Бенгальцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бенгальцы
(বাঙালি জাতি')
Агульная колькасць каля 240 млн
Рэгіёны пражывання  Бангладэш — 16295156

 Індыя — 97237669
 Пакістан — 2000000
 Вялікабрытанія — 451000

Мова бенгальская
Рэлігія будызм, індуізм, іслам
Блізкія этнічныя групы біхарцы, орыя, асамцы, чакма

Бенга́льцы (бенг.: বাঙালি জাতি) — народ на паўночным усходзе Індастана, карэннае насельніцтва Бенгаліі. Жывуць пераважна ў Індыі і Бангладэш. Вялікія абшчыны бенгальцаў таксама склаліся ў Пакістане, Саудаўскай Аравіі, ААЭ, Вялікабрытаніі, ЗША і іншых краінах.

Бенгальцы — адзін з найбуйнейшых этнасаў у свеце. Агульная колькасць — каля 240 млн чалавек.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Старажытная скульптура канца 1 тысячагоддзя да н. э.

Бенгалія — адзін з найстаражытнейшых рэгіёнаў Паўднёвай Азіі, дзе з’явіліся чалавечыя паселішчы. У 2 тысячагоддзі да н. э. тут пашырылася ірыгацыйнае земляробства з вырошчваннем рысу. Дакладны склад тагачаснага насельніцтва не вядомы. Мяркуюць, што тут маглі жыць дравідамоўныя плямёны, продкі мунда, на поўначы — кіратаў. У 1 тысячагоддзі да н. э. сюды з Інда-Гангскай раўніны прасоўваюцца прадстаўнікі культуры паўночнай чорнай глянцавай керамікі. З іх прыходам распаўсюджваюцца жалезныя вырабы, будуюцца гарады[1]. У Махабхараце ўзгадваецца старажытная бенгальская дзяржава Ванга, захопленая князем Бхімам з індаарыйскай дынастыі Каураваў[2]. Ад яе назвы паходзяць сучасныя найменні Бенгаліі, Бангладэш і бенгальцаў.

Старажытная Бенгалія ўваходзіла ў гістарычную вобласць Магадха. На працягу стагоддзяў тут кіравалі розныя дынастыі. У VIII ст. уся Бенгалія была аб’яднана дынастыяй Пала, якая заснавала ў Паўднёвай Азіі магутную імперыю і спрыяла пашырэнню будызма[3]. Яна аказала моцны ўплыў на ўсе дзяржаўныя фарміраванні Бенгальскага заліва. Аднак у XI ст. ёй на змену прыйшла індуісцкая дынастыя Сена з Карнатакі[4]. На працягу канца X — сярэдзіны XIV ст. на аснове санскрыта і пракрыта сфарміравалася старажытная бенгальская мова, на якой пісалася паэтычная літаратура[5]. У перыяд Бенгальскага султаната яна набыла афіцыйны характар, ёй карысталіся пры двары.

Да канца XVI ст. Бенгалія была заваявана Вялікімі Маголамі. Яны спрыялі пашырэнню іслама, развіццю эканамічнай актыўнасці мясцовага насельніцтва, але ў выніку адміністрацыйных пераўтварэнняў яно было адсунута ад кіравання[6]. У Бенгалію мігрыравалі выхадцы з іншых кутоў Індыі, Персіі, Аравіі, Арменіі. Перасяленцы, што спавядалі іслам, часцяком займалі важныя пасады, астатнія займаліся гандлем і паступова склалі пласт насельніцтва, што выступаў пасрэднікам паміж карэннымі бенгальцамі і заваёўнікамі. Арабская і персідская мовы паўплывалі на літаратурную бенгальскую. З 1528 г. на ўзбярэжжы адчыняліся еўрапейскія гандлёвыя факторыі[7]. Першымі еўрапейцамі, з якімі былі ўсталяваны кантакты, з’яўляліся партугальцы. Яны аказалі значны ўплыў на развіццё сельскай гаспадаркі і мясцовай кулінарыі[8], паколькі ўвезлі новыя культурныя расліны. Аднак у выніку найбольшы ўплыў аказалі брытанцы. У 1615 г. Ост-Індская кампанія заснавала сваю першую факторыю[9]. Пасля 1757 г. яна ўсталявала свой кантроль над рэгіёнам. У 1773 г. Калькута стала штаб-кватэрай кампаніі і да 1911 г. выконвала ролю сталіцы Брытанскай Індыі.

