Сусу

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сусу
(Sosso)
Музыканты. Фота 1931 г.
Агульная колькасць 2698300 (2024 г.)
Рэгіёны пражывання Заходняя Афрыка:

 Гвінея — 2429000
 Сенегал — 52000
 Сьера-Леонэ — 206000

Мова сусу
Рэлігія анімізм, іслам
Блізкія этнічныя групы дыяланкэ, ваі

Сусу (саманазва: Sosso, літаральна «коннікі») — заходнеафрыканскі народ. Жывуць у Гвінеі, Сьера-Леонэ, Сенегале, Гамбіі і Гвінеі-Бісау. Агульная колькасць (2024 г.) — 2 698 300 чалавек[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Сусу з'яўляюцца нашчадкамі насельніцтва старажытнай дзяржавы Гана. У XIII ст. іх землі былі далучаны да дзяржавы Малі. Яе саслабленне выклікала міграцыю ў суседні горны рэгіён Фута-Джалон, адкуль у XVIII сусу былі выціснуты заваёўнікамі фулані. Іх з'яўленне на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяну суправаджалася войнамі з народам тэмнэ. Сусу стварылі шэраг дзяржаў, якія арыентаваліся на гандапь з французамі. У канцы XIX ст. іх тэрыторыі былі падзелены паміж французскімі і брытанскімі каланіяльнымі валоданнямі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Галоўныя традыцыйныя заняткі: сельская гаспадарка, рыбалоўства, здабыча солі, рамёствы і гандаль. Асноўныя земляробчыя культуры: рыс і проса. Вырошчваюць таксама трапічную садавіну, какосавую пальму, арахіс. У працы на зямлі ўцягнуты ўсе чальцы сям'і, у тым ліку дзеці.

Рыбалоўства — мужчынскі занятак. Уладальнікі драўляных лодак да 12 м у даўжыню наймаюць каманды да 8 — 10 чалавек, якія атрымоўваюць поплатак у форме часткі здабычы. Лодкі рэдка аддаляюцца ад роднага берага больш чым на дзень. Ловяць пераважна сеткамі. На беразе рыбу скупляюць пасрэднікі. Сярод іх шмат жанчын. Дробныя пасрэднікі могуць разлічвацца дапамогай камандам лодак або абменьваць рыбу на іншыя прадукты ці паслугі.

Здабычу солі арганізоўваюць у дробных пясчаных залівах на працягу 3 месяцаў у сухі сезон. У месцах здабычы вырубаюць мангры. Іх драўніна потым выкарыстоўваецца для выпарвання солі з сумясі салёнага пяску з акіянскай вадой. Пясок, што застаецца пасля выпарвання, можа прадавацца ў якасці будаўнічага матэрыялу.

Хатнія рамёствы накшталт вытворчасці какосавага алею і мыла маюць дадатковы характар, імі часцяком заняты жанчыны. Сярод сусу вылучаюцца групы прафесійных рамеснікаў, якія лічацца выдатнымі гарбарамі і кавалямі.

Жанчыны апранаюць доўгія спадніцы, мужчыны — доўгія баваўняныя халаты. На галаве носяць цюрбаны, хусткі, невялікія капялюшыкі. У мінулым прасторныя хаціны будавалі з гліняных блокаў, дахі крылі саломай. У нашы дні ўсё часцей у будаўніцтве ўжываюць цэмент і рыфлёную бляху. Кухараць на адкрытым агні на двары.

Першасная сацыяльная адзінка — вялікая пашыраная сям'я на чале мужчыны. Практыкуецца палігінія, калі муж можа мець да 4 жонак. Часцяком жонкі жывуць у асобных хацінах каля асноўнай. Для прадухілення канфліктаў паміж суседзямі прыняты зварот да трэцяга боку ў выглядзе «мудрага» пасярэдніка. Звычайна такі чалавек ёсць у кожнай вёсцы. У традыцыйным грамадстве вылучаюцца спадчынная арыстакратыя, простыя абшчыннікі, нашчадкі рабоў і рамеснікі. Апошнія складаюць эндагамныя групы з нізкім сацыяльным статусам, падобныя на касты. Эндагамная група Еліба прадстаўлена традыцыйнымі музыкантамі, спевакамі і акторамі.

Функцыянуюць патаемныя мужчынскія і жаночыя таварыствы, якія займаюцца сумеснай арганізацыяй абрадаў, кантралююць сексуальныя паводзіны сваіх чальцоў, адказваюць за перадачу патаемных культавых ведаў.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова сусу адносіцца да заходняй галіны моўная сям'і мандэ. У прыбярэжных раёнах Гвінеі і Сьера-Леонэ яна часцяком выкарыстоўваецца як мясцовая лінгва франка. Пісьмовасць на аснове лацінкі існуе з 1816 г.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць вернікаў — мусульмане, аднак шырока распаўсюджаны анімістычныя вераванні, ахоўная і лекавая магія.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]