Дзмітрый Касмовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Дз. Касмовіч)
Дзмітрый Касмовіч
Нараджэнне 21 верасня 1909(1909-09-21)
Смерць 23 красавіка 1991(1991-04-23) (81 год)
Месца пахавання
Жонка Надзея Касмовіч (Міцкевіч)
Дзеці Юрка Касмовіч, Раіса Касмовіч[1]
Партыя
Член у
Адукацыя
Дзейнасць палітык
Месца працы
Род войскаў Беларуская краёвая абарона і Паветрана-дэсантны спецыяльны батальён «Дальвіц»

Дзмітрый Касмовіч (21 верасня 1909, Нясвіж — 23 красавіка 1991, Штутгарт) — беларускі палітычны і грамадcкі дзеяч, выдавец.

Студэнцкае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

У 1920—1927 гг. вучыўся ў Нясвіжскай, Наваградскай, Радашковіцкай гімназіях. Скончыў Радашковіцкую беларускую гімназію (1927), працаваў, каб зарабіць грошы на далейшую адукацыю. У 1927—1928 гг. працаваў паштовым работнікам у Бярозе Картузскай[2]. У 1929 г. выехаў у Бельгію, дзе вучыўся на медыцынскім факультэце ўніверсітэта ў Льежы, у Політэхнічным інстытуце ў Генце, у Горным інстытуце ў Льежы, працаваў у вугальных капальнях і прымаў актыўны ўдзел у студэнцкім руху. Быў сузаснавальнікам Беларускага студэнцкага гуртка ў Бельгіі, членам Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый (АБСА) з цэнтрам у Празе, ад імя якога быў абраны дэлегатам на міжнародную канферэнцыю Міжнароднай студэнцкай канфедэрацыі (Confederation L’Internationale d’Etudiants — CIE). У 19321934 служыў у польскай арміі. У 19341939 працягваў атрыманне вышэйшай адукацыі ў Бельгіі, адначасова працаваў на бельгійскіх вугальных шахтах, каб зарабіць грошы на навучанне. У 1934 г. пераехаў у Югаславію, паступіў на багаслоўскі факультэт Белградскага ўніверсітэта, які скончыў у 1939 г. Быў старшынёй Беларускага студэнцкага гуртка ў Бялградзе.

Перад нямецка-савецкай вайною[правіць | правіць зыходнік]

У верасні 1939 вярнуўся ў Нясвіж, быў на адміністрацыйнай працы. Па прапанове мясцовых жыхароў прызначаны бурмістрам Нясвіжу, працаваў начальнікам сацыяльнага забеспячэння Нясвіжскага раёна, потым гаспадарчым інспектарам у Нясвіжы. Быў накіраваны на Народны сход Заходняй Беларусі ў Беластоку, дзе абраны дэлегатам Народнага Сходу на 5-ю нечарговую сесію Вярхоўнага Савета СССР і на 3-ю сесію Вярхоўнага Савета БССР у Мінску. Атрымаўшы папярэджанне аб магчымым арышце, пераехаў у Мінск. У 19401941 вучыўся ў Мінскай палітэхніцы.

Падчас нямецкай акупацыі[правіць | правіць зыходнік]

У ліпені 1941 прыязджае з Нясвіжа ў Мінск. Улетку 1941 на пасадзе каменданта арганізаваў Службу парадку (дапаможная паліцыя Вермахта з былых савецкіх грамадзян) ў Мінску. Падчас нямецкай акупацыі быў кіраўніком і арганізатарам транспартнага, харчовага, прамысловага, гандлёвага аддзелаў Мінскай гарадской управы. Быў сябрам ЦК Беларускай незалежніцкай партыі. Дзм. Касмовіч актыўна ўдзельнічаў у аднаўленні царкоўнага жыцця, адбудове цэркваў і беларусізацыі богаслужэнняў, быў дэлегатам і ўдзельнікам Аўтакефальнага сабора Беларускай праваслаўнай царквы (Мінск, жнівень-верасень 1942).

У 19411943 разам з Міхалам Вітушкам і Радаславам Астроўскім ствараў атрады Службы парадка на Браншчыне, Смаленшчыне і Магілёўшчыне, а таксама арганізоўваў цывільную акупацыйную адміністрацыю. Выконваў абавязкі інспектара дапаможнай паліцыі прыфрантавай зоны групы армій «Цэнтр». У 1942 быў прызначаны інспектарам службы парадку ў Смаленскай акрузе.