Каланіяльнае кіраванне мела дваістыя вынікі для развіцця бенгальцаў. У XVIII ст. попыт на танныя баваўняныя тканіны з боку еўрапейцаў прывёў да росту вясковага ткацтва. Але ў пачатку XIX ст. брытанцы пачалі ўвозіць у Індыю яшчэ больш танныя тканіны прамысловай вытворчасці, што прывяло да спусташэння вясковых рамеснікаў. У 17691773 гг. і 1943 г. голад выклікаў мільёны ахвяр[10][11]. Супраціўленне прывяло да антыкаланіяльнага руху «факіраў», паўстанняў племянных супольнасцей, вахабітаў, сялян[12][13][14]. Разам з гэтым, Бенгалія стала адным з першых рэгіёнаў Азіі, дзе пачалася індустрыялізацыя, будаўніцтва чыгункі, з’явіліся сродкі масавай інфармацыі на мясцовых мовах, універсітэты, пачалося вывучэнне мясцовай гісторыі. Многія бенгальцы наймаліся ў якасці адміністрацыйных служачых і сіпаяў, прычым выконвалі свае абавязкі не толькі ў Бенгаліі, але і на іншых каланіяльных тэрыторыях. Дзякуючы фарміраванню новых інтэлектуальных колаў адбыўся «бенгальскі рэнесанс», прадстаўлены рэфарматарам індуізму Рамам Махамам Роям, гісторыкам Нітышам Сенгуптам, пісьменнікам Рабіндранатам Тагорам. Для бенгальскага рэнесанса былі характэрны накіраванасць на ўдасканальванне грамадскага і палітычнага ладу, барацьба за незалежнасць. З 1862 г. бенгальцы атрымалі права на ўдзел у кіраванні.

Бенгальскія палітыкі, што паходзілі з індуісцкіх колаў, арыентаваліся на супольны індыйскі рух і ў 1885 г. прынялі актыўны ўдзел у стварэнні ІНК. Яго першым прэзідэнтам стаў бенгалец Вомеш Чандэр Банерджы. Але палітычная актыўнасць індуістаў выклікала адваротную рэакцыю мусульман. У 1905 г., калі каланіяльныя ўлады ініцыявалі падзел Бенгаліі на 2 правінцыі, у адной з якіх канцэнтравалася індуісцкая большасць, а ў другой — мусульманская, гэта выклікала сутычкі мусульман і індуістаў у Калькуце. У 1906 г. бенгальскія мусульмане садзейнічалі стварэнню Мусульманскай лігі. У 1912 г. у Даке была заснавана Бенгальская мусульманская ліга[15]. Напярэдадні і пасля I Сусветнай вайны індуісты і мусульмане супрацоўнічалі ў каардынацыі руху за незалежнасць супраць Вялікабрытаніі. Аднак з 1930-х гг. яны арыентаваліся на стварэнне дзвюх розных дзяржаў Індыі і Пакістана.

У 1947 г. было прынята рашэнне аб канчатковым падзеле Бенгаліі на Заходнюю ў складзе незалежнай Індыі і на Усходнюю ў складзе Пакістана[16]. У адрозненні ад захаду Паўднёвай Азіі падзел выклікаў толькі абмежаваныя хвалі ўзаемнага гвалту, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў працягвалася міграцыя прадстаўнікоў розных канфесій паміж краінамі. У 1971 г. на месцы Усходняй Бенгаліі была абвешчана незалежная дзяржава Бангладэш.

Эміграцыя[правіць | правіць зыходнік]

У другой палове XIX ст. пад уплывам эканамічных праблем пачалася масавая эміграцыя бенгальцаў пераважна ў іншыя брытанскія калоніі. Так, на тэрыторыю Гаяны ў 18381917 гг. прыбыло 238 909 індыйцаў, з іх 6 % былі выхадцамі з Бенгаліі[17]. На паўночным захадзе краіны захавалася паселішча Бенгал, заснаванае эмігрантамі[18]. Прыкладна ў той жа час на Маўрыкіі сфарміравалася гаворка калькутыя[19], паколькі большасць індыйскіх рабочых пераязджала на гэты востраў праз Калькуту. Бенгальцы таксама пераязджалі на працу ў Асам, дзе наймаліся на працу на чайныя плантацыі, пасля 1949 г. — на Андаманскія астравы, дзе іх нашчадкі складаюць большасць сучаснага насельніцтва[20]

Многія прадстаўнікі першай хвалі эміграцыі былі вымушаны пераехаць з краін, дзе пасяліліся, у выніку падзення ўзроўню жыцця ці пераследа з боку мясцовага насельніцтва. Так, у 1972 г. Ідзі Амін выгнаў каля 50 тысяч «азіятаў» з Уганды[21]. У большасці яны імкнуліся знайсці прытулак у заходніх краінах, асабліва ў Вялікабрытаніі і ЗША. Новыя хвалі эміграцыі назіраліся пасля II Сусветнай вайны пад уплывам як эканамічных, так і палітычных падзей. У нашы дні эміграцыя застаецца дынамічным сацыяльным фактарам у Бангладэш[22]. У выніку бангладэшская дыяспара налічвае болей за 7,5 млн чалавек і з’яўляецца найбуйнейшай у свеце[23]. Буйныя абшчыны эмігрантаў склаліся ў Саудаўскай Аравіі, ААЭ, Кувейце, Малайзіі, Сінгапуры і г. д.

