Дзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў
Дзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў | ||
![]() | ||
| ||
---|---|---|
1924 — 1929 | ||
Прэм’ер-міністр | Язэп Адамовіч Мікалай Галадзед | |
Папярэднік | Стэфан Гельтман | |
Пераемнік | Піліп Рачыцкі | |
Партыя | КПСС (да 1929 г.) | |
Дзейнасць | палітык, ваенны | |
Нараджэнне | 21 лістапада 1896 | |
Смерць | 31 студзеня 1940 (43 гады) |
Дзмі́трый Філімо́навіч Прышчэ́паў (9 (21) лістапада 1896, Калодніца, цяпер Крупскі раён, Мінская вобласць — 31 студзеня 1940, Мінск, БССР) — беларускі савецкі дзяржаўны і грамадскі дзеяч, народны камісар земляробства БССР у 1924—1929 гадах.
Праводзіў у 1920-х гадах аграрную палітыку пад лозунгам «Беларусь — чырвоная Данія», якая складалася ў свабодзе выбару сялянамі формаў землекарыстання, размяшчэнні сялянскіх гаспадарак на хутарах. Узяў удзел у першым узбуйненні тэрыторыі БССР.
Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]
Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]
Нарадзіўся 9 лістапада 1896 года ў вёсцы Калодніца Сенненскага павета. Бацька — беззямельны селянін — быў парабкам. У дзяцінстве Дзмітрый, як старэйшы ў сям’і, працаваў пастухом. Вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, потым — у земскай школе ў Чарэі (цяпер — Чашніцкі раён Віцебскай вобласці), пасля заканчэння якой экстэрнам здаў экзамен на званне народнага настаўніка. Працаваў па спецыяльнасці нядоўга: у 1915 годзе быў прызваны ў армію, удзельнік Першай сусветнай вайны. Прайшоў паскораны курс Віленскага ваеннага вучылішча і атрымаўшы чын прапаршчыка адпраўлены спачатку ў запасны полк, а праз некаторы час — на Заходні фронт камандзірам роты 698-га Шаргарадскага пяхотнага палка. У кастрычніку 1917 года быў абраны салдатамі камандзірам палка і старшынёй палкавога ваенна-рэвалюцыйнага камітэта[1].
З наступнага года працягнуў службу ў Чырвонай Арміі, дзе камандаваў 2-м Смаленскім палком, які ахоўваў дэмаркацыйную лінію, потым — намеснікам старшыні Сенненскага павятовага выканкама. У 1918 годзе ўзначаліў антыбальшавіцкае паўстанне супраць харчразвёрсткі ў Сянне[2].
На савецкай службе[правіць | правіць зыходнік]
З’яўляўся старшынёй Веліжскага павятовага рэўкама. У 1922—1923 гадах — старшыня Аршанскага павятовага выканкама. З пачатку 1924 года — намеснік старшыні Віцебскага губвыканкама, член Часовага Белеларускага бюро ЦК РКП(б) па пытанні ўзбуйнення тэрыторыі БССР. У сакавіку 1924 года разам з Язэпам Адамовічам падпісаў акт пра далучэнне Віцебскай губерні да БССР. З сакавіка 1924 да кастрычніка 1929 гг. старшыня савета Беларускага цэнтральнага саюза сельскагаспадарчых і прамысловых таварыстваў[3]. У 1924—1929 гадах — намеснік наркама, наркам земляробства БССР, старшыня сельскагаспадарчай секцыі (аддзела) Інбелкульта[4].
Падчас свайго знаходжання на пасадзе наркама земляробства праводзіў аграрную палітыку, галоўнай адметнасцю якой было «забяспечэнне ўсіх магчымасцяў для выбару сялянствам формаў землекарыстання». Згодна з гэтым планам, які быў разлічаны на пяць гадоў, на хутары і пасёлкі ў беспрымусовым парадку меркавалася перасяліць 130 тысяч сялянскіх гаспадарак. Ужо ў 1925 годзе чвэрць беларускіх сялян была хутаранамі. Пасля паездкі ў Данію ў 1927 годзе апублікаваў артыкул «Сельская гаспадарка Даніі і Усходняй Прусіі ў параўнанні з беларускай». У ім Дзмітрый Прышчэпаў прыйшоў да высновы аб неабходнасці моцнага развіцця сельскай гаспадаркі, яе вытворчай кааперацыі і індустрыялізацыі. На яго думку, Беларусь мусіла браць прыклад не з усходніх суседзяў, дзе існаваў спрадвечны абшчынны парадак жыцця, што «прыдушыў гаспадарчую ініцыятыву сялянства», а з Даніі, якая хоць «бедная па прыродзе, як і наша Беларусь, але так пабагацела ад сялянскай прамысловасці»[1][5].