У пачатку 1970-х Касмовіча абвінавацілі ў кіраванні аперацыяй па знішчэнні 184-х чалавек, якія былі абвінавачаныя ў сымпатыкаў савецкай партызанкі, у Касплянскім раёне, якая адбылася 1 ліпеня 1942 года[3][4]. Аляксандр Гелагаеў, ваенны аглядальнік і гісторык, тлумачыць[5]:

" Вядома, што Зміцеру Касмовічу, які працаваў у паліцыі на Смаленшчыне, закідаюць факт удзелу ў знішчэнні вёскі Каспля. У Нацыянальным Архіве ёсць фонд Касплянскай партызанскай брыгады. Нічога пра ўдзел Касмовіча асабіста я там не знайшоў. А сам факт усплыў толькі ў 1980-я гады ў публіцыстычным выданні. Мне здаецца, што гэта можа быць наўпрост часткай кампаніі, скіраванай супраць беларускай эміграцыі, бо Касмовіч быў вядомым яе дзеячом. Такім чынам, ёсць абвінавачванні, а доказаў — зноў няма. "

Сам Касмовіч ці жартам, ці сур’ёзна напісаў Радаславу Астроўскаму пра той час: «Гэта так даўно было, што многае забылася».[3]

У 19431944 пасля паўторных афіцэрскіх курсаў быў інспектарам Беларускай краёвай абароны; маёр БКА. Удзельнік Другога ўсебеларускага кангрэса (Мінск, 27 чэрвеня 1944), член Беларускай Цэнтральнай Рады, кіраўнік Замежнага сектару Беларускай незалежніцкай партыі (мянушка «Каршун»). Перабіраецца ў Германію, супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення ваенных спраў Беларускай Цэнтральнай Рады. На вераснёўскай канферэнцыі БНП (1944) быў прызначаны кіраўніком Замежнага сектару партыі з заданнем завязаць сувязь з заходнімі дзяржавамі для далейшай барацьбы за незалежную Беларусь. Падтрымліваў сувязь з кіраўніцтвам латышскіх нацыяналістычных арганізацый у Германіі. У сакавіку 1945 — афіцэр беларускага дэсантнага батальёна «Дальвіц».

Пасля вайны[правіць | правіць зыходнік]

Дыплём БКА Дзмітрыя Касмовіча аб наданні звання падпалкоўніка БКА

Працаваў у Міжнароднай дапамаговай арганізацыі UNRRA (United Nations Relief and Rehabilitation Administration, потым называлася IRO — Intertational Refugee Organization) з пачатку яе заснавання ў 1945 да ліквідацыі 3 студзеня 1952. Гэтая арганізацыя дапамагала ўцекачам арганізаваць жыццё ў ДП-лагерах (DP — Displaced Persons), а таксама дапамагала эміграваць у іншыя краіны. Адначасова Дз. Касмовіч вёў на міжнародным узроўні беларускую нацыянальна-палітычную працу і дабрачынную дзейнасць сярод беларусаў, якія апынуліся ў Германіі.

У кастрычніку 1954 выканаўчы орган БЦР прызначыў яго старшынёй дэлегатуры БЦР у Германіі, потым старшынёй еўрапейскай дэлегатуры БЦР і кіраўніком аддзелу ваенных спраў і вызваленчай барацьбы БЦР, прадстаўніком БЦР у ЦК Антыбальшавіцкага блоку народаў (ЦК АБН). Дз. Касмовіч — арганізатар і прэзідэнт Галоўнага Штабу Беларускага вызвольнага фронту (створаны 27 кастрычніка 1954, палітычная платформа БВФ — Акт 25-га Сакавіка 1918 і пастановы 1-га і 2-га ўсебеларускіх кангрэсаў). Галоўнай мэтай Дз. Касмовіча і навастворанай арганізацыі было аб’яднанне беларускага актыву, пашырэнне беларускай вызваленчай ідэі ў «свабодным свеце», зацікаўленне ўплывовых палітычных дзеячаў Захаду становішчам у Беларусі. Дз. Касмовіч меў шырокія кантакты з грамадскімі і дзяржаўнымі дзеячамі, парламентарыямі, урадоўцамі розных краін, супрацоўнікамі ААН.

З 1954 актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі Сусветнай антыкамуністычнай лігі (WACL, World Anti-communist League), у якой прадстаўляў Беларусь, а ў 1970 Беларускі вызвольны фронт уваходзіць у Лігу як раўнапраўны ўдзельнік, і Дз. Касмовіч абіраецца прэзідэнтам беларускага сектару WACL. У 1967 актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі Еўрапейскага савета свабоды (EFC — European Freedom Council), быў старшынёй беларускага сектару і членам выканаўчага камітэта гэтай арганізацыі. Дз. Касмовіч быў вядомы ў сусветных антыкамуністычных нацыянальных і інтэрнацыянальных арганізацыях, удзельнічаў і выступаў на канферэнцыях, сярод якіх «Барацьба за свабоду ў 20 стагоддзі», Франкфурт, 1960; «Камуністычная пагроза свету», Рым, 1961; «Правы чалавека і самавызначэнне нацый», Люцэрн, 1974. Выступаў у пытаннях абароны правоў беларускага і ўсіх паняволеных народаў на 15 сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу, канферэнцыях WACL.

Матэрыялы, прысвечаныя дзейнасці Дз. Касмовіча і Беларускага вызваленчага фронту, рэгулярна друкаваліся ў эмігранцкіх часопісах «Беларуская думка» (Саўт-Рывер, ЗША) і «Барацьба» (Штутгарт, Германія). Апошнія гады жыцця Дз. Касмовіч працаваў над кнігай «За вольную і суверэнную Беларусь» (Вільня, 2006).

Жыў у Штутгарце[6]. Быў жанаты з пляменніцай Якуба Коласа Надзеяй Міцкевіч.

Памёр 23 красавіка 1991 г. у Штутгарце, дзе і пахаваны.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]