Камянецкі Бор
Камянецкі Бор — лясны масіў у Крупскім pаёне, за 4—5 км па паўднёвы захад ад возера Сялява, за 1—2 км на поўдзень ад в. Вялікі Каменец, на тэрыторыі Крупскага лясгаса. Плошча складае каля 1,3 тыс. га.
Рэльеф перасечаны, змяняецца ад паніжаных забалочаных да градава-ўзгорыстых форм. У глебавым покрыве пераважаюць дзярнова-падзолістыя пясчаныя, лёгкія сугліністыя, тарфяна-глеевыя глебы. На захад i поўнач да масіву прымыкае асушаны тарфянік, на ўсходзе — меліяраваная пойма р. Эса. Каля паловы тэрыторыі Камянецкага Бору забалочана.
У складзе лясоў пераважаюць хвойнікі (52,3 %) імшыстыя, сфагнавыя, чарнічныя і бруснічныя. Бярэзнікі (33,4 %) найбольш асаковых і асакова-сфагнавых тыпаў. Ельнікі (7,7 %) і асіннікі (1,6 %) часцей кіслічныя і імшыстыя. Забалочаныя лясы (каля 40 %) меліяраваны, трансфармаваны часткова пад сельскагаспадарчыя ўгоддзі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Камянецкі Бор // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.