Перайсці да зместу

Ерсіка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сяло
Ерсіка
Jersika
56°15′15″ пн. ш. 26°12′09″ у. д.HGЯO
Краіна  Латвія
Гісторыя і геаграфія
Вышыня цэнтра 95 м
Насельніцтва
Насельніцтва 96 чалавек (2015)
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Паштовы індэкс 5315
Паказаць/схаваць карты
Ерсіка (Латвія)
Ерсіка
Ерсіка

Ерсіка (лат.: Jersika, латг.: Gersika) — сяло Ерсікскай воласці Ліванскага краю Латвіі. Цэнтр воласці. На правым беразе Дзвіны. У сяле аднайменная чыгуначная станцыя на лініі Рыга — Даўгаўпілс.

Гістарычны горад, вядомы ў XII—XIII ст. як Герцыке, Герсіке (лац.: Gercike, Gerzike, Gerseke), сталіца Герцыкскага княства, удзела Полацкай зямлі[1]. Цяпер Ерсікскае гарадзішча за 2 км да поўначы ад сяла.

Назву горада А. Кунік, Г. Пабст, А. Біленштэйн і іншыя даследчыкі набліжалі да град (параўн. польск.: grod, руск.: город). Найбольш грунтоўная думка Пабста заснавана, напэўна, на справаздачы ганзейскага пасольства ад 26.3.1292 года пра сваю дзейнасць у Ноўгарадзе ў 1291 годзе[2]. Паводле справаздачы, паслы Любека, Вісбі і Рыгі жылі не ў самім Ноўгарадзе, а ў Gerceke, які называлі «дваром князя» (curia regia), а наўгародцы ездзілі да іх на перамовы. Няма сумнення, curia regia паблізу Ноўгарада гэта княжацкая рэзідэнцыя Гарадзішча, цяпер вядомая як Рурыкава Гарадзішча[3]. З гэтага вынікае, калі Гарадзішча на Волхаве звалася па-нямецку Gerceke, напэўна, і Gercike на Дзвіне звалася Гарадзішчам.[4]

Паселішча на месцы Герцыке існавала з X ст., археалагічнымі раскопкамі зафіксавана 10 будаўнічых гарызонтаў. У XI ст. пабудаваны земляныя ўмацаванні — гарадзішча авальнай формы (70x100 м). На гарадзішчы выяўлены рэшткі драўляных пабудоў з печамі, знойдзены рэчы тыповыя для балтаў і славян, характэрныя для гарадоў Полацкай зямлі. Пасад (750x200 м) заселены ў XI—XII ст. і размяшчаўся на поўнач ад гарадзішча. Знойдзены крыжыкі і некаторыя ўпрыгожанні, характэрныя славянам. Насельніцтва складалася пераважна з латгалаў, жыла і нязначная колькасць русінаў. Паблізу выяўлены могільнік X—XII ст., пахавальны абрад — трупапалажэнне, жаночыя ўпрыгожанні ў большасці латгальскія.[1]

Упершыню горад згаданы «Хронікай Лівоніі» пад 1203 годам як багатая княжацкая рэзідэнцыя з праваслаўнымі цэрквамі, цэнтр уладанняў князя Усевалада, падпарадкаванага Полацку.[1] У 1209, 1214 і 1215 гадах на Герцыке нападалі крыжакі, разрабавалі і спалілі яго. У 1230 годзе горад перайшоў пад уладу рыжскага епіскапа. Пасля XIV ст. крыніцамі не згадваецца.

Станам на 1905 год, вёска Царград Лівенгофскай воласці Дзвінскага павета Віцебскай губерні, 49 жыхароў, 7 двароў; маёнтак Царград — 24 жыхары, 2 двары; чыгуначная станцыя Царград Рыга-Арлоўскай чыгункі. Вёска належала да Лівенгофскай рымска-каталіцкай парафіі, маёнтак Царград — да Дзвінскага праваслаўнага прыходу.[5]

Зноскі

  1. а б в Штыхов Г. В. Города Полоцкой…
  2. Hansisches Urkundenbuch, Bd I, Halle, 1876, стр. 377—378, n 1093
  3. Goetz L.К. Deutsch-russische Handelsgeschichte des Mittelalters. Lubeck, 1922, стар. 56.
  4. Клейнберг И. О топониме Gercike…
  5. Список населённых мест Витебской губернии // Издание Витебского Губернского Статистического Комитета и Губернской Типо-Литографии. — Витебск: Губернская Типо-Литография, 1906. — С. 124—125.
  • Balodis F. Jersika // Senatne un Maksla. — Riga, 1936. № 4.
  • Balodis F. Jersikas un tai 1939. Gada izdaritie izrakumi. — Riga, 1940.
  • Клейнберг И. О топониме Gercike в источниках ХІІІ в. // Вспомагательные исторические дисциплины, IV. — Ленинград, 1972. — С. 127.
  • Лицкевич, О. В. Княжества Кукенойс и Герцике и их отношение к Полоцку в начале ХІIІ в.: некоторые наблюдения и данные // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі: матэрыялы VIII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (Полацк, 1–2 лістапада 2022 г.). — Полацк: Полацкае кніжнае выдавецтва, 2022. — С. 181–195.
  • Штыхов Г. В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). — Мн., 1978. — С. 62.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.