасць іспанскіх каланістаў і частка рабоў пакінулі Ямайку. Аднак частка, у тым ліку рабы, арганізавалі на паўночным захадзе вострава партызанскі рух. У 1657 і 1658 гг. іспанскі флот рабіў захады для адваявання Ямайкі, аднак усе яны скончыліся паразамі. Рэшткі неграў-партызан і беглых рабоў адышлі ў горную мясцовасць, дзе склалі аснову свабодных марунаў (maroons).

З 1661 г. на востраве дзейнічала цывільная каланіяльная адміністрацыя. Ваенная і выканаўчая ўлада належыла губернатару, прызначанаму каралём. Заканадаўчая — выбарнай Палаце Асамблеі (House of Assembly), якая пачала працу ў 1664 г. Адміністрацыйны цэнтр знаходзіўся ў Спаніш-Таўне (былым Санцьяга-де-ла-Вега). Аднак галоўным ваенным і гандлёвым цэнтрам стала паселішча Пойнт. Пазней на яго месцы былі пабудаваны горад і ваенныя ўмацаванні, атрымаўшыя назву Порт-Роял. У лепшыя часы тут пражывала каля 10 тыс. чалавек. Да заканчэння англа-іспанскай вайны ўлады Ямайкі прыцягвалі на службу буканьераў. У той ці іншай ступені ў пірацкі промысел была ўцягнута амаль палова вольнага насельніцтва калоніі. Адзін з вядомых піратаў, Г. Морган, тройчы прызначаўся лейтэнант-губернатарам. Аднак 7 чэрвеня 1792 г. у выніку страшэннага землетрасення Порт-Роял быў разбураны. Новым эканамічным цэнтрам стаў Кінгстан.

Плантацыйны рабаўладальніцкі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У 1670 г. паміж Англіяй і Іспаніяй быў заключаны Мадрыдскі мірны дагавор, паводле якога Іспанія прызнавала пераход Ямайкі пад уладу Англіскай кароны. У 1694 г. французскі флот зрабіў спробу захапіць востраў, аднак у баях пад Кларэнданам англіскія пасяленцы здолелі спыніць наступ французаў. Заканчэнне ваенных дзеянняў і легальнага пірацтва вымусілі мясцовую адміністрацыю падтрымліваць буйныя плантацыйныя гаспадаркі. Да канца XVIII ст. Ямайка ператварылася ў найбуйнейшага пастаўшчыка цукру ў Еўропу. Гэта выклікала значныя сацыяльныя змены ў самой калоніі. З канца XVII ст. назіраецца адток насельніцтва з гарадоў у сельскую мясцовасць. Плантатары і буйныя гандляры ператварліся ў вышэйшы пласт каланіяльнага грамадства. Ніжэй за іх на сацыяльнай лесвіцы стаялі белыя каланісты, якія не мелі зямельнай маёмасці. Яшчэ ніжэй — закантрактаваныя белыя рабочыя ці асуджаныя крымінальным судом на часовае рабства перасяленцы з Брытаніі. Пасля заканчэння кантракту ці тэрміну рабства яны далучаліся да свабодных каланістаў. Самай жа буйной і адначасова бяспраўнай групай насельніцтва сталі негры-рабы афрыканскага паходжання. Увоз афрыканскіх рабоў значна пашырыўся ў XVIII ст. У 1774 г. з 209 617 насельнікаў Ямайкі 192 787 былі рабамі.

