Эса (рака)
| Эса | |
|---|---|
| Характарыстыка | |
| Даўжыня | 84 км |
| Басейн | 1 040 км² |
| Расход вады | 7,28 м³/с |
| Вадацёк | |
| Выток | |
| • Каардынаты | 54°26′33″ пн. ш. 29°03′44″ у. д.HGЯO |
| Вусце | Лепельскае возера |
| • Каардынаты | 54°53′20″ пн. ш. 28°40′29″ у. д.HGЯO |
| Размяшчэнне | |
| Водная сістэма | Лепельскае → Ула → Заходняя Дзвіна → Балтыйскае мора |
|
|
|
| Краіна | |
| Рэгіёны | Мінская вобласць, Віцебская вобласць |
| Раёны | Крупскі раён, Чашніцкі раён, Лепельскі раён |
|
|
|
Эса — рака ў Беларусі, у Крупскім раёне Мінскай вобласці, Чашніцкім і Лепельскім раёнах Віцебскай вобласці ў басейне Заходняй Дзвіны.
Даўжыня складае 84 км. Плошча — вадазбору 1040 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці — 7,28 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні — 0,4 ‰.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва Эса балцкага паходжання.
Сваёй структурай назва Эса блізкая да балцкіх назваў Іса, Уса. Іх адносяць да групы балцкіх гідронімаў з канчаткам -(с)са: Іса, Ліса, Уса, Эса, Дрыса, Пліса, Неса, Труса, Таса, Рэса, Выса, Васа, Уса (на Падзвінні, Панёманні, Павісленні, Павоччы)[1].
З іх некаторыя этымалагізуюцца больш-менш надзейна: Уса ад *aus-/*us- «блішчэць», Іса ад *eis-/*is- «імкнуцца»[2]. Балцкае паходжанне гідроніма таксама вызначаецца, калі корань пашыраецца з дапамогай вядомых балцкіх гідранімічных пашыральнікаў: Іса — *Ісла (< Іслач < Is-l-, ak-), Уса — Усія (Us-ij-), Неса — Несла, Нясета (Nes-, -l-, -et-), Дрыса — Дрысела (Dris-, -el-), Рэса — Рэсята́ (Res-, -et-), Пліса — пруск. Plissinges (Plis-, -ing-).
Гідраграфія
[правіць | правіць зыходнік]Пачынаецца за 0,6 км на поўдзень ад вёскі Двор-Пярэсіка Крупскага раёна, з поўдня ўпадае ў возера Лепельскае, за 1 км на паўднёвы захад ад горада Лепель. Цячэ ў межах Верхнебярэзінскай нізіны і Ушацка-Лепельскага ўзвышша.
Ад вёскі Забаенне на правым беразе пачынаюцца хваёвыя лясы, якія прасціраюцца па абодвух берагах ракі больш чым на 5 км. За дарогай Лепель — Красналукі рэчышча роўнае, ператворанае ў канал. На працягу стагоддзяў Эса была адным са звенняў воднага ланцуга, які пралягаў між Чорным і Балтыйскім морамі. Цяпер яна значна памялела. У басейне Эсы азёры Бярэшча, Плоч, Аношкаўскае, Луконец, Окана, Задняе, Доўгае, Поўсвіж, Святое і інш.
Даліна пераважна трапецападобная, шырыня яе ў верхнім цячэнні 2-3 км, ніжэй — да 1 км, дзе-нідзе да 6 км. Пойма двухбаковая, у верхнім і сярэднім цячэнні шырынёй 300—600 м, месцамі пашыраецца да 0,5-1 км. Рэчышча ў верхнім цячэнні ад вытоку на працягу 38 км каналізаванае, шырынёй у верхнім цячэнні 2-5 м, у сярэднім 5-12 м, у ніжнім 10-12 м. Берагі стромкія, абрывістыя, у вярхоўі вельмі нізкія, шырынёй 0,2-0,3 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні 0,5-1,5 м, зрэдку 6-12 м.
Асноўныя прытокі: Гнілка, Байна, Свядзіца, Бярэшча, Дзяражынка. Выкарыстоўваецца як прыёмнік меліярацыйных сістэм.
Замярзае ў пачатку 3‑й дэкады снежня. Разводдзе звычайна з 3‑й дэкады сакавіка да канца мая, цягнецца 55 сутак.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 227, 374. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / рэдкал. Л. В. Казлоўская [і інш.]. — Мн., 1992. — 382 с. — (Энцыклапедычная бібліятэчка школьніка).
- Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Чашніцкага раёна / рэдкал. М. Ц. Дробыш [і інш.]. — Мн., 1997. — С. 22-28.
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — С. 475. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 28, 35. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5. (руск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- ЭСА на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларуская энцыклапедыя»