У 2016 г. Прыянка Ёшыкава, дачка бенгальскага эмігранта[24], стала пераможцай нацыянальнага конкурса прыгажосці ў Японіі

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Асновай эканомікі бенгальцаў здаўна з’яўляецца сельская гаспадарка. Традыцыйна большая ўвага надаецца земляробству. Цёплы вільготны клімат і ўрадлівыя глебы дазваляюць збіраць некалькі ўраджаяў рысу на працягу года. У мінулым сяляне вырошчвалі каля 5500 сартоў гэтай расліны[25], прычым некалькі сартоў адначасова. Такім чынам вырашалася праблема змен надвор’я і паводак, прыстасаванасці асобных сартоў да хвароб і шкоднікаў. Некаторыя старыя сарты і ў нашы дні супернічаюць па папулярнасці і ўраджайнасці з сучаснымі гібрыдамі[26]. На затопленых рысавых палетках таксама вырошчваюць рыбу і крыветкі на продаж[27]. Іншыя важныя харчовыя культуры: бабовыя, цукровы трыснёг, рапс, сезам, чай і г. д. Камерцыйны характар звычайна мае вырошчванне такіх тэхнічных культур, як джут, бавоўнік і індыга. Хаця ў вёсках і на ўскраінах гарадоў паўсюдна трымаюць авечак, коз, кароў і курэй, жывёлагадоўля адыгрывае дадатковую ролю.

Бенгальцы — выдатныя рамеснікі. Яны славяцца як прадзільшчыкі, ткачы, мастакі па тканінах, вышывальшчыкі. Ужо ў старажытнасці бенгальцы выраблялі тонкую баваўняную тканіну муслін. У нашы дні традыцыі яе ручной вытворчасці захоўваюцца ў Бангладэш[28]. У сярэднявеччы з Кітая была запазычана тэхналогія вытворчасці шоўку. Прычым, бенгальцы навучыліся вырошчваць шаўкапрада не толькі на шаўкоўніцы, але і на клешчавіне[29]. Бенгальскія тканіны адрозніваюцца трываласцю, прыгожым дробным арнаментам, устойлівымі расліннымі фарбамі. З развіццём ткацтва шчыльна звязана мастацтва патачытра малявання на тканінах і на паперы. Ім займаецца супольнасць рамеснікаў патуя[30]. Сюжэты патачытра запазычаны з казак, міфаў і эпасу.

Багатыя радовішчы дробназярністай гліны ў алювіяльных адкладах спрыялі ўзнікненню і развіццю вытворчасці керамікі[31]. Ужо ў сярэднявеччы бенгальскія ганчары выкарыстоўвалі разнастайныя тэхналогіі абпальвання, паліроўкі і глазуравання сваіх вырабаў. Для надання патрэбных якасцяў у гліну падмешвалі рысавую шалупіну і джутавае валакно. Галоўнымі прыладамі ганчароў з’яўляюцца набор малаткоў для адбівання сыравіны і ганчарнае кола, якое круцяць з дапамогай бамбукавай тычкі. Акрамя пасудзін яны робяць статуэткі і лялькі. Традыцыйна развіты разьба па дрэву і слановай косці, пляценне, выраб бісеру. Бенгальскія рамеснікі — захавальнікі звычаяў народнага мастацтва.

Заходняя Бенгалія стала адным з першых рэгіёнаў Азіі, дзе ў XIX ст. пачалася індустрыялізацыя. У першай трэці XX ст. тут размяшчалася да трэці ўсёй прамысловасці Брытанскай Індыі, але пазней эканамічная важнасць рэгіёна значна знізілася[32]. Тым не меней, індустрыялізацыя спрыяла хуткаму росту гарадоў, з’яўленню новых сацыяльных пластоў гарадскога пралетарыята, буржуазіі, тэхнічнай інтэлігенцыі. Нават у нашы дні шырока распаўсюджана адыходніцтва жыхароў вёсак і дробных гарадоў на часовую працу ў прамысловыя цэнтры і камерцыйныя плантацыі. Стварэнне індустрыяльнага гарадскога асяроддзя спрыяла вылучэнню новых прафесій, росту адукацыі і фарміраванню сучасных культурных традыцый.

