Дыяланкэ
Дыяланкэ (Yalunka) | |
Агульная колькасць | 214000 (2024 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Заходняя Афрыка: Гвінея — 128000 |
Мова | ялунка |
Рэлігія | анімізм, іслам |
Блізкія этнічныя групы | сусу, ваі |
Дыяланкэ́ (фр.: Dialonké), або ялунка (саманазва: Yalunka, літаральна «горцы») — афрыканскі народ, карэнныя жыхары горнай мясцовасці Фута-Джалон ў Заходняй Афрыцы. Жывуць у Гвінеі, Малі, Сьера-Леонэ і Сенегале. Агульная колькасць (2024 г.) — 128 000 чалавек[1].
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Дыяланкэ лічацца нашчадкамі выхадцаў з сярэднявечнай дзяржавы Гана, што мігрыравалі ў Фута-Джалон не раней за XI ст. У XVIII ст. яны былі заваяваны мусульманскімі валадарамі фулані, якія прымусова перасялялі горцаў на суседнія тэрыторыі. Акрамя таго, дабраахвотнае перасяленне па эканамічных прычынах з Фута-Джалон назіралася ў каланіяльны перыяд. У выніку гэта пашырыла арэал рассялення дыяланкэ.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Асноўны традыцыйны занятак — сельская гаспадарка. Вырошчваюць проса, рыс, бабовыя, кукурузу і іншыя культуры. Важны дадатковы занятак — жывёлагадоўля. Трымаюць кароў, коз, авечак, курэй. Фармальна за свойскую жывёлу нясуць адказнасць жанчыны. У рэчаіснасці, пастухамі звычайна з'яўляюцца дзеці, асабліва хлопчыкі. Прадукты жывёлагадоўлі складаюць не значную частку паўседзённага харчавання. Аднак свойская жывёла — сімвал сямейнага багацця. Да нашых дзён у сельскай мясцовасці яна выкарыстоўваецца для разлікаў паміж асобнымі гаспадаркамі.
У мінулым вылучаліся групы прафесійных рамеснікаў. У другой палове XX ст. традыцыйныя рамёствы прыйшлі ў заняпад. Многія дыяланкэ працуюць па-за межамі хатніх гаспадарак у гарадах або здабываюць дыяменты.
Асноўны від паселішча — вёска, якая складаецца з буйных сямейных дворагаспадарак. Найбольш старыя паселішчы месцяцца ў міжгорных далінах. Сельскія сем'і звычайна вялікія. Многія мужчыны маюць некалькі жонак, пры гэтым нясуць адказнасць за іх забяспечанасць. Першая жонка лічыцца старэйшай, яна і яе дзеці маюць перавагу над іншымі. Спадчына перадаецца ад бацькі да старэйшага сына. Пасля смерці гаспадара яго жонкі і дзеці, што не дасягнулі паўналецця, застаюцца ў сям'і спадчынніка. Шлюбу папярэднічаюць заручыны. Выкуп за нявесту выплочваецца свойскай жывёлай.
Традыцыйнае грамадства даволі распластаванае. Вылучаюцца высакародныя сем'і, што паходзяць ад правадыроў, звычайныя абшчыннікі і нашчадкі рабоў. Асобныя групы складаюць нашчадкі прафесійных рамеснікаў з нізкім сацыяльным статусам. Існуюць патаемныя таварыствы накшталт жаночага бандо. У мінулым яно займалася арганізацыяй абрадаў. У нашы дні часцей выступае як выхавацель дзяўчат, перадае ім вопыт старэйшых пакаленняў.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Родная мова дыяланкэ адносіцца да моўнай сям'і мандэ, вельмі блізкая да мовы сусу.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]На працягу сваёй гісторыі дыяланкэ некалькі разоў прымалі іслам. Апошняе гвалтоўнае навязванне ісламу з боку фулані адбылося ў 1884 г. Прапорцыя мусульман толькі расла ў перыяд каланіялізму. У нашы дні яна дасягае 95% ад колькасці вернікаў. Астатнія спавядаюць хрысціянства. І сярод мусульманскага, і сярод хрысціянскага насельніцтва захаваліся многія анімістычныя традыцыі, асабліва шанаванне духаў продкаў у выглядзе ахвяр барынкійна.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Дыяланкэ на Вікісховішчы |