Перайсці да зместу

Дом Поляка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Дом Поляка

53°54′08″ пн. ш. 27°33′02″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад
Дата пабудовы XIX стагоддзе
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дом Поляка — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 28. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.

Праект будынка, пададзенага на зацвярджэнне у Мінскую гарадскую ўправу. 1881 г.
Праект фасада. 1881 г.

У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная забудова, якая была знішчана падчас пажару 1874 года. Пасля пажару на месцы страчанай забудовы пабудаваны новы мураваны двухпавярховы дом, а таксама драўляны флігель. Гэтыя будынкі, якія належалі мінскаму мешчаніну Абраму Поляку, моцна пацярпелі падчас вялікага пажару 1881 года. Адразу пасля пажару ўладальнік звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на аднаўленне мураванага жылога дома, а таксама на ўзвядзенне комплексу гаспадарчых пабудоў[1].

Гэты праект быў цалкам рэалізаваны. Адноўлены пасля пажару мураваны двухпавярховы жылы дом выходзіў галоўным фасадам на Койданаўскую вуліцу. Асноўны аб’ём будынка быў накрыты двухсхільным дахам і аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на два ярусы прафіляванай цягай. Вуглы будынка былі аформлены лапаткамі. У цэнтры знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Над аркай быў змешчаны вялікі балкон з каванымі дэкаратыўнымі кратамі. Прамавугольныя аконныя праёмы другога паверха былі аздоблены прафіляванымі ліштвамі[1].

У 1891 годзе новы ўладальнік дома Ізраіль Ляхоўскі пабудаваў на тэрыторыі пляца новы мураваны флігель. У канцы XIX стагоддзя былы дом Поляка набыла дваранка Ідалія Воўк. У 1892 годзе яна пабудавала на тэрыторыі пляца некалькі дадатковых мураваных гаспадарчых пабудоў[1].

У 1906 годзе гэты дом разам з зямельным пляцам перайшоў ва ўласнасць да дваранкі Амеліі Ельскай. Паводле інвентарызацыі 1910 года большасць памяшканняў у доме Ельскіх займала гасцініца «Купецкая», якая мела 10 нумароў, акрамя таго, ў будынку было некалькі жылых кватэр[1].

Пасля 1920 года будынак быў нацыяналізаваны і выкарыстоўваўся пад жылыя кватэры. У гады Другой сусветнай вайны не пацярпеў. Пасля вайны ў выніку шматлікіх рамонтаў і перабудоў быў часткова страчаны дэкор галоўнага фасада, а таксама балкон на другім паверсе. Адначасова была замуравана праязная арка[1].

Да канца XX стагоддзя будынак выкарыстоўваўся пад жыллё[1].

Дом у час рэканструкцыі ў 2014, увесь архітэктурны дэкор фасада ўжо знішчаны
Фасад дома № 28 у 2012 годзе

У 20082009, а таксама ў 2012 гадах былі праведзены даследаванні, якія выявілі, што будынак знаходзіцца ў нездавальняючым стане. Планавалася яго адрэстаўраваць і прыстасаваць пад гандлёвыя і офісныя функцыі. Падчас даследавання быў высветлены першапачатковы характар фасадаў, знойдзены сляды колішняга балкона, кавалак кафлі з арнаментам ад ацяпляльнай печы[2].

Дакументацыя па рэстаўрацыі была распрацавана праектным інстытутам «Мінскграмадзянпраект» па заказе «Мінскай спадчыны». У часе рэканструкцыі ў 2013 годзе на аб’екце вяліся работы, якія не адпавядалі праектнай дакументацыі: будаўнікі збілі старую ўсе ляпныя дэкаратыўныя элементы, зрабілі таркрэтаванне[ru] — нанеслі слаі бетону на аўтэнтычную тынкоўку, а таксама правялі ацяпленне, якое не было ўзгоднена[2]. Міністэрства культуры выдала прадпісанне спыніць работы на аб’екце ў сувязі з парушэннямі заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны[3].

Двухпавярховы Т-падобны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад падзелены карнізам па 2 часткі. Прамавугольныя вокны 1-га і лучковыя 2-га паверхаў маюць абрамленне. На 2-м паверсе праёмы дэкарыраваны прамымі сандрыкамі. Пад дахам праходзіць шматслойны развіты карніз[4].

Зноскі