Кухня[правіць | правіць зыходнік]

Кары з яек качкі

Бенгальская кухня мае даўнія традыцыі. Згодна рэлігійнай паэме Манасмангал, складзенай у канцы XV ст., у той час нават індуісты ўжывалі мяса, рыбу і алкагольныя напоі, якія выраблялі з малака, какосаў, пальмавага або трысняговага цукру і рысу. У ранейшых тэкстах не ўзгадваліся бабовыя, але ў гэты час яны сталі звычайным харчам[33]. Пазней пад уплывам шактызму індуісты значна скарацілі мясную ежу на карысць расліннай, хаця ласаваліся малочнымі стравамі. Цыбуля і часнык лічыліся непрыдатнымі. Затое елі рыс, розныя арэхі, зеляніну. На ўсходзе Бенгаліі, дзе жыло шмат мусульман, любілі рыбу са спецыямі, яйкі і мяса чарапах. У XVIII ст. пад уплывам партугальцаў шырока распаўсюдзіліся салодкія стравы і тварог. Да пачатку XIX ст. склаліся рэгіянальныя адрозненні ў харчаванні[34]. Асобна вылучаюць кухні Калькуты, Дакі і Чытагонга.

Усе бенгальскія стравы падзяляюцца на 4 віды[33]:

  • Чарб’я, або ежа для перажоўвання
  • Пея — напоі
  • Чох’я, або ежа для ўсмоктвання
  • Лех’я, або ежа для лізання

Разнастайнасць сортаў рысу, што вырошчваюцца бенгальцамі, вызначае разнастайнасць гатункаў рысу і страў з яго. Акрамя варанага рысу ядуць аладкі з рысавай мукі, запечаны салодкі рыс, смажаны рыс. У нашы дні запатрабаваны гарчычны алей, які сам па сабе робіць стравы вострымі, куркума, бабовыя, баклажаны, шпінат, гарбузы, манга, бульба. Папулярныя сучасныя стравы: вострая і салодкая падліва чатні; кары з мясам, рыбай, гароднінай або яйкамі; чатпоці — гарохавыя закускі; сыр чхена; ёгурт доі; сандэш — дэсерт з малака і цукру.

Вопратка[правіць | правіць зыходнік]

Асновай народнай бенгальскай жаночай вопраткі з’яўляецца сары. Мужчынская вопратка ўключае дхоты — доўгі кавалак тканіны, вакол сцёгнаў і прапушчаны пад пахвінай, і курта — кашулю да каленаў[35]. Жанчыны выкарыстоўваюць шмат упрыгожванняў з каляровых металаў. Мужчыны-мусульмане апранаюць на галаву маленькі белы капялюш, індуісты — цюрбан.

Грамадства[правіць | правіць зыходнік]

Бенгальцы на партугальскім малюнку, каля 1540 г.

Асноўнай адзінкай бенгальскага грамадства з’яўляецца пашыраная сям'я, што складаецца з асноўнай сям’і мужчыны-кіраўніка, яго жанатых і халастых сыноў, малых дзяцей, унукаў і іншых утрыманцаў[36]. Для індуістаў таксама важным з’яўляецца прыналежнасць да пэўнай касты джаці. Каста вызначае грамадскі статус чалавека, яго побыт і паводзіны. У вясковых грамадах звычайна суіснуюць 6 — 12 каставых груп. У мусульман статус таксама вызначаецца паходжаннем ад высакародных продкаў ашраф і нізкародных аджлаф[37]. Сельскія сем’і аб’яднаны ў абшчыны, якія кіруюцца найбольш заможнымі чальцамі.

Індуісты звычайна шукаюць шлюбных партнёраў знутры сваёй касты, хаця выбар нявесты з блізкіх па сацыяльнаму статусу каст таксама не забаронены. У прыхільнікаў іслама такіх правіл фармальна не існуе. Аднак яны таксама імкнуцца знайсці партнёраў у сем’ях з блізкім сацыяльным статусам або прафесіяй. Пасля шлюбу жонка пераходзіць жыць у сям’ю мужа. У прадстаўнікоў вышэйшых каст разводы не практыкуюцца. У мусульман магчымы разводы і палігінія. Кіраўнік сям’і сам выбірае, як размяркоўваць спадчыну. У адваротным выпадку яна размяркоўваецца паміж сынамі. Жанчыны маюць права на ўтрыманне з боку спадкаемцаў. У мінулым сярод індуістаў практыкаваўся звычай саці, калі жонка спальвалася разам з памерлым мужам. Напрыклад, у 1823 г. у Бенгаліі было зарэгістравана 575 выпадкаў спалення жанчын[38]. Супраць звычая выступалі хрысціянскія місіянеры і рэфарматары індуізму накшталт Рама Махама Роя. У 1829 г. саці быў забаронены брытанскай адміністрацыяй. У 1988 г. закон аб забароне саці быў прыняты ў Індыі. У бедных сем’ях, дзе мужчыны імкнуцца падзяліць паміж сабою маёмасць памерлага сваяка, нават у нашы дні ўдоў часта выганяюць. Яны вымушаны займацца жабрацтвам або шукаць прытулак у Врындаване[39].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Сяляне каля хаціны, 1863 г.

