Дзяржаўная інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны
Дзяржаўная інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны | |
---|---|
Агульная інфармацыя |
|
Краіна | |
Дата стварэння | 11 снежня 1992 |
Дата скасавання | 1997 |
Заменена на | Дэпартамент па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь[d] |
Кіраўніцтва дзейнасцю ажыццяўляе | Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь |
Дзяржаўная інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны (ДзІнАС) — спецыялізаваны дзяржаўны орган па ажыццяўленні дзяржаўнай палітыкі ў галіне ўліку і аховы гісторыка-культурнай спадчыны, які існаваў у 1992-1997 гадах у Беларусі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Дзяржаўная інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны была створана ў адпаведнасці з законам «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11.12.1992 г. № 745[1].
30 красавіка 1993 г. Пастановай Савета Міністраў № 265 было зацверджана Палажэнне, якое вызначала структуру, функцыі, кампетэнцыю органа. У адпаведнасці з Палажэннем, інспекцыю ўзначальваў старшыня, які прызначаўся Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Ён меў аднаго намесніка, які таксама прызначаўся Саветам Міністраў. 11 снежня 1992 года старшынёй ДзІнАС быў прызначаны Д. С. Бубноўскі[1].
Так, у 1992 г. кіраўніцтва ДзІнАС прыняла ўдзел у падрыхтоўцы і падпісанні тэксту міжурадавай дэкларацыі аб супрацоўніцтве ў галіне навукі, культуры, асветы паміж Польшчай і Рэспублікай Беларусь; удзельнічала ў падрыхтоўцы праекта міжурадавага пагаднення па гэтым жа пытанні з Германіяй; распрацавала варыянт Пагаднення аб прынцыпах узаемаадносін у галіне гісторыка-культурнай спадчыны з ЗША; прапанавала тэкст Пагаднення паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. У 1994 г. у Мінску адбылося першае ўстаноўчае пасяджэнне сумеснай Беларуска-Польскай кансультацыйнай камісіі па справах гісторыка-культурнай спадчыны, створанай у адпаведнасці з Беларуска-Польскай міжнароднай дэкларацыяй аб супрацоўніцтве ў галіне навукі, культуры і асветы. Створаная камісія атрымала ад урадавых прадстаўнікоў абодвух бакоў (старшыні ДзІнАС і спецыяліста ад Урада Польшчы) першае заданне па збору матэрыялаў па аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны Нясвіжа як буйнага культурнага цэнтра Еўропы[1].
Навукова-метадычная дзейнасць інспекцыі была засяроджана на распрацоўцы формы Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей, стварэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны; афармленні ахоўных абавязацельстваў, зыходна-дазваляльных дакументаў[1].
З прычыны таго, што ў кампетэнцыю ДзІнАС уваходзілі пытанні па аб’ектах рухомай і нерухомай спадчыны, то актуальным было выяўленне і наданне статусу каштоўнасці музейным экспанатам. Так, у 1993 г. вядучым дзяржаўным музеям і бібліятэкам быў разасланы цыркулярны ліст з просьбай даць прапановы па наданні статусу каштоўнасці найбольш адметным адзінкам захавання з фондаў[1].
Таксама апрабіраваліся прынцыпы вызначэння правоў уласнасці на выпадкова выяўленыя каштоўнасці і механізмы выплаты ўзнагарод асобам, якія іх выявілі, устанаўлення памераў кампенсацый, што павінны ўтрымлівацца за неадпаведнае выкарыстанне матэрыяльных нерухомых каштоўнасцей[1].
У супрацоўніцтве з Галоўным упраўленнем па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і культуры пры Савеце Міністраў Беларусі (з яго навукова-метадычным цэнтрам) былі распрацаваны формы ўліковых дакументаў на матэрыяльныя нерухомыя каштоўнасці, таксама формы Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей. Фарміраваўся каталог каштоўнасцей страчаных падчас Другой сусветнай вайны[1].
У 1993 г. адбыўся Польска-Амерыканскі сімпозіум па праблемах гістарычнага асяроддзя з удзелам краін Прыбалтыкі і Беларусі. У адпаведнасці з пратаколам мемарандума паміж Рэспублікай Беларусь і ЮНЕСКА быў распрацаваны і накіраваны ў Парыж варыянт праекта “Мірскі замак”[1].
ДзІнАС праводзіла планамерную працу па азнаямленні мясцовых выканаўчых органаў улады з прынятым заканадаўствам. Асабліая ўвага надавалася рэгламентацыі відаў рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ, якія падзяляліся на аднаўленчыя работы, дапаўненне, кансервацыю, прыстасаванне, раскрыццё, рэгенерацыю, рэканструкцыю і рэстаўрацыю[1].
Наступным этапам стала ўпарадкаванне штатнай структуры на ўзроўні аблвыканкамаў. Так, пасля распараджэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 красавіка 1992 г. № 397 і ў адпаведнасці з пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь “Аб рэарганізацыі справы аховы гісторыка-культурнай спадчыны” пры аблвыканкамах пачаўся працэс падбору кадраў. З гэтай нагоды пры Віцебскім абласным савеце народных дэпутатаў на пасаду інспектара па ахове помнікаў 25 лістапада 1992 г. была прызначана Ніна Андрэеўна Сулецкая, якая мела адукацыю гісторыка і раней працавала намеснікам старшыні абласнога таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. На тэрыторыі Мінскай вобласці ў гэтым жа годзе былі ўведзены 2 адзінкі супрацоўнікаў: у Мінску і Нясвіжы. Апошняя была ўведзена ў жніўні 1993 г. Таксама ў адпаведнасці з Пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 15 мая 1991 г. № 799-XII і распараджэннем Савета Міністраў Беларусі ад 22 красавіка 1992 г. № 397 у штат упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама, Кобрынскага і Пінскага гарвыканкамаў былі ўведзены штатныя адзінкі інспектараў. У 1993 г. Гродзенскім абласным Саветам народных дэпутатаў была ўведзена адзінка інспектара ў штат аддзелаў культуры Лідскага, Навагрудскага і Слонімскага гарвыканкамаў[1].