Жорсткія формы эксплуатацыі падняволеннага насельніцтва прыводзілі да адкрытых выступленняў рабоў. Моцныя ўзброенныя паўстанні рабоў адбыліся ў 1746, 1760 і 1798 гг. Другой распаўсюджанай формай пратэсту было бегства ў горы і далучэнне да марунаў. Частыя напады марунаў на плантацыі вымусілі англічан у 1728 г. перабросіць з Гібралтару дадатковыя ваенныя рэзервы. У 1734 г. англіскія салдаты здолелі захапіць і зруйнаваць добра ўмацаванае марунскае паселішча Нані-Таўн. У 1738 г. губернатар Э. Трэлані заключыў з марунамі мірны дагавор, паводле якога маруны атрымлівалі зямлю ў іншым месцы на востраве, вызваляліся ад падаткаў, прызнавалася іх аўтаномія ў дачыненні да англіскай адміністрацыі. Наўзамен маруны абавязваліся не прымаць у свае шэрагі беглых рабоў, спыніць напады на плантацыі і аказваць ваенную дапамогу плантатарам. Аднак узброенныя канфлікты з марунамі ўзнікалі яшчэ двойчы.

У той жа час сярод белага насельніцтва Ямайкі і ў метраполіі раслі абаліцыянісцкія настроі. У 1764 г. Палата Асамблеі звярталася да губернатара з прапановай абмежаваць увоз афрыканцаў. У 1781 г. быў прыняты закон, забараняўшы калечыць рабоў. У 1807 г. брытанскі парламент забараніў вольны гандаль рабамі.

У выніку Амерыканскай рэвалюцыі і Напалеонаўскіх войнаў у канцы XVIII — пачатку XIX ст. ямайская эканоміка была пазбаўлена часткі традыцыйных рынкаў збыту. Кошт экспарту паступова зніжаўся, а кошт імпарту ўзрастаў. На мясцовую эканоміку таксама клаўся асноўны цяжар утрымання буйных ваенных гарнізонаў і міліцыі. Плантатары былі вымушаны перадаваць частку зямлі ў карыстанне рабам і даваць апошнім дазвол на выкуп з няволі. Закон 1816 г. гарантаваў рабам права выкупу без дазволу гаспадара. Гэта прывяло да фарміравання новага грамадскага пласту вольнага каляровага насельніцтва. Сацыяльны статус саміх плантатараў знізіўся. Пасля заканчэння Напалеонаўскіх войн вызначылася тэндэнцыя міграцыі белага насельніцтва ў метраполію ці іншыя брытанскія калоніі.

Пасля адмены рабства[правіць | правіць зыходнік]

У снежні 1831 г. на Ямайке ўспыхнуло буйное Каляднае паўстанне рабоў. Яно працягвалася 4 месяцы і стала галоўнай падставай для распрацоўкі закона аб адмене рабства. Гэты закон быў абвешчаны 1 жніўня 1834 г., аднак працэс эмансіпацыі працягваўся 4 гады. Атрымаўшы волю, значная частка былых рабоў адмовілася працаваць на плантацыях. У сваю чаргу, плантатары імкнуліся выгнаць са сваіх зямель непрацаздольных. Пасля прыняцця ў Вялікабрытаніі закону аб вольным гандлі (1848 г.) мясцовая эканоміка была пазбаўлена прэферэнцый і хутка прыйшла ў заняпад. У 18501852 гг. насельніцтва Ямайкі моцна пацярпела ад эпідэмій азіяцкай халеры і чорнай воспы. Мясцовыя ўлады імкнуліся выправіць становішча шляхам мадэрнізацыі. У 1840-ыя гг. былі адчынены першыя прамысловыя прадпрыемствы. У 1845 г. пабудавана першая лінія чыгункі. Аднак крызіс працягваўся да сяр. 1860-ых гг. і ў выніку прывёў да моцных сацыяльных хваляванняў і кастрычніцкаму паўстанню 1865 г.

Бухта Кінгстана, к. 1870

З 1866 г. брытанская адміністрацыя для працы на плантацыях пачала ўвоз індыйскіх рабочых. Адначасова праводзілся ліберальныя рэформы, накіраваныя на дэмакратызацыю сацыяльнага ладу, развіццё камунікацый і адукацыі. У 1895 г. быў арганізаваны першы прафесійны саюз настаўнікаў. Адкрыццё ў 1901 г. прамой параходнай лініі паміж Ямайкай і Вялікабрытаніяй спрыяла развіццю экспарту тытуню і бананаў. Пашырыліся гандлёвыя сувязі з ЗША і Канадай.