Сучасная бенгальская вясковая архітэктура — вынік змен у гаспадарчым жыцці сялян, што імкліва адбываліся на працягу XVI — XIX стст. Фармальнай падатнай адзінкай у гэты час стала зямельная адзінка моўзэ, чальцы якой складалі адзіную абшчыну. У наш час яна ператварылася ў першасную вясковую адміністрацыю. На самой справе, на тэрыторыі моўзэ можа знаходзіцца некалькі невялікіх вёсак з раскіданай планіроўкай[40]. Узвядзенню сядзібы папярэднічае насып тэрасы віта, якая павінна абараніць жытлы ад частых паводак. Будынкі ў кожнай сядзібе гуртуюцца вакол цэнтральнага пляца катчары. Хаціны чатырохкутныя даўжынёй ад 3,5 м да 7,3 м, звычайна аднапакаёвыя. У мінулым сустракаліся каркасныя хаціны з бамбукавых панэляў, а таксама гліняныя мазанкі з саламяным дахам[41]. Частка будынкаў выкарыстоўвалася для гаспадарчых патрэб. Вакол сядзібы саджалі дрэвы і хмызнякі.

Традыцыйныя гарадскія дамы спалучаюць звычаі, запазычаныя ў Вялікіх Маголаў і брытанцаў, а таксама прынесеныя з вёскі. Так, у каланіяльнай Калькуце жытло багатых гандляроў уяўляла сабою двухпавярховую цагляную замкнёную пабудову з невялікім дваром каля дарогі і воднай крыніцы. Двор з’яўляўся акамулятарам прахалоднага паветра ў спякотныя дні. Для паляпшэння вентыляцыі вокны рабілі адно насупраць другога. Дэкор з балконамі і калонамі нагадваў брытанскі стыль[42]. На ўсходзе Бенгаліі гараджане таксама будавалі з цэглы, унутры размяшчалі двор. Туалет займаў самастойны невялікі будынак[41].

Старажытная манументальная архітэктура захавалася дрэнна, часткова з-за традыцыі будаваць з тэракоты[43], схільнай да эрозіі. Адной з найбольш яркіх манументальных пабудоў з’яўляецца Пахарпурская віхара, помнік будысцкага дойлідства дынастыі Пала. У XIII — XVIII стст. паступова сфарміраваўся бенгальскі архітэктурны стыль храмаў, што спалучаў індуісцкія і мусульманскія элементы[44]. Галоўнымі будаўнічымі матэрыяламі былі цэгла, пясчанік, латэрыт.

Вусная творчасць і літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Бенгальскі фальклор надзвычай багаты. Ён уключае вусныя апавяданні, вершы і песні, прыказкі, прымаўкі і загадкі[45]. Вылучаюцца такія формы фальклорнай спадчыны, як расакатха (гумарыстычныя апавяданні), братахатха (рытуальныя гісторыі), гітыка (вершаваныя балады) і інш.

Літаратура пачала фарміравацца ў сярэднявеччы. У эпоху дынастыі Пала пераважалі рэлігійныя тэксты на санскрыце. Падчас існавання Бенгальскага султаната нарадзілася літаратура на бенгальскай мове. У XVII — XVIII стст. таксама пісалі на арабскай, персідскай мовах, сілхецкім дэванагары. Для літаратуры Бенгаліі былі характэрны кароткія песні гіта і доўгія апавядальныя сачыненні пачалі[46]. У XIX ст. хутка распаўсюдзіліся заходнія формы літаратуры. Найбольш вядомы бенгальскі пісьменнік перыяду «бенгальскага рэнесансу», лаўрэат Нобелеўскай прэміі — Рабіндранат Тагор. Яго творы перакладзеныя на многія мовы свету, у тым ліку на беларускую.

У нашы дні бенгальская літаратура падзяляецца на літаратуру Індыі і Бангладэш. Абедзве з’яўляюцца шматмоўнымі, прадстаўлены рознымі формамі і жанрамі[47][48].

