Камісія Затонскага

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search


Затонскага камісія — камісія, накіраваная ЦКК УКП(б) для абследвання практыкі правядзення нацыянальнай палітыкі ў БССР. Знаходзілася ў Беларусі з 9 мая да 27 чэрвеня 1929 г. Узначальваў старшыня ЦКК Кампартыі Украіны У. П. Затонскі. Зрабіла даклад, які уключаў эканамічны агляд, стан і перспектывы развіцця мястэчак. Палітыка-асветную работу ў БССР, выдавецкую дзейнасць, пытанні беларусізацыі, стан прэсы, навуковыя думкі ў гуманітарнай галіне. Характарыстыкі камісіі вызначаліся катэгарычнасцю. Крытычна ацэньвалася “Гісторыя Беларусі” У. М. Ігнатоўскага за ідэалізацыю мінулага і папулярызацыю нашаніўскага адраджэння, навуковую дзейнасць В. Ю. Ластоўскага, С. М. Некрашэвіча, Я. Лёсіка, Б. І. Эпімах-Шыпіла і іншых, выказаны крытычныя заўвагі ў адрас Я. Купалы, А. Дудара, М. Зарэцкага. Пад жорсткую крытыку трапіў З. Х. Жылуновіч за грамадска-палітычныя і эстэтычныя погляды, літаратурную крытыку; негатыўна ацэнена і дзейнасць кіраўнікоў рэспублікі: старшыні ЦВК БССР А. Р. Чарвякоў (за выступленне ў лютым 1920 г. на VII з’ездзе КП(б)Б у абарону нацыянальнай інтэлігенцыі), наркома асветы БССР А. В. Баліцкага (за правядзення ў лістападзе 1926 г. разам з Ігнатоўскім акадэмічнай канферэнцыі па беларускаму правапісе), наркома земляробства Дз.Ф. Прышчэпава і іншых. Характарыстыка практыкі правядзення нацыянальнай палітыкі ў БССР увязвалася станам сельскай гаспадаркі. Адзначалася, што кулацкае наступленне на ідэалагічным фронце Беларусі адчуваецца найбольш моцна і змест яго прымае нацыянальныя формы. 27 чэрвеня 1929 г. Затонскі выступіў на Бюро ЦК КП(б)Б з асноўнымі вывадамі камісіі. Даклад быў накіраваны ў ЦК і ЦКК УКП(б), у тым ліку асабіста І.В. Сталіну. Вывады камісіі паслужылі важкай падставай для абвінавачванняў, якія былі прад’яўлены беларускай навуковай і творчай інтэлігенцыі ў канцы 1920-х гг.