Дывехі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
У гэтага паняцця ёсць іншае значэнне Мова Дывехі.
Дывехі
( ދިވެހިން)
Агульная колькасць 395000 на Мальдывах (2011 г.)
Рэгіёны пражывання Мальдывы, Лакшадвіп
Мова дывехі
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы сінгалы, бенгальцы, цыганы

Дывехі (дывехі ދިވެހިން, літаральна «астравіцяне»), або мальдыўцы — народ, асноўнае насельніцтва Мальдыўскіх астравоў і вострава Мінікой у Індыі. Агульная колькасць — каля 400 тыс. чал. (2010 г.).

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Дывехі з’яўляюцца нашчадкамі прадстаўнікоў розных народаў, аднак галоўную ролю ў іх фарміраванні адыгралі выхадцы з паўвострава Індастан. Мяркуецца, што астравы былі населены каля 2500 гадоў таму. Паданні астравіцян сведчаць, што іх продкі прыбылі некалькімі хвалямі з захаду Індыі. Генетычныя даследаванні сведчаць, што дывехі блізкія да сінгалаў Шры-Ланкі, насельніцтва Ўсходняй Індыі і Бангладэш.

У сярэднявеччы і пазней на Мальдыўскія астравы таксама перасяляліся выхадцы з Малабара, Аравійскага паўвострава, Ірана, Зондскага архіпелага і нават усходняга ўзбярэжжа Афрыкі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. князь Каймала, які прыбыў са Шры-Ланкі або кантынентальнай Індыі, усталяваў сваю ўладу над Мальдыўскімі астравамі і стварыў першую дзяржаву. Прыкладна ў III ст. да н. э. дывехі прынялі будызм. Рэшткі будысцкіх ступ хавіта да нашых дзён знаходзяцца на розных атолах.

Мальдыўскія астравы былі галоўным экспарцёрам ракавін каўры, якія выкарыстоўваліся ў розных краінах у якасці грошай. У 1153 г. (па іншай версіі, у 1193 г.) для ўмацавання сувязяў з Блізкім Усходам уладары Мальдываў прынялі іслам і тытул султанаў. Згодна з традыцыяй, пераход у іслам мясцовых жыхароў быў мірны. Але сучаснымі археолагамі былі знойдзены крыніцы, якія сведчаць пра рэпрэсіі супраць будысцкіх манахаў на поўдні краіны.

У 1558 г. Мальдывы былі захоплены партугальцамі, якія імкнуліся гвалтоўна распаўсюдзіць хрысціянства. Але іх кіраванне працягвалася ўсяго 15 гадоў і скончылася выгнаннем у выніку паўстання.

У 1887 г. быў усталяваны брытанскі пратэктарат. Брытанцы актыўна ўмешваліся ў палітычныя справы вышэйшых колаў, але не ва ўнутранае жыццё астатніх дывехі. Некаторае выключэнне складалі жыхары паўднёвых астравоў, дзе знаходзілася брытанская ваенная база. З сярэдзіны ХX ст. яны дамагаліся незалежнасці, а ў 1959—1963 гг. стварылі Аб’яднаную Рэспубліку Астравоў Сувадыва, якая, аднак, хутка перастала існаваць.

У 1953 г. пратэктарат быў фармальна скасаваны і ўсталявана рэспубліка. Поўная незалежнасць Мальдываў была абвешчана 26 ліпеня 1965 г.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Дывехі падзяляюцца на тры буйныя субэтнічныя групы:

  • Асноўная група, якая складае больш за 70 % ад усяго насельніцтва
  • Жыхары вострава Мінікой (каля 4 %)
  • Паўднёвыя мальдыўцы

Кожная група адрозніваецца моўнымі і культурнымі асаблівасцямі, а таксама міфамі аб сваім паходжанні ад розных хваль старажытных мігрантаў.

Асноўныя заняткі — сельская гаспадарка, якая з-за малой урадлівасці каралавых глебаў поўнасцю не забяспечвае астравіцян харчам, і лоў рыбы. Важную ролю здаўна мелі знешні гандаль і вырошчванне какосавай пальмы.

Сем’і вялікія пашыраныя. Распаўсюджаны шлюбы са сваячніцамі па лініі маці. Мужчыны часта пераходзяць жыць у сям’ю жонкі. У мінулым існавала жорсткая стратыфікацыя грамадства. На вышэйшых прыступках сацыяльнай лесвіцы стаялі высакародныя бейфулун, якія звычайна не змешваліся з простым насельніцтвам. На ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы стаялі залежныя зборшчыкі какосаў. Шлюбы паміж рознымі сацыяльнымі пластамі не заахвочваліся. У нашы дні гэтая практыка знікла. Фармальна ўсе дывехі маюць роўны прававы статус. Але ў палітыцы і эканоміцы дамінуюць нашчадкі бейфулун.

Жыхары пэўных населеных пунктаў або астравоў аб’яднаны ў абшчыны. Астраўнымі абшчынамі кіруюць чыноўнікі катыбу, якія часцяком прызначаюцца з высакародных сем’яў. Вышэй за іх стаяць кіраўнікі атолаў атолуверыя.

Дывехі захавалі багаты фальклор — гістарычныя паданні, казкі, спевы, танцы. Вядома некалькі відаў мясцовых баявых мастацтваў.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова дывехі адносіцца да індаарыйскай групы індаеўрапейскай сям’і моў.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Вернікі спавядаюць іслам. Але сярод дывехі захаваліся даісламскія магічныя абрады, вера ў шматлікіх жаночых духаў. Старажытны культ продкаў паўплываў на сучасную пахавальную абраднасць.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]