Музычнае мастацтва[правіць | правіць зыходнік]

Бамбукавыя флейты

Традыцыйная бенгальская музыка пачала фарміравацца ў перыяд сярэднявечча пад уплывам рэлігійных спеваў індуістаў-вайшнаваў і мусульман-суфіяў. Лічыцца, што яны аказалі моцны ўплыў на баўлійскія песні, прызнаныя ЮНЕСКА нематэрыяльнай спадчынай чалавецтва[49]. Акрамя рэлігійных распаўсюджаны лірычныя, свецкія цырыманіяльныя, шлюбныя і прафесійныя песні. Народныя бенгальскія спевы складаюцца з чатырох-шасці радкоў, якія паўтараюцца некалькі разоў. Іх мелодыі часцей абмежаваны нотамі ў палову актавы. У другой палове XX ст. сфарміраваўся тып гарадскога спеву бхатыялі (літаральна «спеў лодачніка»). Ён пачынаецца з высокага тону, поўніцца пафасам кахання[50].

Важная частка народнага музычнага мастацтва — танцы. Яны падзяляюцца на рэлігійныя, сацыяльныя і забаўляльныя. Індуісты аддаюць перавагу танцавальнай вайшнаўскай традыцыі кіртана, мусульмане — танцавальна-спеўнаму звычаю жаласлівых мелодый джарыган. Апошнія з’явіліся ў Бенгаліі ў XVII ст. з Персіі і шчыльна злучаны з суфізмам. Танец чхаў з Заходняй Бенгаліі ўяўляе сабою тэатральнае відовішча, якое дэманструе сцэны з Махабхараты і Рамаяны, калі танцоры выступаюць у масках са зброяй. Маскі таксама апранаюць танцоры калі, што прысвячаюць выступ аднайменнай багіне. Танцы дак і дхалі звязаны з ваеннай справай. Танец латхі суправаджаецца боем каламі і нагадвае спорт. Дзеці надзвычай любяць відовішчы з танцамі лялек[51]. Існуюць лакальныя танцавальныя традыцыі. Так, на поўначы Бенгаліі існуе танец чайбары нрыт’я[52] работнікаў чайных плантацый, папулярны групавыя жаночыя танцы.

Народныя музычныя інструменты: барабаны, бубны, флейты, розныя шчыпковыя інструменты.

Спорт[правіць | правіць зыходнік]

Бенгальцы з дзіцячага ўзросту аддаюць перавагу групавым гульням[53]. Найбольш папулярныя сучасныя спартыўныя гульні — футбол і крыкет[54][55].

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Бенгальская мова адносіцца да індаеўрапейскай моўнай сям’і. У нашы дні ўжываецца алфавіт, першапачаткова распрацаваны ў канцы XVIII ст. брытанцам Чарльзам Вілкінсам на аснове старажытнай пісьмовасці брахмі[56]. Бенгальская мова з’яўляецца афіцыйнай у дзяржаве Бангладэш, індыйскіх штатах Заходняя Бенгалія, Трыпура, Джхаркханд, у некаторых раёнах Асама, на Андаманскіх і Нікабарскіх астравах.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Будызм[правіць | правіць зыходнік]

Будызм пачаў распаўсюджвацца ў Бенгаліі ў перыяд імперыі Маур’яў. У V ст. кітайскі пілігрым Фа Сянь знайшоў на тэрыторыі сучаснай Заходняй Бенгаліі 24 будысцкія кляштары. Будызм у форме Махаяны падтрымлівала бенгальская дынастыя Пала. Аднак пасля яе руйнавання ў XII ст. гэта рэлігія прыйшла ў заняпад у выніку палітыкі мясцовых мусульманскіх валадароў і пашырэння ўплыву індуізму. На паўднёвым усходзе Бенгаліі будызм спавядалі валадары чакма. Брытанская каланіяльная адміністрацыя садзейнічала адраджэнню будызма ў раёне Чытагонга. У 1864 г. была ўзноўлена дзейнасць манаскай абшчыны[57]. У 1947 г. ва Усходнім Пакістане была створана будысцкая арганізацыя Парбацья Чатаграм Махатхера. Пасля абвяшчэння незалежнасці Бангладэш будысцкія храмы пачалі адчыняцца ў Даке[58].

З аднаго боку, дзяржава Бангладэш падтрымлівае рэлігійны мір, садзейнічае даследаванню старажытнай будысцкай спадчыны. З другога, будысты гэтай краіны адчуваюць нападкі з боку мусульман[59][60][61]. Большасць сучасных вернікаў прытрымліваюцца традыцыі Тхеравады[62].