У 1927 годзе ўсесаюзны план па збожжанарыхтоўках у БССР быў выкананы толькі на 70%, што стала падставай для пачатку ўсеагульнай калектывізацыі. У верасні 1929 года Прышчэпаў, які з траўня таго ж года быў намеснікам старшыні Дзяржаўнай планавай камісіі і членам Эканамічнай нарады БССР, быў абвінавачаны ў правым ухіле і зняты з пасады наркама, а таксама выключаны з партыі за «правядзенне варожай справе сацыялізму палітыкі, якая выяўлялася ў патуранні кулацтву, прымусовай хутарызацыі». Быў прызначаны кіраўніком Палескай вопытнай станцыяй у Скрыгалаве (цяпер — у Мазырскім раёне Гомельскай вобласці)[1].
Рэпрэсіі. Смерць[правіць | правіць зыходнік]
Арыштаваны ў менскім Першым Доме Саветаў 19 ліпеня 1930 года па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пасля катаванняў спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але паўжывы быў дастаны з пятлі. 18 сакавіка 1931 года прыгавораны калегіяй АДПУ БССР за «дапамогу кіраўніцтву «СВБ» у правядзенні контррэвалюцыйных мерапрыемстваў» да 10 гадоў працоўна-папраўчых лагераў. Этапаваны ў Беламорска-Балтыйскі лагер АДПУ Карэла-Фінскай АССР, потым — у Паўночна-Усходні лагер НКУС Далёкаўсходняга краю. Вызвалены ў чэрвені 1937 года[1].
У жніўні 1937 года зноў арыштаваны ў Магадане і ў студзені 1939 года этапаваны ў Менск, дзе ў лістападзе быў асуджаны да расстрэлу. Памёр у турэмнай бальніцы Мінска ад паралічу сэрца.
Рэабілітаваны па другім прысудзе ў 1956 годзе, па першым — у 1988 годзе[1].
Сям’я[правіць | правіць зыходнік]
Быў жанаты, меў дачку.
Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]
На думку дэкана гістарычнага факультэта БДУ Сяргея Ходзіна, Дзмітрый Прышчэпаў сапраўды разглядаў захаванне абшчынных адносін у вёсцы як пэўны перажытак часу, аднак ён не ідэалізаваў ні хутарскую, ні калектыўную форму вядзення гаспадаркі. Да адной з галоўных заслуг Прышчэпава таксама быў аднесены ўдзел у распрацоўцы зямельных кодэксаў БССР 1924 і 1925 гадоў, якія, у адрозненні ад расійскіх, былі складзены з улікам беларускай спецыфікі землекарыстання. Па меркаванні Ходзіна, Прышчэпаў застанецца ў беларускай гісторыі «прыкладам годнага кіраўніка і адказнага грамадзяніна»[6].
Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]
- Сельское хозяйство Белорусской ССР и мероприятия по его восстановлению : Сборник / Нар. комиссариат земледелия БССР; Под общ. ред.Д.Прищепова. — Мн. : Изд. Наркомзем БССР, 1925. — 76 с.
- Крестьянка в сельском хозяйстве / Д.Прищепов. — Мн. : Изд. ЦК КП(б)Б, 1925. — 20 с.
- За калектывізацыю, за ўздым ураджайнасці / Зм. Прышчэпаў. — Мн. : Звязда, 1928. — 16 с.
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Дзмітрый Прышчэпаў. Чырвоны сейбіт (бел.) . Звязда (28 лістапада 2018). Праверана 28 мая 2019.
- ↑ Іван Саверчанка Дзе ў Беларусі былі арганізаваныя паўстанні супраць камуністаў? 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі (бел.) . Праверана 28 мая 2019.
- ↑ С. М. Ходзін. Белсельсаюз//Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 8.
- ↑ Уладзімір Арлоў Імёны Свабоды: Зьміцер Прышчэпаў 21.11.1896, в. Калодніца (цяпер Крупскі раён) — 31.1.1940, Менск (бел.) . Радыё Свабода (2 сакавіка 2007). Праверана 28 мая 2019.
- ↑ Ходзін, 2014
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8. — С. 89
- Ходзін, С.М. Д.Ф. Прышчэпаў: гісторыя асобы як гісторыя краіны / / С.М. Ходзін // Российские и славянские исследования: науч. сб. Вып. 9. / редкол.: А.П. Сальков, О.А. Яновский (отв. редакторы) [и др.]. — Мн .: БДУ, 2014. — С. 131 – 142.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Нарадзіліся 21 лістапада
- Нарадзіліся ў 1896 годзе
- Нарадзіліся ў Крупскім раёне
- Памерлі 31 студзеня
- Памерлі ў 1940 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Асобы
- Палітыкі Беларусі
- Народныя камісары земляробства БССР
- Члены Часовага Беларускага бюро ЦК РКП(б)
- Члены ЦК КПБ
- Члены ЦВК БССР
- Члены Прэзідыума ЦВК БССР
- Постаці беларускай сельскай гаспадаркі
- Рэпрэсаваныя савецкай уладай
- Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі»
- Памерлі ў месцах пазбаўлення волі
- Рэабілітаваныя ў СССР
- Пасмяротна рэабілітаваныя