Перайсці да зместу

Фларыда-Кіс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фларыда-Кіс
англ. Florida Keys
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Колькасць астравоў1700 
Найбуйнейшы востраўвостраў Кі-Ларга 
Агульная плошча355,6 км²
Насельніцтва79 535 чал. (2000)
Шчыльнасць насельніцтва223,66 чал./км²
Размяшчэнне
24°40′01″ пн. ш. 81°32′39″ з. д.HGЯO
АкваторыяФларыдскі праліў
Краіна
Фларыда-Кіс (Вест-Індыя)
Фларыда-Кіс
Фларыда-Кіс
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Фларыда-Кіс (англ.: Florida Keys) — архіпелаг на поўдзень ад Фларыды. Складаецца з 1700 каралавых астравоў і скал. Плошча — 355,6 км². Насельніцтва — 79 535 чал. (2000 г.)

Астравы Фларыда-Кіс выцягнуты паўмесяцам уздоўж паўднёвай часткі паўвострава Фларыда на 354 км. Прынята ўмоўна вылучаюць Верхнія астравы (Upper Keys) — доўгія вузкія масівы вапняковай сушы, а на заходні поўдзень ад вострава Лонг-Кі — Ніжнія астравы (Lower Keys). Найбуйнейшым востравам архіпелага з'яўляецца Кі-Ларга, які займае плошчу 150 км². Значная частка астравоў злучана мастамі і шашой.

Верхнія астравы Фларыда-Кіс уяўляюць сабою рэшткі старажытных атолаў, што пачалі ўтварацца на пясчаных плыткаводдзях каля 3 - 2 млн гадоў таму[1]. На працягу сваёй геалагічнай гісторыі яны некалькі разоў пакрываліся вадой. 20 - 6 тысяч гадоў таму з-за нізкага ўзроўню акіяна яны былі злучаны з паўвостравам Фларыда. Ніжнія астравы ўяўляюць невялікія пясчаныя водмелі[2], якія сфарміраваліся значна пазней у выніку наносаў на плыткаводдзе.

Для архіпелага характэрны трапічны клімат. Сярэдняя тэмпература на працягу года трымаецца на ўзроўні 23 °C — 28,3 °C. Найбольш спякотны месяц — жнівень, каля сярэдняя тэмпература часцяком не апускаецца ніжэй за 29 °C і можа дасягаць 32,2 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 989,2 мм, прычым большасць дажджлівых месяцаў прыходзіцца на летні сезон з мая да кастрычніка. Архіпелаг Фларыда-Кіс знаходзіцца ў зоне фарміравання і дзеяння моцных трапічных цыклонаў.

Odocoileus virginianus clavium

Дзякуючы спрыяльнаму клімату, архіпелаг Фларыда-Кіс мае багатую трапічную флору. Тут распаўсюджаны такія расліны, як мангры, гумба-лімба, чырвонае дрэва, капусная пальма, марскі вінаград, хвоі, фіга і інш. У выніку дзейнасці чалавека на астравы былі ўвезены і шырока распаўсюджаны какосавая пальма, манга і лайм[3].

На астравах і скалах Фларыда-Кіс спыняюцца пералетныя птушкі. На ўзбярэжжы трапляюцца ігуаны, крабы, марскія чарапахі. Найбуйнейшы сысун — мясцовы карлікавы алень Odocoileus virginianus clavium[4], які дасягае 76 см і важыць каля 20 - 29 кг. На востраве Кі-Уэст і суседніх астравах сустракаюцца здзічэлыя куры — нашчадкі кур, завезеных еўрапейскімі першапасяленцамі[5]. Вельмі багаты жывёльны свет навакольных марскіх прастораў. Мясціны каля астравоў насяляюць некалькі відаў рэдкіх каралаў, ламанціны, дэльфіны, акулы і г. д.

Для аховы прыроды Фларыда-Кіс створаны шэраг запаведнікаў і нацыянальных паркаў.

Да прыбыця еўрапейцаў архіпелаг быў населены індзейцамі. Археолагамі знойдзены рэшткі штучных доўгіх каралавых муроў (да 4,57 м у вышыню), якія нагадваюць падобныя ўмацаванні на іншых карыбскіх астравах[6]. Аднак даследаванні на Верхніх астравах дазваляюць вызначыць мясцовых індзейцаў як перасяленцаў з суседняй Фларыды, а не Карыбаў. Відавочна, яны належалі да племені паляўнічых калуса[7].

Астравы Фларыда-Кіс былі адкрыты іспанцамі 15 мая 1513 года[8]. Назва keys паходзіць ад іспанскага слова cayo (літаральна "рыф"). У іспанскіх дакументах узгадваюцца як сутычкі, так і мірны гандаль з тубыльцамі. У XVII ст. астравы часцяком станавіліся прыбежышчам для піратаў, якіх цікавілі караблі, што ішлі ў Еўропу з Вест-Індыі праз Фларыдскі праліў. Індзейцы Фларыда-Кіс маглі стаць ахвярамі эпідэмій або піратаў, якія насуперак іспанскім законам не грэбвалі продажам мясцовых насельнікаў у рабства. Іх колькасць стала скарачалася, і ў 1711 г. па загаду біскупа Гаваны рэшткі індзейцаў былі эвакуяваны на Кубу, дзе многія з іх памерлі ад прынесеных еўрапейцамі захворванняў.

У пачатку XIX ст. астравы Фларыда-Кіс былі фактычна далучаны да ЗША. У 1822 г. была пабудавана першая база амерыканскага ваеннага флота[9]. Сюды перасяляліся каланісты, якія займаліся рыбалоўствам і земляробствам. У пачатку XX ст. пачалося будаўніцтва мастоў і дарог, якія злучалі астравы паміж сабою і з Фларыдай. Мясцовыя пасяленцы былі ўцягнуты ў актыўныя рынкавыя адносіны. Асабліва прыбытковымі сталі вырошчванне ананасаў і продаж рыбнага тлушчу. У другой палове XX ст. архіпелаг Фларыда-Кіс стаў важным напрамкам развіцця турыстычнай сферы.

  1. Jerry Wilkinson, KEYS GEOLOGY
  2. The Florida Keys are made of limestone
  3. Keys Plants Архівавана 12 снежня 2015.
  4. Key Deer Архівавана 12 снежня 2015.
  5. Key West Chickens Архівавана 12 снежня 2015.
  6. James Kerr, The Lost Civilization Of Key Largo Were There Mayans In The Florida Keys? Probably, Says Archaelogist `Indiana Irv` But Don`t Go Looking For The Temple Of Doom. Архівавана 2 красавіка 2015.
  7. Jerry Wilkinson, HISTORIC FLORIDA INDIANS
  8. History Lives in The Florida Keys(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 лютага 2015. Праверана 17 лютага 2015.
  9. History of the Florida Keys(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 красавіка 2015. Праверана 17 лютага 2015.