Індуізм[правіць | правіць зыходнік]

Індуісты складаюць большасць вернікаў Заходняй Бенгаліі (70,54 % у 2011 г.[63]) і галоўную рэлігійную меншасць у Бангладэш (8,5 % e 2011 г.[64]). Згодна традыцыі, распаўсюджванне гэтай рэлігіі пачалося ў другой палове X ст., калі міфічны валадар Адысура запрасіў у Бенгалію 5 брахманаў[65]. Індуізм атрымаў падтрымку дынастыі Сена, прадстаўнікі якой шчодра ахвяравалі храмам індуісцкіх багоў[66]. Першымі формамі шанавання былі шываізм і шактызм. У XIV ст. з захаду прыходзіць вішнуізм. Яго прыхільнікі асуджалі крывавыя ахвярапрынашэнні і накіроўвалі місіянерскую дзейнасць на шырокія колы насельніцтва. Назіралася суперніцтва паміж рознымі плынямі, але з XVIII ст. сцвярджалася рэлігійная еднасць усіх індуістаў[67]. З Бенгаліі паходзяць рэфарматары індуізму Рам Махам Рой, Свамі Вівекананда і Шры Аўрабінда. У нашы дні падзел на рэлігійныя плыні не адыгрывае істотнай ролі. Большая частка вернікаў фактычна прытрымліваецца вішнуізму, меншая — шактызму, аднак назіраецца ўзаемны ўплыў.

Індуісцкае грамадства каставае. Вылучаюцца вышэйшыя касты бхадралок («вытанчаныя»), куды ўваходзяць брахманы, клеркі і лекары. Большасць вернікаў складаюць чаталок («маленькія»), пераважна прадстаўнікі каст шудр[68]. Касты кшатрыяў і вайш’яў практычна адсутнічаюць[65]. Бенгальскія індуісты не прытрымліваюцца жорсткай практыкі забарон. Нават брахманы часам ужываюць мяса і рыбу.

Іслам[правіць | правіць зыходнік]

Іслам з'яўляецца асноўнай рэлігіяй бенгальцаў Бангладэш (90,39% у 2011 г.[64]) і другой па значнасці рэлігіяй бенгальцаў Заходняй Бенгаліі (27,01% ў 2011 г.[63]).

Першая хваля шырокага распаўсюджвання іслама пачалася ў XIII ст., калі Бенгалія была паступова заваявана цюркамі з цэнтральнай Індыі. У XIV ст. склаўся Бенгальскі султанат, дзе кіравалі валадары-мусульмане. Найстаражытнейшым помнікам прысутнасці мусульманскіх суфіяў з'яўляецца надпіс 1221 г.[69] Суфіі імкнуліся інтэграваць некаторыя індуісцкія практыкі, у прыватнасці ёгу. Паўночная Бенгалія разглядалася вонкавымі мусульманамі як прыстанак ведзьмакоў і чараўнікоў. Уплыў суфіяў на дзяржаўнае кіраванне прывёў да імкнення бенгальскіх султанаў да адасаблення і прыняцця рэлігійнага тытула халіфаў[70]. Пасля магольскага заваявання ў XVIIXVIII ст. значны ўплыў на вышэйшыя колы некаторы час аказвалі шыіты. Разам з гэтым, індуісты прыцягваліся да кіравання, займалі сярэднія і нават вышэйшыя адміністрацыйныя пасады.

Другая найбольш шырокая хваля ісламізацыі адбылася ў выніку магольскай аграрнай рэформы, калі бенгальскія сяляне прымалі іслам і перасяляліся на ўсход дэльты, дзе большая частка зямлі ўжо належала індуістам, але ўплыў гэтай рэлігіі на мясцовае насельніцтва быў ніжэйшым, чым у Заходняй Бенгаліі[71]. Гэта прывяло да складвання ва Усходняй Бенгаліі дзіўнай сітуацыі, калі ў дзяржаве на чале манархаў-мусульман сфарміраваўся шырокі пласт бяздольнага мусульманскага насельніцтва з моцнай сацыяльнай праслойкай іншаверцаў.

У перыяд брытанскага каланіялізма мусульмане прымалі актыўны ўдзел у антыкаланіяльнай і сацыяльнай барацьбе. Сярод іх шырыліся рухі вахабітаў і містыкаў[72]. З канца XIX ст. адносіны паміж індуісцкай і мусульманскай абшчынамі пагаршаліся, у тым ліку па сацыяльных прычынах, што прывяло да падзелу Бенгаліі ў 1947 г.

У нашы дні большасць бенгальскіх вернікаў-мусульман з'яўляецца сунітамі, хаця нязначна прадстаўлены і іншыя плыні іслама. У Заходняй Бенгаліі і Бангладэш улада мусульманскіх абшчын абмежавана свецкімі законамі і дзяржаўнымі органамі ўлады.

