Кампраміс 1850 года

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Кампраміс 1850 г. - гэта план урэгулявання канфлікту паміж прыхільнікамі і праціўнікамі пашырэння рабства на новыя тэрыторыі ЗША.

Канфліктная сітуацыя[правіць | правіць зыходнік]

Пасля таго, як ЗША адваявалі ў Мексікі частку яе тэрыторыі, на якой планавалася стварыць штаты Каліфорнія, Нью-Мексіка і Юта, узнікла праблема дазволіць пашырэнне рабаўладальніцкіх тэрыторый на гэтыя новыя землі ці аб'явіць іх зонай, у якую нельга завозіць рабоў. Штат Тэхас, які да ўваходу ў склад ЗША быў незалежнай дзяржавай, якая дазваляла рабства, прэтэндаваў на частку тэрыторыі Нью-Мексікі. Пашырэнне рабства на новыя землі парушала кампрамісныя пагадненні пачатку ХІХ ст., якія, з аднаго боку, не дазвалялі адмяняць рабства ў тых штатах, дзе яно фактычна існавала, і, з другога, не дазвалялі пашыраць рабства на новых тэрыторыях. Гэтыя кампрамісныя пагадненні ўжо былі парушаны, калі Тэхас стаў штатам ЗША. Таксама супрацьстаянне рабаўладальніцкіх і свабодных штатаў было звязана з магчымасцю прадстаўляць свае інтарэсы ў Кангрэсе: і прыхільнікі і праціўнікі пашырэння рабства жадалі каб іх лагер быў не менш за лагер іх апанентаў.

Сітуацыя пагоршылася, калі ў Каліфорніі знайшлі золата і ў 1848 г. пачалася т.зв. "залатая ліхаманка": дзясяткі тысяч людзей пераехалі на захад Злучаных Штатаў, каб разбагацець на золатаздабычы. А чым больш людзей на новых тэрыторыях, тым больш прадстаўнікоў ад гэтых тэрыторый будзе ў Кангрэсе.

Кампрамісны план[правіць | правіць зыходнік]

Сенатар Генры Клэй у 1850 г. прапанаваў наступны план урэгулявання канфлікту, які быў названы "кампраміс 1850 г." і які адклаў на некалькі гадоў праблему супрацьстаяння рабаўладальніцкіх і свабодных штатаў[1]:

  • Канстытуцыя Каліфорніі забараняе рабства і ўвоз рабоў у штат;
  • насельніцтва Юты і Нью-Мексікі самастойна вырашае адносіны гэтых штатаў да рабства;
  • Тэхас атрымоўвае 10 млн. дол. кампенсацыі замест зямель Нью-Мексікі;
  • ствараецца больш эфектыўная сістэма розшуку беглых рабоў і іх вяртання гаспадарам;
  • на тэрыторыі федэральнай акругі Калумбія забаронена купляць і прадаваць нявольнікаў, але дазваляецца валодаць імі як уласнасцю.

Наступствы кампрамісу[правіць | правіць зыходнік]

З аднаго боку, напружанасць паміж Поўднем і Поўначчу ЗША сціхла на некалькі гадоў і такім чынам краіна пазбегла ўзброенага процістаяння розных палітычных груп і раскола. З другога боку, быў створаны прэцэдэнт: права насельніцтва новага штата вырашаць яго пазіцыю адносна дазволу ўвозу, валодання і гандлю рабамі на яго тэрыторыі. У канцы 1850-х гг. паміж імігрантамі з Поўдня і перасяленцамі з Поўначы ў Канзасе пачалася "малая грамадзянская вайна", бо жыхары штата былі маральна не гатовы да мірнага вызначэння статусу штата, атрымаўшы такое права.

Таксама праблема існавання рабства ў адных штатах і забароны валодання людзьмі ў іншых, суіснавання дзвюх узаемавыключных сістэм, засталася нявырашанай. З цягам часу гэта прывяло да стварэння Канфедэратыўных штатаў Амерыкі і Грамадзянскай вайны 1861-1865 гг.

Зноскі

  1. Паводле матэрыялу: An Outline on American History. Published by US Information Agency, p.150