Дзмітрый Сямёнавіч Зубравіцкі
Дзмітрый Сямёнавіч Зубравіцкі | |
---|---|
Дата нараджэння | 1400 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | не раней за 1444 |
Бацька | Сямён Дзмітрыевіч[1] |
Жонка | Соф’я Жэдзівідаўна[d] |
Дзеці | Марына Дзмітрыеўна[d] |
Дзмітрый Сямёнавіч «Сякіра», князь Зубравіцкі з роду Друцкіх, Мітка Сякіра, Дзмітрый Друцкі-Зубравіцкі (Митко Семенович, Митко Зубревицки, Митко Секира, dux Mithko filius Syemoni ducis Druschnensis; каля 1400 — пасля 1444) — староста асцёрскі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Сын князя друцкага Сямёна Дзмітрыевіча. У Друцкім княстве меў удзел з цэнтрам у Зубравічах на рацэ Ульянаўцы. Ад вялікага князя Вітаўта трымаў вялікую Асцёрскую воласць на левабярэжжы Дняпра ў Кіеўскай зямлі.[2]
Крыніцамі згадваецца з 1425 года, калі кароль Уладзіслаў Ягайла даў яму 60 грыўняў на перамышльскіх і драгабыцкіх саляных капальнях і львоўскім мыце. У 1427 годзе атрымаў таксама ад караля маёнткі Хлопы, Вангерчэ, Какаловічэ, Камарна, Літэўчыцэ ў Градоцкім і Кліцка ў Шчырэцкім паветах, агулам на 300 грыўняў.[2]
Паводле Хронікі Быхаўца, адыграў значную ролю ў канфлікце паміж вялікім князем Свідрыгайлам і каралём Уладзіславам Ягайлам. На баку вялікага князя Свідрыгайлы браў удзел у феадальнай вайне, у бітве пад Ашмянамі (1432) разам з братам князем Васілём Красным трапіў у палон да вялікага князя Жыгімонта. Урэшце прызнаў уладу Жыгімонта.[2]
У 7-м індыкце (прыпадае на 1429 або 1444, звычайна дакумент датуюць 1444 годам) склаў тастамент на карысць жонкі Соф’і, дзяцей і нашчадкаў. Паводле тастамента ўладанні князя Дзмітрыя Друцкага-Зубравіцкага складаліся з «двароў» Зубравічы і Хімы, «зямлі пустой» Дубровенскай, «двароў» Быхаў (напэўна, пазнейшы Новы Быхаў), Добасна і даннікаў у Турцы (сярод зямель Свіслацкай воласці).[2]
Памёр на пачатку валадарства вялікага князя Казіміра.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Жонка — княгіня Соф’я, невядомага паходжання. Паводле Хронікі Быхаўца, Соф’я была пляменніцай («братанкай») Ягайлы і Свідрыгайлы — дачкой князя Жэдзівіда, і ёй належалі спадчынныя правы на Падольскую зямлю, за якую і адбываўся канфлікт паміж Польшчай і ВКЛ. Аднак, Жэдзівіда сярод сыноў вялікага князя Альгерда крыніцы, апроч самой Хронікі Быхаўца, не ведаюць, а быў ён сынам нейкага князя Фёдара[3]. На думку Юзафа Вольфа, Соф’я магла быць дачкой або ўнучкай кагосьці з Карыятавічаў.[2]
Меў дачку Марыну, жонку князя Сямёна Трабскага.[4]
Ёсць думка, што мог мець яшчэ дачок, праз якіх часткі Друцкага княства трапілі да князёў Мошкаўскіх і іншых.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa: Drukiem J. Filipowicza, 1895. — S. 57—58.
- Polechow S. Poręczenie za kniazia Żedywida a wydarzenia lat 1392–1393 w Wielkim Księstwie Litewskim // Zapiski Historyczne. — 2020. — Т. 85. Zesz. 3.