Дзянніца (газета)
«Дзянніца» | |
---|---|
| |
Арыгінальная назва |
Дзянніца |
Тып | газета |
Краіна |
|
Рэдактар | Зміцер Жылуновіч, Янка Нёманскі і Павел Гіляравіч Каравайчык |
Заснавана | 1916 |
Спыненне публікацый | люты 1919 |
Мова | беларуская |
Галоўны офіс |
«Дзянні́ца» — беларуская газета, заснаваная Змітром Жылуновічам у Петраградзе ў 1916 годзе. Адноўленая ў 1918 годзе, стала першай савецкай газетай на беларускай мове.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Створана ў Петраградзе ў 1916 годзе, дзе існавала вялікая беларуская суполка ўцекачоў з акупаванай кайзераўскай Германіяй тэрыторыі Беларусі. Выдавалася на ўласныя сродкі Змітра Жылуновіча. Выходзіла з кастрычніка па снежань 1916 года[1].
Выхад аднавіўся з 1 сакавіка 1918 года як друкаваны орган Белнацкама[2]. Друкавалася ў Петраградзе на беларускай мове. З 6 красавіка 1918 (№ 6) да 24 лютага 1919 года ў Маскве. Асобныя матэрыялы друкаваліся на рускай мове.
Рэдактарамі былі Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны, № 1—5), Зміцер Жылуновіч і Іван Пятровіч (Янка Нёманскі, № 6—23), астатнія нумары падпісвалі выдавецкі аддзел Белнацкама (да № 39) і рэдакцыйная калегія (у 1919 годзе фактычны рэдактар Павел Каравайчык). Выйшла 49 нумароў[3].
Змест
[правіць | правіць зыходнік]Змяшчала артыкулы на агульнапалітычную, эканамічную, нацыянальную тэматыку, беларускія літаратурныя творы. Асвятляла дзейнасць Белнацкама, беларускіх арганізацый Савецкай Расіі, жыццё беларускіх уцекачоў, заклікала да змагання за вызваленне акупаванай Германіяй тэрыторыі Беларусі[3].
Змяшчала дакументы пра палітычную і культурна-асветніцкую дзейнасць урада Беларускай Народнай Рэспублікі (адозвы, устаўныя граматы, мемарандумы, загады і пастановы, тэлеграмы), паведамленні пра культурна-асветніцкую дзейнасць, адкрыццё курсаў беларусазнаўства ў Менску, Будслаўскай і Віленскай беларускіх гімназій і інш. Адначасова крытычна ставілася да дзейнасці ўрада БНР, бачыла Беларусь у складзе Расійскай Федэрацыі[3].
Друкавала матэрыялы пра пабудову беларускай дзяржаўнасці. Адлюстравала палеміку Белнацкама з дзеячамі Паўночна-Заходняга абкама РКП(б) і Аблвыканкамзаха (Аляксандр Мяснікян, Вільгельм Кнорыньш), якія выступалі супраць ідэі беларускай дзяржаўнасці.
Змясціла артыкул «Беларусь як частка Савецкай Федэратыўнай Рэспублікі», тэкст Маніхвэста аб абвяшчэнні Беларускай ССР, пастанову Прэзідыума ВЦВК аб прызнанні незалежнасці БССР, пастановы беларускага савецкага ўрада і 1-га Усебеларускага з’езда Саветаў. Вынікі існавання «Дзянніцы» падведзеныя ў артыкуле М. Баравога «Год нашай працы» (№ 49 ад 24 лютага 1919).
Друкавала творы Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Максіма Гарэцкага, Алеся Гурло, Ігната Дварачаніна (псеўданім Гудок), А. Дземідовіча, Паўла Каравайчыка (П. Каравай), Я. Макарэвіча, Я. Лагуна, Міхаіла Мялешкі, Фабіяна Шантыра, А. Юшкевіча і інш.; навуковыя і публіцыстычныя артыкулы Язэпа Дылы, Яўсея Канчара, Паўла Каравайчыка (П. Любецкі), Янкі Нёманскага, Дзмітрыя Чарнушэвіча[3].
Зноскі
- ↑ Беларускі нацыянальны рух у нады Першай Сусветнай вайны . library.by (21 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 1-2-2019. Праверана 1-2-2019.
- ↑ Віталь Скалабан. Пасля «Нашай Нівы» . Медиа Эксперт №3, 2004 (web.archive.org). Архівавана з першакрыніцы 18 лістапада 2011. Праверана 1-2-2019.
- ↑ а б в г Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Наталля Калеснік «Дзянніца» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 237
- Бугаев Е. Возникновение большевистских организаций и образование Компартии Белоруссии. ― М., 1959;
- Дзьве даты // «Звязда». — 1 сакавіка 2011. — № 39 (26903). — С. 8.
- Зерницкий М. С. Белорусская советская печать в годы иностранной военной интервенции и гражданской войны (1918—1920). ― Мн., 1963;
- Круталевич В. А. Рождение Белорусской Советской Республики. ― Мн., 1975.