Выбітныя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Jamil Ahmed, TECHNOLOGY AND CULTURE CHANGE (Northern Black Polished Ware Culture in the Middle Ganga Plain)
  2. Kingdoms of South Asia — Indian Kingdom of Vanga
  3. The Pala Empire: An Indian Dynasty Ruled by Protectors of Buddhism
  4. The Senas of Bengal
  5. Bengali, Bengali Language, History of Bengali Language
  6. Bengal under the Mughals
  7. Portuguese — Banglapedia
  8. The Portuguese Influence on Bengali Cuisine , By Colleen Taylor Sen Архівавана 11 верасня 2019.
  9. The East India Company
  10. Bengal Famine of 1770
  11. The Bengal Famine: How the British engineered the worst genocide in human history for profit
  12. Why Exactly Should Bengal Honour A 19th Century Wahhabi Radical?
  13. Ananda Bhattacharyya, TRIBAL-LED PEOPLE’S RESISTANCE IN TRANSITION: 1 765 — 1 800
  14. POPULAR RESISTANCE TO THE BRITISH RULE
  15. Bengal Provincial Muslim League
  16. The Bloody Legacy of Indian Partition
  17. The Long Journey: From India to Guyana
  18. Bengal
  19. Languages in Mauritius
  20. Bengali settlers in the Andaman Islands: the performance of homeland
  21. Ugandan Asians dominate economy after exile
  22. Emigration dynamics in Bangladesh
  23. The Bangladeshi Diaspora
  24. Japan beauty queen traces Bengal roots
  25. Reviving Traditional Rice Varieties in West Bengal
  26. The tragedy behind Bengal refusing to promote a grain that can be eaten simply after soaking
  27. Shrimp farming proves a mixed blessing in West Bengal
  28. The History of Muslin
  29. Silk of Bengal
  30. Pilar Jefferson, The Art of Survival: Bengali Pats, Patuas and the Evolution of Folk Art in India
  31. Pottery
  32. When Bombay overtook Calcutta: A history of India’s financial geography
  33. а б Our Food Their Food: A Historical Overview of the Bengali Platter
  34. A Curious Cuisine : Bengali culinary culture in pre-modern times(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 лістапада 2019. Праверана 23 лістапада 2019.
  35. Bengal Traditional Costumes
  36. Bengali — Kinship
  37. Bengali — Sociopolitical Organization
  38. THE PRACTICE OF SATI (WIDOW BURNING)
  39. The Indian town with 6,000 widows
  40. Bengali — Settlements
  41. а б Saif-ul- Haq, MEANING IN ARCHITECTURE: AN INVESTIGATION OF THE INDIGENOUS ENVIRONMENT IN BANGLADESH
  42. Traditional Dwelling in West Bengal
  43. The Traditional Terracotta Temple Architecture of the Temple Town Bishnupur
  44. Temples of Bengal: Material Style and Technological Evolution
  45. Folklore Of Bengal
  46. Literary History of Bengal, 8th-19th century AD
  47. LITERATURE OF BANGLADESH, CULTURE
  48. Bengali Literature
  49. Baul songs
  50. FOLK MUSIC OF BENGAL
  51. Folk Dances
  52. West Bengal — Easrern Zonal Cultural Centre Архівавана 15 красавіка 2020.
  53. Traditional Bangladeshi Games for Kids: Encourage Them to Go out, Enjoy and Experience Life(недаступная спасылка)
  54. BANGLADESH SPORT, CRICKET, ACTIVITIES
  55. SPORTS IN BENGAL
  56. Bengali alphabet, pronunciation and language
  57. Theravada Buddhism, Bangladesh — BuddhaNet
  58. A brief history of Buddhism in Bangladesh(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 жніўня 2023. Праверана 30 лістапада 2019.
  59. Hundreds of Homes of Indigenous Buddhists in Bangladesh Burned Down by Bengali Settlers
  60. What do Buddhists in Bangladesh have to do with the Rohingya crisis anyway?
  61. Rebuilding Buddhism in Bangladesh Архівавана 19 лютага 2021.
  62. Dr. S. K. Barua: Present-day Buddhism in Bangladesh(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 лістапада 2019. Праверана 30 лістапада 2019.
  63. а б West Bengal Religion Census 2011
  64. а б Bangladesh population and housing census 2011(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2017. Праверана 30 лістапада 2019.
  65. а б The Caste System in Bengal, Part 3
  66. The Rise of Islam and the Bengal Frontier, 1204—1760
  67. Hinduism in Bengal and Surrounding Areas
  68. Bengali Religions
  69. The Rise of Islam and the Bengal Frontier, 1204–1760
  70. The Use of Terminology alKhilafat in the Coins and Epigraphs of Bengal Sultanate
  71. The Rise of Islam and the Bengal Frontier, 1204–1760
  72. Growth of Islamic Consciousness in Bengal and the British Colonial Policy

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]