Ямайцы прымалі ўдзел у Першай і Другой Сусветных войнах. Так, у 1914 г. на фронт быў накіраваны дзесяцітысячны армейскі корпус, які ваяваў спачатку супраць Германіі, а потым быў накіраваны ў Палестыну. Пад час Другой Сусветнай вайны многія астравіцяне служылі ў ВМС Вялікабрытаніі і ЗША. Згодна дамове паміж ЗША і Вялікабрытаніі ў 1940 г. на востраве былі размешчаны амерыканскія ваенныя базы. Акрамя таго, ямайскія рабочыя накіроўваліся ў ЗША для працы на ваенных прадпрыемствах.

Негледзячы на спробы адміністрацыі выправіць сацыяльнае і эканамічнае становішча, у міжваенны перыяд назіраецца незадаволенасць метраполіяй, што ўвасобілася ў руху гарвеізму, пашырэнню эміграцыі, рэлігійнага сектанства і палітычных выступленняў рабочых. У 1938 г. былі сфарміраваны адзіны Рабочы саюз і першая палітычная арганізацыя — Народная Нацыянальная партыя. У 1943 г. узнікла Ямайская Лейбарысцкая партыя. У 1944 г. была зацверджана Канстытуцыя, паводле якой быў створаны мясцовы ўрад.

У пасляваенныя гады пры непасрэдным удзеле амерыканскага капіталу атрымалі развіццё новыя перспектыўныя галіны эканомікі: здабыча і пераапрацоўка баксітаў, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, турызм, вырошчванне рысу і г. д. У 1947 г. на канферэнцыі прадстаўнікоў вест-індскіх калоній Вялікабрытаніі ў Мантэга-Бэй было прынята рашэнне аб стварэнні Вест-Індскай федэрацыі і адзінага федэратыўнага ўрада. У 1958 г. Ямайка афіцыйна ўвайшла ў склад гэтага палітычнага аб'яднання. Аднак на рэферэндуме 1961 г. больш за палову выбаршчыкаў прагаласавала за выхад з федэрацыі. Са згоды брытанскага ўрада 6 жніўня 1962 г. была абвешчана незалежнасць Ямайкі. Адначасова ў сілу ўступала новая Канстытуцыя.

Перыяд незалежнасці[правіць | правіць зыходнік]

Далейшая палітычная гісторыя Ямайкі характарызавалася вострай барацьбой паміж асноўнымі палітычнымі сіламі — Народнай Нацыянальнай і Лейбарысцкай партыямі. У 1970-ых гг. урад Народнай Нацыянальнай партыі праводзіў палітыку збліжэння з сацыялістычнымі краінамі. Былі заключаны дыпламатычныя адносіны з Кубай і СССР, распачата аграрная рэформа, нацыяналізавана баксітная прамысловасць. Аднак пагаршэнне ўмоў жыцця прывяло ў 1980 г. да сацыяльных хваляванняў. На датэрміновых выбарах перамагла Лейбарысцкая партыя, якая спыніла аграрную рэформу і пачала палітыку збліжэння з ЗША. У 1981 г. былі разарваны дыпламатычныя адносіны з Кубай. У 1983 г. армейскія фарміраванні Ямайкі ўдзельнічалі ў акупацыі Грэнады. Негледзячы на некаторыя эканамічныя поспехі, лейбарысцкі ўрад не здолеў перамагчы выбух наркагандлю і крымінальнай злачыннасці. Таму ў 1989 г. да ўлады зноў прыйшла Народная Нацыянальная партыя. З 1992 г. яе ўрад імкнуўся праводзіць збалансаваную знешнюю і ўнутраную палітыку. Але ў 2007 г. пасля чаргі карупцыйных скандалаў на выбарах перамагла Лейбарысцкая партыя.