Датога
Датога (Datoga) | |
![]() | |
Агульная колькасць | 170000 (2021 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ![]() |
Мова | датога |
Рэлігія | анімізм |
Блізкія этнічныя групы | календжын, масаі |
Датога (саманазва Datoga) — нілоцкі народ на поўначы Танзаніі. Агульная колькасць (2021 г.) — 170 000 чалавек[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Датога адносяцца да паўднёвай галіны нілотаў, па мове блізкія да календжын і часткі масаяў. Лінгвісты лічаць, што агульныя продкі датога і календжын вылучыліся як асобная група каля 3000 гадоў таму і да 1500 г. перасяліліся на тэрыторыю Усходняй Афрыкі. Датога займалі частку горных раёнаў з багатымі пашамі, пакуль не былі выціснуты з большасці зямель масаямі. У другой палове XX ст. ціск перасяленцаў, на гэты раз земляробаў-банту, прадоўжыўся[2]. Характэрна тое, што датога імкнуцца адасобіцца ад сучасных інавацый, каб захаваць традыцыйную культуру.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Асноўным заняткам датога лічыцца вандроўная і адгонная жывёлагадоўля. Яны трымаюць кароў, авечак, коз і аслоў. Асаблівую ролю ў культуры займаюць каровы, паколькі валоданне імі вызначае статус сярод супляменнікаў, малако і кроў кароў разглядаюцца як найлепшая ежа. Большасць датога вымушана займацца земляробствам, вырошчваюць кукурузу, проса, бабовыя, на продаж — цыбулю. Звычайна земляробства развіваецца найлепей у раёнах з дастатковай колькасцю ападкаў, там, дзе існуе вонкавы попыт на харчовыя прадукты. Акрамя таго, пэўны перыяд года мужчыны займаюцца адыходніцтвам, наймаюцца на часовую працу ў гарады. Наадварот, ізаляваныя групы ў засушлівых раёнах абапіраюцца галоўным чынам на жывёлагадоўлю. Жывёлагадоўля застаецца найважнейшым заняткам барабайг, найбольш ізаляванай тэрытарыяльнай групы, што захоўвае багатыя горныя пашы. Распаўсюджанае традыцыйнае рамяство — металургія. Датога апрацоўваюць жалеза. Дадатковыя заняткі — паляванне і збіральніцтва.
Тыповыя паселішчы геда — сямейныя сядзібы з некалькімі хацінамі. Апошнія ўяўляюць сабою чатырохкутныя каркасныя канструкцыі з плоскімі дахамі, сплеценыя з галля і пакрытыя сумессю гліны, саломы і гною. Прастору вакол геда абмяжоўваюць зараснікі калючага хмызняку, што абараняюць людзей і свойскую жывёлу ад дзікіх звяроў. Мужчынская вопратка хангд — кавалак чырвонай тканіны накшталт тогі. Жаночая вопратка ханангвенд даўжэйшая за хангд. Жанчыны носяць шыйныя драцяныя спіралі і мноства караляў. І мужчыны, і жанчыны ўпрыгожваюць цела і твар шрамаваннем.
Датога падзяляюцца на 13 тэрытарыяльных груп, якія дысперсна раскіданы на поўначы Танзаніі. Яны звычайна не мяжуюць адна з іншай, аднак падтрымліваюць узаемныя кантакты. Агульнага кіравання ў тэрытарыяльных груп няма. Існуюць таксама родавыя арганізацыі на чале са старэйшынамі, але іх уплыў у розных групах адрозны. Род арганізуе супольныя святы і рытуалы, яго члены аказваюць узаемную падтрымку. Галоўная сацыяльная адзінка — нуклеарная сям’я з бацькоў і іх дзяцей. Яна разглядаецца як карыстальнік пэўных тэрыторый, уладальнік палеткаў і свойскай жывёлы. Сваяцтва перадаецца толькі па лініі бацькі. Шлюбы знутры рода забаронены. Многія сем’і прытрымліваюцца звычаю палігініі. Мужчыны выбіраюць жонак не толькі сярод супляменніц, але і сярод жанчын-банту.
У юнацкім узросце хлопчыкі праходзяць шэраг абрадаў ініцыяцыі, у тым ліку абразанне і паляванне на дзікіх звяроў. У апошнім выпадку забойства звера не абавязковае. Малады воін павінен толькі праткнуць небяспечную жывёліну (ільва, буйвала, насарога, леапарда і г. д.) дзідай. Датога лічацца грознымі воінамі і паляўнічымі нават у параўнанні з масаямі[3]. Часам ахвярамі воінаў становяцца не жывёлы, а людзі, паколькі забойства ворага прыраўноўваецца да подзвігу. Ворагамі могуць лічыцца ўсе, хто не адносіцца да датога і не мае з імі сваяцкіх або шчыльных гандлёвых сувязей. У нашы дні наяўнасць агнястрэльнай зброі дазваляе датога супраціўляцца нават паліцэйскім і армейскім часткам.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Родная мова датога адносіцца да паўднёвай галіны нілоцкіх моў. Яна фактычна з’яўляецца бяспісьменнай, хаця існуюць запісы асобных слоў і выразаў на лацінцы. Дзеці датога практычна абмінаюць школьную адукацыю, таму ўзровень засваення афіцыйных моў вельмі нізкі. Толькі 1 % датога пісьменны, толькі 5 % датога валодаюць суахілі[4]. У выніку большасць датога размаўляе на роднай мове.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Датога вераць у існаванне першаснага бога-творцы сусвету Асеета. Аднак ён мала выяўляе сябе ў паўсядзённым жыцці. Таму датога шануюць шматлікіх духаў прыроды і продкаў. Рэлігійныя цырымоніі ўзначальваюць старэйшыны або правадыры. Прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій перыядычна арганізуюць сярод датога місіянерскую дзейнасць, аднак пакуль яна не прыносіць асаблівага плёну.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Датога
- DATOGA PEOPLE: TANZANIANS INDIGENOUS PEACEFUL AND FIERCE WARRIORS
- DATOGA SOCIAL ORGANIZATION AND VILLAGES Архівавана 17 студзеня 2021.
- The Barabaig by G.J. Kilma Архівавана 19 красавіка 2024.