Калюмны (герб)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Калюмны)
Калюмны
Дэталі
Зацверджаны XIV ст.
Выкарыстанне Гедзімінавічы, Вялікае Княства Літоўскае, Літоўская Рэспубліка

Калю́мны, таксама Слупы Гедыміна — родавы знак Гедымінавічаў, пазней адзін з дзяржаўных сімвалаў Вялікага Княства Літоўскага. У чырвоным полі тры белыя слупы, злучаныя ўнізе.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне «Калюмнаў» пэўна не вядома. Паводле легенды пра Палемона (пачатак XVI ст.), гэта герб аднаго з родаў рымскіх перасяленцаў і ім карысталіся яго нашчадкі — велікакняжацкі род Гедзімінавічаў.

Некаторыя даследчыкі звяртаюць увагу на візуальнае падабенства «Калюмнаў» і аднаго са знакаў княжацкага роду Рурыкавічаў — «Трызуба», абодва знакі гэта аснова ў выглядзе перавернутай літары «П» з дадатковымі элементамі. На карысць такой версіі могуць сведчыць шматлікія сваяцкія сувязі паміж літоўскімі князямі і рознымі галінамі Рурыкавічаў. Таму частка даследчыкаў выводзіць «Калюмны» проста ад «Трызуба» і яго варыяцый[1]. Магчыма, спачатку «Калюмны» былі знакам Полацкага княства, разам з якім перайшлі да Вялікага Княства Літоўскага[2].

Падчас раскопак у Гродне знойдзена цэгла часоў Вітаўта з адной з найбольш ранніх выяў «Калюмнаў». У гэтага варыянта ёсць «хвосцік», які, на думку некаторых[хто?] аўтараў, яшчэ болей збліжае «Калюмны» са знакамі Рурыкавічаў[3]. Паводле Мацея Стрыйкоўскага, «рускія хронікі» сведчылі, што «Калюмны» як знак ужываў яшчэ старэйшы брат Гедыміна — Віцень, ён меў пячатка з выявай трох веж, што нагадвала трызуб[4].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак ужывання сімвала як дзяржаўнага звязвалі з княжаннем Гедыміна, таму і называлі знак «Слупамі Гедыміна». Аднак, упершыню «Калюмны» пэўна сустракаюцца на манетах Вялікага Княства Літоўскага пасля 1386 года. У Грунвальдскай бітве 1410 года на сцягах 10 з 40 харугваў Вялікага Княства Літоўскага была выявай «Калюмнаў». Паводле Яна Длугаша, бо такім знакам Вітаўт кляйміў сваіх коней. Некаторыя даследчыкі лічаць гэтыя харугвы надворнымі, у адрозненне ад зямельных са сцягамі з «Пагоняй»[1].

Таксама ёсць версія, што «Калюмны» былі знакам Полацкага княства, якое з 1386 годзе перайшло ў непасрэднае ўладанне вялікіх князёў літоўскіх. Магчыма былы зямельны знак ужывалі як увасабленне агулам Русі, тым часам як «Пагоня» побач увасабляла Літву[1], у такім значэнні «Калюмны» перасталі ўжываць са згасаннем дынастыі Ягелонаў. Вядомы адзінкавыя помнікі, дзе «Калюмны» — шляхецкі герб.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Літоўская Рэспубліка[правіць | правіць зыходнік]

«Слупы Гедыміна» ўжываліся літоўскім нацыянальным рухам, які набіраў сілу і папулярнасць на пачатку ХХ ст. Пасля ўтварэння Літоўскай Рэспублікі ў 1918 годзе сімвал выкарыстоўваўся літоўскай арміяй, авіяцыяй, дзяржаўнымі ўстановамі, рознымі арганізацыямі, на грошах і ордэнах.

Савецкі Саюз[правіць | правіць зыходнік]

Эмблема Саюдзіса.

Пасля анексіі Літвы Савецкім Саюзам сімвал быў забаронены. Выкарыстоўваўся літоўцамі як сімвал пратэсту. У адрозненні ад «Пагоні» намаляваць яго было значна лягчэй. Падчас «Спяваючай рэвалюцыі» канца 1980-х гадоў, «Калюмны» сталі знакам рэфарматарскага руху Саюдзіс.

Сучаснае выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

«Слупы Гедыміна» знаходзяцца на гербе Сейма Літвы і ў эмблемах літоўскіх узброеных сіл: сухапутных сіл, ваенна-паветраных сіл, ваенна-марскога флоту, ваеннай паліцыі, добраахвотніцкіх сіл нацыянальнай абароны. «Слупы Гедыміна» таксама выяўлены на гербах Старога Тракая, Тракайскага раёна самакіравання і Шымкайчаў. Сімвал таксама выкарыстоўваецца на многіх помніках па ўсёй краіне.

У Беларусі «Калюмны» выкарыстоўваюцца ў першую чаргу грамадствам і беларускай дыяспарай, на афіцыйным узроўні выяўлены на гербе пасёлка Брагіна, а таксама на помніку князю Гедыміну ў Лідзе.

Ва Украіне выяўлены на гербе Жытомірскай вобласці.

Пасля расійскага ўварвання ва Украіну герб выкарыстоўвалі беларускія часці, якія ваююць на баку Украіны.

Зноскі

  1. а б в ЭГБ 1997, с. 38.
  2. Вяроўкін-Шэлюта У. «Калюмны» // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя. С. 21.
  3. Асноревский Е. Е. Гродно — столица, которая осталась. — 2021. — С. 392. — ISBN 978-5-0055-3791-1.
  4. А.Н. Нарбут. Генеалогия Украины. Вып. 1. — 1996.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]