На пачатковым этапе работы даволі актыўна праходзіў працэс выдачы зыходна-дазваляльнай дакументацыі, у якой прапісваліся ўмовы работы на аб’ектах. У 1993 г. было выдадзена 38 планавых рэстаўрацыйных заданняў, узгоднена 126 адзінак навукова-праектай дакументацыі, выдадзена 57 ліцэнзій юрыдычным і фізічным асобам на права работ з каштоўнасцямі. У перыяд з 1994 па 1997 гг. – 56 планавых рэстаўрацыйных заданняў, 115 ліцэнзій юрыдычным і фізічным асобам на права работ з каштоўнасцямі[1].
Рэарганізацыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1997 г. орган аховы прайшоў чарговы этап аптымізацыі. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ДзІнАС была ператворана ў Камітэт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Пазней, у 1998 г., дзяржаўная інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны была расфарміравана на два камітэты: камітэт па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў і камітэт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. У 2001 г. была прынята Пастанова Савета Міністраў № 862, згодна якой інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і камітэт па рэстаўрацыі і кансервацыі былі аб’яднаны ў Дэпартамент па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь[1].
Структура[1]
[правіць | правіць зыходнік]- старшыня ДзІнАС
- намеснік старшыні
- аддзел па справах матэрыяльных нерухомых каштоўнасцей
- аддзел па справах матэрыяльных рухомых каштоўнасцей
- аддзел па справах духоўных каштоўнасцей
- аддзел па справах каштоўнасцей народа Беларусі, што знаходзяцца па-за яе межамі.
- агульны аддзел
- фінансава-эканамічны аддзел.
Структура інспекцыі прадугледжвала наяўнасць Упраўленняў па абласцях: Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і асобна – горада Мінска[1].
Штатная структура ДзІнАС, без уліку персаналу па абслугоўванні і ахове будынкаў, і налічвала 17 адзінак супрацоўнікаў. Прычым з Дзяржаўнай інспекцыі па ахове помнікаў гісторыі і культуры, што існавала раней пры Міністэрстве культуры, былі пераведзены ў штат 5 адзінак. Заяўленыя 17 адзінак паасобна значыліся ва ўпраўленнях культуры аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама і аддзелаў Кобрынскага, Пінскага, Полацкага, Мазырскага, Слонімскага, Навагрудскага, Нясвіжскага, Бабруйскага, Мсціслаўскага райвыканкамаў і гарвыканкамаў[1].
Задачы
[правіць | правіць зыходнік]Асноўнай мэтай новаўтворанага органа было зберажэнне гісторыка-культурных каштоўнасцей, іх асяроддзя і ўмоў існавання, недапушчэнне страты адметных вартасцей каштоўнасцей, іх навукова не абгрунтаваных змен, кантроль за практычным выкарыстаннем помнікаў даўніны, вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны, выяўленне і ўлік каштоўнасцей, вяртанне ў Рэспубліку Беларусь каштоўнасцей Беларусі, якія апынуліся па-за яе межамі, кантроль за выкананнем патрабаванняў заканадаўства аб ахове гісторыка-архітэктурнай спадчыны[1].
У вырашэнні пералічаных пытанняў ДзІнАС падпарадкоўвалася Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікі органа ўваходзілі ў склад апарата культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, аддзелаў культуры райвыканкамаў і гарвыканкамаў[1].
Прыярытэтнай задачай ДзІнАС было ажыццяўленне дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне ўліку і аховы гісторыка-культурнай спадчыны, падрыхтоўка прапаноў і абранне курса на пабудову эфектыўных метадаў рашэння сістэмных праблем ахоўнай галіны[1].
Не менш значнымі былі задачы па выпрацоўцы механізму вяртання рухомых каштоўнасцей беларускага народа, якія апынуліся па-за межамі краіны. Актуальным заставалася пытанне стварэння спрыяльных умоў для папулярызацыі і вывучэння гісторыка-культурнай спадчыны, актывізацыя гэтага працэсу. Сярод першасных мерапрыемстваў вызначалася метадычная арганізацыя сістэмы ўліку каштоўнасцей і кіраўніцтва яе дзейнасцю. Патрабавала ўвагі выпрацоўка падыходаў кіраўніцтва дзейнасцю Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны і правядзенне навукова-метадалагічнай работы ў галіне ўліку, аховы, зберажэння, аднаўлення, выкарыстання, памнажэння і вяртання гісторыка-культурнай спадчыны[1].
Адпаведна прынятаму заканадаўству патрабавалася рэгламентацыя і нарматыўна-метадычнае забеспячэнне дзейнасці юрыдычных і фізічных асоб, якая датычылася пытанняў дагляду, рамонту, натурных даследаванняў, кансервацыі, рэстаўрацыі, рэгенерацыі, аднаўлення, прыстасавання, дапаўнення, раскрыцця, выяўлення, вяртання каштоўнасцей[1].
Не менш значным было ажыццяўленне метадычна-абгрунтаванай дзейнасці па падбору і класіфікацыі спецыялістаў, якія могуць быць дапушчаны да правядзення адказных работ, што непасрэдна ўздзейнічаюць на адметныя вартасці каштоўнасцей[1].